Праект партала
Тонус Б'юціфутурызм: якой касметыкай будуць карыстацца людзі будучыні?1
15.09.2018 / 20:15

Апошнія 20 гадоў касметычны рынак Еўропы і ЗША характарызуецца тэндэнцыяй адмаўлення ад дэкаратыўнага мас-маркету на карысць арганічных сродкаў. Пра гэта кажа, напрыклад, штогадовая станоўчая дынаміка росту рынку натуральнай касметыкі: згодна з новай справаздачай фірмы Grand View Research Inc., да 2025 года яго аб'ём дасягне 25,11 мільярда даляраў ЗША.

Ідэя «back to basics» (назад да прыроды) для многіх заснаваная, у першую чаргу, на вялікім расчараванні. Яшчэ нядаўна людзі былі ўпэўненыя, што штучнае харчаванне лепшае за грудное толькі таму, што ствараецца навукоўцамі і прайшло вялікую колькасць тэстаў у лабараторыях. На змену навукова-тэхнічнаму прагрэсу прыходзіць стагоддзе ўсвядомленасці, калі людзі пачынаюць аддаваць перавагу тым рашэнням, якія падыходзяць толькі ім: самастойна пякуць хлеб, гатуюць тварог і шыюць сабе вопратку. Змена такога падыходу адбілася і на выбары касметыкі. Калі прытрымлівацца правіла аюрведы («ад санскр. आयु «āyu» і वेद «veda» — «веданне жыцця»), наносіць на скуру варта толькі тое, што мы маглі б з'есці.

Сёння разам з б’юці-трэнеркай Наталляй Дзічкоўскай разважаем наконт таго, якой можа стаць наша касметычка будучыні.

Наталля Дзічкоўская.

Даведка: Наталля Дзічкоўская, кіраўніца першай у Беларусі Школы прыгажосці, спецыяліст па натуральным амаладжэнні скуры.

— Я часта праводжу такую паралель: чалавек — універсальны салдат, які можа выжыць нават на незаселенай выспе. Першапачаткова наша скура не разлічвала на развіццё хімічнай прамысловасці і стварэнне спецыяльных крэмаў. Пры ўмове фізічнага здароўя і нармальнага эмацыйнага стану мы можам выглядаць добра, выкарыстоўваючы толькі прыродныя сродкі. Ва ўмовах дзікай прыроды скурнае сала і ёсць наш найлепшы крэм, але ва ўмовах горада яго ўжо недастаткова. Праблема экалогіі прывяла людзей да неабходнасці шукаць аналагі. Але, з пункту гледжання гісталогіі, на працягу апошніх тысяч гадоў скура чалавека не змянялася. Аднак вытворцы касметыкі кожныя паўгода спрабуюць пераканаць нас, што знайшлі той самы інгрэдыент, які падорыць вечную маладосць. Складана паверыць, але, на маю думку, скуры патрэбны вельмі просты догляд.

Перш за ўсё, касметычка будучыні дакладна будзе складацца з меншай колькасці сродкаў. Натуральная касметыка шматфункцыянальная.

Адзін толькі алей дае нам шмат магчымасцяў для догляду за сабой: яго можна ўціраць ў скуру галавы для зніжэння выпрацоўкі скурнага сала, наносіць пад крэм і замест крэму, апрацоўваць ім канцы валасоў і ўціраць у кутыкулу, нават выкарыстоўваць як дэмакіяж. І гэта далёка не ўсё. Пры гэтым сезоннасць будзе ўплываць толькі на склад крэму: зімой у ім будзе больш алеяў і, адпаведна, больш высокі працэнт тлустай фазы, а летам ён будзе больш лёгкім.

Эфірны алей. Яго атрымліваюць з духмяных частак расліны. Яны ўяўляюць сабой высокаканцэнтраваныя біялагічна актыўныя рэчывы. Такі сродак трэба дадаваць па кроплях, таму ўводзіць яго ў склад сваёй касметыкі могуць толькі дарагія брэнды. Сёння такога сінтэтычнага рэчыва або касметычнага інгрэдыенту, дзеянне якіх маглі б перавысіць эфірны алей, проста не існуе. Ён валодае наймагутным антыбактэрыяльным, супрацьмікробным і супрацьвірусным дзеяннем, змагаецца са старэннем, паляпшае кровазварот і здольнасць скуры да аднаўлення.

Раслінны алей. Атрымліваюць шляхам халоднага прасавання з тлушчазмяшчальнай сыравіны (насення, травы, арэхаў). Раслінны алей трэба выбіраць у залежнасці ад тлуста-кіслотнага складу, які прадвызначае яго ўласцівасць: цякучасць, пранікальнасць, здольнасць імгненна ўбірацца ці ствараць плёнку. Алеі трэба падбіраць індывідуальна, пад тып скуры, і наносіць толькі на вільготную скуру, бо самі па сабе яны не ўтрымліваюць вільгаць. Усяго дзве-тры кроплі пры правільным і рэгулярным доглядзе будуць прыносіць вам карысць. Раніцай неабходна ачысціць скуру чымсьці мяккім, напрыклад, нутавай або гарохавай мукой. Далей яе трэба закісліць з дапамогай тоніка. Ёсць тры раслінныя алеі, якія падыходзяць для ўсіх тыпаў скуры: гэта кунжут, рыс і лясны арэх.

DIY-крэм. Вось ужо амаль 10 год я вару сабе крэмы самастойна і лічу гэта вялікім прарывам. Па-першае, самастойная вытворчасць — гэта магчымасць мяняць рэцэптуру ў залежнасці ад сезоннасці і бягучага стану скуры. Па-другое — гэта магчымасць выбіраць тыя інгрэдыенты, якія падабаюцца і падыходзяць менавіта вам. Напрыклад, калі я хачу зрабіць крэм для скуры вакол вачэй, то ведаю, што ёсць каля 10 эфірных алеяў, якія я магу ўключыць у склад для дасягнення пажаданага выніку. З іх я выберу тры, водар якіх максімальна прыемны мне тут і цяпер, і дадам іх у склад. DIY-касметыка куды больш біялагічна актыўная, чым прамысловыя сродкі. Зусім не абавязкова мець адукацыю кухара і прафесійную пліту, каб гатаваць смачную і карысную ежу. Таму магчымасць зрабіць крэм, які падыходзіць менавіта вам, а не яшчэ мільёну жанчын, — выдатны спосаб падабраць ідэальны сродак для сваёй скуры.

Гідралат. Кветкавая вада вельмі карысная для танізіравання скуры пасля ачышчэння і аднаўлення валасоў пасля мыцця. Нездарма нашы бабулі спалосквалі галаву пасля мыцця адварам крапівы або цытрынавай кіслатой. Гэты спосаб дапамагае прыгладзіць лускавінкі і аднавіць pH пасля ўздзеяння шчолачных ачышчальных сродкаў.

А яшчэ сярод працэдур па доглядзе за сабой у будучыні абавязкова будуць сеансы ў псіхолага, бо ваша знешнасць прама залежыць ад унутранага стану.

Асноўнай задачай кожнага павінна быць прапрацоўка сябе ж для здабыцця ўнутранай устойлівасці і незалежнасць ад меркавання навакольных. У выпадку пульпіту або карыесу мы не займаемся самалячэннем, а запісваемся да стаматолага. Гэтак жа і за рашэннем псіхалагічных праблем трэба звяртацца да спецыялістаў. Калі вы прапрацоўваеце свае глыбінныя праблемы з кампетэнтным псіхолагам, то пачынаеце бачыць сябе іншымі вачыма.

Устаноўка «прыгажосць патрабуе ахвяр» павінна назаўсёды застацца ў 20-м стагоддзі. Паверце, палюбіць сябе нашмат прасцей, чым весці бясконцую барацьбу з асаблівасцямі сваёй знешнасці. Бо ў канчатковым выніку вы ўсё роўна прайграеце. Таму для мяне касметычка будучыні — гэта, перш за ўсё, гісторыя пра любоў да сабе і ўменне слухаць свае жаданні.

Nina.nn.by

Каментары
Цвердазуб / Адказаць 16.09.2018 / 01:44

Як мазалі на твар жыжу, так і будуць мазаць. Не вялікая прымудрасць.

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні