Праект партала
Гісторыі Ратуе суіцыднікаў з пятлі, а на яе скардзяцца ў міліцыю. Як гэта — працаваць паўстагоддзя вясковай фельчаркай10
05.07.2018 / 13:02

У Раісы Канстанцінаўны Альшэўскай — паўстагоддзя медыцынскага стажу. Апошнія 35 гадоў яна працуе на ФАПе ў вёсцы Таркачы на Дзятлаўшчыне. Яна і санітарка ўдвух клапоцяцца пра здароўе прыблізна 500 чалавек з дзесяці замацаваных за іх падраздзяленнем вёсак. Самая далёкая — за восем кіламетраў ад ФАПа, куды фельчарка дабіраецца то на ровары, то пешшу.

Пра тое, як жыве і працуе мясцовая супервумэн у белым халаце, якая па сумяшчальніцтву з’яўляецца старастай вёскі, у нашым матэрыяле.

Раіса Канстанцінаўна Альшэўская (Урбан). Нарадзілася ў вёсцы Явар Дзятлаўскага раёна. Ганаровы донар СССР, выдатніца аховы здароўя. Не раз станавілася найлепшай фельчаркай у раёне. Мае званне прапаршчыцы. 

Па вёсках на абцасах

Раісу Канстанцінаўну мы падбіраем па дарозе: яна пешшу вяртаецца з суседняй вёскі Навасёлкі. Там яна штодзённа, раніцай і ўвечары, наведвае 89-гадовую пацыентку з букетам хвароб.

Фельчарка — у спадніцы і на абцасах. Кажа, што сёння абцасы яшчэ невялікія. У больш зручны спартыўны абутак жанчына пераабуваецца, калі перамяшчаецца па акрузе на ровары. Пакуль у яе галоўнага транспарту здзьмуліся колы, ходзіць паміж вёскамі пешшу. А старыя «Жыгулі» даўным-даўно выйшлі з ладу.

«Мне пашанцавала, што я з дзяцінства жвавая. То ў футбол гуляла, то ў валейбол. На спаборніцтвах выступала», — тлумачыць сваю бадзёрасць Раіса.

На адных такіх спаборніцтвах у Наваградку пазнаёмілася з будучым мужам Міколам: яна выступала за каманду медыкаў, ён — калгасную. Пасля знаёмства больш за год ён праводзіў яе да працы і назад у пасёлку Казлоўшчына. Падчас адных такіх провадаў маладыя падалі заяву ў ЗАГС.

Тыповы двухпавярховік на дзве сям’і на вуліцы Новай у Таркачах, дзе цяпер месціцца ФАП, — адзін з тых будынкаў, што ўзводзіліся мужам Раісы. Мікола адвучыўся на інжынера і, парабіўшы па спецыяльнасці, стаў старшынёй мясцовага сельсавета.

Тыповая забудова па вул. Новай у Таркачах. На першым паверсе гэтага дома месціцца ФАП. На другім з 1985 года пачала жыць сям'я Альшэўскіх. Проста за домам — агарод і гаспадарка гаспадыні.

Нягледзячы на досыць прывілеяваны статус сям’і, Альшэўскія ніколі не лічылі сябе элітай. «Ён сваё рабіў, а я сваё. Абое прызвычаіліся, каб усё ад «а» да «я» было. Такія ў нас характары. Можа, таму і рана з жыцця пайшоў Мікалай».

Мужа Раісы не стала 17 год таму: інфаркт. Галоўнай памяццю пра яго, канечне, з’яўляецца дарослы сын Вадзім і вуліца са спраектаванымі дамамі.

Фізкабінет.

На першым паверсе ФАПа, былой кватэры, — фізкабінет, прыёмная, акушэрскі пакой. У папках і картках — поўная «біяграфія» хвароб усіх мясцовых жыхароў. Вось спіс з ліквідатарамі АЭС (такіх тут двое), вось — язвеннікі…

Самы вялікі спіс у журнале — з тымі, хто стаіць на наркалагічным уліку. Сярод распаўсюджаных праблем таксама гіпертанія, «шалёнае» атлусценне (асабліва ў мужчын) і цукроўка.

На другім паверсе жыве сама начальніца ФАПа. У такім размяшчэнні ёсць як свае плюсы, так і мінусы. З аднаго боку — усё пад рукой. З іншага — асабістага жыцця ніякага. Пацыенты могуць завітаць у любы час, няхай гэта 7 раніцы ці 11 ночы.

Па журнале выклікаў бачна, што працоўны час у фельчаркі — гэта не толькі з 9.00 да 18.00. Ён можа пачацца і скончыцца ў любы момант.

Раз на месяц Раіса Канстанцінаўна заходзіць у кожны дом з дзесяці прыналежных ім вёсак і вымярае ўсім запар ціск: «Так я кантралюю працэс крыху. Бачу, хто чым дыхае».

Праўда, падобны клопат падабаецца далёка не кожнаму. Афіцыйныя скаргі на яе не пішуць, але ў вочы могуць нагаварыць усякага. Раіса расказвае, як аднойчы адна з сацыяльна небяспечных сямей, дзе бацькі п’юць, нацкавала на яе міліцыю:

«Там дзіця, а маці п’яная. Я прыйшла да іх, правяла прафілактычную размову і вярталася дадому. А брат той жанчыны ў гэты момант выклікаў міліцыю. Паскардзіўся, што я нібыта прыйшла п’яная, не давала спаць. Дык наша доблесная міліцыя рукі мне заламала і павезла на экспертызу ў раён. У тры гадзіны ночы толькі выпусцілі адтуль».

Жанчына шкадуе тых, з кім жыве побач, і часам дзеля іх шчасця ідзе на ўчынкі, якія разыходзяцца з яе прынцыпамі. Так, нягледзячы на тое, што фельчарка любіць дзяцей, адну з маці ўгаварыла паставіць спіраль: у той другое дзіця нарадзілася, а з алкаголем завязаць так і не атрымалася. Не раз яна спрабавала і паставіць на шлях выпраўлення суіцыднікаў.

«Бывае, што тэлефануюць, паведамляюць: «Вісельнік!» Я ці сама бягом туды, ці на ровары лячу. Ці калі гэта нехта спужаўся і на машыне па мяне прыязджае — сядаю туды і імчым. Калі чалавек яшчэ жывы, выцягваю з пятлі. Накалю яго і дома пакідаю — дрэннай рэкламы не раблю чалавеку дзеля сям’і, дзеля дзяцей. Але калі ўжо сітуацыя кепская, то ў хуткую адпраўляю. Там ужо на ўлік ставяць ці ў псіхіятра, ці ў нарколага», — расказвае спадарыня Альшэўская.

Гісторый за 50 год працы хапала розных. Здаралася, камбайн на ўборцы перакуліцца: пакуль хуткая з Дзятлава даедзе, яна ўжо першую дапамогу аказвае. Згадвае Раіса і самы галоўны анекдот са сваёй прафесійнай практыкі.

«У пачатку 90-х, калі я працавала на машыне хуткай дапамогі, везлі мы цяжарную. Зіма, завіруха, машына захрасла, і жанчына нарадзіла проста ў салоне. Гэта цяпер мы маем у распараджэнні ўкамплектаваныя для родаў сумкі, раней нічога такога не было. Тады шафёр зняў з сябе кашулю, я — халат — у гэта немаўля і спавілі. А чым завязаць? Кіроўцу прыйшлося аддаць свой гальштук. З гэтай гісторыі калегі яшчэ доўга рагаталі.

Працоўны акушэрскі чамадан фельчаркі.

«Я проста адчаёвая»

Раіса расказвае, што жаданне стаць доктаркай прачнулася ў ёй пасля адной імправізаванай хатняй аперацыі. Дзяўчынцы было год 10, іншых сясцёр не было дома, і бабуля нечакана прымусіла дзіця выдаліць новаўтвораную на галаве ліпому. «І я гэта зрабіла! Разрэзала і выціснула з гэтага тлушчака ўсё. Я адчаёвая такая!» Бабулю пасля гэтага, канечне, павезлі ў бальніцу, але азарт да лячэння ў Раісы з’явіўся і больш нікуды не знікаў.

У 14 год яна паступіла ў Жалудоцкую медыцынскую вучэльню. Працаваць пачала, калі яшчэ не было 18-ці. Магла атрымаць і вышэйшую адукацыю, стаць хірургам, напрыклад, бо вельмі любіла дапамагаць падчас аперацый, але неяк не склалася. Працавала і на іншых ФАПах, прымала дзясяткі родаў на дзень, рабіла на хуткай дапамозе.

Гераіня (справа) актыўна брала ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Чытала вершы і была вядучай.

Адзін са сваіх выклікаў яна запомніць на ўсё жыццё…

«Мы прыехалі на выклік: мужчына пасля аварыі. Матацыкліст, збіла машына. Аглядаю яго, змываю кроў з твару. У нейкі момант разумею, што хуткая дапамога патрэбная ўжо мне. Тым мужчынам аказаўся мой бацька! Ён пасля пратрымаўся яшчэ дзён сем, але ўсё ж не перанёс гэтага. Памёр ва ўзросце 52 год», — жанчына і сёння згадвае той дзень са слязьмі на вачах.

Раіса (у цэнтры) расказвае пра аказанне першай дапамогі.

Дарэчы, бацька Раісы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай у Германіі, куды, як і яна, быў выгнаны падчас Другой сусветнай вайны. У 1945 годзе іх вызвалілі, і больш беларус і дзяўчына з Растова не развітваліся. Першы час жылі на яе радзіме, а пазней перабраліся ў вёску Явар, дзе і нарадзілася наша гераіня.

Пакуль фельчарка ўсё гэта нам расказвае, у яе бесперапынна звоніць то працоўны, то мабільны тэлефон.

«Ой, я адрывацца буду, вы ўвагі не звяртайце. Гэтаму канца не будзе: таму плоха, іншаму харашо. А сотавы як дасі аднаму — дык усе ж хутка ведаюць. «Райка, мне плоха!» — і Райка ідзе».

Наведваем разам маладую сям'ю навасёлаў, Раіса Канстанцінаўна кантралюе, каб прышчэпкі для дзіцяці былі зробленыя своечасова.

Сёння ў яе паводле плана — некалькі нетэрміновых выклікаў, абыходы і наведванне дзіцячага лагера. Людзей у вёсцы хоць і становіцца менш, колькасць тэлефонных званкоў не змяншаецца: усё ж асноўная колькасць жыхароў — пенсіянеры (каля 13 чалавек — старэйшыя за 90 год). Яны, вядома, хварэюць часцей.

Раіса правярае настрой дзяцей у летніку. Зусім нядаўна ў Таркачах функцыянавала сярэдняя школа, цяпер працуе толькі базавая. 

Яна б даўно магла «адпачываць» на пенсіі, але нават не ўяўляе, што на ёй рабіць: калі летам яшчэ можна сысці ў лес, то зімой што?

«Калі шкадуеш людзей і любіш сваю прафесію, то і будзеш працаваць. Праўда, у канцы ліпеня ў мяне заканчваецца кантракт. Як моладзь прыйдзе, трэба сыходзіць, што ж зробіш. Хопіць з мяне узнагарод і званняў», — кажа Раіса Канстанцінаўна.

Але відавочна, што для старэйшага пакалення яна, як і была, так і застанецца галоўнай выратавальніцай.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Centurion / Адказаць 05.07.2018 / 13:59

Таксама прыемны рэпартаж пра адданага працы чалавека і патрыёта.

0
хамса / Адказаць 05.07.2018 / 14:50

разумная, добрая («Калі шкадуеш людзей і любіш сваю прафесію..») прыгожая, станістая жанчына.. па вёсках на абцасах.. я б так не змагла)

0
Святлана / Адказаць 05.07.2018 / 15:33

Дзякуй Богу, што ёсць такія медыкі! Здароўя Вам, шаноўная, і доўгіх гадоў жыцця

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні