Праект газеты
Густ Аператарка і рэжысёрка Юля Вячэрская пра тое, чаму не вытрымала на дзяржаўным тэлебачанні і пачала здымаць відэа сама2
09.09.2018 / 09:47

Традыцыйна кожную нядзелю распытваем беларусак пра пяць любімых рэчаў, якія маюць нямалае значэнне ў іх жыцці.

Сёння пра свае талісманы і штодзённых памочнікаў распавядае відэааператарка, рэжысёрка, у мінулым — мадэль і тэлевядучая Юлія Вячэрская.

— Апошнім маім афіцыйным месцам працы перад тым, як я адкрыла ІП, быў тэлеканал Мінск 24ДОК (сёння гэта МінскТВ), дзе я была вядучай. Нягледзячы на тое, што там працуюць людзі з дыпломамі, яны не здольныя выйсці за пэўныя межы. Тыя ж аператары, здаецца, ведаюць сваю справу, але яны робяць усё тэхнічна, без эмоцый, па старых правілах. Перад самым звальненнем ад усяго гэтага ўва мне закіпала не на жарт. Я марыла: вось бы самой узяць у рукі камеру і пачаць рабіць, як хочацца мне. Па падобных прычынах я сышла і з мадэльнага бізнэсу: нізкі ўзровень арганізацыі, адсутнасць афіцыйных дамоў на паказах…

Я пачала больш уважліва сачыць за калегамі, распытваць іх пра рамесніцтва і адкладаць па сто даляраў з кожнага заробку, недзе падпрацоўвала як мадэль — так і накапіла на сваю першую камеру.

Праз тое, што мой муж грае ў гурце «Радыёхваля», паціху пачала знаёміцца з людзьмі, якія працуюць у сферы відэавытворчасці. Яны бралі мяне з сабой на здымкі то рэжысёрам, то прадзюсарам. Так я набралася нейкага досведу і пачала атрымліваць першыя заказы.

Калі сышла хоць і з нізкааплатнай, але з працы са стабільным заробкам, было цяжка. Асабліва калі захварэў муж. Але тая жыццёвая сітуацыя вельмі загартавала, з’явілася разуменне таго, што заўсёды трэба мець нейкую фінансавую падушку на чорны дзень.

З працай на дзяржтэлебачанні нармальна адкладаць грошы не атрымлівалася: ніякія перапрацоўкі не аплачваліся. Гэта праблема сістэмы: ты гатовы рабіць шмат, але табе не гатовы плаціць за гэта. Такое стаўленне падштурхнула мяне нешта змяніць, рызыкнуць са сваёй справай. Ты робіш крок — і з’яўляецца дарога.

Сёння я разумею, што калі і рабіць сваё шоу, то толькі на ютубе, дакладна не на беларускім тэлебачанні. Я перастала верыць у аўдыторыю і якасць апошняга.

У Беларусі пакуль мала ютуб-каналаў з карыснай інфармацыяй у стылі Utopia Show, якое развенчвае міфы. Мне б хацелася развіваць свой канал з ухілам у парады для падлеткаў; як рабіць тое, што ім падабаецца, верыць у сябе і не здавацца. Мне ў свой час не хапіла дарослага чалавека побач, які мог бы са мной падзяліцца сваім досведам. Пакуль я выклала на свой канал некалькі відэа на тэму «Як абраць сабе прафесію і зразумець, кім ты хочаш быць». Пасля іх публікацыі мне пісалі дзяўчаты-падлеткі, задавалі пытанні — мы з імі больш падрабязна разбіралі жыццёвую сітуацыю кожнай. У гэтай спецыфіцы я і планую развіваць свой канал.

Топ-5 любімых рэчаў

Камера

Мая любімка, з якой я не развітваюся нават падчас адпачынку. Навокал так шмат прыгожага, што мне пастаянна хочацца гэта зафіксаваць на памяць.

Нягледзячы на тое, што камеры сёння лягчэйшыя, у прафесійным асяроддзі па вытворчасці відэа працуе больш мужчын. У чымсьці я разумею, чаму так: я займаюся спортам, але ўсё адно адчуваю вялікую стомленасць пасля таго, як цэлы дзень цягаю відэаабсталяванне.

Любімыя сродкі па доглядзе

Зубная нітка амаль заўсёды са мной у сумцы, я карыстаюся ёй мінімум тры разы на дзень. Для мяне вельмі важна, каб зубы былі чыстыя, каб іх здароўе захавалася на доўгія гады. Для кагосьці гэта выглядае дзіўна. Беларусам, на мой погляд, увогуле не хапае культуры гігіены ў гэтым плане: некаторыя могуць не чысціць зубы па некалькі дзён і пасля маюць шмат праблем ці непрыгожыя ўсмешкі. А мне здаецца, менавіта ўсмешка робіць нас жывымі і маладымі.

Крэмы, і эфірныя алеі я вельмі люблю. З узростам разумееш, што, як мінімум, увільгатняць скуру вельмі важна. Эфірны ж алей здольны супакоіць і падняць мне настрой адным толькі водарам.

Варта адзначыць, што я не набываю дарагія касметычныя сродкі. Я ўпэўненая, што наша прыгажосць і знешні выгляд больш залежаць ад стану здароўя, фізічнага і псіхалагічнага.

Ігольніца

Мой стары снегавічок, які падарыла добрая ўніверсітэцкая сяброўка. Сёння я выкарыстоўваю гэтую цацку як ігольніцу. Знаёмыя, якія прыходзяць да нас у госці, думаюць, што гэта лялька-вуду. Але нічога падобнага! З цацкай у мяне звязаныя выключна пазітыўныя ўспаміны і эмоцыі — проста яна выконвае місію.

Электронная кніжка

Гады чатыры таму мне падарыў электронную кніжку муж. Спачатку я была настроеная скептычна: усё жыццё чытала папяровыя выданні і не збіралася нешта мяняць. Але калі аднойчы пераязджала, зразумела, як шмат кніжак у мяне накапілася. Што з імі рабіць далей, калі яны прачытаныя? А гэта ж некалькі загубленых дрэў! Тады я асэнсавала, што не хачу свае патрэбы задавальняць такім неэкалагічным чынам. І да электронкі хутка прызвычаілася: вельмі класна мець пад рукой усяго адну прыладу, якая змяшчае ў сабе дзясяткі кніжак!

Апошняй я прачытала працу Жака Саламе «Пазбаўся адзіноты: цуд камунікацыі». Рэкамендую усім: чытво пра тое, чаму мы лаемся з блізкімі і канфліктуем на пустым месцы, пра тое, што мы вельмі часта замоўчваем праблемы, а пасля рэзка выбухаем.

Гадзіннік, які не ідзе

Калі ў мужа памёр бацька, ён стаў насіць яго гадзіннік. А я, у сваю чаргу, узяла сабе вось гэты гадзіннік мужа.

У дадзены момант ён не працуе, а ў мяне ўсё ніяк не стае часу аднесці яго ў рамонт. Але для мяне галоўнае адчуваць, што мяне нешта «трымае» за руку. Калі я хвалююся і мне патрэбная падтрымка, ён дапамагае мне на псіхалагічным узроўні — быццам, са мной побач не гадзіннік, а родны чалавек.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Стас / Адказаць 10.09.2018 / 10:31

что толкует этой показухи когда она даже детей не хочет рожать.

4
Виталий / Адказаць 11.09.2018 / 10:01

Стас , какой-то несвязный набор слов))

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні