Праект партала
Стасункі «Вераніка-і-Юра», «Святлана-і-Сяргей». Навошта пары заводзяць сумесныя акаўнты ў сацсетках?27
02.10.2018 / 18:10

Сацыяльныя сеткі даўно сталі нашым своеасаблівым дасье, якое мы (на шчасце?) можам скласці пра сябе самі: нейкія факты прыхарашыць, нейкія — схаваць, адны фотаздымкі пакінуць у архівах, а іншымі, з адпачынку, спаміць яшчэ некалькі тыдняў пасля вяртання на радзіму, фарміруючы паспяховы вобраз.

Сацсеткі (калі гэта не сямейныя форумы) заўсёды былі асабістай тэрыторыяй карыстальнікаў, з выключна іх мастацкімі сродкамі і правіламі. Аднак у пэўны момант у Аднакласніках, ва Укантакце і нават у інстаграме пачалі з’яўляцца парныя акаўнты: часцей за ўсё, такім чынам закаханыя парачкі дадаткова заяўляюць усім пра свае адносіны.

Для некаторых іх знаёмых пераход асобы ў статус «мы» замест «я» выглядае як вар’яцтва і каханне галаўнога мозгу, для кагосьці нават з'яўляецца сведчаннем таго, што нехта з дваіх у сям’і «падабцаснік».

Мы ж звярнуліся да першакрыніц і распыталі некалькі беларускіх пар, навошта яны завялі сумесныя акаўнты.

Святлана і Сяргей Баравіковы, Горкі

— Разам мы ўжо 9 год, з іх у шлюбе — 6. Сумесны акаўнт завялі адразу пасля вяселля ў 2013 годзе. Ідэю падала я, муж быў не супраць. Яму, здаецца, нават гэта прыйшлося да душы.

Для нас сумесны акаўнт — гэта, па-першае, сімвал нашага кахання і даверу. У наш час вельмі шмат дзяўчат не могуць навучыцца давяраць свайму хлопцу, мужу, перажываюць кожны раз, калі ён піша нешта ў сацыяльных сетках, а пасля ўпотай бяруць яго тэлефон, каб хуценька ўсе праверыць. Гэта няправільна.

Давер — гэта галоўнае ў любых адносінах.

Старонка прывязаная да пошты Святланы, нейкіх асаблівых правіл, як ёй карыстацца, у нас няма: пароль ведаем абое.

Можам сядзець у інтэрнэце разам (так нават куды больш цікава): чытаем, што новенькага ў сяброў, праглядаем фотаздымкі, відэа, паведамленні ад знаёмых…

Апошнія прыходзяць нам абаім, бо ў нас шмат агульных знаёмых. На некаторыя з іх я магу адказаць за мужа, а ён пачытае іх пасля, на іншыя — ён адкажа за мяне.

Вядзём акаўнт мы таксама разам, праўда, фотаздымкі і іх абнаўленні — зона адказнасці жонкі. Калі нарадзіліся дзеткі, то на старонку дадаліся фотаздымкі з імі.

На наш погляд, свабода ў адносінах, канечне, павінна быць, трэба і адпачыць ад партнёра часам. Таму мой муж спакойна выбіраецца з сябрамі на рыбу, а я магу правесці час з сяброўкамі. Але што тычыцца новых знаёмстваў, для якіх і створаныя сацсеткі… Не бачу ў іх сэнсу. Калі ты сустрэў другую палавінку, у вас шчаслівая сям’я, навошта вам нехта яшчэ?

Пятро і Юлія Карпіцкія, Орша

Пётр: «Весці сумесную старонку прапанаваў я. Гэта адбылося, калі мы адчулі: вось той момант, калі можна ўсё дзяліць на дваіх. Яна ўспрыняла прапанову нармальна. З тых часоў у нас адзін на дваіх пароль, карыстаемся старонкай, хто калі можа, кожны адказвае на паведамленні, якія адрасаваныя менавіта яму.

У нас яшчэ ёсць агульная старонка ў Аднакласніках, як і ў многіх там, але, акрамя гэтага, паралельна існуюць індывідуальныя старонкі ва Укантакце. Але і ад іх мы ведаем паролі: я — яе, яна — мой.

Для нас усё гэта як акт даверу: навошта адносіны, калі ў вас ёсць нейкія схаваныя факты?

Калі ў нас з’явяцца дзеці, думаю, мы выдалім асобныя старонкі і пакінем толькі агульную, дзе будзем посціць усё па тэме сям’і».

Ігар і Святлана Пятровы, Смалявічы

— Мы завялі сумесны акаўнт, калі з’ехалі ад бацькоў і пачалі жыць разам:

да гэтага на глебе рэўнасці нам абаім прыйшлося выдаліць свае старонкі, бо мы сварыліся праз тое, што нехта лайкнуў кагосьці не таго, напісаў каментар пад чужой аватаркай і гэтак далей. Калі старонка адна, прасцей.

У нас абаіх ёсць ад яе пароль, мы можам карыстацца старонкай адначасова. Я заходжу, каб пачытаць мясцовыя навіны, паглядзець смешныя мемы, муж таксама гартае стужку, можа шукаць інфу пра машыны ў тэматычных суполках. Калі камусьці з нас прыходзіць паведамленне, мы не адкрываем, калі яно адрасаванае іншаму. З асабістага ў нас толькі вайбер.

Мы абое вельмі раўнівыя, і хоць разумеем, што так нельга, нічога зрабіць не можам. Пра новыя знаёмствы не можа быць і гаворкі, таму мы і вядзём агульную старонку.

Вераніка і Юрый Казловы, вёска Карма Добрушскага раёна

— Мы разам ужо восем год, прыблізна год пяць таму я прапанавала мужу весці супольную старонку ва Укантакце. Нам няма чаго хаваць адзін ад аднаго, праўда, рэўнасць усё роўна нікуды не дзелася.

Старонка прывязаная да маёй пошты, муж ведае ўсе паролі. Па-мойму, вельмі зручна, калі ўся інфармацыя пра сям’ю у адным месцы: супольныя фотаздымкі, інфармацыя пра развіццё, стыль дзяцей і гэтак далей.

Аляксандр і Святлана Мартышкіны, Маладзечна

— Агульная старонка ў Аднакласніках з’явілася ў наш першы сумесны год жыцця — гэта ж профіль нашай сям’і, усё лагічна. Плюс мы разам разбіраліся ў тым, як там усё працуе.

Мы супольна вырашаем, што пісаць на «сцяне», чым дзяліцца з сябрамі, якія фотаздымкі выстаўляць… Больш на старонцы знаходжуся я, адказы на паведамленні — таксама за мной, але некаторыя паведамленні надыктоўвае муж. Профіль наш мяняецца з кожным днём, бо дзеткі (у нас дзве прыгажуні) мяняюцца, і фотаздымкаў з імі проста не злічыць!

Для нас сацсеткі ў цэлым не вельмі важная частка жыцця: прыемна, канечне, дзяліцца эмоцыямі са сваімі сябрамі і радавацца чужым поспехам, але каб Аднакласнікаў не стала, мы б з мужам не расстроіліся б дакладна.

Меркаванне спецыяліста:

Пракаментаваць гэтую з'яву мы папрасілі псіхолага Цэнтра паспяховых адносін Яніну Каноўка:

Яніна Каноўка.

— Калі вядзецца гаворка пра адносіны, псіхалогія прытрымліваецца наступнай пазіцыі: усё, што абое (!) партнёраў лічаць для сябе нармальным і адэкватным, такім для іх і з’яўляецца. Калі і першага, і другога задавальняе наяўнасць выключна сумесных старонак у сацсетках, ім так камфортна і бяспечна, то ўсё нармальна. У некаторых пар могуць быць агульныя сябры, кампаніі — тады чаму б і не адказваць ім разам. Праўда, па маіх назіраннях, часцей за ўсё захапленне сумеснымі акаўнтамі характэрна маладым парам, у якіх адносіны толькі пачаліся: гэта своеасаблівая рамантызацыя пачуццяў, імкненне да поўнага яднання.

Калі ж адзін раўнаваў, а іншы пайшоў на ўступкі, здаўся і так з’явіўся сумесны акаўнт — гэта няправільна. Ісці на саступкі можна бясконца, а ў выніку зразумець, што ваша асабістая прастора максімальна звузілася, вы дазволілі іншаму чалавеку кантраляваць жыццё цалкам. У маёй практыцы былі сітуацыі, калі кліентка праз 10-15 год вось такога кантролю пачынала разумець, што яе гэта не задавальняе і старалася выбудаваць уласныя межы наноў — натуральна, мужчыну гэта не падабалася. Чаму столькі год усё было добра, а тут знянацку змянілася? Канфлікты непазбежныя: барацьба з унутраным голасам рана ці позна да гэтага прыводзіць.

Пытанне рэўнасці такім чынам дакладна не вырашыш. Дапусцім, стварылі вы супольныя акаўнты ва ўсіх сацсетках, а што будзеце рабіць з месенджарамі накшталт Тэлеграма ці Вайбера? Стварэнне сумеснага акаўнта — гэта толькі павярхоўнае рашэнне праблемы рэўнасці, якая насамрэч сядзіць глыбока ў чалавечай псіхіцы, і ў асобных выпадках цягнецца каранямі з дзяцінства, у іншых жа, як лічаць некаторыя спецыялісты, увогуле закладзена ў генетычным кодзе. Кантраляванне перапіскі дасць памылковае пачуццё спакою на нейкі час, сапраўдны ўзровень даверу такія дзеянні не ствараюць. Пасля сацсетак хочацца кантраляваць усё новыя сферы жыцця.

Такім чынам, калі абое чалавек у пары шчыра хочуць стварыць агульны акаўнт з пункту гледжання камфорту і ўзаемнага даверу — гэта выдатна. Але калі падобнае адбываецца для кантролю свайго партнёра і немагчымасці ўціхамірыць рэўнасць — значыць, надышоў час для шчырай размовы, а таксама для вырашэння глыбокіх унутраных пытанняў на шляху да псіхалагічнай сталасці.

Гутарыла Мая Лінь, фота з архіваў герояў

Каментары
Мушчына 30 лет / Адказаць 02.10.2018 / 18:36

Мозг тоже один на двоих.

1
Антыдаўба** / Адказаць 02.10.2018 / 18:41

чаму-чаму. таму што мужык убогі падабцаснік а жанчына просіць , па тыпу мы адно цэлае бла-бла-бла, а свой акаўнт завесці не можа

4
Джон Жарптушкін / Адказаць 02.10.2018 / 18:58

Алень думае, што такім чынам ён кантралюе бабу, але на справе становіцца бабарабом, бо баба кантралюе яго.

5
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні