Праект партала
Гісторыі Наста Гусева, якую затрымалі за анархісцкае графіці, расказала пра гаротнае дзяцінства, малаказавод і прыход да Бога12
19.02.2019 / 12:35

21 студзеня Насту Гусеву разам з анархістамі Змітром Паліенкам і Яўгенам Чуліцкім затрымалі за намаляванае графіці з тэкстам пра тое, што супрацоўнікі міліцыі забіваюць грамадзян. На маладзёнаў завялі крымінальную справу па артыкуле 341 КК («Апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі»).

Дзяўчына адмовілася даваць паказанні і не прызнала сваю віну. А пасля трох сутак затрымання, выйшаўшы на волю, распавяла грамадскасці пра тое, як з яе здзекаваліся супрацоўнікі ІЧУ Мінскага ГУУС і Заводскага РУУС: суткі не давалі ежу і ваду, не дазвалялі схадзіць у прыбіральню (праз адсутнасць мыла і ручніка дзяўчыне прыходзілася падцірацца ў ізалятары дакументамі). Акрамя гэтага, як сцвярджала Наста, міліцыянеры нецэнзурна лаяліся на іх.

Пасля свайго вызвалення Настасся на некалькі тыдняў знікла з публічнай прасторы і сацсетак. Як толькі яна выйшла на сувязь, «Наша Ніна» сустрэлася з ёй і распытала, як дзяўчына прыйшла ў актывізм і ці зменяць нешта тыя тры дні ў яе жыцці.

Наста цікавіцца фатаграфіяй і любіць менавіта плёначныя карткі, якія пасля можна раздрукаваць.

Чытайце таксама: Хто такая Наста Гусева, затрыманая па справе анархістаў?

«НН»: Куды ты знікла пасля вызвалення?

Наста Гусева: У мяне ж канфіскавалі сімку і тэлэфон, таму была амаль без сувязі. Пакуль знайшла сабе мабільнік на замену, пакуль сім-карту перавыпусціла — час прайшоў. Але мне, калі шчыра, нават спадабалася так жыць: спакойна было, ніхто не чапаў, у сацсеткі вяртацца не хацелася.

«НН»: Прыходзіў адказ на тваю заяву з просьбай распачаць крымінальную справу за жорсткае абыходжанне?

НГ: Прыйшлі два лісты: у адным паведамляецца, што будзе праводзіцца праверка, у другім — што мая заява прымацаваная да нашай справы. Я не думаю, што з гэтага будзе нейкі толк: хутчэй за ўсё, яны спусцяць усё на тармазы. Але, спадзяюся, тое, што мы не маўчым (такую самую заяву ў Следчы камітэт накіраваў і мой сябра Зміцер Паліенка, якому адмаўлялі ў інгалятары, хаця ён астматык), у будучыні будзе мець плён: раней актывістаў жорстка збівалі, а цяпер бачна па тварах, што ім вельмі хочацца да нас прыкласціся, але рукамі не чапаюць — забаранілі. Таму яны ладзяць катаванні іншага характару. Можа, аднойчы разбяруцца і з гэтым.

Што тычыцца распачатай справы, тут пакуль — цішыня. Напэўна, вырашаюць, што з намі далей рабіць, бо вакол яе падняўся шум. Увогуле, падчас допытаў асабіста мяне па справе дапытвалі няшмат, больш хацелі даведацца пра Паліенку, Чуліцкага і іншых анархістаў, якія акцыі яны плануюць. Мне прапаноўвалі стаць сведкай, тады б мяне адразу адпусцілі дадому, але я адмовілася. 

«НН»: Ты ўпершыню сутыкнулася з такім ціскам?

НГ: З такім жорсткім — так. Аднак і раней, яшчэ да таго, як я атрымала штраф за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы, мной актыўна займалася КДБ. Калі я жыла ў бацькі ў Калодзішчах, прыязджалі да яго, расказвалі, што я езджу за мяжу, нейкія раздрукоўкі з маіх сацсетак дэманстравалі — відаць, хацелі, каб ён неяк на мяне паўплываў.

Таксама тэлефанавалі ў каледж, каб са мной пагутарылі ідэолаг і куратар — на ўсіх размовах я тлумачыла, што яны губляюць час.

Куратарка групы, дарэчы, тэлефанавала мне перад рознымі акцыямі апазіцыі, распытвала, ці планую я іх наведаць, прасіла не ісці. Аднойчы такім чынам яна паведаміла пра акцыю, пра якую я і сама не ведала. Я ёй тады падзякавала за атрыманую інфармацыю.

У гэты раз я не чакала, што на мяне нават справу завядуць. Аднак я ўжо даўно жыву з разуменнем: калі ты ўпісваешся ў нейкі «дзвіж», калі навокал затрымліваюць іншых актывістаў, яны сядзяць у турмах, то цябе гэта таксама не абміне, нават калі ты ніякага злачынства не здзяйсняў. Таму я заўжды была гатовая амаль да ўсяго. І маці папярэджвала пра розныя сцэнарыі, каб таксама не хвалявалася.

Са мной у камеры першы час знаходзілася дзяўчына, якую затрымлівалі не першы раз. Яна размаўляла з супрацоўнікамі ІЧУ як з афіцыянтамі: прынясіце гэта, падайце тое.

І гэта — галоўнае, што ўсвядоміла і я: нельга пачынаць верыць, што яны маюць над табой уладу, як бы там ні ціснулі.

«НН»: Ты распавядала, што падчас затрымання табе стала дрэнна, моцна балела галава, у цябе хранічная мігрэнь?

НГ: Я працую на малочным заводзе майстрам участка і недзе год таму на глебе працы (пастаянныя праверкі, грашовая адказнасць) у мяне здарыўся неўроз, які суправаджаецца мігрэнямі і цяжкімі станамі. Здаралася, са змены мяне забіралі на хуткай. Я прайшла патрэбныя даследаванні, але прыступы ўсё роўна могуць паўтарацца, калі я нервуюся. У міліцыі ж усё абвастрылася хутчэй праз тое, што я банальна доўгі час была без ежы, вады і нас цягалі туды-назад.

«НН»: Ты нарадзілася ў Глускім раёне?

НГ: Не, нарадзілася ў Калодзішчах. Але калі мне было 2 гады, бацькі развяліся. І я пачала жыць у бабулі ў вёсцы Бярозаўка ў Глускім раёне. Бабуля выхоўвала мяне год да пятнаццаці, хаця можна сказаць, я была пакінутая сама сабе.

Мая маці прайшла праз шмат складанасцей у жыцці, перамагла свае праблемы. Сёння яна для мяне — прыклад працавітасці і ўпартасці. Яна адна гадуе трох малых дзяцей, кладзецца ў 2 гадзіны ночы і падымаецца а 5-й раніцы, каб даць ім усё патрэбнае. Маці працуе ў брыгадзе ў калгасе, а там вельмі жорсткія ўмовы. Нейкі час старшыня загадаў усім працаваць па 12 гадзін, 7 разоў на тыдзень — людзі нават не маглі адвесці дзяцей у садок, бо змена пачыналася а 7-й раніцы. Калі спазняліся — пагражалі звальненнем.

Ведаеце, калі расцеш у вёсцы і на свае вочы бачыш, як складана там людзям — няма працы, моладзі няма чым заняцца, — рана пачынаеш задумвацца, што цябе недзе падманваюць. Асабліва гэты падман пачаў адчувацца, калі дзяржава прыняла праграму аднаўлення вёскі (у 2005—2010 гадах — Рэд.)».

Па тэлебачанні казалі, як цудоўна і шчасліва жывуць людзі ў аграгарадках, а я, будучы падлеткам, бачыла, што гэта не так. Панабудавалі домікаў, якія развальваліся, ніхто туды не хацеў ехаць жыць, бо з працоўнымі месцамі сітуацыя не змянілася. Яны проста зрабілі прыгожую вонкавую карцінку, але і яна была часовай.

Пасля 9-га класа ў нас усе імкнуліся паступіць — абы-куды, толькі б з’ехаць далей з гэтага «шчасця». Я не была выключэннем: мне хацелася ў Мінск, бо там больш магчымасцяў, адбываецца хоць нейкі палітычны «дзвіж». Мне раілі паступаць на гуманітарныя дысцыпліны (яны мне добра даваліся), аднак я падумала, што з такой адукацыяй потым не змагу працаўладкавацца. Таму пайшла ў каледж харчовай прамысловасці.

«НН»: А адкуль такая ранняя цікаўнасць да палітыкі?

НГ: Па-першае, я не магу цярпець несправядлівасць у любых праяўленнях, гэта ў мяне з дзяцінства. А ў старэйшых класах у нас выкладаў выдатны настаўнік гісторыі і грамадазнаўства. Мы шмат размаўлялі, ён не проста даваў інфармацыю, а вучыў нас разважаць.

Таксама ў нас быў класны настаўнік беларускай мовы і літаратуры, ён заўжды размаўляў па-беларуску і прыносіў на заняткі розныя грамадска-палітычныя газеты, у тым ліку «Нашу Ніву».

Яны навучылі мяне думаць і бачыць, што адбываецца навокал — дзякуй ім за гэта.

«НН»: А твае бацькі ў гэтым плане як глядзяць на свет?

НГ: Бабуля чамусьці заўсёды не любіла Лукашэнку. І Малышаву. У нас ішлі толькі тры каналы, і па ўсіх — адзін і той жа твар. Бабуля заўжды выключала тэлевізар і лаялася, калі зноў натыкалася на кіраўніка краіны.

З маці ў нас не зусім вялікая розніца ва ўзросце (19 год), і яна мяне ва ўсім падтрымлівае. Калі былі пратэсты ў Курапатах, пачаліся першыя затрыманні, я патэлефанавала ёй і папярэдзіла, што і мяне могуць схапіць. Яна сказала: «Добра, галоўнае, што ты там не сядзіш і соплі на кулак не намотваеш».

А вось з бацькам мы моцна канфліктавалі. Ён — былы вайсковец, любіць Пуціна. Калі бачыў у мяне на заплечніку бел-чырвона-белую стужку, абражаў. З ім было абсалютна невыносна, праз гэта мне давялося з’ехаць ад яго на здымную кватэру. Тады я яшчэ вучылася ў каледжы, аднак паралельна працавала: то кватэры прыбірала, то яшчэ нешта. Грошы ў маці, у якой і без мяне хапае выдаткаў на дзяцей, мне заўсёды было сорамна прасіць. Нават раней, калі атрымлівалася, я старалася падзарабіць: то грыбы, то ягады ў лесе збірала і здавала.

У Курапатах Наста брала ў рукі гітару і спявала «Ляпіса», Nautilus Pompilius і іншае. Фота з асабістага архіва.

«НН»: Офіс тваёй першай працы знаходзіўся ля сядзібы БНФ — гэта і вырашыла твой лёс?

НГ: Вядома, першы час я ўвогуле нікога не ведала, але так, мой першы офіс быў побач з бээнэфаўскім. Я хадзіла праз яго штодзень, а таксама праз дом Змітра Дашкевіча: тады я не ведала, хто гэта, аднак мне было цікава, чые саколкі з «Пагоняй» сушацца па тым адрасе.

Інфармацыю пра БНФ я знайшла ў інтэрнэце, але мне на той момант не было 18-ці год. Так я апынулася ў суполцы «Моладзі БНФ» і на пытанне «Ці не жадаеце далучыцца?» націснула «так». А ўжо праз пару хвілін мне напісаў Юрась Лукашэвіч з прапановай прыязджаць да іх.

«НН»: Але сёння ты і не з «Моладдзю БНФ», і не з «Маладым фронтам». А з кім ты, з анархістамі?

НГ: З «Моладзі БНФ» я сышла, бо тое, што там адбывалася, было па-за межамі майго разумення. І сённяшнія падзеі толькі пацвярджаюць, што я ўсё зрабіла правільна. Мне было крыўдна, што ніхто з іх не хацеў рабіць нешта глабальнае. Для іх, можа, і дастаткова ладзіць кінапрагляды і публікаваць рашэнні нарадаў у фэйсбуку — мне ж гэтага не хапала, хацелася нейкіх рэальных дзеянняў.

Калі я толькі пачала наведваць Курапаты, клікала маладзёнаў выйсці з офісаў і пайсці туды разам са мной. На гэта мне адказвалі: «Ой не, там жа халадно!» «Ну, тады і я да вас не пайду», — вырашыла я.

Так у Курапатах я далучылася да «Маладога фронту». І сышла гэтым летам, калі зразумела, што ўсё ж не хачу належаць да нейкага канкрэтнага руху ці партыі: мяне гэта абмяжоўвае.

Часта ў апазіцыйных колах паміж рознымі рухамі ўзнікаюць канфлікты інтарэсаў: мы сябруем супраць гэтых, падтрымліваем выключна гэтых. А я не разумею, чаму, калі нешта цікавае і блізкае робіць нейкая «чужая» партыя, я не магу да іх далучыцца. Сёння я не называю сябе ні змагаркай, ні анархісткай — калі ты сам па сабе, у цябе больш свабоды для пазіцыі і выказванняў. Я прытрымліваюся антыаўтарытарных поглядаў.

«НН»: Да веры ты таксама прыйшла не адразу.

НГ: Мяне не хрысцілі ў дзяцінстве, і доўгі час я была зацятай атэісткай. Асабліва ні з кім не сябравала, не хадзіла на дыскатэкі, была нефармалкай.

Мне заўсёды было прасцей знайсці агульную мову з хлопцамі: як і яны, я глядзела «Зорныя войны», гуляла ў камп’ютарныя гульні, грала на гітары… І вось аднойчы мы з маім сябрам, таксама атэістам, у дзіцячым лагеры «апрацоўвалі» хлопца-каталіка. Мы ўсімі магчымымі аргументамі і спосабамі стараліся ўпэўніць яго ў тым, што бога няма. Будучы падлеткам, я ў прынцыпе лічыла сваім абавязкам кожнага верніка пераканаць у гэтым.

Як жа было дзіўна сустрэцца з тым хлопцам з лагера гэтым летам і пачуць, што ён перастаў хадзіць у касцёл, а я, наадварот, цяпер прыхаджанка пратэстанцкай царквы «Ян Прадвеснік».

У царкву мяне ўпершыню запрасіў пастар, які прысутнічаў у Курапатах, потым клікалі і Зміцер Дашкевіч, і Сяргей Пальчэўскі. Спачатку я ставілася да гэтых прапаноў скептычна, а калі ўсё ж дайшла, была ў шоку, не разумела, я патрапіла ў царкву ці ў клуб «Рэпаблік»: там грала гучная, вясёлая музыка, усе былі радасныя і спявалі. Пасля я шмат камунікавала з людзьмі з царквы, яны мяне натхнілі. Пачала чытаць Біблію. У складаных жыццёвых сітуацыях мне гэта вельмі дапамагала, і ў пэўны момант я зразумела: веру.

Я хрысцілася ўвосень: было пахмурна, халадно, ішоў дождж, у ваду я заходзіла ў адной сукенцы, аднак у той дзень мне было нават спякотна. Як бачыце, мой шлях да веры быў складаны, у мяне ўнутры ўсё нібыта зламалася, але цяпер вера зараджае мяне энергіяй і дае моц — я дзіўлюся сама сабе.

«НН»: На заводзе, дарэчы, ніякіх праблем не было? Ты ж прапусціла змену, калі цябе затрымалі.

НГ: Начальніца толькі спытала: «Куды ты ўлезла?» Я адказала, што нікуды, на што яна заявіла: «Так не бывае». Я пастаралася патлумачыць, што бывае, і яшчэ як. І выйшла на працу па звычайным графіку. У цэху мяне ўсе падтрымлівалі, распытвалі падрабязнасці. Праблем ніякіх не было, відаць, таму што я на размеркаванні: каб звольніць мяне, трэба пастарацца, тым больш людзей не хапае.

Аднак я сама пасля адпрацоўкі на заводзе не застануся: я ў першы ж дзень казала пра гэта начальству. Скончыцца яна вясной. Далей я, мабыць, займуся рамесніцтвам — ёсць пэўныя ідэі, але агучваць іх пакуль не хачу. Праўда, перад тым, як пагрузіцца ў новую справу, хацелася б павандраваць, хаця б па Беларусі. Аўтаспынам (пакуль што я даехала так да Варшавы). Мне падабаецца кудысьці ехаць, няважна куды. Ставіць намёт — няважна дзе.

«НН»: А ў актывізме чаго табе цяпер хочацца? Цябе неяк змянілі апошнія падзеі?

НГ: Калі мяне нешта будзе абураць, нейкае беззаконне — я выйду на пратэст нават у адзіночку. Любы грамадзянін краіны мае права выказваць сваё меркаванне, і для гэтага не трэба быць сябрам партыі. Можна, канечне, перакласці зону адказнасці на актывістаў, палітыкаў, лідараў, але калі яны нічога не зробяць? Што, сядзець і трываць?

Я веру, што калі не я сама, то мае дзеці будуць жыць у вольным грамадстве. І дзеля гэтага я гатовая працаваць, ахвяраваць у імя гэтых мэт. Калі мы нарадзіліся тут — значыць, у Бога на тое ёсць цудоўны план.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Мікола / Адказаць 19.02.2019 / 12:46

Цудоўна што ёсць такія неабыякавыя людзі

11
Хельга / Адказаць 19.02.2019 / 13:02

Цікавая дзяўчынка. Добра, што мае сваю цьвёрдую пазіцыю! Наконт БНФ - сама сыйшла ад іх ў 2015, бо яны зусім нічога не робяць, акрамя незразумелых сустрэч й збора подпісаў. Там цалкам падтрымліваю Насту і яе выбар!

14
belariy / Адказаць 19.02.2019 / 13:03

цікавая дзяўчына ))

10
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні