Праект партала
Гісторыі Беларуска-эрудыт з «Што? Дзе? Калі» Вера Рабкіна: «У маскоўскім клубе шмат зайздрасці і канкурэнцыі. І адмаўляць гэта бессэнсоўна»15
05.08.2018 / 21:34

Калі вы хоць пару разоў глядзелі «Што? Дзе? Калі?», то тлумачыць, хто такая Вера Рабкіна, доўга не давядзецца. Бо яе, жвавую і шумную, якая увесь час генеруе ідэі, не запомніць проста немагчыма.

Скарыўшы сэрцы мінскага гледача, Вера накіравалася ў маскоўскі элітарны клуб «Што? Дзе? Калі?», дзе ўжо стала ўладальніцай спецыяльнага прыза «Крыштальны атам». Прыз дастаўся Веры за тое, што на апошніх секундах гульні пры ліку 5:5 яна ўсё ж змагла дадумацца да слушнага адказу.

Мы сустрэліся з ёй і паразмаўлялі пра моманты азарэння, нелюбімыя пытанні і любімую працу, пра медытацыю ў падарожжах і ката-бенгала.

Вера Рабкіна.

Большая частка жыцця Веры звязаная з гульнёй.

«Я стала гуляць у «ШДК» яшчэ ў пятым класе, калі вучылася ў віцебскай гімназіі. Тады па тэлебачанні ішла «Рызыка-версія», якую вёў Леанід Клімовіч. Нашы 11-класнікі выйшлі там у фінал. Але яны школу скончылі, а працягваць традыцыі камусьці трэба было. Тады і набралі дзяцей, каб рыхтаваць іх да інтэлектуальных гульняў».

Прайшоўшы праз школьныя, абласныя i рэспублiканскiя турніры, Вера трапiла ў каманду Андрэя Супрановіча, якая ў 2009 годзе села за стол у першым сезоне беларускага клуба «Што? Дзе? Калі?».

«Першую сваю гульню мы згулялi не вельмi добра. Выйгралі, але было бачна, што чакае яшчэ шмат працы. Затое тады я зразумела, што беларускі клуб — ён дамашні. Тут шчыра заўзеюць за каманду, якая сядзіць за сталом. Тут няма зайздрасці і канкурэнцыі, у адрозненне ад маскоўскага. І адмаўляць гэта бессэнсоўна».

Трапіць за стол у маскоўскім «ШДК» — гэта як адабрацца на Алімпіяду. Усе туды імкнуцца. Адпаведна, і стаўкі вышэйшыя, і ціск на цябе. Пройгрыш можа абазначаць, што ты яшчэ год не сядзеш за стол. Таму пры ўсёй сваёй добразычлівасці, хочаш не хочаш, а думаеш: «Ну прайграйце ж, нам жа таксама хочацца пагуляць».

Не адказаць на пытанне — гэта як скочыць без парашута

Але калі каманда просіць дапамогі залы, усе знаўцы дапамагаюць абсалютна шчыра.

«Дапамогу залы маскоўскі клуб прыдумаў, каб мінімізаваць падказкі ў гульні. Хаця мне гэта незразумела. Я не падказваю сама і не люблю, калі падказваюць мне. Гэта мой бой і я не хачу, каб у яго хтосьці ўмешваўся».

Адказ на пытанне, які прыходзіць падчас адной хвіліны абмеркавання, Вера параўноўвае са скачком з парашутам.

«Не важна, на якой секундзе прыходзіць у галаву адказ: на першай ці на апошняй, гэта можна параўнаць з парашутам, які раскрыўся. А бывае наадварот: табе трэба адказваць, а версіі няма ніводнай. Непрыемнае адчуванне. А калі яшчэ пытанне, якое табе не падабаецца…»

Не падабаюцца Веры пытанні пра вынаходніцтвы або пра прылады, якія нехта выкарыстоўвае ў гаспадарцы.

«Я не магу браць такія пытанні, у мяне няма кантэксту. Хаця дапускаю, што гледачам яны даспадобы, бо некаторыя з адказаў можна выкарыстоўваць як лайфхакі. Я ж люблю пытанні, якія можна «дарыць» сябрам як кветку, вобразныя. Пра тое, з чым паэт параўнаў нешта, або штосьці ўбачыў у пэўнай з’яве. Гэтым прыемна дзяліцца, абмяркоўваць».

Хаця пасля гульні большую частку пытанняў знаўцы не памятаюць.

«Гэта вельмі добрая якасць, якой вучыць гульня: засяроджвацца толькі на тым, што важна цяпер, не распыляцца на знешнія фактары і перашкоды. Вельмі дапамагае ў жыцці».

Роля Веры ў камандзе — генераваць ідэі. Яна з гэтым пагаджаецца і ў крэсла капітана не імкнецца.

«Навошта? У нас ёсць адзін капітан. Я больш карысная ў камандзе, калі накідваю мноства розных версій. І яшчэ я камандны гулец. Не імкнуся гуляць супербліцы, а ёсць людзі, для якіх гэта прынцыпова. А тое, што я гаварыла, што гульня многаму вучыць у жыцці, то сапраўды. «Што? Дзе? Калі?» — гэта класічны прыклад мазгавога штурму. І мне здаецца, што лепшага інструмента працы ў камандзе яшчэ не прыдумалі. З яго нараджаецца большасць ідэй. Гэты спосаб вучыць накідваць ідэі, якія ніхто ў камандзе не палічыць глупствам. Для маёй асноўнай працы гэта таксама важна».

Хочаце шчаслівага сямейнага жыцця — не спаборнічайце 

Вера Рабкіна працуе прадакт-менеджарам у кампаніі, якая займаецца вытворчасцю мабільных музычных гульняў. Яна кіруе аддзелам распрацоўкі. Работа творчая, сістэмная, што так падабаецца Веры, але вымагае шмат часу.

Як жа тады хапае часу на сямейнае жыццё?

Вера тры гады замужам за Сяргеем Башлыкевічам, лідарам гурта «Leibonik», таксама гульцом «Што? Дзе? Калі?».

«Гэта мы жанатыя тры гады, а ў адносінах ужо гадоў з дзесяць. За гэты час навучыліся паважаць свабоду адно аднаго. Сяргей — працаголік. Калі трэба яму займацца музыкай, ён займаецца. Калі я хачу ў адпачынак, а ён хоча працаваць, я еду ў адпачынак, а Сяргей працуе».

«Наша Ніна»: Вы абодва гуляеце ў «ШДК», у каго атрымліваецца лепш?

«Мы і пазнаёміліся на «Што? Дзе? Калі?». Мы з Сяргеем не спаборнічаем, таму шчаслівыя. Мы прапампаваныя ў розных рэчах і дапаўняем адно аднаго».

Вандроўка ў незнаёмы горад — найлепшая медытацыя

Падарожжы — гэта тое, што таксама аб’ядноўвае Веру і Сяргея.

«У нас раней нават была мапа, на якой трэба было сціраць краіны, у каторых ты быў. Але ў пэўны момант я зразумела, што падарожжы — гэта не спорт. У адныя і тыя ж гарады трэба ездзіць па некалькі разоў, што тут гаварыць пра краіны, напрыклад, захад і ўсход ЗША зусім розныя».

Вера называе падарожжа ў іншыя краіны доўгай медытацыяй.

«Неяк мы збіраліся з сябрамі ў вялікі еўратрып, а ў выніку ніхто не змог паехаць. А я настроілася і кажу: «Ок, тады я адна». І гэта было найлепшае падарожжа, каб разабрацца ў сабе. Калі ты прыязджаеш у краіну, мовы якой ты не ведаеш, не разумееш, пра што размаўляюць людзі на вуліцах, гэта найлепшы спосаб застацца сам-насам».

Падарожжы па гарадах больш рэзануюць з Верай, чым яднанне з прыродай.

«Мiнулай восенню мы ездзiлi ў Ісландыю, якая вядомая разнастайнай прыродай, вадаcпадамi i ледавікамi. А, дарэчы, вы ведалі, што ляднік — гэта ні разу не белы, цвёрды лёд, а нейкая брудная гума? Дык вось, глядзела на леднікі, на прыгожых коней з грыўкамі, на зялёныя ўзгоркі і думала: клас, клас, клас. А потым прыехалі ў Рэйк’явік. Гэты горад мяне так захапіў, што я думала: «Ну, гэта несправядліва, я прыехала любавацца вадаспадамі, а сапраўднае захапленне атрымліваю ад горада».

Імбрык — кот, які не разумее прыкола ў тым, каб сядзець на руках

З далёкіх і не вельмі далёкіх падарожжаў Веру чакае дома кот бенгальскай пароды.

«Наша Ніна»: У вас вельмі круты кот.

«Дзякуй, я думаю, што кот Імбрык таксама так лічыць. Ён вельмі прыгожы. У мяне лёгкая алергія на поўсць, таму мы выбіралі ката, каб у таго не ліняў падшэрстак. Бенгальская парода існуе не так даўно, таму ў гэтага ката часткова захаваліся звычкі дзікай коткі. Ён не любіць, калі яго цягаюць па руках, бо ў прыродзе такога не адбываецца. Не п’е малака і зусім не баіцца вады. А вось адзін бываць не любіць. Таму, калі мы з’язджаем, у нас у кватэры жывуць нашы сябры, каб Імбрык не сумаваў».

Камандны дух выхоўваецца ў квэстах, а не квізах

Пакуль не пачалася восеньская серыя гульняў, каманда Веры Рабкінай збіраецца на трэніроўкі.

«А як іначай? Рыхтуемся. Мы спецыяльна не глядзім гульні іншых клубаў «Што? Дзе? Калі?», азербайджанскага ці ўкраінскага, каб трэніравацца на іх пытаннях. А вось у квізы не гуляем, таму што нам цяжка сабрацца ўсёй камандай, хаця я ведаю, што некаторыя каманды так робяць. Я ж лічу, што нашмат эфектыўней наведваць квэст-румы, каб выхоўваць камандны дух, вучыцца сумесным дзеянням. Для гульні нашмат важней добра працаваць у стрэсавай сітуацыі».

Вера расказвае, што ў тэлевізійнай версіі гульні безліч фактараў, якія адцягваюць увагу ад гульні. Гэта і камеры, і грымёры, і гледачы ў зале і нават убор, у якім трэба прыходзіць на здымкі.

«У мяне ў гардэробе з’явілася мноства чорных сукенак. Я перастала стрыгчыся неяк ірвана, не магу дазволіць сабе пафарбавацца ў яркі колер. Не тое, каб гэта забаранялі рабіць, а проста гэта павага да гульні. Калі гуляеш у элітарным клубе, то мусіш выглядаць элітарна».

«Наша Ніна»: Вера, калі ўсё ж выбіраць паміж разумнымі і прыгожымі, то вы да каго далучыцеся?

«Ха! Гэта дыхатамія падманная. Таму што разумныя людзі ведаюць, як зрабіць так, каб іх лічылі прыгожымі. Але калі б у нейкім не нашым сусвеце абавязкова трэба было выбраць, я б выбрала разумных. Ну глядзіце: уявім сабе прыгажосць і розум у выглядзе трохкутнікаў. Прыгажосць — гэта той трохкутнік, які з цягам гадоў будзе памяншацца, а розум, інтэлект — будзе назапашвацца. Таму выбар відавочны».

Наталля Тур, фота Юліі Наканечнай і з сацсетак гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні