Праект партала
Гісторыі Наезніца Алена Белавус: «На 20-м разе перастала лічыць, колькі падала з каня»12
07.10.2018 / 21:03

У ляваду (загон для коней) у красоўках і простай куртачцы увайшла жанчына. «Дзеўкі!» — крыкнула яна, і ўсе кабылы, што былі ў лявадзе, павярнулі галовы да яе, інструктаркі па верхавой яздзе конезавода ў Палачанах, што пад Маладзечнам, Алены Белавус.

У жыцці Алены, колькі яна сябе памятае, заўсёды былі коні. Першыя самыя моцныя дзіцячыя ўражанні былі звязаныя таксама з гэтымі жывёламі.

Бабуля расказвала, што неяк катала маленькую Алену ў вазку паблізу месца, дзе гулялі коні. Дзяўчынку гэта настолькі захапіла, што тая ж аж адкрыла рот ад здзіўлення. Пасля Алена даведалася, што яе прадзед быў наезнікам, удзельнічаў у скачках на рысаках.

«Я ніколі ў жыцці ні пра што не марыла так, як пра коней! Як я хацела ездзіць вярхом, як марыла пра тое, што ў мяне будзе свой конь, як я буду даглядаць за ім. У 12 гадоў мае бацькі ўпершыню прывезлі мяне ў Палачаны. Я села на каня і зразумела, што гэта на ўсё жыццё».

Больш за 20 гадоў Алена Белавус прыходзіць сюды штодня. Бывае, што за дзень няма калі і чаю папіць. Клопату ж хапае. І пачысціць, і вывесці пагуляць, і накарміць. Трэніроўкі, падрыхтоўкі да спаборніцтваў і розных мерапрыемстваў, якія сталі ладзіцца апошнім часам усё часцей».

На фота Алена са сваім уласным канём Антарэсам пасля прагулкі. «Мець уласнага каня — гэта мара любога конніка. Такое задавальненне прыязджаць у канюшню да свайго каня, бачыць, як ён расце, які таленавіты ў мяне хлопчык». 

«Часта здараецца, што завару чай, а потым успамінаю, што абмінула ўвагай кагосьці, трэба бегчы. Так той чай і стаіць да наступнай раніцы на стале некрануты». 

Каняферма у вёсцы Палачаны Маладзечанскага раёна існуе без малога 30 гадоў. Ферма спецыялізуецца на развядзенні коней верхавых парод: гановерская, галшцінская, тракенінская, брандэнбургская, альдэнбургская.

За час свайго існавання, расказвае Алена, у каняфермы былі розныя часы.

Здараліся гады, калі коней нават не было чым карміць, калі ў канюшнях правальваўся дах, а ўзімку наледзь на вокнах была велічынёй у тры пальцы.

«Канечне, Палачанам шанцавала ў тым, што з канямі тут працавалі неабыякавыя людзі, той жа Уладзімір Пятроў, які загадваў фермай амаль усе гэтыя 30 гадоў. Святлана Кайко, якая працуе тут эканамістам. І дзякуючы каторай, палачанскіх коней ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Канюшня ж жыве тады. Калі на ёй ёсць людзі. Без людзей гэта проста памяшканне для ўтрымання жывёл».

На дваццаты раз перастала лічыць, колькі падала з каня

Алена займалася і верхавой яздой, і конным спортам, удзельнічала ў спаборніцтвах. Але з вялікім спортам неяк не склалася.

«Не тое, каб я надта імкнулася ў вялікі спорт. Мне заўсёды было больш цікава даглядаць коней, гуляць з імі, не мучыць трэніроўкамі. А потым выйшла замуж, нарадзіла першую дачку. А калі ў цябе з'яўляюцца дзеці, ты разумееш, наколькі гэты спорт небяспечны. Хаця на трэцім месяцы цяжарнасці я яшчэ скакала вярхом».

Адна з татуіровак Алены - конь. «Гэта стыль жыцця. Як жа іначай?».

Алена лічыць, што зразумець, ці будзеш ты займацца конным спортам даволі проста. Дастаткова адзін раз упасці з каня.

«У некаторых людзей адразу ж прачынаецца злосць. Даказаць сабе і наравістаму каню, што ты таксама чагосьці варты. А некаторыя пужаюцца і больш да каня не падыходзяць і блізка. Я на 20 разе перастала лічыць, колькі падала з каня».

Алена называе кабыл, з якімі працуе, дзяўчатамі, а вялізнага каня Балівара — хамячком.

Цяпер у стойлах каняфермы знаходзяцца каля васьмі дзясяткаў коней. І ўсіх іх Алена можа пазнаць.

«Я пазнаю нашых, палачанскіх, і на спаборніцтвах розных, на выставах. Яны, сапраўды, іншыя. Хада, рост, адным словам — парода, бачная здалёк».

Коні з Палачанаў ёсць у зборнай Украіны па конным спорце, на іх скачуць вершнікі з Расіі. Не так даўно палачанскіх коней купілі ва ўзбекскую конную паліцыю.

«Я калі прыходжу сюды, — працягвае Алена, — не магу налюбавацца на іх. Проста стаю і назіраю, як яны ходзяць у той жа лявадзе. У іх жа свой свет. Мае «дзяўчаты» сварацца, мірацца, у іх свае «цёркі». А я стаю і захапляюся тым, як жа прырода магла прыдумаць такі цуд — каня. Я не ведаю больш прыгожую жывёлу. Ды і не жывёла гэта зусім. Гэта людзі».

У коней, вядома, у кожнага свой характар. Нехта сціплы і ціхі, нехта шумны і нахабны.

«Але калі нехта з іх хварэе, тут адкідваеш усе свае справы на другі, а то і на трэці план, а важдаешся з ім, купляеш лекі, корміш і суцяшаеш. Не дай бог здараецца, што каню ўжо нельга дапамагчы. Я тыднямі не магу прыйсці ў сябе. Плачу, перажываю, не сплю. Гэта такі боль, калі ты глядзіш каню ў вочы, а ён усё разумее. Не магу. Гэта трагедыя».

А вось калі коней купляюць і яны з’язджаюць, Алена не шкадуе.

«Коней жа купляюць людзі, якія ведаюць, для чаго ім конь, якія ведаюць, як пра яго клапаціцца, якія будуць любіць яго. Я вельмі радуюся, калі наш гадаванец з’язджае ў якую-небудзь прыватную канюшню».

Здараецца, што, наадварот, на каняферму прывозяць каня.

«Так здарылася з нашым «хамячком» Баліварам. Яго тут любяць усе. Немагчыма яго не любіць! Ён такі ласкавы, такі паслухмяны конь».

Конь Балівар — усеагульны «любімчык».

Яго Палачанам падарылі людзі з Расіі. Там Балівар быў спартыўным канём, удзельнічаў у скачках, спаборніцтвах, браў высокія бар’еры. Але здарылася няшчасце, Балівар зламаў нагу.

«Яму цяпер нельга скакаць. Нехта параіў аддаць яго нам. Балівар жа жарабец. А ў нас хутка сезон пакрыцця. Паўканюшні дзевак для аднаго яго. Калі я яму пра гэта кажу, мне здаецца, што ён аж усміхаецца ад чакання. Наш «хамячок» тут кайфуе. Яму не трэба больш скараць высокія бар’еры, ён гуляе і есць. Абсалютна шчаслівы конь».

Раздражняе, калі прыязджаюць катацца на конях у абутку з абцасам

Акрамя штодзённых клопатаў, Алена Белавус працуе ў пракаце. Аднойчы да Алены адна мама прывезла дачку з інваліднасцю, каб тая проста паспрабавала сядзець у сядле.

Гэта маленькая дзяўчынка стала не толькі лепшай вучаніцай і памочніцай Алены, але і першай ластаўкай у паралімпійскім конным спорце Беларусі.

Воля Грыбовіч 

Учора Воля Грыбовіч выступала на міжнародным конным фестывалі ў Расіі, у якім удзельнічалі 300 вершнікаў з усяго свету.

«Калі гаварыць, пра рэчы, без якіх я не ўяўляю сваё жыццё, — расказвае Алена, — то гэта мабільны тэлефон. — Не таму, што я балаболка, а таму што толькі праз інтэрнэт мы можам расказаць пра сябе. Таму я стараюся актыўна весці нашы суполкі ў сацыяльных сетках. Мы расказваем пра нашых коней на розных форумах, вядзем перапіску з пакупнікамі, арганізоўваем спаборніцтвы, фестывалі, дабрачынныя святы».

Некалькі год запар у Палачанах намаганнямі Алены і яе сяброў ладзіцца фестываль «Капыты і колы».

«Байкеры выступаюць разам з канямі. Такога раней не было! Гэта мне ў жыцці так пашчасціла, што ў мяне ёсць сапраўдныя сябры, каторыя гатовыя несціся куды хочаш. Перад фестывалем мы займаемся з канямі, вучым іх не баяцца матацыклаў».

Яшчэ адна неабходная рэч для Алены — гэта машына.

«Я пешшу амаль не хаджу. Або на машыне, або на кані, — жартуе Алена. — У мяне аднолькавы бардак, што ў сумцы, што ў машыне. Бардак у сэнсе таго, чаго там толькі няма. У машыне, напрыклад, важу з сабой экіпіроўку для верхавой язды і абавязкова зручны абутак».

Алена расказвае, што ў жыцці яе мала што злуе так, як тое, калі катацца на конях у пракат прыязджаюць дзяўчыны ў абутку на абцасах.

«А яшчэ ж і абураюцца, калі я раблю заўвагу. Кажуць: «Ой, мы 1000 разоў каталіся і ўсё нармальна, а вы тут забараняеце. Забараняю. Каня трэба паважаць. І ў рэшце рэшт гэта небяспечна!»

Дочкі малююць коней, а да сапраўдных раўнадушныя

У Алены двое дачок, Сафія і Ульяна. Сафіі 12 гадоў, Ульяне — 10.

Дзяўчынкі вучацца ў мастацкім класе, абедзве малююць, а вось запалу мамы да коней не раздзяляюць.

«Ну яны абедзве з дзяцінства ў сядле, але не магу сказаць, што Соня і Ульяна фанацеюць ад коней. Ну прыедуць са мной на канюшню, ну пакатаюцца. Але я радуюся, што яны творчыя дзяўчынкі. Іх дзіцячыя малюнкі я да гэтага берагу і захоўваю. Коней там не шмат, затое маіх партрэтаў — хоць галерэю адкрывай».

Наталля Тур, фота з архіва гераіні

Каментары
усябруэл / Адказаць 07.10.2018 / 21:22

найвыдатна!!!

2
яўхім / Адказаць 07.10.2018 / 21:50

Апошняе фота прыгожае, атмасфернае. АнтарЭс ці АнтАрэс ?

1
Centurion / Адказаць 07.10.2018 / 22:05

Трызьня. Нічога небясьпечнага ў катаньні на абцасах няма.

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні