Праект партала
Гісторыі «Мяне называлі цыклопам». Як Ліза з рэдкім дыягназам працуе на хуткай і дапамагае іншым33
25.11.2018 / 09:11

Ліза Грыбко нарадзілася з калабомай — гэта рэдкае захворванне, дэфект у абалонках вокавага яблыка. Звычайна гэта прыроджаная з’ява, але можа быць і набытым станам у выніку нейкіх траўм. Сустракаецца такая паталогія ў 0,5—0,7 выпадкаў на 10 тысяч нованароджаных.

Мы распыталі Лізу пра тое, як гэта, калі эстэтыка твайго твару не адпавядае агульнапрынятым нормам, і наколькі істотней, калі ты, нарэшце, прымаеш свой выгляд сам.

Ліза Грыбко.

— Маці расказвала, што, калі я нарадзілася, ёй не адразу далі мяне на рукі, суха паведамілі: у вас дзяўчынка з асаблівасцямі. Ад нараджэння ў мяне быў не вельмі сіметрычны твар, калабома павека і радужкі (адсутнасць у вока звыклых абалонак). У бацькоў было шмат пытанняў, чаму так сталася. Але ў 1993-м, думаю, ніхто ў генетыцы асабліва не капаўся. Проста ў пэўны момант майму арганізму, можна сказаць, не пашанцавала.

Маці пасля родаў была вельмі расстроеная, першы час мяне нават іншым сваякам не хацелі паказваць.

Бацькі хадзілі па спецыялістах, каб дамовіцца на аперацыі, і адзін з дактароў нават прапанаваў адмовіцца ад мяне: «Вы ж іншае дзіця сабе зможаце завесці». Але я была і застаюся ў іх адзінай дачкой.

Адна, другая, трэцяя… Усяго мне зрабілі штук 10 аперацый. У два гады мяне ўпершыню прааперавалі афтальмолагі. У гады чатыры выпраўлялі слёзны канал: у мяне няправільна выходзіла сляза, і канал прыйшлося прабіваць, каб вока не высыхала. Звычайна супрацоўнікі сківічна-тваравага аддзялення і афтальмалогіі падчас аперацыі бегалі адзін да аднаго і раіліся. Мой выпадак досыць незвычайны, таму, відаць, адзін хірург нават не рашаўся рабіць гэта самастойна.

Ліза ў дзяцінстве.

Пасля аперацый у Беларусі па чарнобыльскай праграме я трапіла ў англійскую бальніцу — там дактары працавалі над сіметрыяй майго твару. І з гэтым сапраўды стала лепш. Увогуле, мне пашанцавала, што ўсе аперацыі былі бясплатныя для нашай сям’і.

Калабома вока — па сутнасці, больш знешні дэфект, чым унутраны. Адзінае што, левае вока ў мяне бачыць невыразна: усе выявы размытыя, і ніякімі акулярамі гэта не выправіць. Але другое служыць выдатна.

Увогуле, паколькі я не ведаю, як гэта, калі і злева, і справа па «адзінцы», для мяне тое, як я бачу гэты свет, — норма.

У дзяцінстве я займалася пацеркапляценнем, і ўсе перажывалі, як я дам рады з дробнымі дэталямі, а я выдатна ўпраўлялася. Мая асаблівасць і на правы не перашкодзіла здаць. Ды і на фізкультуры ў школе я займалася нароўні з усімі, хоць у мяне і была спецмедгрупа.

Па правілах, калі ў цябе праблемы са зрокам, нельга падымаць цяжкасці, перагружацца. Але я супраць абмежаванняў, нават донарам крыві пару разоў станавілася.

Бацькі заўсёды вучылі мяне не звяртаць увагі, калі нехта ўказвае на мае асаблівасці. Але не заўсёды проста абстрагавацца ад таго, што цябе разглядаюць незнаёмцы, ці тыкаюць у цябе пальцам. Цяпер я гэта ўспрымаю спакайней, а ў дзяцінстве вельмі крыўдзілася. Прыходзіла дадому і плакала пасля таго, як хлопцы са школы абзывалі цыклопам. З аднакласнікамі мне неяк пашанцавала, яны мяне ніколі не зневажалі. А вось старэйшыя школьнікі любілі пазадзіраць і паздекавацца.

Я гыркала ў адказ і ніколі не дазваляла сабе плакаць на людзях, настройвала сябе, што я моцная, што мне пофіг на меркаванне іншых, таму нельга. Але вось дома ўжо магла сабе даць волю і параўсці.

Ліза з бацькамі.

Тое, што я нарадзілася з асаблівасцямі і шмат часу праводзіла ў бальніцах, паўплывала на тое, што я захацела стаць доктаркай. Асабліва, калі ў год шаснаццаць пазнаёмілася з класным анестэзіёлагам. Ён так класна камунікаваў з дзецьмі, ствараў такую атмасферу ў аперацыйнай, што ўвесь стрэс у хворых знікаў. Тады я падумала: хачу быць такой, як гэты доктар. Тым больш, мне выдатна даваліся ўсе прадметы, у тым ліку біялогія, па якой я мела 10 балаў.

Але ў бацькоў былі іншыя планы на маю будучыню. Яны чамусьці вырашылі, што мне лепш стаць эканамісткай — нібыта гэта ўніверсальная прафесія, з якой ніколі не прападзеш. У год паступлення я хацела заваліць ЦТ, каб пайсці ўсё ж у медкаледж на фельчарку, але нават не стараючыся прайшла на платнае аддзяленне ў БАТУ.

На 4-м курсе я вырашыла канчаткова вызначыцца, хачу я яшчэ ў медыцыну ці не. Паралельна з навучаннем пайшла працаваць санітаркай, потым — медрэгістратаркай. Своеасаблівы кантынгент, узяць у чалавека аналізы, потым адвезці ў іншы бок бальніцы, вярнуцца назад, прыбраць аддзяленне — гэта была фізічна складаная праца.

Адзін раз я адмывала працэдурны кабінет ад крыві: прывезлі вельмі крывавага пацыента з чэрапна-мазгавой траўмай… Нават пазнаёміўшыся з усёй гэтай атмасферай, я ўсё роўна хацела стаць медыкам.

Маці спачатку глядзела на гэта скептычна, але калі ўбачыла мяне ў спісе залічаных у БДМУ, не магла ўтрымацца ад таго, каб не пачаць дзяліцца радаснай навіной з усімі запар.

Яшчэ на 1-м курсе я марыла ўладкавацца на машыну хуткай дапамогі, але ўзялі мяне толькі пасля 3-га. Ужо другі год я працую на гарадской станцыі хуткай меддапамогі, якая абслугоўвае Курасоўшчыну.

Самым маім складаным днём можна назваць другое па ліку дзяжурства з брыгадай інтэнсіўнай тэрапіі. Я, яшчэ зялёная, саплівая, а тут — спачатку выклікаюць ратаваць чалавека без прытомнасці, потым — іншага рэаніміруем на месцы, пасля — зноў пацыент без прытомнасці.

Ад таго дзяжурства я была ў шоку: акрамя эмацыйнай, дадаецца і фізічная стомленасць — усё ж рэанімацыйныя наборы важаць пад 20—25 кілаграмаў. Менавіта таму ў брыгадах рэанімацыі працуюць, у асноўным, мужчыны.

Часам за змену адвозіш па некалькі п’яных, якія, бывае, буйна сябе паводзяць (у крайніх выпадках фельдшары выклікаюць міліцыю). Часам прыязджаеш да пацыентаў, якія і без нас прынялі таблетку — і ўсё ў іх добра, але з імі трэба пагутарыць, супакоіць. Псіхалагічная дапамога, карацей. Часам — заходзіш у дом, дзе настолькі брудна, што няма куды стаць… Але я люблю сваю працу і атрымліваю ад яе кайф. Няважна, у якой я брыгадзе — лінейнай, педыятрыі ці інтэнсіўнай тэрапіі. Лічу, калі ты гідлівы, табе не месца ў медыцыне. Дапамагаць варта ўсім, няважна нецвярозы перад табой ці наркаман.

Дарэчы, самыя частыя выклікі, на якія мы выязджаем, — артэрыяльная гіпертэнзія. І пакутуюць на яе збольшага жанчыны.

Пакуль давучваюся, працую на 0,75 стаўкі. Днём я на парах. Адзін раз пасярод тыдня выхаджу ў ноч, пасля змены адразу еду на вучобу. А на выходных дзяжуру суткі — з 8 да 8 раніцы. Гэта шалёны графік, але калі ён робіцца вальнейшым, мне нават чагосьці ў жыцці не хапае. За мае 120—132 працоўныя гадзіны я атрымліваю каля 400 рублёў, але на хуткай мала хто працуе толькі на стаўку — у асноўным усе на паўтары, нехта ўмудраецца і на дзве.

Сёння ў мяне шмат сяброў, асабліва хлопцаў. З імі мне неяк прасцей. Маладога чалавека не маю, аднак я з гэтай нагоды не заганяюся. Калі па чымсьці заганяцца, то пачнеш сябе ненавідзець. А навошта? Гэта цягне ўніз. Я ж стараюся па жыцці ісці з пазітывам. У будучыні я б хацела крыху падправіць вока ў эстэтычным плане, але гэта выключна для сябе. Ну, і калі не на хуткай працаваць, то стаць усё ж анестэзіёлагам. А лепш за ўсё, каб атрымалася ім жа, і на хуткай.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фоты Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні