Праект партала
Густ Дырэктарка «Тэатральнага куфра» Кацярына Саладуха пра тэндэнцыі ў моладзевым тэатры2
23.09.2018 / 12:47

У гэты момант у Мінску праходзіць ужо 15-ты па ліку міжнародны фестываль моладзевых і студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар, БДУ». Менавіта таму ў нашу штотыднёвую рубрыку «Пяць рэчаў» мы вырашылі запрасіць яго дырэктарку Кацярыну Саладуху.

— Я прыйшла ў каманду «Куфра» ў самым пачатку гісторыі фестывалю. У 2004 годзе толькі скончыла БДУ, але працягвала быць звязанай з культурным жыццём універсітэта: працавала на 0,5 стаўкі ва ўпраўленні па справах культуры. На фэсце пачала ў якасці валанцёркі, пасля стала каардынатаркай міжнароднай праграмы, а ў 2006-м — дырэктаркай. «Куфар» даў мне шмат новага досведу, кантактаў і цікавых праектаў. І штогод гэты багаж толькі расце, што вельмі карысна для мяне як культурнай менеджаркі.

Цікава, што апошнім часам на фестываль амаль не прыходзяць заяўкі з камедыямі: на 100 такіх можа быць літаральна 1-2. Быў момант, калі мы мелі ў праграме шмат забаўляльнага кантэнту, калі моладзь хацела весяліцца на сцэне. Але апошнія некалькі год яны шукаюць адказы на пытанні часу. Гэта, на мой погляд, добра: моладзевыя і студэнцкія тэатры заўсёды былі актуальнымі.

Калі ў гэтым годзе мы адкрывалі тэатральную дэкаду, то адразу правялі круглы стол на тэму моладзевых тэатраў. З мінулага года наша праграма складаецца напалову з аматарскіх, напалову з прафесійных груп.

І стаў заўважаны нейкі крызіс у асяроддзі беларускіх студэнцкіх тэатраў. Былі свае групы ў БДУІР, на ФМА, але яны, як і іншыя, зніклі са сцен універсітэтаў па тых ці іншых прычынах: не знайшлі падтрымкі, згубілі інтарэс, узніклі ідэалагічныя пытанні…

На жаль, гэта так. У нашых замежных калег зусім іншая сітуацыя: там амаль у кожным універсітэце ёсць свая тэатральная група. І нават не адна. Гэта лічыцца прэстыжным і для саміх маладзёнаў, і для адміністрацыі.

У Беларусі, Літве, Эстоніі і Расіі, дарэчы, вельмі распаўсюджаная сітуацыя, калі вучацца на адной спецыяльнасці, паралельна граюць у студэнцкім тэатры і пасля вырашаюць паступіць на акцёраў, становяцца знакамітымі артыстамі. Так, у мінулым годзе дзве дзяўчынкі з тэатра «На балконе» БДУ паступілі ў тэатральнае вучылішча імя Шчэпкіна ў Маскве.

У 2015 годзе «Куфар» амаль быў на мяжы спынення існавання, мы нават збіралі грошы на краўдфандынг-пляцоўцы.

Лягчэй не стала, але дзякуй партнёрам, у тым ліку заснавальніку фестывалю БДУ, якія штогод усё ж нас падтрымліваюць. Хай не ўсе фінансава, нехта — рэчамі і пляцоўкамі. Гэта таксама важна. Каб у тым ліку вырашаць праблемы з грашыма, мы зрабілі платны ўваход на фестываль (10 год запар ён быў бясплатным). Пасля сталі браць, каб кантраляваць паток гледачоў, за прагляд спектакляў сімвалічны рубель, сёння уваход каштуе 5. Таксама няшмат, бо ўся наша асноўная аўдыторыя — гэта студэнты.

У гэтым годзе ў нас з’явіўся асобны дзень, прысвечаны сучаснай беларускай п’есе, які мы робім сумесна з Цэнтрам беларускай драматургіі.

Штогод мы стараемся прасоўваць беларускую драматургію ўсімі магчымымі спосабамі, і гэтыя праекты даюць свае вынікі: цікаўнасць да п’ес беларускіх аўтараў павялічваецца.

Акрамя «Куфра», я працую над тэатральным праектам «HomoCosmos», у межах якога мы ставім спектаклі пра чалавека, яго цела і ўзаемасувязь з розумам, без табу. Рыхтуем чарговую прэм’еру: матэрыял будзе замежны, пакуль не скажу які. Але працаваць над ім будзе знакаміты рэжысёр Віталь Дудзін. Папярэдняя дата прэм’еры — 3 снежня на пляцоўцы РТБД.

Увогуле ж, мы б хацелі вырасці ў тэатральны цэнтр, са сваімі майстар-класамі і трэнінгамі.

Топ-5 любімых рэчаў

Тэлефон

У фестывальныя дні ён заўсёды ў руках: за дзень могуць рабіцца і прымацца сотні званкоў. Тэлефон — гэта і галасавы сродак камунікацыі, і пісьмовы.

Камп’ютар

Працягваючы працоўную тэму, не магла не згадаць камп’ютар. Ён амаль заўсёды са мной: калі не працую, то і фільмы гляджу на ім, і кніжкі чытаю.

Самы мой галоўны дапаможнік у камп’ютары — гэта гугл-каляндар, які паралельна ёсць і ў тэлефоне. Апошнія тыдні праца зацягваецца да 3-4-х раніцы, таму без календара, які не дае прапусціць нешта важнае, ніяк.

Кніжка Вірджыніі Вулф

Па адукацыі я філолаг: заканчвала рамана-германскую філалогію ў БДУ. Маёй спецыялізацыяй была менавіта замежная літаратура, якую я вельмі люблю. Я скончыла аспірантуру і не кідаю надзеі (вось ужо 10 год) дапісаць дысертацыю.

Па Вірджыніі Вулф у мяне быў дыплом, я вельмі люблю гэтую аўтарку за стыль напісання і тэмы, якія яна падымае. Увогуле, чытанне — гэта найлепшы адпачынак для мяне, калі на яго ёсць час.

Слухаўкі

Я вельмі люблю хадзіць пешшу — гэта таксама адзін са спосабаў адпачынку, пераход з працоўнага стану ў больш разняволены. Звычайна ў гэты момант заўсёды слухаю музыку.

У плэеры розныя стылі, хіба што рэп не па душы. Шаную Бі-2, з беларускага апошнім часам слухала Шуму, досыць працяглы час — Лявона Вольскага.

Тэатральная праграмка

Вось ужо 15 год яна сімвалізуе для мяне важную частку майго жыцця. «Куфар-2018» працягнецца да 27 верасня, так што я магу параіць некалькі спектакляў з праграмы да прагляду.

24 верасня

У гэты дзень раю наведаць іранскі сюррэалістычны спектакль «Мама Ерма». Ён з элементамі клаўнады. Хачу адзначыць, што іранскі тэатр у прынцыпе вельмі цікавы. Да нас штогод прыязджаюць іранцы, і кожны раз гэта новыя групы, як класічныя, так і эксперыментальныя.

У гэты ж вечар будзе ісці пластычная пастаноўка «Іншыя» ад тэатра «Кішэнь» з Кемерава. Вельмі цікава зробленая.

25 верасня

Абавязкова паглядзіце спектакль «Забойства» тэатра з Ізраіля. П’еса сучаснага драматурга распавядае пра канфлікт паміж ізраільцянамі і арабамі. Яна ідзе на дзвюх мовах: на арабскай і іўрыце. Гэта антываенная пастаноўка вуснамі маладзёнаў, якія даюць зразумець, што братазабойства варта спыніць.

26 верасня

Рэкамендую таксама схадзіць на спектакль «Асвенцым» з Піцера — добрая пастаноўка. І вельмі характэрна, што маладых людзей хвалююць такія сур’ёзныя тэмы.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні