Праект партала
Густ Што мы слухалі ў лістападзе: 11 самых значных музычных альбомаў месяца1
03.12.2018 / 16:53

Традыцыйна на пачатку месяца мы робім справаздачу музычных навінак мінулага месяца. Сустрэча са старымі знаёмымі, думкі пра сваё прызначэнне на Зямлі і музычны сігнал аб актуальных праблемах — усё гэта ў нашым топе! 

The Prodigy — No Tourists

У сваёй чарговай плытцы культавы гурт заклікае не быць турыстамі і не баяцца ісці па жыцці невядомымі шляхамі. Іншае пытанне, ці перасталі быць турыстамі самі музыкі, якія некалі павялі няхожанай музычнай сцежкай за сабой цэлую генерацыю, а потым пераўтварыліся ў самапаўтор. Адказ мусіць кожны даць сабе сам пасля праслухоўвання.

ТРОІЦА — Цар-Агонь

Свой сёмы альбом удзельнікі этна-трыа называюць найбольш камерным і інтымным. І сапраўды, у параўнанні з феерычнай «Зімачкай», што выйшла пяць гадоў таму, «Цар-Агонь» гучыць аскетычна.

У працы над альбомам музыкі хацелі дабіцца такога эфекту, нібы слухач знаходзіцца ў суседнім пакоі. І гэта атрымалася выдатна!

MGZAVREBI — GEO

GEO — гэта не толькі зямля ў перакладзе з грэчаскай, але і ўсім вядомае міжнароднае скарачэнне Грузіі, адкуль транслюе любоў да жыцця сваім слухачам гурт MGZAVREBI. 

Да дзесяцігоддзя сваёй творчай дзейнасці музыкі падрыхтавалі самы эмацыйны і смелы альбом, які стаў першай старонкай новай главы.

Гречка — Мы будто персонажи

Новы альбом 18-гадовай спявачкі. За гэты год праз Насту Іванову прайшоў каток славы і шлейф крытыкі. Дзяўчына вырашыла закрыцца, каб прааналізаваць сябе і сваю творчасць. Вынік самааналізу — вашай увазе.

Дарэчы, у запісе альбома прымаў удзел бас-гітарыст з Мінска Стас Мурашка.

Muse — Simulation Theory

Дыяпазон таленту брытанскага гурта настолькі шырокі, што яны змаглі стварыць альбом у стылі рэтравэйв, захаваўшы фірмовыя мьюзаўскія штучкі.

Нехта скажа, што Muse папыталіся заскочыць у апошні вагон сучасных трэндаў са сваёй тэорыяй сімуляцыі. Нехта — пра музычнае развіццё і адкрыццё новых творчых гарызонтаў. Паслухайце і вызначце для сябе!

ZAZ — Effet miroir

З французскай назва альбома перакладаецца як «эфект люстэрка». Камбінацыя розных музычных жанраў — гэта нібы прыняцце самога сябе з усімі, часам супярэчлівымі, гранямі ўласнага характару.

The Good, The Bad & The Queen — Merrie Land

У музыцы існуе паняцце «супергурта». Гэта калі ў адзін калектыў збіраюцца музыкі і выканаўцы, што сталі вядомымі ў складзе іншых гуртоў ці сольна. 

Першы альбом супергурта The Good, The Bad & The Queen выйшаў у 2007 годзе, і прыхільнікі разам з крытыкамі пачалі меркаваць, што гэта быў аднаразовы музычны кейс.

Але напрыканцы 2018 года Дэйман Албарн і кампанія выдалі новую плытку, прысвечаную правінцыйнай Англіі, і, здаецца, гэта адзін з найлепшых альбомаў года.

P.O.D. — Circles

Піянеры ню-металу ўрачыста працягваюць несці сцяг свайго жанру ў масы, нягледзячы на тое што ягоны час, здаецца, даўно мінуў.

Пакуль калегі па стылі танулі ў электронных эксперыментах, P.O.D. эксперыментуюць хутчэй з канцэпцыямі альбомаў. Былі і лонгплэй-гісторыі, цяпер надышоў час цёплых металічных казанняў.

Laibach — The Sound Of Music

Laibach былі першым заходнім гуртом, якому дазволілі выступіць у Паўночнай Карэі. Гэта адбылося ў 2015-м, і менавіта тады з'явілася ідэя гэтага альбома.

«The Sound Of Music» — гэта пераасэнсаванне класічнага галівудскага мюзікла 1965-га года, па якім паўночнакарэйскія дзеці вучаць англійскую мову.

YUKO — DURA?

DURA? — гэта пытанне грамадству. Альбом пра канфлікт прагрэсіўнага мыслення і сацыяльных стэрэатыпаў.

Ці можна назваць «дурай» чалавека, чые думкі і імкненні не ўпісваюцца ў кансерватыўныя грамадскія нормы? 

Emigrate — A Million Degrees

Трэці альбом сайд-праекта гітарыста Rammstein Рыхарда Круспэ, які зусім не падобны да Rammstein, хаця грае такі ж індастрыял. 

Пакуль усё яшчэ незразумелы лёс нямецкага гурта: яны нібыта запісваюць новы альбом (харавыя партыі нават запісваліся ў Мінску), не абвяргаючы чутак пра знікненне калектыва пасля сусветнага турнэ ў 2019 годзе. Пакуль фаны ў чаканні, раім паслухаць альбом Emigrate, тым больш на ім ёсць фіт з Цілем Ліндэманам.

Нашы папярэднія агляды:

Піліп Каваленка

Каментары
Максим Дизайнер / Адказаць 05.12.2018 / 19:54

Ух, ты!Спасибо за подборку, змагары!

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні