Праект газеты
Рост Топ-менеджарка беларускага «Вайбера» расказала пра сэксізм у IT і пра тое, якіх абнаўленняў варта чакаць у дадатка30
17.08.2018 / 12:45

Вайберам у Беларусі карыстаецца больш за 5 мільёнаў чалавек, сусветная ж аўдыторыя дадатка перасягнула мільярд зарэгістраваных карыстальнікаў.

Офісы Viber месцяцца па ўсім свеце, але галоўныя цэнтры распрацоўкі — у Тэль-Авіве і Мінску. Нядаўна мінская каманда пераехала ў новае памяшканне, а сам дадатак змяніў лагатып і палепшыў сваю функцыянальнасць.

У сувязі з гэтым мы вырашылі распытаць кіраўніцу цэнтра распрацоўкі Вераніку Кесаву, якіх яшчэ навінак чакаць карыстальнікам, а заадно распыталі пра яе шлях у IT.

Вераніка Кесава.

Даведка: Вераніка Кесава з'яўляецца кіраўніцай цэнтра распрацоўкі Viber у Беларусі. Кіруе ім з моманту заснавання кампаніі вясной 2012 года. Адначасова з гэтым з'яўляецца праект-менеджаркай каманды, якая стварае Viber для iOS прылад: айфонаў і айпадаў. Выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «выкладчык філасофіі і сацыягуманітарных дысцыплін».

«НН»: Раскажыце крыху пра сябе: дзе выраслі, жылі, чаму прыйшлі ў IT?

— Я нарадзілася ў Расіі, пад Тулай. Калі мне споўнілася 6 гадоў, сям'я пераехала ў Беларусь, але да гэтага мы паспелі пажыць у Сібіры, Узбекістане і Грузіі. Я шмат чаго памятаю з таго часу, і такія пастаянныя міграцыі — цікавы досвед, ён сфарміраваў шмат карысных якасцяў. Мне здаецца, ува мне дагэтуль жыве дух качэўніка, хоць пры сённяшнім рытме жыцця гэта складана ўявіць.

У IT я прыйшла не адразу: хацела дакладна вызначыцца, чым я хачу займацца і дзе змагу прымяніць свае навыкі.

За плячыма быў салідны досвед працы з замежнымі замоўцамі ў рэкламным агенцтве і нядрэнная англійская мова. Мне хацелася працягваць развівацца, але ўжо ў іншай вобласці. На той момант IT-сфера ў Мінску была ўжо досыць развітая, таму я хутка знайшла для сябе вакансію асістэнткі менеджэра праектаў у аўтсорсінгавай кампаніі. Памятаю, што больш за ўсё ў першы дзень на новай працы мяне ўразіла вафельніца і магчымасць рыхтаваць прысмакі наўпрост на офіснай кухні. Пазней я перажыла мноства надзвычайных падзей, але гэтыя вафлі памятаю да гэтага часу (усміхаецца).

«НН»: Кажуць, што праз «папсовасць», звышпапулярнасць прафесіі айцішнікаў сярод выпускнікоў курсаў і ВНУ становіцца ўсё менш добрых спецыялістаў, ці так гэта? Ці адчуваеце вы гэта па тых, хто прыходзіць да вас у кампанію на сумоўі?

— Большая частка патэнцыйных супрацоўнікаў Viber — гэта ўжо сфарміраваныя спецыялісты з вялікім досведам працы. Сёння ён ёсць нават у студэнтаў і нядаўніх выпускнікоў.

Я лічу, што папулярнасць і запатрабаванасць пэўных сфер — гэта выдатны стымул развіваць свой патэнцыял, каб быць канкурэнтназдольным на рынку.

З кожным годам мы маем усё больш прафесійнай літаратуры ў адкрытым доступе для самастойнага вывучэння, з'яўляюцца новыя адукацыйныя праграмы, адкрываюцца школы з аўтарскімі курсамі. Калі студэнт выбірае папулярную прафесію, ён павінен разумець усю адказнасць у адносінах да сваёй будучыні. Яму сапраўды трэба як мага раней пачаць напрацоўваць практычныя навыкі і выбудоўваць кар'еру, інакш яго абгоняць больш матываваныя.

«НН»: Што было самым складаным, калі вы толькі ўліваліся ў сферу?

— Сысці роўна ў 7 гадзін вечара (усміхаецца).

На самай справе, спачатку складаным здавалася абсалютна ўсё: разумець прафесійны слэнг, разбірацца ў тэхнічных заданнях, нават стасавацца з праграмістамі, бо яны заўсёды ведаюць больш, чым ты. У першы год я літаральна ночыла на працы.

У адной са сваіх кніг пісьменнік Малкольм Гладуэл распрацаваў формулу 10 000 гадзін, згодна з якой менавіта столькі часу трэба інвеставаць у якую-небудзь дзейнасць, каб дасягнуць значнага поспеху. Іх я тады, вядома, не адпрацавала, але была да гэтага вельмі блізкая.

У любой працы важна разумець, што гэта менавіта тое, чым ты хочаш займацца. Калі цікаўнасць моцная, будзе і матывацыя.

«НН»: Чаму да гэтага часу сутыкаемся з выказваннем «IT — не жаночая сфера»? І чаму калі мужчыны бачаць жаночыя IT-форумы, для іх гэта адразу ж становіцца аб'ектам для жартаў? 

Прыклад сэксісцкіх каментароў у адрас жанчын-праграмістак.

— «IT — не жаночая сфера»… Нават на ўзроўні выказвання для мяне гучыць ненатуральна. Абмяжоўваць развіццё кампаніі таленавітымі спецыялістамі пэўнага гендара, як мінімум, нелагічна і неэфектыўна. Сёння ў Viber у працэнтных суадносінах больш хлопцаў, але гэта не вынік палітыкі нашага HR-аддзела і не частка карпаратыўнай культуры. На сумоўі мы ацэньваем толькі ўзровень прафесіяналізму і асабістыя якасці.

«НН»: Ці сутыкаліся вы з якімі-небудзь заўвагамі, непрыемнымі сэксісцкімі каментарамі ў свой адрас за ўсю сваю кар'еру?

— Офіс распрацоўкі Viber у Беларусі — гэта вялікі калектыў, больш за 100 чалавек. Усе яны падзеленыя на каманды, у кожнай з якіх свая спецыфіка камунікацыі і ўнутраныя традыцыі. Фарміраванне такога асяроддзя — працэс спантанны і арганічны. Я лічу, што гэта вельмі важна для здаровай атмасферы ўнутры каманды. Пры гэтым Viber прытрымліваецца агульных правілаў узаемнай павагі супрацоўнікаў адзін да аднаго, незалежна ад полу, узросту, знешнасці. Уменне трымацца чужых межаў, а таксама быць ветлівым і карэктным — неад'емная характарыстыка дарослага чалавека.

Мне пашчасціла пазбегнуць сэксісцкіх каментароў у свой адрас у прафесійным асяроддзі. У асабістым жыцці з гэтым сутыкаешся нашмат часцей. З часам я стала больш радыкальна рэагаваць на падобнае парушэнне маіх межаў.

Але не магу не адзначыць, што наша грамадства ўсё ж мяняецца, няхай гэта адбываецца і не так хутка, як хацелася б. Пытанні гендарнай роўнасці ўсё часцей падымаюцца ў масавай культуры і ў соцыуме ў цэлым, СМІ ўсё больш расказваюць пра рэальныя сітуацыі, дзе правы жанчын ушчамляліся. Усё гэта пакрысе выхоўвае ў жанчынах нейкі локус, які дазваляе пры неабходнасці даць адпор, а ў мужчынах — паважлівае стаўленне да жанчын.

Вераніка ў старым офісе кампаніі.

Ідэальная карціна свету для мяне — дзе не трэба дзяліць людзей на мужчын і жанчын.

«НН»: Ці сыходзяць вашы супрацоўнікі-мужчыны ў дэкрэт?

— Некалькі супрацоўнікаў асноўнага офіса ў Ізраілі — так. У Мінску пра такія выпадкі мне невядома. Viber дае адзін выхадны для бацькоў у дзень родаў. Як правіла, хлопцы самі бяруць адпачынак на некалькі тыдняў, каб дапамагчы сваім жонкам клапаціцца пра немаўля. Мы вельмі цэнім і заахвочваем такі клопат і прыхільнасць да сямейных каштоўнасцяў.

«НН»: Што для вас значыць быць паспяховай? У чым гэта праяўляецца?

— Я стараюся не думаць такімі катэгорыямі. У апошні час штовечар складаю спіс з пяці рэчаў або падзей, якія прынеслі мне радасць у гэты дзень. Калі адразу запісваю ўсе пяць штук, то ў маім разуменні дзень быў сапраўды паспяховым.

«НН»: Чаго нам чакаць ад Viber? Якіх абнаўленняў?

— Цяпер мы даволі часта выпускаем абнаўленні: каля двух разоў на месяц. З апошняга — групы для неабмежаванай колькасці ўдзельнікаў, яркія паведамленні, «Абранае» ў дапаўненнях для чатаў і гэтак далей. У распрацоўцы знаходзіцца шмат новых фіч, некаторыя з іх былі выбраныя на падставе запытаў карыстальнікаў праз службу падтрымкі.

У офісе Вайбер.

«НН»: Ведаю, што некаторых карыстальнікаў напружвае рэклама ў дадатку…

— Viber — гэта бясплатны дадатак па абмене паведамленнямі і заўсёды будзе такім. Каб ён быў максімальна карысным для карыстальнікаў, функцыянал увесь час развіваецца. І як любы камерцыйны прадукт, мэсэнджар таксама патрабуе інвестыцый. У тым ліку з боку партнёраў, якія зацікаўленыя ў прасоўванні на платформе. Важна адзначыць, што ўсе рэкламныя фарматы Viber распрацаваныя максімальна натыўнымі, каб не перашкаджаць зносінам карыстальнікаў. Напрыклад, банеры, якія з'яўляюцца толькі пасля завяршэння званкоў; рэклама, якую можна ўбачыць толькі пасля запампоўкі стыкераў; бізнэс-чаты, ад якіх пры жаданні ў любы момант можна адпісацца націскам на адну кнопку ў настройках.

«НН»: Ці будзе рэдызайн дэсктопнага дадатка, ці з’явіцца магчымасць больш камфортна перасылаць паведамленні?

— Мы не схільныя разважаць пра тое, чаго яшчэ не зрабілі. Разам з гэтым складана адмаўляць, як хутка сёння мяняецца парадыгма дызайну. Асобныя карэкціроўкі ўносяцца амаль з кожным абнаўленнем аперацыйнай сістэмы. Сачыце за навінамі.

«НН»: А як наконт беларускай мовы ў дадатку?

— На дадзены момант дадатак Viber лакалізаваны больш чым на 30 моў свету. Беларуская не ўваходзіць у гэты спіс. Але, магчыма, у будучыні сітуацыя зменіцца.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераіні

Каментары
С / Адказаць 17.08.2018 / 12:58

Весь вайбер сливают в СК. Пользуйтесь телеграммом. Павел Дуров лучший!!!

10
noname / Адказаць 17.08.2018 / 13:13

>> На дадзены момант дадатак Viber лакалізаваны больш, чым на 30 моў свету. Беларуская не ўваходзіць у гэты спіс. << 30 моў і няма беларускай - ганьба такім распрацоўшчыкам, ды й яшчэ называцца беларускiм софтверным прадуктам! Дарэчы, наконт самаго дадатку - ужо больш як за год ім не карыстаюсь - зараз багаты выбар мэсэнджараў - ёсць куды болей прыемныя, хуткія, прыватныя і без рэклямы!

2
Ева / Адказаць 17.08.2018 / 13:14

"На дадзены момант дадатак Viber лакалізаваны больш, чым на 30 моў свету. Беларуская не ўваходзіць у гэты спіс." ну вот и всё. якi ж ён беларускi - "Топ-менеджарка беларускага «Вайбера» "?!

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні