Праект газеты
Гісторыі «Норма ў нас — 3,5 тоны за змену». Як гэта — адпрацаваць 33 гады грузчыцай на мясакамбінаце19
20.09.2018 / 10:24

Наталля Байко падымаецца ў тры гадзіны раніцы, крыху падфарбоўвае вочы, снедае і сядае ў іх старэнькі Пасат, на якім муж адвозіць яе з Навабелічаў на працу на Слуцкі мясакамбінат. Горад тут у прамым сэнсе слова корміць усе сумежныя вёскі.

Такі сцэнар для першай змены паўтараецца вось ужо 33 гады — роўна столькі Наталля працуе на мясакамбінаце грузчыцай халадзільніка.

Наталля Байко.

«Яно няпроста, але дзе вы бачылі, каб праца рабочых была лёгкай? Булачкі сартаваць — і тое рукі стамляюцца, думаю», — кажа Наталля.

Жаданне стаць грузчыцай, канечне, не было яе падлеткавай марай. Пасля 10 класаў дзяўчынка з вёскі Калінаўка, што ў Капыльскім раёне, паступіла ў Мінскае вучылішча электронікі. Кажа, што кіравалася перадусім прэстыжнасцю навучальнай установы. Але як толькі прайшла першую практыку на «Інтэграле», зразумела, што ўсё зрабіла правільна. Так і з размеркаваннем праяснілася: адразу пасля атрымання дыплома Наталля пайшла працаваць зваршчыцай паўправадніковых прыбораў і інтэгральных мікрасхем.

У 1985 годзе яе жыццё крута змяніла адна ноч.

Едучы ў Слуцк на Новы год да сястры, яна і не падазравала, што сустрэне там будучага мужа. На свята, якое ў інтэрнаце ладзіў прафкам мясакамбіната, сабралася шмат моладзі. Сярод іх быў і Аляксандр, які таксама быў у гэтай мясцовасці госцем — запрасіў Наталлю на танец, правёў і далей «не даваў праходу». Вяселле згулялі літаральна праз паўгода. Так каханне паставіла крыж на яе «інтэгральнай» кар’еры.

З мужам каля дома. Тут жылі і бацькі Аляксандра.

Пераехаўшы на малую радзіму мужа ў Навабелічы, Наталля пачала шукаць працу — з гэтым трэба было паспяшацца, бо дармаедаў адсочвалі вельмі пільна. На былым вайсковым заводзе «Калібр», адзіным месцы, дзе ёй можна было ўладкавацца па спецыяльнасці, параілі звяртацца ў іх аддзел кадраў не раней, чым праз 10 год.

Жанчыне прыйшлося пагаджацца на тое, што было: так у 23 гады яна і апынулася на Слуцкім мясакамбінаце ў якасці грузчыцы.

80-я гады. Здымак з мужам з мясцовага дома быту.

«Самым складаным першапачаткова, як ні дзіўна, былі не фізічныя нагрузкі, а холад, у якім мы працавалі. Мы ж робім у маразільнай камеры, і калі цяпер на заводзе выдаюць і абутак цёплы, і камбінезоны на сінтэпоне, то раней хадзілі ў гумовых ботах. На руках жа замест пальчатак былі вялікія рукавіцы — было вельмі нязручна, таму я іх здымала — рукі мерзлі страшэнна».

Працоўная хустка. Каб яна трымала форму, унутр хаваецца газетка.

Жанчына выходзіць па зменах: першая пачынаецца ў чатыры гадзіны раніцы, другая — а 16:00.Такі графік дазваляе мець час і на гаспадарчыя клопаты.

«У мае абавязкі ўваходзіць фасоўка прадукцыі: раскідваю свіныя ці ялавічныя ногі, субпрадукты па мяшках і ў паддоны. Па норме трэба, каб за працоўную змену праз мае рукі прайшло 3,6 тоны мяса, але калі хочацца больш грошай, то і больш рабіць будзеш».

Калі прыходзіць дадому, бярэцца за агарод ці прыбіранне дома. Кажа, што «парадак дома прыемней за любыя тэлесерыялы і перадачы».

«Вы не паверыце, але я амаль ніколі за жыццё не хварэла — толькі на жаўтуху адзін раз ды масціт меў месца, калі першага сына грудзьмі карміла. Я і на бальнічныя не выходзіла, нават з дзецьмі. І гэта пры тым, што быў час — старэйшага насіла з садка на руках у суседнюю вёску! Мо ў добрай генетыцы справа, а, мо ў тым, што я пастаянна з фізічнымі нагрузкамі маю справу. Па гадах я старая, але адчуваю сябе на 23. Канечне, бывае, што спіна баліць, але я скардзіцца на такое не люблю ні дактарам, ні дзецям: пабаліць — і пройдзе».

У ліпені Наталля афіцыйна стала пенсіянеркай, але пакуль доўжыцца кантракт, сама кідаць працу не думае: трэба і дзецям дапамагаць, і рамонт дарабіць.

Некалькі год таму ў мужа Наталлі знайшлі анкалогію — рак горла — далі групу. Асноўныя фінансавыя выдаткі ў сям’і ляглі на яе плечы.

З іншага боку, адпачываць яна ўсё адно не ўмее: ні разу не была ў такім адпачынку, які б цалкам дазволіў зняць з сябе ўсе хатнія абавязкі.

«Я яшчэ па маладосці, можа, куды і хацела выязджаць, але за мяжу так і не патрапіла. Цяпер жа дзеці маюць магчымасць звазіць: абодва сыны пры працы, жытле, сем’ях. Але мне самой не хочацца. Для мяне найлепшы адпачынак — узяць у рукі кубачак гарбаты ці кавы і сесці пад нашым вінаграднікам. Як ружы цвілі, дык я увогуле падыходзіла да іх штораніцу і цалавала кожную — такое задавальненне мне прыносіць назіраць за кветкамі!».

За сваю кар’еру Наталля некалькі разоў пабывала на дошцы гонару мясакамбіната, мае калекцыю з грамат-падзяк. Яшчэ б: яна нават не спазнялася ніколі. Хаця не, быў адзін раз — калі у будзільніку села батарэйка. Тое, што тэхніка так падвяла, так расстроіла жанчыну, што яна плакала ўсю дарогу да працы.

Жанчына кажа, што ні пра што не шкадуе. А калі б і задумала мяняць працу, то на якую? Выбар, дзе падзарабіць, на вёсцы невялікі. Хіба што можна было пайсці даяркай у калгас, але Наталля кажа, што гэта таксама нялёгка фізічна (даяркай працавала маці, таму яна ведае пра гэта не па чутках), аднак грузчыцай неяк больш прэстыжна.

На шляху да працы.

Наталля сцвярджае, што для шчасця ёй дастаткова здароўя дзяцей і ўнукаў, а больш нічога і не трэба. Ну, яшчэ рамонт у хаце дарабіць. Для сябе — толькі манікюр, на які яна ездзіць у Слуцк, ды рэдкі прагляд тэлеперадач. «Як сяду на пенсію, дык пашырым гаспадарку. Чым больш мы рухаемся, тым здаравейшыя».

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

Каментары
хамса / Адказаць 20.09.2018 / 11:31

на такіх людзях зямля нашая трымаецца)

3
Kate / Адказаць 20.09.2018 / 11:54

Жанчына цудоўная, а гістрыя патрыярхальна-сумная, як сама Беларусь.

1
1111 / Адказаць 20.09.2018 / 12:34

Прекрасная женщина. Побольше таких статей.

3
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні