Праект партала
Гісторыі Кіраўніца Беларускай федэрацыі шахмат Настасся Сарокіна: «Тэлефаную тату, плачу паўгадзіны і іду далей скараць свет»3
17.04.2019 / 11:23

Жыццё Настассі Сарокінай — гэта суцэльныя шахматы. Здараліся ў яе жыцці і цугцвангі, калі здавалася, што добрага выбару няма, і пастаянныя цэйтноты, калі Настасся вымушана разрывацца паміж уласнай школай шахмат і міжнародным судзействам.

Але пра тое, што любая пешка можа стаць каралевай, а белыя пачынаюць — і выігрываюць, Анастасія памятае заўсёды. Як і запавет Шахматнай Каралевы з «Алісы ў краіне цудаў», што кожны дзень трэба знаходзіць час для таго, каб паверыць у тое, чаго не бывае. 

Настасся Сарокіна (злева) — сябра калегіі арбітраў ФІДЭ, сакратар жаночай камісіі ФІДЭ. З 2017 года — Старшыня Беларускай федэрацыі шахмат.

«Шахматы цяжка назваць толькі спортам, — пачынае размову Анастасія. — Таму што гэта і спорт, і навука, і мастацтва. У сучасным свеце без пэўнай фізічнай падрыхтоўкі ў шахматах няма чаго рабіць. Бо, каб гуляць у бліц, табе патрэбныя моцныя нервы і хуткая рэакцыя, каб гуляць у класічныя шахматы — вытрымка, засяроджанасць. А ўсё гэта здабываецца толькі падчас фізічных трэніровак. І, думаю, ніхто не будзе спрачацца, што шахматы — гэта прыгожа і вытанчана. І я ведаю дакладна, што той, хто ўмее іграць у шахматы, дасягае большых поспехаў у жыцці».

Сакрэт маёй школы просты — тут усе пераможцы

Магчыма, гэта і стала адной з прычын, з якіх Настасся рашылася адкрыць уласную школу шахмат.

«Атрымалася выпадкова. Мой знаёмы папрасіў навучыць яго трохгадовае дзіця іграць у шахматы. У ДЮСШ жа бяруць дзетак ад шасці год. А на той момант у мяне самой падрастала трохгадовая дачка. І я бачыла, як дзеці ў гэтых гадах упраўляюцца з рознымі гаджэтамі, таму і падумала, што і шахматы засвояць».

Сакрэт выкладання шахмат, дзеліцца Настасся, у яе школе вельмі просты: на першых этапах тут няма пераможаных.

«Калі дзіця ў нашай школе гуляе сваю першую партыю, яно абавязкова пераможа. Адзін перамагае таму, што хутчэй правёў сваю пешку праз усё поле, другі перамагае таму, што збіў больш фігур. Дзіця разумее, што яно пераможца, што ў яго ўдаецца. Пасля, галоўнае, не ўпусціць таленту. Шахматы значна памаладзелі. Цеперь не выклікае здзіўлення, калі гросмайстрамі становяцца дзеці ў 13—14 гадоў», — расказвае Анастасія.

Пайшла ў шахматы, бо баялася, што ў фігурным катанні мне пераедуць рукі канькамі

Сама Настасся Сарокіна магла стаць і фігурысткай, і тэнісісткай. Але лёс склаўся па-іншаму.

«У шахматы мяне навучыла гуляць мая бабуля, калі мне было пяць гадоў. А мой родны дзядька — Віктар Купрэйчык, першы ў Беларусі гросмайстар. Але калі мяне прывялі на першыя заняткі ў Дом Піянераў, я радавалася толькі таму, што тут можна пабегаць па доўгіх калідорах. Мне было абсалютна нецікава, што расказае выкладчык ля дошкі».

Настасся Сарокіна з мамай і дзядзькам, першым беларускім гросмайстрам, Віктарам Купрэйчыкам. 

Пасля ў жыцці Настассі Сарокінай былі і фігурнае катанне, і тэніс.

«Фігурысткай мяне вельмі хацела бачыць мая мама. Але я так баялася падаць, так баялася, што буду ляжаць на лёдзе, а мне на руку ў гэты час наедзе другі спартовец, што фігурысткай я прабыла гады два. Пасля трэнер сказаў маме, што гэта не маё. І я сышла ў тэніс. Там адзаймалася год, пасля зламала руку і на гэтым вялікі тэніс для мяне закончыўся», — прыгадвае Настасся.

А пасля ў школе выпадкова пачула размову, што набіраюць дзяцей у клуб «Прахадная пешка».

«Тады я схапіла за спадніцу трэнера Руслану Мачалаву і сказала: «Цётачка, я ўмею гуляць у шахматы», — кажа Настасся.

Цяпер ва ўласнай школе шахмат Настассі Сарокінай ёсць турнір, які называецца «Прахадная пешка» у памяць аб тых дзіцячых гадах. А Акадэмія шахмат, якая існуе пры школе, носіць імя Віктара Купрэйчыка, якога не стала летась. 

«Гэта даніна памяці чалавеку, з сыходам якога беларускія шахматы згубілі вельмі шмат. У свой час людзі хадзілі «на Купрэйчыка», ён нават вёў перадачу пра шахматы па тэлевізары, якая выходзіла па нядзелях і называлася «Гамбіт», — кажа Настасся. 

Наста падлеткам восем разоў станавілася пераможцай спаборніцтваў Беларусі па шахматах. А вось калі трэба было заваяваць тытул гросмайстра, Анастасія прайграла самую важную партыю.

«Гэто было на алімпіядзе 2004 года. Большую частку турніру я тады гуляла чорнымі. І вельмі хацела гуляць апошнюю партыю белымі. Як ні круці, калі ты гуляеш белымі, за табой права першага ходу, ты задаеш тон гульні, але не склалася. Іншая дзяўчына з нашай каманды таксама выказала жаданне гуляць белымі. Таму гэту партыю мне давялося згуляць чорным колерам. Выйграць не удалося. Пасля гульні расплакалася. Здавалася, што жыццё на гэтым скончылася. А пасля я падумала, што чемпіёнкай свету мне не стаць, і нават у топ-10 ніколі не ўвайсці, таму змірылася і перайшла поўнасцю на трэнерскую працу. Гадоў 5 адпрацавала трэнеркай у Аўстраліі», — дзеліцца Настасся.

Сёння Настасся і трэнерка, і суддзя, і шахматная функцыянерка.

«У дзяцінстве мама пыталася мяне, хто твая найлепшая сяброўка. А я разважала, што калі я хацела, каб мяне выслухалі, я сябравала з Воляй, калі мне трэба быў штуршок, ішла да Ірыны. Так і ў шахматах. У кожнай сваёй прафесійнай дзейнасці я знаходжу тое, чаго хачу ў пэўны момант. Таму мне цікава ўсё», — кажа Настасся.

Асноўная задача міжнароднага арбітра — сачыць за чытарамі

Сёння Настассю цяжка заспець у краіне. Яна шмат працуе суддзёй на міжнародных шахматных турнірах.

З акцёрам и аматарам шахматаў Вудзі Харэльсанам. 

«Задача суддзі — стварыць усе ўмовы спартсменам, каб ім было камфортна. Канечне, у шахматах не ловяць на допінгу, тут ловяць на чытарстве», — распавядае суддзя.

«Часам здараюцца абсалютна дзіцячыя сітуацыі, калі шахматыст у прыбіральні хавае тэлефон з падказкамі. Здараецца, што зашываюць нейкія дэвайсы ў адзенне. Пасля партыі задача суддзі — прагледзець пры дапамозе спецыяльных камп’ютарных праграм, ці была магчымасць падказкі».

Настасся Сарокіна ўпэўненая, што прафесійны шахматыст такім займацца не будзе, бо ён паважае і шахматы, і сябе, але калі на якімсьці турніры вялікі прызавы фонд, спакуса вялікая падмануць і выйграць.

Акрамя гэтага, у шахматах ёсць правілы, якія можа не ведаць сам спартсмен. Напрыклад, цяпер забароненая ракіроўка дзвюма рукамі. Ды і за знешнім выглядам шахматыста цяпер трэба сачыць.

«Шахматысты прывыклі да таго, што яны прыходзяць на турнір у тым, у чым ім зручна. Цяпер жа, па правілах, спартсмена не дапусцяць да спаборніцтваў у бейсболцы або шлёпанцах і шортах».

Ну і не варта забывацца, што шахматы — вельмі эмацыйны від спорту.

«Што вы, — расказвае Настасся, — здараецца, што спартсмены і нервуюцца, і па стале кулаком грымнуць могуць. Нават сам Магнус Карлсэн (нарвежскі шахматыст, чэмпіён свету па шахматах) можа падчас турніраў вельмі моцна жэстыкуляваць».

Пра Магнуса Карлсэна Настасся расказвае, што падчас топавых турніраў за ім едзіць нават сваё тэлебачанне, якое транслюе кожны крок шахматыста: каму ўсміхнуўся, у чым апрануты.

«Ён — безумоўная зорка № 1 у шахматах цяпер. Але глядзіце, як паўтараецца гісторыя, — дзеліцца Анастасія, — раней за супрацьстаяннем дзвюх «К» — Карпава і Каспарава сачыў увесь свет».

«Цяпер свет сочыць за супрацьстаяннем трох «К» — Карлсэна, Каракіна і Каруаны (Фабіяна Каруана — амерыканскі шахматыст). А ў Беларусі цяпер узыходзіць зорка Уладзіслава Кавалёва. Бачыце? Зноў прозвішча на К — нейкую магічную літару для шахмат. Будзем спадзявацца, што ва Улада ўсё атрымаецца і «на яго» таксама будуць хадзіць натоўпы прыхільнікаў. Думаю, што Сусветная алімпіяда па шахматах, якая адбудзецца ў Беларусі ў 2022 годзе, гэтаму паспрыяе».

Разам з Уладзіславам Кавалёвым.

У Алімпіядзе, як мяркуецца, возьмуць удзел шахматысты з 200 краін свету.

«Шахматы — гэта інтэлектуальная будучыня краіны. Я вельмі ўсцешаная, што шахматы ў Беларусі цяпер адраджаюцца, што ім надаецца шмат увагі. Мы ладзім шахматныя турніры для дзяцей і для ветэранаў. Я неяк прапанавала правесці ў Беларусі турнір па шахбоксе, але маё ноу-хау вялікага захаплення не выклікала. Але, думаю, усё наперадзе. Шкада толькі, што ў сутках не 48 гадзін».

Настасся Сарокіна замужам за Дзянісам Бурко — філолаг, ён стаў фотамадэллю, а ў якасці хобі заснаваў інтэрнэт-платформу беларускай паэзіі «Літара-А». Яны выхоўваюць дачку Яўгенію.

З мужам Дзянісам Бурко.

А яшчэ ў сям’і Настассі Сарокінай жывуць і сабакі, і кот і папугай.

«Сабак Боні і Клайда мы забралі з Гурскага, — расказвае Настасся. — Так што сумна дома нам не бывае. Канечне, калі мы бываем дома, бо ў Жэні таксама вельмі шчыльны графік — тэніс, музыка, англійская мова».

«Жэнька таксама гуляе ў шахматы. І часта просіць пагуляць з ёй», — працягвае Настасся. 

«Але мне, праўда, няма калі. Добра, што яе тата таксама няблага гуляе ў шахматы, і калі яна ездзіць да яго ў госці, яны могуць сыграть парачку партый. Вельмі дапамагаюць мне мае бацькі. Праўда, цяпер зноў-такі няма часу заехаць да іх на гарбату, часцей на бягу завожу Жэньку, а размаўляем па тэлефоне. А калі на мяне навальваецца стома, я тэлефаную тату і паўгадзіны проста плачу яму ў слухаўку. А потым зноў за працу. Я не памятаю, калі ў мяне былі выхадныя. Але я не скарджуся, я ж займаюся любімай справай усяго жыцця. І стаўлюся да гэтага, як да яскравай партыі ў шахматы, якую я абавязкова выйграю».

Анастасія Сарокіна нарадзілася ў Мінску. Скончыла Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву, пасля БДУФК. З 2003 году працавала трэнерам па шахматах у Аўстраліі. Ад 2017 года ўзначальвае федэрацыю шахмат Беларусі. З 2018 году — віцэ-прэзідэнт ФІДЭ. 

Беларуска, якая дабілася Шахматнай алімпіяды ў Мінску, распавяла: чаму гуляла за Аўстралію, жыла ў Тайландзе, а вярнулася ў Беларусь

Сусветная шахматная Алімпіяда 2022 года пройдзе ў Беларусі 10

Беларусь выставіць на Сусветную шахматную алімпіяду тры каманды

Карпаў высока ацаніў Беларусь як месца правядзення Сусветнай шахматнай алімпіяды

Наталля Тур, фота з архіва гераіні 

Каментары
Ale / Адказаць 17.04.2019 / 15:07

круць.

0
vladanis / Адказаць 17.04.2019 / 15:17

Цікавая спадарыня! Дабра каб было шмат у яе жыцьц!

0
NavuchencaBK / Адказаць 14.05.2019 / 21:44

Плёну і надалейшага ладу ў сям'і!

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні