Праект партала
Тонус «Муж мяне падтрымлівае». Як у Беларусі арганізаваны рынак донараў палавых клетак 10
16.10.2018 / 08:55

У 1978 годзе нарадзіўся першы чалавек, які з’явіўся на гэтым свеце ў выніку штучнага апладнення — ЭКА. Ім стала англічанка Луіза Браўн, якая сёння сама выхоўвае дваіх дзяцей. Хоць вернікі лічаць гэтую рэпрадуктыўную тэхналогію неэтычнай, за 40 гадоў існавання ЭКА ва ўсім свеце нарадзілася больш за 6 мільёнаў чалавек, сёння гэта звычайная галіна медыцыны.

Адным з важных элементаў рэпрадуктыўных тэхналогій з’яўляецца донарства яйцаклетак, на якім мы падрабязна і спынімся ў гэтым матэрыяле.

Разабраліся ў тым, як уладкаваны рынак ананімных донараў у Беларусі, і даведаліся з першых вуснаў, што штурхае беларусак на тое, каб падзяліцца сваімі яйцаклеткамі з чужымі людзьмі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: www.spbivf.com.

Да 2015 года ў Беларусі ў ЭКА, у асноўным, практыкавалі донарства з палавымі клеткамі сваякоў. Калі патрэбны быў ананімны донар, па клеткі звярталіся ў сховішчы Расіі ці Еўропы. Адтуль яны дастаўляліся ў нашу краіну ў замарожаным выглядзе. На сённяшні момант усё больш пацыентаў, якім патрэбныя донары, знаходзяць варыянты ў беларускім банку.

Працэс стварэння ўласнага банка распачаўся ў Беларусі з 2015 года.

Аднымі з першапраходцаў у гэтай справе сталі клінікі «Біна» і «Ева», якая вырашылі займець уласную базу донараў. Рэпрадуктолаг «Евы» Алена Новікава расказвае, што праца была не з лёгкіх: па-першае, гэта фінансава затратны праект, па-другое, узнікла шмат пытанняў па стварэнні донарскага каталога: як зрабіць яго зручным і інфарматыўным для тых, хто ім будзе карыстацца?

«З таго моманту як мы распачалі донарскую праграму, у ёй паўдзельнічалі 47 чалавек (гэта смешная лічба, калі ўлічваць, што ў сусветных банках іх сотні). Беларусы актывізаваліся ў апошні год, спачатку зусім ніхто не ішоў праз адсутнасць інфармацыі ці па нейкіх іншых прычынах. З усіх донараў сёння недзе 75 адсоткаў — мужчыны. Яно і зразумела: здаваць сперму прасцей. Мы б хацелі імкнуцца да 1000 донараў у год, але іншая сітуацыя, што не кожны з ахвотных пройдзе праверку паўгадавым каранцінам: мы можам узяць у адной пацыенткі 40 яйцаклетак, а праз паўгода выявяцца нейкія непаладкі ў аналізах — і ўсё, яе яйцаклеткі ўжо нельга выкарыстоўваць», — распавядае Алена Новікава.

Інфармацыя пра донараў ад усіх медцэнтраў перадаецца ў РНПЦ «Маці і дзіця». Агульны рэестр патрэбны, каб выключыць блытаніну: умоўна кажучы, донар можа здаць клеткі ў некалькіх месцах, і важна ведаць, што гэта адзін і той жа чалавек, весці статыстыку.

На дадзены момант у беларускім банку палавых клетак налічваецца 22 донары яйцаклетак і 3 — сперматазоідаў,

распавядае загадчыца аддзялення планавання сям'і і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця» Ала Камлюк. «Але трэба разумець, што кожны з іх здаваў не па адной порцыі. То бок, ад трох мужчын там можа захоўвацца па 4—5 порцый», — тлумачыць Ала Мечыславаўна.

Дарэчы, колькасць здадзеных порцый ад аднаго чалавека таксама кантралюецца: мужчынам у «Еве» дазваляюць здаваць сперму не больш за 10 разоў: усё ж генафонд павінны быць разнастайным.

Як становяцца донарамі яйцаклетак?

Донарам аацытаў у Беларусі можа стаць жанчына ва ўзросце ад 18 да 35 год, якая нарадзіла хаця б адно здаровае дзіця. Яна не павінна стаяць на ўліку ў псіхіятра-нарколага, мець судзімасці і іншыя псіхафізічныя супрацьпаказанні (поўны іх спіс змяшчае закон «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях»).

Перш чым распачаць медыцынскія агляды ў спецыялістаў, на УГД акушэры правяраюць колькасць антральных фалікулаў патэнцыйнага донара. Калі ў яе яечнікаў добры фалікулярны рэзерв, то жанчына адпраўляецца на медагляды спецыялістаў іншага профілю. Пры добрых выніках донар пераходзіць на этап гарманальнай стымуляцыі. Яна пачынаецца на 2—3 дзень менструальнага цыклу і цягнецца ад 8 да 12 дзён. Усе ўколы робяцца доктарам у жывот: першыя 6 дзён раз у дзень, апошнія 3-4 — два разы за дзень. Увесь гэты перыяд медспецыялісты ўважліва сочаць за ростам фалікулаў. У канцы прызначаецца трыгер фінальнага паспявання яйцаклетак (лютэінізуючы гармон) і абіраецца дата дня Х — пункцыі яечнікаў.

У працэсе падрыхтоўкі да пункцыі донары прымаюць фоліевую кіслату, спажываюць як мага больш бялковых страў і п’юць мінімум 2—2,5 літра вады ў дзень. Супрацьпаказаныя фізічныя нагрузкі і стрэсы.

У дзень пункцыі жанчына павінна прыйсці ў бальніцу галоднай. У вену ёй уколваюць прапафол — пацыентка засынае. Падчас яе сну эмбрыёлаг пры дапамозе УГД-датчыка, на які надзяваецца спецыяльная насадка з іголкай, вагінальным доступам высмоктвае фалікулярную вадкасць. З яе пасля выдзяляюцца яйцаклеткі, якія замарожваюць на спецыяльных носьбітах — крыятопах. Ад адных донараў атрымліваюць 12 яйцаклетак, ад іншых — 30. Галоўнае, расказвае Алена Новікова, ведаць, што ў жанчыны можна будзе забраць не менш за 9: калі ў пацыенткі менш, гэта нявыгадна ні клініцы (у першую чаргу, фінансава), ні ёй самой. Дактары запэўніваюць, што ўся донарская працэдура не зніжае аварыяльны рэзерв (функцыянальны запас яечнікаў, які вызначае іх здольнасць да генерацыі здаровага фалікула), але ўсё роўна пункцыя — гэта міні-аперацыя: іголка праколвае яечнікі, ёсць рызыка крывацёку. Калі яйцаклетак у жанчыны няшмат першапачаткова, ніхто не будзе дапускаць яе да донарства: усе яны важныя і могуць спатрэбіцца ёй самой.

Вядома, усе донары атрымліваюць ганарар. У «Еве», напрыклад, незгаральная сума кожнай пацыенткі складае 1500 рублёў. Калі яйцаклетак больш за 15-ць, за кожную з іх донар атрымлівае дадатковыя 25 рублёў.

Алена Новікава расказвае, што некаторыя донары сапраўды прыходзяць за грашыма, але ёсць і тыя, якія кажуць, што для іх галоўнае — дапамагчы зацяжарыць тым, у каго не атрымліваецца самастойна. Праўда, бязвыплатна пакуль ніхто здаць аацыты (ці сперму) клініцы не прапаноўваў.

Пасля пункцыі жанчына назіраецца ў медцэнтры каля 2-х гадзін і можа адпраўляцца дадому: пажадана адразу не садзіцца за стырно і абмежаваць любыя фізічныя нагрузкі, а таксама палавыя кантакты да наступлення першых месячных. Некаторым донарам на першы час могуць спатрэбіцца абязбольваючыя.

Што маюць права ведаць адзін пра аднаго донары і тыя, хто іх абірае?

У цэлым — амаль нічога, усё ж гэта ананімнае донарства. Пары ці адзіночкі, якія абіраюць сабе донара, робяць высновы на аснове яго дзіцячых фотаздымкаў, фізічных дадзеных і радаводу, апісанага генетыкам. У анкеце донара, акрамя агульных дадзеных пра знешнасць, змяшчаецца інфармацыя пра наяўнасць на целе татуіровак, пірсінгу і веравызнанне. На сёння беларусы, якія прыходзяць за ЭКА, не вельмі ўхваляюць нефармальны выгляд і атэістычныя погляды. Хоць асноўныя беларускія канфесіі ЭКА акурат-такі і асуджаюць, бо пры штучным апладненні частка эмбрыёнаў заведама не прыжываецца.

Дарэчы, калі яшчэ некалькі год таму жанчыны без пары амаль не рабілі ЭКА, то цяпер у той жа «Еве» з 30 донарскіх праграм як мінімум дзве будуць кліенткамі без партнёра (па законе адзінокія беларускі маюць права на выкарыстанне метадаў дапаможна-рэпрадуктыўных тэхналогій з донарскім эякулятам, але толькі ад ананімнага донара).

Сам донар не мае права нават дазнацца, колькі яго клетак дапамаглі зацяжарыць і нарадзіць — сітуацыя такая самая, як і з донарства крыві.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: sochi.embryo-ivf.com.

Гісторыя Аксаны, якая стала донарам аацытаў

На ўмовах ананімнасці сваім донарскім досведам у адной з прыватных клінік Мінска з намі пагадзілася падзяліцца мінчанка Аксана Т.

 — Мне 30, працую эканамісткай. У 26 нарадзіла першынца: сыну Ягору цяпер 4 гады. Так склалася, што з дзяцінства мяне выхоўвалі адказным чалавекам, неабыякавым да таго, што адбываецца навокал (я нават па вуліцы не магу прайсці міма музыкаў, каб не кінуць ім манетку). Спачатку я стала донарам крыві — дарэчы таксама з падачы бацькоў: мой тата у свой час вельмі актыўна здаваў кроў.

Калі ад сяброўкі даведалася, што ў нас можна стаць і донарам яйцаклетак, вельмі ўразілася. Пачала глыбей вывучаць тэму і ў выніку захацела сама здаць аацыты.

Я доўга выношвала гэтую ідэю ў сабе. Не ведала, як расказаць пра гэта мужу, патлумачыць, навошта тое мне. Калі вырашылася падзяліцца з ім сваімі планамі, то спалохалася яго рэакцыі: муж успрыняў інфармацыю моўчкі і ўзяў тайм-аўт, каб вывучыць пытанне самастойна.

Ён не адгаворваў, проста маўчаў. А праз нейкі час, калі азнаёміўся з усімі даступнымі матэрыяламі па тэме ананімнага донарства, сказаў мне, што я ў яго самая лепшая, добрая і таленавітая — грэх такімі генамі не дзяліцца.

А вось з бацькамі было складана. Мой тата ўвогуле не разумеў сутнасці працэдуры. У яго ў галаве быў поўны трэш. Ён прадстаўляў сабе донарства яйцаклетак наступным чынам: мяне будуць трымаць у якім-небудзь інкубатары, парэжуць жывот, дастануць адтуль матку, і пасля гэтага маё жыццё ніколі не будзе ранейшым.

Ён думаў, што гэта вельмі складаная аперацыя, пасля якой нельга будзе мець дзяцей. Вядома, рызыка ёсць падчас любых медыцынскіх працэдур. Нават візіт да стаматолага прадугледжвае некаторую рызыку. Але што, да яго тады не хадзіць праз нейкія страхі?

Яшчэ пра маё жаданне стаць донарам ведалі блізкія сябры. Сяброўка спрабавала адгаварыць мяне ад працэдуры, а пасля нават сама захацела стаць донарам. Праўда, у яе ёсць супрацьпаказанні, таму яна не падышла.

Я запісалася на кансультацыю да рэпрадуктолага і прыйшла да доктара ў прызначаны дзень з выпіскай з медкарткі. Мяне аглядзелі, зрабілі УГД. На наступны дзень я ўжо здавала аналізы. Мне сказалі, што ўсе паказчыкі ў норме і што я падыходжу. Папрасілі мае дзіцячыя фотаздымкі, распыталі агульную інфармацыю: нацыянальнасць, род дзейнасці і гэтак далей. Наступны мой візіт прызначылі на 2—3 дзень цыкла для пачатку стымуляцыі.

Як я рыхтавалася? Мне пашанцавала: я заўсёды была са спортам на «ты», не мела шкодных звычак, таму ў маім жыцці асабліва нічога не змянілася. А вось эмацыйна перажывала: нават было некалькі бяссонных начэй. Дзякуй мужу, які падтрымліваў на ўсіх этапах.

У дзень пункцыі я прыйшла ў бальніцу нашча. Мне выдалі аднаразовую бялізну, халат і тапкі. Анэстэзіёлаг пацікавіўся маім самаадчуваннем, памераў мой ціск. Далей мне ўвялі анэстэзію і я ўжо нічога не памятаю. Пасля мне сказалі, што працэдура доўжылася хвілін 20. Калі ўсё скончылася, у напаўсонным стане мяне даставілі ў VIP-палату, дзе я была адна. Крыху паназіраўшы за маім станам, мяне адпусцілі. Забіраў мяне муж, бо за стырно, як і пасля любога наркозу, адразу ў такіх выпадках сядаць нельга. Ніякага бальнічнага я не прасіла: працэдура адбылася ў пятніцу, а ў панядзелак я ўжо выйшла на працу.

Я не арыентавалася на донарства як на матэрыяльную ўзнагароду, гэта нават неяк не этычна. Як донар крыві я прызвычаілася, што за гэта не плацяць нейкія вялікія грошы. У мяне «забралі» 36 яйцаклетак, узнагароджанне склала каля 2000 рублёў з капейкамі. Я пайшла на працэдуру выключна з жаданнем дапамагчы, а не зарабіць. Але, канечне, тое, што я атрымала за гэта яшчэ і бонус у выглядзе грошаў, як і любога нармальнага чалавека мяне парадавала, чаго тут хітрыць.

У мяне няма адчування, што недзе там будуць жыць мае дзеці, у чужых сем’ях. Я ўспрымаю яйцаклеткі як біяматэрыял, такі самы, які выходзіць з нас падчас месячных.

Дзіця, якое ў будучыні з'явіцца з пэўнай яйкаклеткі, будзе развівацца ва ўлонні зусім іншай жанчыны цягам 9 месяцаў і атрымае ў спадчыну гены яе партнёра. Яйцаклетка — як палатно, на якім будзе створаная карціна новага чалавека.

Сёння мы з мужам хочам завесці другое дзіця, таму пра паўторнае донарства я пакуль не думаю. Але калі ўсё складзецца добра, я б вырашылася на гэты крок зноў. Я буду рада дапамагчы сем’ям, якія маюць у гэтым патрэбу. Для мяне донарства — адзін з самых смелых учынкаў у маім жыцці, якім я ганаруся.

Чытайце таксама:

Споведзь Каці Пытлевай пра ЭКА і месяц жыцця з мёртвым дзіцём у жываце

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні