Праект партала
Гісторыі «Сацыяльна небяспечныя». Гісторыі некалькіх сем'яў, якія трапілі пад кантроль дзяржавы па справе і не12
25.09.2018 / 15:56

У 2006 годзе ў Беларусі з’явіўся дэкрэт №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у небяспечных сем'ях», а ў 2011-м Міністэрства адукацыі сваёй пастановай удакладніла, якім чынам будуць выяўляць непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Па дадзеных Міністэрства адукацыі, на пачатак 2017 года ў Беларусі ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіліся больш за 27 тысяч непаўналетніх.

У 2016-м больш за 5 тысяч дзяцей забралі з сем'яў праз тое, што бацькі не выконвалі свае абавязкі па выхаванні. 65% з гэтага ліку ў выніку вярнулі ў сем'і з сацыяльных прытулкаў.

У Праграме выхавання і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сярод прыкметаў, якія даюць права разглядаць сям’ю як небяспечную, ёсць такія: працяглае беспрацоўе аднаго ці абодвух бацькоў, частая змена месцаў працаўладкавання, частыя хваробы ў дзяцей, адсутнасць бацькоўскага клопату і інш.

Пры пэўнай трактоўцы сюды можна запісаць нават маці-адзіночку, якая засталася без працы. Але гэта крайні выпадак. Найчасцей здараюцца сітуацыі, як у сям'і Наталлі Бурко, дзе сітуацыя сапраўды патрабавала кантролю, яна прызнае гэта і сама…

Гісторыя Наталлі Бурко

— Я нарадзілася ў Асіповіцкім раёне, але калі бацька забіў маці і сеў у турму, то пераехала да цёткі ў вёску Суцін, што ў Пухавіцкім. Там мной, па сутнасці, ніхто не займаўся, я выконвала ролю прыслугі.

У 15 гадоў са мной здарылася першае каханне. Хлопец быў старэйшы на 10 год. Зацяжарыла — распісаліся. Спачатку ўсё было нічога, мы сапраўды кахалі адно аднаго: за першым нарадзіўся другі сын, і дзіцё было жаданае. Але праз два гады сумеснага жыцця пачалося рукапрыкладства. Ён беспадстаўна раўнаваў, у якасці хобі ў яго было збіранне пнеўматыкі, любіў пастраляць па катах, забаўляўся з петардамі — толькі гэта прыносіла яму задавальненне. Ён нідзе не працаваў: толькі варыў самагон. Сама я рабіла паштальёнкай, а каб мець нейкую дадатковую капейку, у сезон збірала то ягады, то грыбы.

Калі яго перакліньвала, біў, выганяў ноччу на мароз — ведаючы гэта, каб не змерзнуць, я ў нейкі момант нават пачала хаваць на вуліцы адзенне, — тапіў у вёдрах з вадой… А аднойчы вывез у лес, прыставіў да мяне пнеўматычны пісталет і пагражаў: калі я яму нешта там не паабяцаю, ужо не памятаю што, ён закапае мяне, і мяне ніхто не знойдзе. Гэта ўсё бачылі дзеці, якія сядзелі ў гэты час у машыне.

На раніцу ён казаў, што гэта быў не ён, і паводзіў сябе як ні ў чым не бывала. А ў мяне заставаліся шнары на галаве, была зламаная сківіца… Канечне, я звярталася ў міліцыю, але вельмі хутка забірала заявы назад: мне не было куды пайсці, ды і баялася, што, калі муж вернецца, паб’е мяне яшчэ мацней. Можа б, калі побач былі маці ці бацька, я б адумалася, а так…

Першы раз нас паставілі на ўлік у 2012 годзе, калі старэйшы сын пайшоў у садок: я ж звярталася па медыцынскую дапамогу ў ФАП, інфармацыя пра ўсё гэта адразу трапляе ў навучальныя ўстановы, тым больш калі падзеі разгортваюцца ў маленькай вёсцы. Нас паставілі на ўлік як сям’ю ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС).

Пачаўся так званы патранаж: прыходзілі, глядзелі, ці чыста ў нас дома, ці ёсць што паесці, з мужам праводзілі прафілактычныя размовы. Удзячная толькі за тое, што ў цэнтры па працы, занятасці і сацыяльнай абароне мне неяк расказалі пра SOS-дзіцячую вёску ў Мар’інай Горцы. Там адзін з кірункаў працы прадугледжвае падтрымку сем'яў, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Ездзіла туды цягам двух год: там мне сапраўды дапамагалі то прадуктамі, то адзеннем. Я наведвала розныя трэнінгі, працавала з іх юрыстамі і псіхолагамі.

Менавіта спецыялісты з сос-вёскі ўпершыню настойліва параілі сыходзіць ад мужа: інакш ці скалечыць, ці заб’е. Да гэтага ж ад участковых і педагогаў я чула цалкам зваротнае: «Памірыцеся!», «Можа, варта яму саступаць — трэба ж жыць неяк далей, вы ж сям’я».

Праз нейкі час з нас знялі статус СНС, але пасля таго, як я трапіла ў бальніцу з пераломам сківіцы, вярнулі зноў. У 2014 годзе пасля шматлікіх праверак нас зноў вызвалілі ад абазначэння «СНС». Пасля я ўжо ў міліцыю не звярталася: які сэнс?

Чарговы канфлікт з мужам даў зразумець, што ўсё, што будзе далей — прамая рызыка для майго жыцця. Я рашылася і з’ехала да цёткі ў Мінск. Пабыла ў яе тры месяцы, як мы і дамовіліся, і на гэты момант жыву ў прытулку «Радзіславы» — гэта праект, які дазваляе жанчыне-ахвяры нейкі час прыйсці ў сябе ў бяспечным месцы. Знайшла працу ў клінінгавай кампаніі. З мужам мы развяліся. Калі я падала на аліменты, ён быў у шоку і пагражаў, што пазбавіць мяне бацькоўскіх правоў. Але, натуральна, у будучыні сыны будуць жыць са мной — так і суд вырашыў. Пакуль жа яны знаходзяцца ў спецшколах: у старэйшага сына дыягнаставалі разумовую адсталасць, у малодшага — моўнае адставанне. Спецыялісты кажуць, што ўсе праблемы ў іх псіхалагічныя, што на іх развіцці адбіліся канфлікты ў доме, і выказваюць надзею на папраўку. Я іх забіраю на канікулы і наведваю ва ўсе выходныя, калі атрымліваецца.

Ёсць, канечне, страх, што ў будучыні, калі дзеці будуць са мной, камісія прычэпіцца і да мяне: няма свайго жытла, маленькі заробак, яшчэ нейкія праблемы… Яны могуць прычапіцца да чаго заўгодна, асабліва калі ў цябе ўжо «сапсаваны» імідж. І гэта вельмі няправільна, што мы баімся тых, хто павінен дапамагаць. А яшчэ горш, што не бачым ад іх сапраўднай дапамогі.

З наступнай гераіняй Дыянай здарылася ў нечым падобная гісторыя: праблемы ў сям’і пачаліся праз мужа, які піў і выносіў грошы ў казіно. Але «сацыяльна небяспечнай» іх сям’ю прызналі, калі бацькі ўжо развяліся, і Дыяна з сынам пачалі жыць асобна.

Гісторыя Дыяны Н.

— У нейкі момант у мужа выявіліся вялікія праблемы з алкаголем: ён сыходзіў у загулы на некалькі дзён, вяртаўся агрэсіўным. Мог крычаць, біць кулакамі аб сценку, штурхаць мяне, мацюкацца, адзін раз пачаў сам сябе рэзаць… Акрамя гэтага, з дому пачалі знікаць грошы: спачатку ён запэўніваў, што пазычаў іх, а потым высветлілася, што ён усё спускаў у казіно. Канечне, я выклікала міліцыю, але хутка забірала заявы: мы мірыліся і ўсё пачыналася наноў.

Я пайшла на радыкальныя меры: сабрала самыя неабходныя рэчы, забрала сына і сышла з дому — хавалася 10 месяцаў. Муж ініцыяваў наш вышук, але я не збіралася вяртацца: мы пачалі жыць асобна, і ён падаў на мяне ў суд, каб там вызначылі парадак камунікацыі з дзіцём.

Мы паўгода знаходзіліся на кантролі ў міліцыі. Нас папярэдзілі: калі канфлікты будуць зноў паўтарацца, дадуць статус СНС. Я не хацела гэтага: для мяне СНС — гэта кляймо на далейшым жыцці і працаўладкаванні. Муж ведаў, што я гэтага баюся, што не хачу нікуды звяртацца, і карыстаўся сітуацыяй.

Ён забіраў сына п’яным, мог гуляць з ім ноччу, калі таму трэба было спаць… А аднойчы пасля выпускнога ў садку скраў Ягора ў прамым сэнсе слова. Мы выйшлі з садка разам, і калі мінулі межы яго тэрыторыі, муж схапіў сына пад мышку і пабег — не здымаў слухаўку і ніяк не выходзіў на сувязь. На коне стаяла здароўе сына, таму я ўсё ж зноў напісала заяву ў міліцыю — муж, у сваю чаргу, пасля сведчыў, што я яго абгаворваю: сына ён не выкрадаў, і мы, быццам, дамовіліся, што ён яго забярэ.

Нам далі статус СНС на два месяцы — так сказала загадчыца дашкольнай установы. Раз на тыдзень нас наведвалі то «кантралёры» з садку, то з паліклінікі: правяралі, ці ёсць у нас цацкі, ці добры ложак, ці багата прадуктаў у халадзільніку.

Асабліва іх чамусьці цікавіла адсутнасць запасаў ёгурту, быццам я не магу кожны дзень набываць сыну свежыя прадукты.

Прыходзілі толькі да нас, і я распытвала наведвальнікаў: калі вы сапраўды хочаце абараніць майго сына, чаму не кантралюеце яго бацьку? Зрабіце так, каб ён не буяніў, каб не драпаў маю машыну, калі я не аддаю яму ў п’яным стане дзіцяці. Але складавалася ўражанне, што педагогі лічылі мяне істэрычкай, якая абгаворвае мужа.

Мінулі два месяцы, але з нас не здымалі СНС. Я вельмі хацела, каб сын не ішоў з гэтым ганебным статусам у школу, перажывала, што гэта адаб’ецца на стаўленні да яго настаўніка. Нам тлумачылі, што не хочуць здымаць нас з кантролю, бо ў нас пастаянныя скандалы з мужам, але ж мы на той момант даўно былі ў разводзе. Мы былі чужымі людзьмі. Чаму я і сын павінны расплачвацца за паводзіны мужа? І калі два месяцы мінулі, мне сказалі, што мы яшчэ пабудзем у стасусе СНС. З ім мы і пайшлі ў школу.

У мінулым кастрычніку нас усё ж пазбавілі статусу СНС, але пасля хацелі паставіць зноў…

У той дзень я прыйшла забіраць сына ў садок са сваім новым мужчынам. А муж зарэўнаваў і кінуўся на нас.

Сына маглі нават забраць у сацыяльна-педагагічны цэнтр, бо, маўляў, папярэдняя карэкцыйная праца не дала пазітыўных вынікаў. За гэта выступалі амаль усе члены камісіі, але я напрасілася на асабісты прыём да начальніка міліцыі, які прымусіў супрацоўнікаў разабрацца ў гэтай справе, хаця да гэтага ў міліцыі мне казалі проста:

«Нам такія, як вы, на раёне не патрэбныя. Куды прасцей забраць ад вас дзіця ў прытулак, пакуль вы разберацеся між сабой».

Дэкрэт № 18, здаецца, павінен вырашаць праблему, але наша сітуацыя дэманстравала, што ніхто не хоча займацца яе коранем. Увогуле, складваецца так: паскардзішся ў міліцыю — пойдзеш у СНС, не паскардзішся — будзеш пакутаваць. І не ведаеш, што горш. Замкнёнае кола.

Настаўнікам не прасцей…

Даследчыца беларускай літаратуры, настаўніца Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец напачатку новага навучальнага года пачула ад сваёй знаёмай пераказ маналога адной класнай кіраўніцы з наступным зместам:

«Паважаныя бацькі, калі раптам вы на сям'ю выклікаеце міліцыю, майце на ўвазе: адразу ж падымуць на ногі мяне, потым — дырэктара і сацыяльную службу. Вас неадкладна ўключаюць у лік сем'яў СНС. Я буду пісаць характарыстыкі, акты абследавання і тлумачальную: як я магла такое дапусціць? Потым тое ж самае напіша наш псіхолаг. Вас будуць наведваць раз у тыдзень нашы службы. Адмыцца дзіцяці ад такога няпроста. Таму я вас вельмі прашу: калі гэта магчыма, замест міліцыі адразу выклікайце мяне».

Відавочна, што класныя кіраўнікі ў такой сістэме каардынат пакутуюць не менш, чым сем’і, пра якія вышэй вялася гаворка. Ганна Севярынец упэўненая, што такая методыка выхавання робіць горш абодвум бакам:

Ганна Севярынец.

«Не бачу нічога добрага ў практыцы ўмяшальніцтва школы ў справы сям'і. Ёсць інстытут участковых міліцыянтаў, ёсць сацыяльныя службы: калі гутарка ідзе пра злачынствы ў сям'і ці пра сацыяльна небяспечнае становішча дзіцяці, займацца гэтымі пытаннямі ў межах законаў варта ім. Так, настаўнік павінен ведаць, у якім асяроддзі расце дзіця: каб адэкватна сябе з ім паводзіць, каб не патрабаваць немагчымага, каб не рабіць балюча неасцярожнымі паводзінамі, каб дапамагаць. Наогул людзі павінны дапамагаць адзін аднаму. Але нічога добрага няма ў тым, каб рабіць канвеер і прымусовыя працы са звычайных адносін дарослага і дзіцяці.

Я не разумею, як можна лячыць гвалт гвалтам, сямейны гвалт — гвалтам у сем'ях. У нас сістэма рэагавання на любую праблему заключаецца ў тым, каб знайсці вінаватага і пакараць. Гвалт такім не лечыцца.

Гэта комплекс мер, вельмі працяглых у часе, скіраваных на аздараўленне жыцця ў грамадстве, на адмову ад гвалту на ўзроўні дзяржавы, на змену сістэмы ўзаемадзеяння грамадзян з рэпрэсіўнай на дэмакратычную. Пакуль мы ўсе жывем у дыктатуры, на маю думку, у нас паўсюль будзе гвалт — ад сям'і і да школы. Якое грамадства, такая сям'я і такая школа», — лічыць Ганна.

Меркаванне юрысткі

Сацыяльная работніца і юрыстка Вольга Краскоўская лічыць, што асноўныя праблемы з СНС маюць месца менавіта на этапе трактоўкі на месцах:

«Тыя, хто рэалізуе дакумент, які першапачаткова накіраваны на абарону правоў і інтарэсаў дзіцяці, могуць сказіць прапісаныя ў дакуменце палажэнні да непазнавальнасці. Часам даходзіць да абсурду жаданне пакараць бацькоў за тое, што яны выказалі сваю нязгоду з камісіяй, дырэктарам школы або, на думку членаў камісіі, недобрасумленна выконвалі свае абавязкі.

Самі спецыялісты ўстаноў адукацыі, аховы здароўя першапачаткова разглядаюць камісію па СНС як інстанцыю, што карае. Тое, што яна адказвае за рэалізацыю Дэкрэта № 18 у інтарэсах дзяцей, часам не згадваюць ці, магчыма, не ведаюць зусім.

Але зноў жа: многае залежыць ад людзей на месцах. Існуе шмат сітуацый, калі камісіі сапраўды дапамагалі сем’ям не фармальна, а з жывым чалавечым удзелам у праблемах».

У любым выпадку, калі вы сапраўды ведаеце, што статус СНС вам хочуць надаць беспадстаўна (ці ўжо далі), юрысты раяць не пускаць справу на самацёк і звяртацца да тых, хто ўплывае на прыняцце рашэнняў (да дырэктара школы, загадчыцы ў садку) і адразу абскарджваць яго ў профільных інстанцыях.

З аднаго боку, дэкрэт № 18 дазваляе своечасова забраць дзіцяці з той сям’і, дзе яму сапраўды небяспечна знаходзіцца. Але, як паказвае практыка, трапіць пад «раздачу» могуць і іншыя сем’і, таму важна быць гатовым змагацца за свае правы.

*Прозвішчы некаторых гераінь змененыя па іх просьбе.

Кацярына Карпіцкая, фота на застаўцы Сяргея Гудзіліна і aif.ru

Каментары
Андрей / Адказаць 25.09.2018 / 16:19

Дело в том, что в белорусской соцзащите встречаются откровенные идиоты. Однажды и у нас появился статус семьи, находящейся в социально опасном положении. Из-за чего? Из-за того, что мы, не пьющие и не курящие родители, имея минскую прописку, снимали комортабельную двухкомнатную квартиру по договору аренды в 300 метрах от станции метро "Каменная горка". Счастлив, что ни у меня, ни у моей жены, ни у, тем более, моих детей нет белорусского гражданства. И когда мы приобрели свою четырехкомнатную квартиру, органы опеки, вознамерившиеся было проверить, как поживают наши дети, были посланы в... ДРОЗДУ!!

0
Шабаны / Адказаць 25.09.2018 / 16:45

Т.е. если пьяный ***** регулярно избивает супругу пожаловаться в милицию она не может, так как замучают проверками, повесят на детей клеймо СОП. Будет терпеть и бояться ради детей. И это у нас называется защита материнства и детства?

1
Пассат Б3 / Адказаць 25.09.2018 / 16:56

Андрей , как эта работа оплачивается, такой контингент туда и идёт. Страшно только то, что при этом им даются такие полномочия.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні