Праект газеты
Гісторыі Нетыповая настаўніца: Дазваляю карыстацца маркерамі. Не чапляюся за водступы між заданнямі. Дзеці ў шоку35
12.10.2018 / 12:43

Марына Хоміч працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, а таксама сусветнай мастацкай культуры ў адной з мінскіх школ. Паралельна з настаўніцтвам 28-гадовая ўраджэнка Целяхан — гэта мястэчка між Івацэвічамі і Пінскам, сярод глухіх лясоў і балот, вядомае сваімі лыжамі — займаецца палітыкай. Яна старшыня Маладых хрысціянскіх дэмакратаў, падтрымлівае Вольгу Кавалькову. І яна не тыповая настаўніца.

«НН»: Нядаўна намесніца начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай працы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая выказалася супраць таго, каб вучні фарбавалі валасы, і ўвогуле раскрытыкавала яркі знешні выгляд…

МХ: Дзеці, якія фарбуюць валасы ў сіні колер, ад гэтага не робяцца нейкімі не такімі. Проста чалавек мае ўласнае меркаванне пра гэты свет і хоча гэта прадэманстраваць.

Я наогул супраць бязглуздых рамак, а ў беларускай сістэме адукацыі ўсё грунтуецца менавіта на іх. Дзецям нельга нічога.

Чытаюць творы на беларускай літаратуры — разбіраюць іх строга па крытыцы, якую хтосьці калісьці напісаў яшчэ сто гадоў таму. Я кажу вучням: «Забудзьце пра крытыку, мне патрэбна ваша меркаванне!».

Дзеці прызвычаіліся, што ў школьных установах усё падаецца такім чынам, каб яны, як губкі, усмоктвалі ў сябе інфармацыю, а што далей з ёй рабіць — невядома. Яны маўчаць, яны забітыя.

Напачатку мне было складана зрабіць так, каб вучні не баяліся разважаць. Яны банальна не ўмеюць аналізаваць, прадумаць атрыманую інфармацыю. І гэта вынік усіх рамак:

адступіць два радкі паміж заданнямі, інакш — памылка! Ну, што за дурасць?

У мінулым годзе адзінаццацікласніца ў мяне хадзіла з блакітна-зялёнымі валасамі, на пальцах насіла персцёнкі з чарапамі — была готам. І што? Вучылася яна выдатна, спявала. 

«НН»: Вы робіце дзецям заўвагі за няправільна аформленыя сшыткі ці заданні?

МХ: Ні ў якім разе.

Наадварот: дазваляю ім карыстацца маркерамі, каляровымі ручкамі. Дзеці ў шоку.

Пытаюцца ў мяне: «Марына Уладзіміраўна, а што, так можна?». Я адказваю, што не ведаю. Але калі ім так хочацца, калі ім так цікавей весці канспекты па літаратуры — калі ласка. Вучні ў захапленні, і, уявіце сабе, гэта не 2—3-я класы, гэта восьмы — дастаткова дарослыя падлеткі. Але нават такія дробязі выклікаюць у іх эйфарыю.

Вялікая бяда — малая колькасць гадзін на беларускую мову і літаратуру.

Калі ў 8-м класе беларускую мову вывучаюць дзве гадзіны на тыдзень, літаратура першыя паўгода ў раскладзе 2 разы на тыдзень, другое паўгоддзе — 1, то ў 10—11-х класах беларускай мовы застаецца ўсяго гадзіна на тыдзень. І гэта проста немагчыма, бо гэта не навучанне, а павярхоўнае азнаямленне. Дзеці за тыдзень забываюцца нават тое, што мы абмяркоўвалі на мінулым занятку.

На ўроках, перапынках, на вуліцы размаўляем па-беларуску. Дзеці прызвычаіліся, пачалі гаварыць: раней жа яны на ўсіх занятках па беларускай мове і літаратуры адказвалі выключна па-руску.

Канечне, моўны бар’ер нікуды за год не знік, усё даецца складана. Калі яны не могуць падабраць беларускае слова, каверкаюць рускія, я тлумачу, што гэта нармальна. Мы ў школе, каб вучыцца размаўляць па-беларуску.

«НН»: Курс СМК, які вы таксама выкладаеце, знік са школьнай праграмы ў 2008 годзе. У 2015-м прадмет вярнуўся ў расклад крыху ў змененым выглядзе пад назвай «Айчынная і сусветная мастацкая культура». Адно з адрозненняў — тое, што за новы прадмет не выстаўляюцца адзнакі. Я згадваю свой клас, і мы нават пры наяўнасці адзнак не асабліва надавалі ўвагу гэтаму прадмету. Як да яго цяпер ставяцца дзеці?

МХ: Дзеці адразу пытаюцца: «А вы нам за гэта будзеце ставіць адзнакі?». І, раз кантролю няма, матывацыі ў іх адразу менш. Гэта таксама праява «саветчыны»: трэба рабіць «для кагосьці», атрымаць адзнаку «для мамы». Каб зацікавіць дзяцей, патрэбныя дадатковыя намаганні. У нас на занятках дэвіз: «Я мастак і я так бачу!». І я заўжды даводжу, што ў мастацтве няма правільных і няправільных адказаў. Я супраць тэарэтычных лекцый і актыўна выкарыстоўваю інтэрактыўныя формы: напрыклад, мы вывучаем мастацтва першабытнасці і адразу ж з пяцікласнікамі пішам сваё пасланне нашчадкам.

«НН»: Ці адчуваеце вы ўжо нешта накшталт «разрыву пакаленняў» паміж сабой і вучнямі?

МХ: Ды не: мы спакойна можам абмяркаваць гурт «Мумій троль» ці манікюр. Я супраць панібрацтва, але і не за жорсткую субардынацыю.

Адзінае, што мяне засмучае — гэта абыякавасць некаторых дзяцей. Камунікуючы з маім мінулым 11-м класам, я не разумела, як можна быць такімі абыякавымі: ім усё роўна, якія ў іх будуць адзнакі, па барабане, куды паступаць. Я ўжо маўчу пра нацыянальныя каштоўнасці і будучыню краіны: яны жывуць у сваім свеце, глядзяць, каб толькі ім паспець недзе праскочыць, уладкавацца на добрую працу.

Гэта мяне прыводзіла ў роспач. Думалася: прыйдзецца бараніць краіну, дык не будзе каму. Але, відаць, тады сабраліся такія дзеці проста. Сённяшнія класы ў мяне куды больш чулыя, бачна, што ў іх ёсць свае каштоўнасці.

«НН»: У вышыванках ніхто ў школу не ходзіць, што сёння модна?

МХ: Я хаджу (пасміхаецца). А дзяцей не заўважала ні ў вышыванках, ні з налепкамі Пагоні, напрыклад. Але святочны канцэрт у гонар стагоддзя БНР некаторыя вучні наведвалі, потым казалі мне, што былі, але мяне там не сустрэлі.

Само сабой, я не навязваю свае палітычныя погляды дзецям. Мне важна, каб у іх фарміраваліся асабістыя меркаванні на тыя ці іншыя з’явы. Школа — гэта ж не прапагандысцкая трыбуна. Але калі мы праходзім нейкіх асоб з апазіцыі, то я магу падрабязна спыніцца на фактах з іх біяграфіі. Так, увесь 11 клас у нас было вывучэнне сучаснікаў літаратуры: Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, якія былі апазіцыйнага складу. Калі мы знаёміліся з іх біяграфіямі, было важна згадаць, калі нехта быў даверанай асобай Зянона Пазняка, напрыклад. Гэта факт біяграфіі. Дзеці дарэчы не разумелі: «А чаму ўсе гэтыя пісьменнікі з апазіцыяй звязаныя?». Я звычайна прапаноўваю ім самім падумаць, чаму лепшыя сыны Беларусі былі ў гэтым лагеры.

«НН»: Вы пабылі класнай кіраўніцай менш за чвэрць, не склалася?

МХ: Класнай кіраўніцай я стала выпадкова, калі яшчэ працавала ў іншай школе: напачатку навучальнага года мяне папрасілі замяніць класную кіраўніцу 8-га класа. Тая сышла, а замену ёй хутка знайсці не паспелі. Я пагадзілася дапамагчы, пакуль кадравае пытанне не вырашыцца.

Амаль чвэрць адпрацавала класнай кіраўніцай, больш і не хочацца. Па-першае, у мяне няма мэты будаваць кар’еру ў настаўніцкай сферы. Мне проста падабаецца працэс выкладання. Па-другое, перад тым, як пайсці працаваць у школу, я ўсведамляла, што не хацела б быць настаўніцай, якую выкарыстоўваюць у якасці адміністрацыйнага рэсурсу. Наведваць парады, хакеі, салюты я не буду прынцыпова, а калі не, то я першапачаткова не ўніверсальны салдат. У гэтым годзе ў мяне амаль стаўка — праца тры разы на тыдзень: адвесці заняткі і сысці. А калі б было класнае кіраўніцтва, то, акрамя бясконцай пісаніны, былі б наведванні 3 ліпеня і ўсіх іншых дзяржаўных святаў. Класныя кіраўнікі менш вольныя ў гэтай сістэме.

 «НН»: А чаму вы змянілі месца працы?

МХ: У школах усё залежыць ад адміністрацыі, натуральна. На сваё першае месца працы ў 178-ю школу я прыйшла без практыкі, адразу пасля інстытута. На мяне панавешвалі ледзь не 1,5 стаўкі, класнае кіраўніцтва ў даважку.

Але галоўныя непаразуменні пачаліся праз маю палітычную дзейнасць. Яшчэ падчас уладкавання на працу, мне сказалі: «Марына Уладзіміраўна, гэта іншая сістэма, тут нельга быць нязгоднай».

І я тады ўжо разумела, што так мы не спрацуемся, але паспрабаваць вырашыла. На мяне раўлі, бо не ведалі, што яшчэ рабіць. Казалі, што могуць звольніць па артыкуле. Калі адміністрацыяй размяркоўваліся прэміі, да мяне даходзіла нешта зрэдку. Пратрымалася я там адзін навучальны год, карацей.

У 63-й школе ў мяне такіх праблем няма. Сваё меркаванне ці стаўленне да дзейснай улады я ніколі не хавала: магу публічна паабурацца нейкімі незразумелымі новаўвядзеннямі. Я не маю ўяўлення, што думаюць калегі пра маю дзейнасць у МХД, мы гэта ніколі не абмяркоўвалі. Думаю, што з мінулай школай так склалася і таму, што я актыўна выказвалася супраць правядзення ў Беларусі Чэмпіянату свету па хакеі праз наяўнасць у нас палітвязняў. Мяне расшуквала міліцыя — склалі не адзін адміністрацыйны пратакол за розныя акцыі. Ну, і самі па сабе рэпрэсіі супраць актывістаў у 2013-2014 гг., на мой погляд, былі больш сур’ёзныя.

«НН»: Ёсць яшчэ нейкія рэчы, якія раздражняюць вас у сённяшняй школьнай адукацыі?

МХ: Праграма, якая пастаянна змяняецца. Часам здаецца, што тыя, хто гэта робіць, займаюцца гэтым выключна для імітацыі дзейнасці і рэформаў.

Часам з праграмы выкідаюць неймаверных аўтараў і іх творы: так сталася, напрыклад, з «Запіскамі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя — найвыбітнейшы твор. 

«НН»: Колькі вы зарабляеце ў школе?

МХ: Страшна сказаць. Мяне маці пастаянна точыць: ты столькі не зарабляеш, колькі там сядзіш на уроках і рыхтуешся да іх. Зразумела, у мяне няма катэгорыі, але амаль за стаўку (без адной гадзіны) я атрымала за мінулы месяц 403 рублі. За здымную кватэру без камуналкі штомесяц аддаю 160 даляраў. Калі б не пераклады, рэпетытарства, не ведаю, як выжывала б. 

«НН»: Пераходзячы да палітыкі… Вы згадвалі, што цікаўнасць да палітыкі пачалася ў вас пасля Плошчы-2010…

МХ: Я заўсёды ў нейкім сэнсе была супраць сістэмы, сама выбірала, што апрануць у дзіцячы садок. Довады маці ў такіх сітуацыях не працавалі: я ўсё вырашала сама. У школе была лідаркай і ўвесь час навучання марыла стаць настаўніцай: усе дзіцячыя гульні былі пабудаваныя вакол гэтай тэмы. У мне бунтарства сумяшчалася з сур’ёзнасцю. Я ведала, чаго я хачу.

Мары Марыны пра будучую прафесію спраўдзіліся.

«НН»: Летам вы выклалі ў фэйсбуку фотаздымак з камуністам Сяргеем Калякіным з партыі «Справядлівы свет», чым нечакана выклікалі буру абурэння. Дык што ж у вас з ім? Давайце закрыем пытанне.

МХ: У той дзень мы святкавалі дзень народзінаў брытанскай каралевы. З Сяргеем мы знаёмыя даўно, у нас таварыскія адносіны. Ён прапанаваў сфатаграфавацца, я пагадзілася. Я абсалютна шчыра кажу: камунізм — гэта зло, яму ў твар таксама магу гэта сказаць. Але што з таго? Ён перш за ўсё — чалавек.

«НН»: Сённяшні міністр адукацыі — таксама зло?

МХ: Абсалютна. Ва ўладзе я б такіх людзей не хацела бачыць ні ў якім разе. Але трэба падзяляць палітычныя погляды і агульначалавечыя рысы. У маіх сяброў з фэйсбуку гэта не атрымалася. Пасля таго, як выклала той фотаздымак, зранку ўбачыла ў каментах дзікі трэш, пра гэта нават у «Народнаяй волі» артыкул напісалі.

Людзі на пустым месцы абвінавацілі мяне ў цесных адносінах з камуністам, паставілі крыж на маёй палітычнай кар’еры. Пасля гэтага выпадку я ўпэўнілася ў тым, што беларусы — вельмі злыя.

Я гэта адзначаю пры ўсёй маёй любові да нашых людзей і патрыятызме. Не ведаю, чаму так. Відаць, па прычыне агульнай унутранай незадаволенасці, праз пастаянны недахоп грошай.

Абмеркаваць нешта добрае, тым больш пасеяць — нам складана, а вось абмяркоўваць «бруд», як здарылася з Вольгай Кавальковай, якая вылучыла сваю кандыдатуру для патэнцыйнага ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі-2020 на Нацрадзе, заўсёды гатовыя.

«НН»: Раз вы закранулі тэму абрання кандыдата ад БХД на праймерыз у межах правацэнтрысцкай кааліцыі, як сябра Нацыянальнай рады вы за каго тут?

МХ: Я б хацела бачыць Кавалькову кандыдаткай ад сваёй партыі. Патлумачу, чаму. Па-першае. Я лічу, што старая апазіцыя, усе гэтыя дзядзі з 90-х, сябе аджылі. Я гэта магу спакойна казаць у твар Севярынцу, Рымашэўскаму або Лябедзьку.

У беларускай апазіцыі сёння заняпад. Не тое што мясцовыя выбары нікому нецікавыя, але і прэзідэнцкія. Адны і тыя ж твары надакучылі нават мне. Хаця б для разнастайнасці я за альтэрнатыву і прыгажосць.

Мяне Павел Севярынец часам можа абвінавачваць у лібералізме, нават у фемінізме. Ну, а што рабіць, калі сапраўды ў нас патрыярхальнае грамадства, і асабіста мне ўсё гэта ўжо надакучыла.

«НН»: Але за Севярынца ўсё роўна большасць…

МХ: Пакуль гэта не канчатковы вынік. Нацыянальная рада прыняла рашэнне вылучыць кандыдата на праймерыз правацэнтрысцкай кааліцыі ад партыі. Сваю кандыдатуру прапанавалі два чалавекі, большасць падтрымалі Севярынца.

Нацыянальная рада рыхтавалася ў нейкай спешцы, літаральна за тыдзень. Натуральна, што многія не здолелі на яе трапіць, а іншыя ўдзельнікі толькі прыйшоўшы на сход даведаліся, што будзе абмяркоўвацца пытанне пра кандыдата. 

Усё можна выправіць, яшчэ будуць аб’езды па рэгіёнах, каб уключыць у гэты працэс як мага большую колькасць людзей з партыі. Вольга і Павел разам будуць праводзіць сустрэчы з аднапартыйцамі і потым, на яшчэ адной Радзе, ужо канчаткова будзе зацверджаная наша кандыдатура.

«НН»: Чым вы канкрэтна цяпер займаецеся ў межах партыі?

МХ: Як узяліся за тэму адукацыі, так і працягваем: пачалі з Балонскага працэсу, цяпер супрацоўнічаем па тэме з дэпутаткамі Аленай Анісім і Ганнай Канапацкай. Запланаваны круглы стол: мусім прэзентаваць свае змены ў Кодэкс па адукацыі.

«НН»: Неяк у інтэрв’ю вы казалі, што на малой радзіме ў Целяханах адзін чалавек вас абазваў «бандэраўкай». Ці змянілася нешта ва ўспрыманні вас людзьмі?

Марына Хоміч: Цяпер ужо эмоцыі вакол Украіны сціхлі, «бандэраўцаў» абмяркоўваюць менш, а да маёй актыўнасці ўсе таксама звыклі. Ды я і рэдка наведваю сваё мястэчка.

Апошнім разам была там у чэрвені. Людзі падыходзяць і пытаюцца: «Ну, калі там, Марына, усё лясне? Калі вы ўжо прыбераце Лукашэнку?».

«НН»: Адзін з пунктаў праграмы Маладых хрысціянскіх дэмакратаў — традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся на днях у падтрымку «славянскіх традыцый і каштоўнасцяў». Наколькі яго пазіцыя блізкая лініі вашай партыі?

МХ: Мы, хрысціянскія дэмакраты, за традыцыйную сям’ю, дзе маці — маці, а тата — гэта тата. І за сям’ю як аснову грамадства.

Што тычыцца біцця, я заўсёды была супраць гэтага як педагог. Мяне бацькі не білі ніколі. З дзіцём трэба ўмець дамовіцца.

Да гвалту ў сям’і, на мой погляд, трэба падыходзіць вельмі індывідуальна. Канечне, павінен быць кантроль з пункту заканадаўства за сем’ямі, дзе ёсць рызыка для жыцця кагосьці з яе членаў. Але асабіста я не давяраю гэтай дзяржаве абсалютна ні ў чым. І я не разумею, якія павінны быць заканадаўчыя механізмы кантролю, каб яны працавалі. У нас усё роўна адстае выканаўчая частка. 

Я скажу яшчэ, што нават у апазіцыі мы не ведаем, што такое дэмакратыя, маем пра гэта толькі нейкія агульныя ўяўленні. А як жыць з дэмакратыяй, як з ёй працаваць — не ведаем. Складваецца ўражанне, што рабства мы ўсмоктваем у сябе з малаком маці. Усе апазіцыйныя партыі ў нас досыць дыктатарскія: меркаванне, якое адрозніваецца ад таго, што думаюць лідары, адразу ўспрымаецца ў штыкі. Так і адбылося з Кавальковай, якая выказала меркаванне, альтэрнатыўнае Севярынцу. Што ў гэтым страшнага? Нічога. Гэта проста іншае меркаванне, якіх павінна быць шмат. Людзі ж адразу ўспрымаюць гэта як нейкі раскол партыі — і гэта страшна. Калі вы так сапраўды лічыце, то на ўзроўні мазгавых працэсаў вы за дыктатуру.

У нашым грамадстве павінна адбыцца ўнутранае перараджэнне, разуменне, што дэмакратыя — гэта шмат меркаванняў. І што гэта класна, калі шмат кандыдатур.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Пчёлка Майя / Адказаць 12.10.2018 / 12:53

Рэд. Выдалена.

52
кергуду / Адказаць 12.10.2018 / 12:57

Рэд. Выдалена.

33
siarjuk / Адказаць 12.10.2018 / 13:10

Малайчына ,Марына, так трымаць.

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні