Праект партала
Гісторыі «Калі б мы паводзілі сябе як Femen, пра нас гаварылі б больш». Гісторык Ніна Стужынская пра 20-годдзе Жаночай лігі18
29.06.2018 / 08:07

30 чэрвеня грамадскаму аб'яднанню «Беларуская жаночая ліга» споўнілася 20 год. Узрост для жаночай арганізацыі салідны, але што мы ведаем пра яе дзейнасць? Што карыснага аб'яднанне зрабіла для Беларусі? Для многіх такія пытанні будуць цалкам лагічнымі.

Адказаць на іх мы папрасілі заснавальніцу Лігі, гісторыка Ніну Стужынскую. А заадно закранулі ў гутарцы жаночыя, а значыць і грамадскія праблемы.

Як усё пачыналася?

1998 год, устаноўчае мерапрыемства… Бум стварэння новых жаночых кам’юніці ўжо прайшоў, але ўсё адно назбіралася цэлая група з тых, каму падабалася ідэя сваёй арганізацыі.

У першы склад Лігі ўвайшлі актывісткі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, жонкі яе актывістаў, каляжанкі з Інстытута гісторыі АН Беларусі і іншыя жанчыны, якім былі блізкія каштоўнасці сацыяльнай дэмакратыі.

Актывісткі Лігі.

«У 90-я гады была надзея, што ўсё хутка зменіцца да лепшага. Я памятаю сваю эйфарыю, жаданне нешта рабіць. Вы не ўяўляеце, колькі тады было жаночых арганізацый і ініцыятыў — дзясяткі», — згадвае Ніна Стужынская.

Ніна Стужынская, гісторык, заснавальніца Жаночай Лігі.

Першаснай мэтай спадарыні Ніны з аднадумцамі было сабраць актыўных беларусак у адно кола і кінуць іх сілы на працу ў сацыяльна-эканамічнай галіне. «Я заўсёды прасоўвала думку, што жанчына павінна быць гаспадыняй не толькі сваёй хаты і гаспадаркі, але і вялікага нацыянальнага дома. Наконт мужчын у гэтай ролі ў мяне склаўся пэўны скепсіс: па сваёй вёсцы Пятрышкі (Мінскі раён) бачу, што 9 з 10 сямей трымаюцца менавіта на моцнай жанчыне. Я верыла і працягваю верыць у тое, што калі жанчыны будуць актыўнымі па-за межамі дома, жыццё вакол палепшыцца», — расказвае пра задачы лігі заснавальніца.

Па ўсёй Беларусі ствараліся філіялы аб’яднання. Афіцыйныя прадстаўніцтвы працавалі ў 18 гарадах, агульны склад актывістак налічваў каля тысячы чалавек.

Пасля ўстаноўчага сходу.

Улічваючы, што многія ўдзельніцы арганізацыі працавалі ў Інстытутце гісторыі, яе дзейнасць стартавала менавіта з гістарычнай тэмы, «не браліся за тое, пра што не мелі ўяўлення». Была запушчаная двухгадовая кампанія «Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў ХХ стагоддзі», на аснове ўспамінаў узнікаў сталінскіх лагераў была выдадзеная кніжка «Боль людская» і іншыя. Выстава «Беларускі рэзістанс» нагадала пра герояў вызваленчага нацыянальнага руху. У межах праекта «Чужы, але не далёкі досвед» Жаночая Ліга папулярызавала імёны вядомых жанчын-палітыкаў кшталту Мадлейн Олбрайт ці Ангелы Меркель, расказвала пра іх у рэгіёнах, каб нагадаць, якімі самастойнымі і моцнымі могуць быць жанчыны.

Адна з выстаў Лігі.

Падчас выбараў 2006 года актывісткі Лігі збіралі партрэты дзяўчат, якія разам з іншымі пратэставалі на Плошчы ў палатках.

Мітынг у Слуцку, 2000-я.

Гендар быў адной з важных тэм Лігі на працягу ўсіх 20 год існавання: яны заўсёды імкнуліся больш пісаць пра жанчын і іх ролю ў беларускай гісторыі (напрыклад, як крута, што сярод тых, хто падпісваў дакументы пра стварэнне БНР, была адзіная жанчына Палута Бадунова: яе подпіс стаіць на Статутных граматах БНР).

Актывісткі Лігі даводзілі беларускам, што аддаваць 80 адсоткаў свайго жыцця каханаму — гэта, часцей за ўсё, правальны сцэнарый. Куды больш важна быць самастойнай і незалежнай.

Апошнім важным праектам арганізацыі стала кампанія «Разам супраць раку малочнай залозы», у межах якога прайшло шмат лекцый, сумесных канферэнцый і майстар-класаў для хворых на рак і іх блізкіх.

«Вы яшчэ жывыя?»

Спадарыня Ніна згадвае, як нядаўна адна з журналістак пасля прапановы пасупрацоўнічаць здзіўлена запыталася ў яе: «Ліга? Дык вы яшчэ жывыя?».

Ліга жыве. Канечне, сёння замест 18 пунктаў працы яна мае ўсяго 5 актыўных (Мінск і вобласць, Верхнядзвінск, Орша, Віцебск, Бабруйск, Светлагорск), але справа робіцца.

Праўда, нямала было згублена праз непрысутнасць арганізацыі ў інтэрнэце: Ліга не мела ні сацсетак, ні ўласнага сайта, каб расказваць пра сваю дзейнасць усім ахвотным. Спадарыня Ніна прызнае, што з гэтым у іх прабел, і літаральна зараз вядзецца праца над стварэннем уласнай старонкі ў байнэце, з усімі архівамі і кантактнымі дадзенымі.

Але на парадзенне шэрагаў паўплывалі і іншыя фактары. Сярод астатніх заснавальніца называе тое, што першапачаткова Ліга знаходзілася ў складзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). У нулявых партыю напаткалі скандалы, разборкі і, у рэшце рэшт, раскол. Радзела партыя, а за ёй і Ліга. Акрамя таго, грамадская дзейнасць моцна камерцыялізавалася: працаваць выключна за ідэю могуць дазволіць сабе толькі адзінкі. Акрамя гэтага, змяніўся настрой і ў грамадстве: калі ў 90-я ён быў натхнёны, рамантычны, з марамі і планамі, то цяпер гэта ўсё знікла. «Мы вярнуліся ў балотнае постсаўковае існаванне. Людзі сыходзяць з палітыкі і грамадскай дзейнасці, бо не бачаць перспектыў. Добра, што хаця б не ўсе з’язджаюць з краіны», — лічыць Ніна Стужынская.

Што далей?

Нягледзячы на складанасці з кадрамі, Ліга ўжо вызначылася, з якой тэмай (разам з працягам лячэння рака малочнай залозы) таксама збіраецца актыўна працаваць. Яна тычыцца мясцовага самакіравання.

«Якія б лічбы пра сярэдні заробак нам не даводзілі, беларусы, асабліва ў правінцыі, зарабляюць усё менш. І яны пачынаюць лічыць свае грошы больш уважліва: куды і навошта ідуць нашы падаткі? Раз у нас бясплатныя медыцына і адукацыя, чаму да вузкіх спецыялістаў у бальніцы не патрапіць, а ў школах і садках вечныя паборы? Нядаўна сутыкнуліся з тым, што знаёмыя хацелі ўладкаваць сына ў дзіцячы садок, дык ім сказалі спачатку купіць плітку і наняць майстра, каб адрамантаваць там прыбіральню. І такіх гісторый дзясяткі, проста людзі ці баяцца іх агучваць, ці прызвычаіліся, што паборы — гэта норма. Мы хочам зрабіць так, каб гэтыя праблемы загучалі. Людзі павінны зразумець: калі ты не цікавішся сваім жыццём, то ім зацікавяцца іншыя, асабліва тваім кашальком», — разважае Ніна Стужынская.

З тым жа гендарам працы таксама непачаты край. На думку ўдзельніц Лігі, хоць сёння гэтая тэма і гучыць часцей, чым раней, але ўсё адно застаецца цікаўнасцю вузкіх колаў.

«Звычайных жанчын слова «гендар» палохае, але на самой справе яно ж пра жыццё. Гэта інструмент, які дае выдатную магчымасць даць цвярозую ацэнку свайму жыццю, пераацаніць многія рэчы. Без гендара нам не вырашыць праблемы гвалту ў сям’і, працаўладкавання, здароўя і шмат іншых», — лічаць у Лізе.

Не знікнуць з памяці

Прадстаўніцтва Жаночай Лігі да гэтага часу не адмаўляецца ад ідэі перафарматавання ў жаночую партыю. У бліжэйшы час у арганізацыі зменіцца і кіраўніцтва, але ідэалы застануцца тымі ж.

«Канечне, калі б мы як Femen раскідвалі грудзі направа і налева і такім чынам заяўлялі пра сябе, пра нас бы чулі і пісалі куды больш. Але мы працуем з тэмай цялеснасці інакш: папулярызуем здаровыя адносіны да сваёй грудзі ў жанчын і заклікаем часцей наведваць мамолагаў», — кажа спадарыня Стужынская.

Сама яна хацела б сысці з пасады лідаркі і больш шчыльна заняцца стварэннем жаночага лобі, а таксама паглыбіцца ў напісанне кніжкі пра гісторыю антысавецкага супраціву ў міжваенны час на аснове новых крыніц. Галоўнае, на што яна спадзяецца, што здабыткі Лігі не знікнуць бясследна, як сталася са многімі іншымі жаночымі арганізацыямі. Каб, калі нехта з маладых дзяўчат у будучыні будзе ствараць уласную структуру, то яны хаця б ведалі, што да іх рабілі Беларуская Жаночая Ліга, Жаночы Фонд імя Еўфрасінні Полацкай, Жаночы незалежны дэмакратычны рух, Адраджэнне Айчыны, Беларуская арганізацыя працоўных жанчын і іншыя, а не проста пустыня і выпаленае поле…

 

Архіўнае.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай і з архіваў Лігі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні