Праект партала
Густ Мадэль plus size Яўгенія Цюленева: «Магчыма, я падам заяўку на «Еўрабачанне»23
22.07.2018 / 18:43

Гераіняй нашай штотыднёвай рубрыкі «Пяць рэчаў» стала беларуская мадэль plus size Яўгенія Цюленева. Мы сустрэліся ў яе дома. Дзверы адкрыла ярка-рыжая Яўгенія ў яркай смарагдавай сукенцы. За Яўгеніяй выбег грыфон Жадзі.

«Вось гэта адразу дзве мае любімыя «рэчы» — уласная кватэра і сабака. Але так жа нельга, так? — пытаецца Жэня і заліваецца смехам».

Яўгенія год таму вырашыла крута змяніць сваё жыццё. І крэсла дырэктара інжынірынгавай кампаніі змяніла на міжнародны подыум конкурсу прыгажосці ў Сінгапуры, з якога прывезла карону і тытул віцэ-міс.

«Паміж разумнымі і прыгожымі я заўсёды была разумнай. Вучылася ў матэматычным класе, пасля ў Ліцэі БДУ, пасля факультэт прыкладной матэматыкі, юрыдычны факультэт БДУ, магістратура, працавала ў дастаткова сур’ёзнай энергетычнай сферы. А ў 30 гадоў аказалася, што Яўгенія дамаглася ўсіх мэтаў, якія ставіла перад сабой у 25 гадоў.

«Я задумалася пра тое, што ўсе мае мэты былі звязаныя з кар'ерай ды фінансамі. І гэтага мне падалося мала. Я не стамілася, я проста эмацыйна выгарала». 

У адзін дзень Жэня вырашыла быць не толькі разумнай, але і прыгожай. Спачатку амаль год не толькі працавала, як раней, але вучылася рабіць нешта ў сваё задавальненне: займалася вакалам, падарожнічала, змяніла імідж. А яшчэ праз год змяніла сваё жыццё кардынальна, стала рабіць рэчы, на каторыя раней не хапала часу, або тыя, якія лічыла для сябе недапушчальнымі. Выпадкова падала заяўку на конкурс, выпадкова яе заўважылі.

«І паправілася за гэты год спецыяльна яшчэ на 20 кілаграмаў. І мне так гэта падабаецца! Я адчуваю сябе шчаслівай і прыгожай. Цяпер я сапраўды бодыпазітыўная. Бодыпазітыў — гэта прыняцце сябе, сваіх недахопаў, але не іх культываванне. Ну не памерам попы характэрызуецца асоба і прыгажосць!»

Сукенка для маладой жанчыны

«Цяпер існуюць два культы: маладосці і фігуры. Усе хочуць быць маладымі і стройнымі. А мне 33 гады і я ўжо не дзяўчына, а прыгожая маладая жанчына. Гэта дурасць, лічу, маладзіцца і хаваць узрост. І сукенка тая, што на мне, як раз дазваляе мне быць сабой: інтэлектуальнай, элегантнай, жаноцкай. Мне вельмі прыемна, што я стала натхняльніцай стварэння першай у Беларусі калекцыі вячэрніх сукенак для дам пышных формаў дома моды «Юнона». Калекцыя выйдзе восенню. Дарэчы, на мне іх сукенка». 

Яўгенія задумалася на секунду і дадае: «Узрост свой я не хаваю, хаця на сайце знаёмстваў напісана, што мне 30. Так прасцей знаёміцца! Але прашу вас, нікому пра гэта не кажыце», — смяецца Жэня. 

Медаль за плаванне

Медаль за плаванне Яўгенія лічыць большым сваім дасягненнем, чым карона віцэ-міс. Карона, дарэчы, захоўваецца на паліцы, на відным месцы.

«Я яе паламала. Везла з конкурсу ў чамадане, а рэчаў было шмат, тры сукенкі ў чахлах. Адна з сукенак важыла 7 кілаграмаў, уяўляеце сабе! Дык вось карону я паклала ў гэты чахол. І відаць, села на чамадан, — кажа Яўгенія і зноў заліваецца смехам. — Затое магу сказаць з упэўненасцю: кароны конкурсаў прыгажосці не вытрымліваюць вагу мадэляў plus size».

А заваяваць медаль па плаванні Жэні дапамаглі злыя каментары пасля яе ўдзелу ў конкурсе.

«Адразу пасля публікацыі столькі негатыву з’явілася. Пісалі, што фу, страшная, тлустая, што спартыўнай залы зроду не бачыла. А я займалася ўсё жыццё спортам! І мне захацелася даказаць, што я не проста там плаваю ці хаджу ў трэнажорную залу, але магу зрабіць тое, што не зробяць іншыя. Адразу запісалася ў школу плавання «ISWIM». Пасля некалькіх месяцаў трэніровак я навучылася плаваць кролем і праплыла вольным стылем пяць кіламетраў з ластамі. Заплыў быў у Марсэлі 23 чэрвеня з замка Іф па слядах графа Монтэ Крыста. А 26 жніўня паплыву на Мінскім моры 6 кіламетраў, але без ластаў, на «ISWIM OPEN MINSK». Таму медаль — гэта мой напамін пра тое, што калі знікае вера ў сябе, трэба ставіць новыя мэты і дасягаць іх.

Карціна, якую купіла ў нагрузку да кватэры

«Гэтую карціну я купіла разам з кватэрай. Гэта і была ўмовай, папярэднім гаспадарам я так і сказала: калі карціна застанецца на сцяне, я кватэру купляю. Папярэднія гаспадары кватэры сказалі, што аўтар знакаміты бельгійскі мастак, але я яго так і не змагла знайсці ў інтэрнэце». 

Таксама Яўгеніі разам з кватэрай дасталася карціна вядомага беларускага мастака Сяргея Грыневіча.

«Я хадзіла на выставы сучаснага мастацтва, выбірала карціны, але павесіць не было куды. У тым ліку разглядала работы Сяргея Грыневіча, а прыйшла глядзець кватэру, а тут ужо вісела яго карціна. Бывае ж».

Сметніца. Каб не забывацца пра раздельны збор смецця

«Гэта рэальная сметніца, выкарыстоўваю я яе па прызначэнні. А купіла яе ў Мілане, у сваю першую замежную паездку. А праблема смецця рэальна існуе. Я пра гэта задумалася, калі пераехала ў дом на чацвёртым паверсе без смеццеправода. Кожны дзень выносіцца нейкая неймаверная колькасць пластыкавых пакетаў. Таму ў магазіне прашу мне прадукты складаць у адзін пакет, калі купляю часнок, баклажан, перац. Хаджу за прадуктамі з уласнай эка-сумкай.

Я не сяджу ў інтэрнэце, я блогер

«Мяне сябры заўсёды папракалі ў тым, што я злоўжываю сацсеткамі. Што не паспеем мы кудысьці зайсці, як фотачкі ўжо паляцелі ў фэйсбук. А пасля Сінгапура, калі я расказвала ў сацсетках пра конкурс і пра краіну наогул, мне сталі пісаць незнаёмыя людзі, што ў мяне цікавы блог».

«І я такая сваім сябрам: «О, я не проста заліпаю ў сацсетках, я вяду блог, а значыць, гэта праца, а не залежнасць, а працагалізм у нашай краіне не асуджаецца».

А пасля Яўгеніі кампанія «Вэлком» зрабіла спецыяльную прапанову для блогераў, папрасіла пратэставаць іх новы сервіс і выказаць сваё меркаванне.

Сёння ў Яўгеніі 1200 падпісчыкаў ў інстаграме і 5000 у фэйсбуку.

«А ў мяне ёсць любімы хэштэг #отменимпонедельник. Ім я выбешваю сваіх сяброў, калі ў 11 раніцы ў панядзелак вывешваю фота з келіхам шампанскага. І сяброўкі, дарэчы, раілі пятай любімай рэччу выбраць келіхі. Я вельмі люблю прыгожы посуд, крышталь».

Пра планы на будучыню Яўгенія адказала так:

«Што буду рабіць далей? Я наперад не загадваю! Я дакладна ведаю, што жыццё можа змяніцца кардынальна ўсяго за год. І я гатовая да любога варыянту! Магчыма, вярнуся на працу ў офіс, а магчыма, падам заяўку на «Еўрабачанне».

Наталля Тур, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні