Праект партала
Гісторыі «Мая гарманальная сістэма дала збой». Былыя бодзібілдаркі пра зваротны бок культурызму8
21.11.2018 / 16:24

Калі мы бачым фота ці відэасправаздачы са спаборніцтваў па бодзібілдынгу, то на сцэне перад намі звычайна красуюцца сухія, рэльефныя, шчаслівыя і загарэлыя людзі. На старонках сваіх сацсетак субтыльныя ўдзельніцы з беласнежнай усмешкай у трыццаць два зубы дзеляцца рэцэптамі нізкакаларыйных страў, праграмамі трэніровак і колькасцю пройдзеных кіламетраў на бегавой дарожцы падчас падрыхтоўкі да спаборніцтваў. І тым не менш, нягледзячы на тое, што гэтыя людзі публічныя і жывуць напаказ, пра ўсе падводныя камяні сваёй дзейнасці проста так яны не раскажуць ніколі.

Лера Казакевіч паразмаўляла з былымі удзельніцамі спаборніцтваў па бодзібілдынгу, якія свядома завяршылі кар'еру, але працягваюць займацца спортам у задавальненне.

Тамара Шангелія

  • выступала ў катэгорыі бодзіфітнэс
  • срэбная прызёрка Кубка Беларусі, 2015;
  • пераможца Iron lion Cup, 2016;
  • срэбная прызёрка чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, 2016;
  • пераможца чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, 2017;
  • абсалютная чэмпіёнка Iron lion Cup, 2017. 

Як усё пачыналася

— У трэнажорную залу я патрапіла яшчэ ў 10-м класе, адразу пасля таго, як скончыла займацца тэквандо. Бодзібілдынг на той момант быў для мяне больш прымальным і бяспечным, чым адзінаборствы, паколькі болі ў спіне, выбітая кісць і рассечаная губа ніяк не ўпісваліся ў вобраз маладой дызайнеркі.

Але толькі праз пяць год трэніровак у зале я сапраўды прасякнулася гэтым заняткам і практычна прапісалася каля сілавой рамы. Адной з прычын было тое, што ў мяне з'явіўся трэнер Вова Бардзіян: менавіта з яго пачалася мая любоў да бодзібілдынгу.

Я стала заўважаць, як з кожнай трэніроўкай станавілася мацнейшай, гэта стымулявала трэніравацца яшчэ больш інтэнсіўна і сур’ёзна. У нейкі момант мае змены сталі заўважныя акружэнню: знаёмыя і сябры рабілі кампліменты. Не буду хаваць, гэта дадало мне ўпэўненасці і жадання дасягаць большага.

Так у нейкі момант я вырашыла паспрабаваць «пасушыцца» і паўдзельнічаць у спаборніцтвах у намінацыі «фітнэс-бікіні». Па дапамогу звярнулася да айчыннага культурыста Алега Бабініча, які вызначыў мяне ў намінацыю «бодзіфітнэс», бо генетычна я больш мускульная і буйная, чым патрабуецца для катэгорыі «бікіні».

«Падрыхтоўка дапамагла мне справіцца з трагедыяй»

Сёння я дакладна разумею, што спаборніцтвы дапамаглі мне перажыць смерць маці. Я сышла ў падрыхтоўку да іх з галавой, катавала сваю нервовую сістэму бясконцымі нагрузкамі. Але на той момант зала была своеасаблівым прытулкам, дзе я спраўлялася з трагедыяй, не ведаю, што са мной сталася б без гэтага.

За тры гады падрыхтовак я выпрабавала на сабе розныя трэніровачныя схемы, навучылася чуць і слухаць свой арганізм. Вядома, усё гэта было шляхам спроб і памылак. Але якім бы складаным ні быў працэс, ён заўсёды прыносіў задавальненне. Ідэальная форма — гэта як пошукі Святога Грааля, вечныя, бо яго немагчыма здабыць.

«Усё, што адбываецца за межамі залы, там і застаецца»

Выхад на сцэну на спаборніцтвах па факце не самамэта — гэта ўсяго толькі мімалётная, пяціхвілінная падзея. Куды цікавейшы сам працэс падрыхтоўкі, які падобны на выраб скульптуры: складана, карпатліва, тым і цікава.

У гэтым відзе спорту ўпартыя трэніроўкі і генетычная адоранасць не з’яўляюцца формулай поспеху. Калі ты на падрыхтоўцы, то ўсё тваё жыццё, кожная хвіліна і дзеянне накіраваныя на вынік.

Трэба быць ракам-пустэльнікам, свядома абмежавацца ад лішняй інфармацыі (і асабліва ад людскіх усцех), варыцца ў сваім катле з такімі самымі фанатам, як і ты, паколькі родныя і блізкія толькі круцяць ля скроні.

Праўда, трэба выказаць павагу маім сваякам: яны проста пакінулі мяне ў спакоі, хоць і мелі іншы погляд на гэты конт.

Тамара ў цэнтры.

«Мая гарманальная сістэма дала збой»

За тры гады выступаў я парадкам пакалашмаціла свой арганізм: гарманальная сістэма дала збой, праз праблемы са шчытападобнай залозай у мяне парадзелі косы, прыйшлося ад іх пазбавіцца. Псіхіка таксама пахіснулася: перыяды абжорства змяняліся галадоўкамі.

Незадаволенасць сваёй знешнасцю правакавала зацяжныя дэпрэсіі, я не магла трэніравацца ў задавальненне, рабіла гэта толькі, каб апраўдаць з'едзенага напярэдадні бегемота.

Прычым, нягледзячы на ​​ўсю сваю разважлівасць і цвярозасць думак, усё гэта адбывалася са мной нібы без маёй волі.

Да пачатку падрыхтоўкі да спаборніцтваў ніхто не распавядае пра тое, што будзе пасля, а гэта самая важная тэма, з якой і варта пачынаць размову пра бодзібілдынг. Якасць дыягностыкі ў краіне пакуль не дазваляе ўпэўнена сцвярджаць пра ўзровень вашага здароўя, дакладную наяўнасць паталогій і адхіленняў. Таму складана прадбачыць тое, як на вас адаб'ецца «сушка» на фоне цяжкіх трэніровак і якія могуць вылезці «сюрпрызы». Гарманальная сістэма церпіць ва ўсіх пагалоўна, апорна-рухальная — праз аднаго.

Спыненне менструальнага цыклу ў дзяўчат — гэта толькі вяршыня айсберга магчымых праблем з арганізмам.

Што я думаю пра бодзібілдынг сёння?

Для сябе я гэты этап завяршыла. Цяпер з цікаўнасцю назіраю за развіццём бодзібілдынгу ў свеце і ў Беларусі. У мяне ёсць спартсмены-любімчыкі. Я шчыра радуюся за нашых хлопцаў і дзяўчат, у якіх атрымліваецца выйсці на сусветны ўзровень, пачаць зарабляць грошы ці хаця б акупляць нейкія выдаткі на такое нятаннае хобі. Яны — прафесіяналы ў сваёй справе. І бясспрэчна заслугоўваюць павагі.

Ганна Астапава

  • 2-е месца на Кубку мэра, Магілёў, 2015;
  • 3-е месца на Кубку Беларусі, 2015;
  • Удзельнічала таксама ў Кубку Усходняй Еўропы (2015), Iron lion cup (2015), Магілёў і інш.

«Мне прапанавалі — я пагадзілася»

— Яшчэ калі я вучылася на эканамістку, мой погляд кожны дзень прыцягвала шыльда трэнажорнай залы, міма якой пралягаў мой шлях у каледж. Было вельмі цікава, што ж там адбываецца, але адна я баялася туды зайсці. Аднойчы распавяла пра сваю цікаўнасць знаёмаму, які там займаўся, і ён ласкава ўзяў мяне з сабой на трэніроўку. З таго часу я кожны дзень пасля заняткаў была ўнутры, а не праходзіла міма.

Да рашэння паўдзельнічаць у спаборніцтвах я прыйшла вельмі проста: мне прапанавалі — я пагадзілася. Думаю, мой трэнер бачыў, як я стараюся, што не баюся цягаць штангу і павышаць вагу, адказна падыходжу да трэніровак і прытрымліваюся рэжыму. Катэгорыю «бодзіфітнэс» абрала для сябе самастойна, паколькі намінацыя «бікіні» на той момант мне зусім не падабалася праз неабходнасць пазіраваць.

«Усе мае думкі былі толькі пра ежу»

Падчас падрыхтоўкі да спаборніцтваў часта здараліся эмацыйныя зрывы, я магла разраўціся на пустым месцы. Першыя два сезоны мне страшна не хапала салодкага, вельмі моцна раздражняла тое, што ўсе мае думкі былі толькі пра ежу. Але чым больш важныя і сур'ёзныя чакаліся спаборніцтвы, тым большай была матывацыя.

Адразу пасля выступленняў я адчувала ў першую чаргу палёгку: усё скончылася і можна выдыхнуць. Часам адчувала расчараванне, бо не змагла апраўдаць уласныя чаканні, але разам з гэтым прысутнічаў і гонар, і неверагодны прыліў сіл, таму што я змагла пераадолець свае страхі, таму што выступы на публіку былі для мяне вялікім выпрабаваннем (асаблівым пеклам быў выхад у купальніку). Варта аддаць належнае гэтаму досведу: мая самаацэнка адназначна стала лепшай.

«Я вельмі доўга не магла наладзіць здаровыя адносіны з ежай»

Напэўна, з-за таго, што пад табу для мяне былі рознага роду спецыяльныя фармакалагічныя прэпараты і стымулятары, а трэнер вельмі адказна падыходзіў да майго здароўя, ніякіх радыкальных праблем з арганізмам не з’явілася. І тым не менш, непажаданыя наступствы, пра якія ніхто не папярэдзіў, былі: я вельмі доўга не магла наладзіць здаровыя адносіны з ежай, то змятала ўсё запар з прылаўкаў крам і аб'ядалася, то баялася з'есці хоць што-небудзь.

Чаму спыніла ўдзел?

Першай прычынай, мабыць, паслужыла тое, што падчас апошніх спаборніцтваў мы моцна разышліся ў поглядах з маім трэнерам. І пасля я не магла знайсці трэнера, якому б даверылася зноў. А потым свядома, асэнсавана ацаніла спаборніцтвы, расставіла прыярытэты ў жыцці і зразумела, што калі і рыхтавацца, то толькі дзеля перамогі, а яна магчымая толькі калі забіць на здароўе. Такая выснова не знайшла водгуку ў маёй душы.

Калі камусьці таксама захочацца паўдзельнічаць у чымсьці падобным — чаму б і не. Толькі адразу вырашыце, навошта гэта вам трэба. А потым знайдзіце добрага спецыяліста-трэнера, якога ў першую чаргу будзе цікавіць ваша здароўе, а не перамога любым коштам.

Лера Казакевіч, фота з архіваў гераінь

Каментары
Жак / Адказаць 21.11.2018 / 16:41

Кто решил. что это красиво..

8
ололо / Адказаць 21.11.2018 / 16:47

бадзібілдаркі, ару!

3
дилетантам / Адказаць 21.11.2018 / 18:55

Не нужно путать культуристов с анаболистами, тестотеронщиками и прочими идиотами. Дедуля Фройд предупреждал о недопустимости распространения частностей на всё общество. -------------------------- Знаю множество людей которые ежедневно курят, пьют и даже ширяются, так у них остатки здоровья намного меньше, а "интерфейсом" они детей пугают.

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні