Праект партала
Гісторыі Была Даша, стаў Яўген: трансгендар з Мінска змяніў пол у пашпарце і расказвае, чаго гэта яму каштавала37
14.02.2019 / 12:39

22-гадовы мінчук Яўген Сянькоў, вядомы пад творчым псеўданімам Жэня Вялько, падзяліўся са сваімі сябрамі і падпісантамі навіной: «Я атрымаў пашпарт з імем Яўген Дзмітрыевіч і пазнакай «М» у графе «пол». Каб дасягнуць гэтага, Яўген выдаткаваў на абследаванні і перапіску тры гады.

Свежанькі пашпарт Яўгена.

«НН»: Як адбывалася ўся працэдура па змене пашпартных дадзеных?

Яўген Сянькоў: Змяніць пашпарт у нашай краіне можна па розных прычынах, напрыклад, калі вы хочаце іншае прозвішча (умоўна кажучы, вы творчы чалавек і карыстаецеся псеўданімам). Я спачатку так і хацеў зрабіць, бо не быў упэўнены, што дайду да змены ўсіх іншых дадзеных. Для гэтага трэба было б паказаць творчыя прадукты, на якіх дзесьці будзе напісаная тое прозвішча, якое вам патрэбна.

Яўген Сянькоў.

Але ў выніку я змяняў пашпарт на падставе «змены палавой прыналежнасці» — так у Беларусі называецца працэдура карэкцыі полу. У яе ўваходзіць шмат чаго, і зменай пашпарта яна часцей за ўсё не абмяжоўваецца. Спачатку трэба стаць на ўлік у адпаведную медыцынскую інстанцыю. У маім выпадку гэта быў Цэнтр памежных станаў у Мінску, на вуліцы Мендзялеева.

Цяпер людзей, якія плануюць карэкцыю полу, прымаюць у РНПЦ у Навінках. Запісваешся на прыём да сэксолага, прыходзіш і кажаш, што хочаш зрабіць пераход.

Як і што казаць — справа кожнага канкрэтнага чалавека, нічога раіць не буду. Калі распавядаць, што хочуць і не хочуць пачуць спецыялісты, атрымаецца яшчэ адно інтэрв'ю.

Далей ты ходзіш на ўсе магчымыя абследаванні, здаеш усялякія аналізы і паралельна, у сярэднім раз на тры месяцы, наведваеш сэксолага і псіхолага, каб даказаць, што ты сапраўды адчуваеш сябе як чалавека іншага акушэрскага полу. Колькі было гэтых абследаванняў — ужо не памятаю, але досыць шмат. Некаторыя з іх праходзілі ў стацыянары (потым весела расказваць людзям, што ты ляжаў у сапраўднай псіхбальніцы).

Там абследуюць усё тваё цела і псіхіку, пачынаючы з генетыкі і эндакрыналогіі і заканчваючы тэстамі на ўважлівасць.

Калі ўсе дактары зробяць выснову, што ты «сапраўдны», то адправяць на першую камісію — там розныя спецыялісты (некаторыя наогул не звязаныя з медыцынай і гендарнымі пытаннямі, напрыклад, чалавек з Міністэрства ўнутраных спраў) вырашаюць, ці можна табе мяняць пашпарт. Вось мне і дазволілі.

Рашэннне камісіі выглядае як паперка з пастаўленым табе дыягназам («транссэксуалізм»), дазволам «змяніць такую палавую прыналежнасць на такую» і подпісамі членаў камісіі. З гэтым рашэннем я пайшоў у ЗАГС, аформіў новае пасведчанне аб нараджэнні, а потым у пашпартным стале замовіў новы пашпарт. Усе гэтыя працэдуры, ад першага прыёму і да атрымання пашпарта, занялі ў мяне каля трох гадоў.

«НН»: Што з гэтага ўсяго далося табе найбольш складана?

ЯС: Складанасць хутчэй не ў якіх-небудзь канкрэтных пунктах, а ў іх колькасці: пастаянна сутыкаешся з сітуацыямі, у якія ты не ўпісваешся. У цябе ёсць шанец зліцца з іншымі, калі ты добра адыгрываеш цысгендарнага (калі гендарная ідэнтычнасць супадае з біялагічным полам). А калі ў цябе андрагінная знешнасць ці нейкія фемінныя рысы характару, кожны — што доктар, што касір у магазіне, — будзе лічыць сваім абавязкам неяк на гэта адрэагаваць. Выгнаць з прыбіральні, напрыклад, ці пажадаць хутчэй памерці.

На шчасце, мая маці мяне прыняла і падтрымлівала на кожным этапе пераходу. Таксама падтрымліваў мой партнёр — ён праводзіў са мной больш часу, чым любы іншы, і літаральна выцягваў мяне з істэрык пасля ўсіх гэтых абследаванняў. А кансультаваўся я выключна ў сваіх знаёмых, бо ў афіцыйных дзяржустановах такую інфармацыю атрымаць амаль немагчыма.

«НН»: Ці былі нейкія прыколы ў загсе, калі ты прыйшоў па новы пашпарт?

ЯС: Там і ў пашпартным стале са мной размаўлялі на дзіва пазітыўна. Асабліва павесялілі звароты тыпу «жанчы… то бок, Яўген Дзмітрыевіч». Разумееш, што гэтыя людзі не хочуць цябе абразіць — проста ў іх сапраўды няма інструкцый, як гэта ўсё робіцца.

«НН»: Ты казаў, што табе цяпер значна прасцей, калі графа ў пашпарце супадае з тваім унутраным адчуваннем сябе, у чым гэта какнрэтна праяўляецца?

ЯС: Амаль ва ўсім. Па-першае, юрыдычная бяспека: можна падпісваць дакументы сваім сапраўдным імем, можна ўваходзіць у патрэбную прыбіральню і разумець, што цябе не выкінуць ахоўнікі. На гэтым фоне і псіхалагічна становіцца лягчэй: няма адчування, што людзі не бачаць цябе, не ўспрымаюць усур'ёз, што ты павінен граць нейкую ролю, з якой табе забаронена выходзіць.

У мяне ўсё яшчэ клінічная дэпрэсія, на жаль. Я ўжо некалькі гадоў прымаю антыдэпрэсанты, пару месяцаў таму пачаў хадзіць да псіхатэрапеўткі. Тэрапія — класная штука. Пачынаеш больш разумець тое, адкуль бяруцца твае эмоцыі і куды іх потым падзець. Мне ўсё яшчэ цяжка даваць рады гэтаму, але я бачу, што ёсць зрухі. Як мінімум маё жыццё ўжо стала лепшым — а пашпарту толькі два дні. Так што ў мяне ёсць усе шансы аднойчы пазбавіцца разладу цалкам.

«НН»: Ці ведае пра новы пашпарт твая бабуля, з якой вы жывяце і моцна канфліктавалі пасля твайго камінг-аўту? Вы не памірыліся?

ЯС: Бабуля ў курсе… Ведаеце, тут не ў «мірыцца» справа — мы ўжо чужыя людзі. Я ніколі не адчую ў адносінах да яе нешта сямейнае. Яна некалькі гадоў цкавала мяне і маю маці, яна стаяла і глядзела на тое, як мой дзядзька мяне збівае, яна праклінала нас з маці і казала, што ў яе няма больш дачкі і ўнучкі… Сёння яна ўжо амаль не праяўляе агрэсію, мы перыядычна кантактуем па побытавых пытаннях. Але ні пра якую блізкасць размова, вядома ж, не ідзе.

«НН»: А на працы ўспрынялі навіну нармальна? Бо на журфаку БДУ, як ты сам расказваў, падчас навучання хапала праблем з выкладчыкамі…

ЯС: Насамрэч, я чакаў чагосьці больш жорсткага. Але не будзем загадваць — мне яшчэ дамову не перааформілі. Вось падпішу кантракт — тады буду ўпэўнены.

На гэты момант магу сказаць, што, напэўна, большая частка майго выдавецтва альбо ведала, альбо здагадвалася пра тое, што я не зусім дзяўчына. Пра новы пашпарт на працы ведаюць усяго два дні, і пакуль яшчэ нічога не здарылася — усе казалі, што зразумелі мяне.

Я чакаў скандалаў, таму што, напрыклад, мая начальніца амаль паўгода прынцыпова дапісвала літару «а» ў мой подпіс «Сеньков», а аднойчы зладзіла з гэтага сапраўдны скандал. Ну, цяпер ужо не дапіша.

«НН»: На якім этапе пытанне з аперацыяй па выдаленні той жа маткі і гарманальнай тэрапіяй? Гэта ўсё патрабуе грошай (нават на момант рэабілітацыі), адкуль ты іх будзеш браць?

ЯС: Пакуль я не зрабіў ніводнай аперацыі, таму што на іх і на гармонатэрапію ў нас таксама патрэбны дазвол ад камісіі — ужо наступнай (так, яна ў нас не адна). Што тычыцца гармонатэрапіі, я сам цяпер не ўпэўнены, што яна мне неабходная. Гэта складанае пытанне: у адзін перыяд я адчуваю сябе са сваім целам больш-менш нармальна, а ў другі бачыць сябе ў люстэрку не магу.

Аперацыі па рашэнні камісіі ў Беларусі робяцца бясплатна, але і на гармоны, і на рэабілітацыю патрэбныя грошы. Але, ведаеце, аперацыі мне дазволяць так няхутка (мабыць, яшчэ праз пару год), што я не магу казаць, які ў мяне тады наогул будзе заробак. У гэты момант я працую па размеркаванні, атрымліваю вельмі-вельмі мала. Спадзяюся, што гэта праца не назаўжды. Хочацца верыць.

«НН»: Ці сустракаешся ты і сёння з хлопцам, калі не сакрэт? Наколькі вам складана быць адкрытымі ў пачуццях, асабліва пасля заяў Шуневіча пра «дзіравых»?

ЯС: Так, я сустракаюся з хлопцам. Гэта, дарэчы, адзін з пунктаў, які людзі часта не разумеюць. Транслюдзі не павінны быць толькі гетэрасэксуальнымі, іх ідэнтычнасць не залежыць ад арыентацыі, і для многіх гэта аказваецца навінай. Дык вось, я сустракаюся з хлопцам, і ў яго было праз гэта шмат непрыемных размоў з бацькамі. Яго бабуля цікавілася, калі я «нагуляюся» і буду «зноў Дашай». Не ведаю, колькі павінна прайсці гадоў, каб людзі зразумелі, што гэта не прыкол.

А Шуневіч — гэта наогул нейкі сумны мем. Не ведаю, адкуль такія бяруцца. Напэўна, не ўсё ў жыцці чалавека добра, калі ён мэтанакіравана разбурае жыццё іншых. З нецярпімасці дзяржавы пачыналіся самыя страшныя і самыя крывавыя падзеі ва ўсім свеце.

Я і мой партнёр адкрытыя, і тое, што мы кахаем адзін аднаго, — найлепшы адказ Шуневічу і ўсім астатнім.

Яўген актыўна займаецца музыкай, якую стварае сам, як і тэксты. У дадзены момант ён працуе над некалькімі трэкамі, запісвае вакал для метал-праекта сябра. 21 лютага яго можна будзе пабачыць на конкурсе вакалістаў Rock Song 2019 у клубе PRISMA. Сачыць за ўсімі навінамі можна ў яго суполцы.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фоты Волі Афіцэравай і з асабістага архіва героя

Каментары
Мікола / Адказаць 14.02.2019 / 12:53

На фота бачу звычайную 100% дзяўчыну. Не сказаў бы што мускулінная знешнасць. Калі хоча быць мужыком так трэба гармоны мужскія спажываць. Бо ад змены пашпарта вусы не пачнуць расці.

13
Ганулька / Адказаць 14.02.2019 / 13:16

Прабачце, але вам проста няма чаго рабiць. Нават, калi вы i адчуваеце сябе не зусiм дзяўчынай, можна i пацярпець, таму што вы нарадзiлiся фiзiялагiчна дзяўчынай. Лепш занялiся бы якой-небудзь карыснай працай, чым марнаваць энергiю на глупства.

41
Ганулька / Адказаць 14.02.2019 / 14:01

Зразумела, Жэня творчы чалавек i мае права быць арыгiнальным. Але аперацыю рабiць не трэба, можа калi- небудзь Жэня зноў захоча стаць Дашай.

9
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні