Праект партала
Гісторыі Маладзечанская школьніца, якая сустрэла выпускны ў інвалідным вазку: Буду паступаць на праграміста! А на ЦТ я выбрала беларускую мову11
12.06.2018 / 17:03

10 чэрвеня 18-гадовая Ксюша Карніловіч з Маладзечна правяла апошні дзень у сваёй роднай 8-й школе. Праўда, наведваць яе, як астатнія дзеці, яна не змагла: Аксана нарадзілася са спіннамазгавой грыжай.

У 18.00 у школе №8 пачыналася ўрачыстае ўручэнне атэстатаў. Мы сустрэліся з Ксюшай за 20 хвілін да пачатку мерапрыемства, каб распытаць пра школу і планы на дарослае жыццё пасля яе.

Аксана Карніловіч на ўрачыстасці ў Амфітэатры.

На нефармальнае святкаванне выпускнога дзяўчына не пайшла.

«Дорага вельмі на стол і музыкаў было скідвацца. Ды і далёка не ўсе аднакласнікі захацелі», — прызнаецца Ксюша. У дзяўчыны доўгая каса, ледзь не да пояса, ружовая сукенка ў падлогу, лёгкі макіяж.

«Сукенку адмыслова выбірала доўгую і прамую. Каб закрыць ногі ў інвалідным вазку», — шчыра прызнаецца выпускніца.

Дзяўчына расказвае, як праходзіла падрыхтоўка да вечара.

«Прачнулася а 9-й раніцы. І да пяці гадзін цалкам паспела сабрацца. Прычоску і манікюр рабіла мама, з макіяжам дапамагла сяброўка. Сукенку купілі загадзя ў сэканд-хэндзе. Іншых колераў там не было, але, каб у мяне быў выбар, я б выбрала сінюю сукенку. Гэта мой любімы колер».

Ксюша ў фае сядзіць не адна, побач — аднакласніцы-сяброўкі. Абмяркоўваюць строі.

Намесніца дырэктара школы Людміла Макарэвіч заўважае: «А Ксюша ніколі не бывае пакінутая. Яна ўмее вакол сябе сабраць розных людзей».

«Я не ўсіх сваіх аднакласнікаў ведаю, — кажа Ксюша. — Усе 11 гадоў была на хатнім навучанні. А ў школу не хадзіла толькі таму, што тут няма ніякіх умоў. Дурацкі «безбар’ерны асяродак». Гэта так называецца».

Пандусам ганак школы абсталяваны, сапраўды. Але дзяўчына ў інвалідным вазку кажа, што гэта нічога не значыць.

«А бардзюры? А лесвіцы?». У актававую залу школы таксама вядуць некалькі прыступак.

Намесніца дырэктара кліча Ксюшыных аднакласнікаў, каб тыя дапамаглі падняць вазок наверх.

«Я адна амаль не гуляю па тых самых прычынах. Хто мяне падыме на бардзюр? У новай краме, што не так даўно пабудавалі побач з маім домам, зрабілі цудоўны пандус. Я магу на яго без праблем заехаць. А вось дабрацца да таго месца не магу».

Да размовы далучаецца сяброўка Ксюшы Вікторыя.

— Ксюх, а памятаеш, як мы пайшлі гуляць, і я цябе завезла ў пясок?

— Так, фітнэс тады быў і для цябе, і для мяне, — смяюцца дзяўчаты.

У актавай зале Аксана сядзіць у першым шэрагу побач са сваёй класнай кіраўніцай. Калі атэстат уручаюць ёй, дырэктар спускаецца са сцэны, нахіляецца над Аксанай, віншуе.

«Сярэдні бал у мяне амаль 8,5. Толькі дзве сямёркі: па матэматыцы і англійскай мове. Шчыра кажучы, у 11 класе мяне настаўнікі не засаджвалі. Ставілі і 8, і 9. Наперадзе ЦТ, вось дзе жах».

Для цэнтралізаванага тэставання Ксюша выбрала здаваць беларускую мову, матэматыку, фізіку і англійскую мову.

«Фізіку я хоць і не люблю, але, каб паступіць на праграміста, яе трэба здаць. Чаму на праграміста? Ну а куды яшчэ? Праграмістам я змагу працаваць дома. Ды і з кампамі з першага класа знаёмая».

Аксана вядзе свой ютуб-канал, дзе расказвае пра свае захапленні. Пра працы з бісеру і скуры, якія зрабіла сваімі рукамі. Расказвае, якое кіно паглядзела.

«Нешта я закінула свой канал апошнім часам. Трэба падумаць, чым я хачу старонку запаўняць. Занялася касметыкай. Мне гэта цікава, ды і грошы якія-ніякія. Восенню адновяцца трэніроўкі па фехтаванні».

Пасля ўручэння атэстатаў 11-класнікам раздаюць паветраныя шары і ўсіх збіраюць ля выхаду.

«Абы дажджу не было», — кажа Аксана і жмурыцца ад сонца.

Пакуль мама Аксаны хвалюецца, як дабяруцца да цэнтра, бо там жа паўсюль бардзюры, Ксенін вазок падхоплівае аднакласніца Віка.

«Мы сябруем з 8 класа, — кажа Віка. — З Ксюшай вельмі лёгка. Яна добрая і вельмі цікавая. Думаю, што абавязкова будзем сустракацца пасля заканчэння школы. На вечары сустрэч будзем прыходзіць».

На шляху — прыступкі.

«Ягор!». Гэта кліча Віка, і да Ксюшы падыходзіць хлопец, які падхоплівае разам з яшчэ з адным аднакласнікам вазок і падымае на прыступкі».

«Адчуваю сябе прынцэсай. Якую падымаюць разам з тронам».

На пытанне, які самы доўгачаканы момант дня, Ксюша адкажа:

«Усё ж уручэнне атэстатаў. Усё. Далей сама. Без школы, без урокаў, без штодзённых наведванняў настаўнікаў. Я не асабліва сентыментальная, але на сваім апошнім званку плакала. Ды і сёння не магу вызначыцца з пачуццямі. Мне больш радасна ці сумна?».

Наталля Тур, фота аўтаркі і Анатоля Сысоева

Каментары
Клара, якая скрала каралы / Адказаць 11.06.2018 / 17:51

Чароўная Ксюша, няхай у цябе ўсё атрымаецца!

1
Няхай шчасьціць! / Адказаць 11.06.2018 / 18:35

Выдатна паказаная "безбар'ернасьць". Такіх артыкулаў трэба больш, каб людзі бачылі праблему. Бо вельмі цяжка некуды патрапіць нават калі ты здаровы і пры сабе ў цябе ўсяго толькі немаўля ў калясцы. Праз паўсюдныя паўмятровыя бардзюры і прыступкі без пандусаў нават ня кожную вуліцу пяройдзеш, з пад'ёзду спусьціцца цяжка, падземныя пераходы, метро нярэдка недасягальныя. Яшчэ б добра, каб тыя, хто робіць пандусы перад тым як здаць гатовы аб'ект, самі б па іх пазьяжджалі і пападымаліся некалькі разоў. Бо часам такое ўражаньне, што будавалі людзі без элементарнага веданьня законаў фізікі і без яўленьня аб фізічных магчымасьцях тых, хто будзе карыстацца тым пандусам далей. У нас побач з домам пабудавалі пандус да крамы. Фактычна пандус ёсьць, але ён пад ухілам у 70 градусаў -- хіба гэта ня здзек над немаўлятамі ды інвалідамі?!

0
Сяргей / Адказаць 11.06.2018 / 19:41

Шчасця табе, поспехаў ва ўсім, хай табе адкрыюцца магчымасці, а перашкоды адольваюцца хутка. Дай, Божа, табе і тваёй сям'і.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні