Праект газеты
Рост Яна сказала «Даволі!». Восем фемінісцкіх стужак, якія дазволяць паглядзець на жаночыя праблемы з іншага ракурсу15
08.06.2018 / 15:19

Фемінізм яшчэ не перамог, і жаданая роўнасць пакуль толькі дражніцца частковымі саступкамі. Адзін з доказаў — тое, што некаторыя адметныя фільмы, знятыя жанчынамі, толькі нядаўна былі «адкрытыя» наноў. Іншыя ж дагэтуль лічацца зніклымі ці даступныя выключна ў архівах. Што да ўласна фемінісцкіх фільмаў, то яны адмаўляюцца ад ілжывай універсальнасці і паказваюць падзеі з жаночага гледзішча, ставяць пад пытанне звыклае і адмаўляюцца ад зручных цэтлікаў (так, часам яны адмаўляюцца і называцца фемінісцкімі). Але галоўнае — гэтыя фільмы даюць доступ да іншага спосабу ўспрымання рэчаіснасці, новага спектру пачуццяў. Добрага прагляду.

Шчасце / Le Bonheur

Аньес Варда, 1965 год

Зняты напярэдадні неспакойнага, рамантычнага мая 1968 года, фільм «Шчасце» Аньес Варда прысвячае свайму мужу. Героі Тэрэза і Франсуа любяць сваіх дзяцей, а тыя ў адказ зручна засынаюць ледзь не штораз, як бацькам хочацца крыху пагарэзнічаць. Тэрэце пашчасціла, бо яе муж сумленны чалавек: хоць ён і знаходзіць сабе каханку, але адразу ж расказвае жонцы і супакойвае яе, што па-ранейшаму любіць, што ў іх усё застанецца па-ранейшаму. Ці нешта ўсё ж змянілася?

Цяжка сказаць, адлюстроўвае фільм сапраўдную сямейную ідылію жыцця ў правінцыі альбо паказвае зацішша перад навальніцай. А можа быць, гэтыя псеўдапастаральныя сцэнкі ўжо і ёсць рэвалюцыя, якую мы не заўважаем, залюляныя звыклымі вобразамі «шчасця»?

Стакроткі / Sedmikrásky

Вера Хіцілава, 1966 год

Анархічная, мудрая і інфантыльная, поўная жыцця і паняверкі стужка была знятая на дзяржаўнай студыі, але па завяршэнні адразу ж адпраўленая на паліцу аж на дзесяць гадоў. Нядзіва: за буяннем колераў і вясёлымі круцельствамі дзвюх сябровак лёгка не заўважыць ненавязлівыя павучанні.

Калі ж адна Марыя запытваецца ў другой, як тая можа быць упэўненая, што існуе, раз у яе няма працы і рэгістрацыі, знікаюць апошнія сумневы: перад намі радасна-нігілістычны гімн дармаедам.

Вуліца Хестэр / Hester Street

Джаан Міклін Сільвер, 1975 год

Амаль беларускі фільм: аўтарам экранізаванай Джаан кніжкі быў Аўром Каган, беларускі габрэй-сацыяліст, якому давялося ўцячы ў ЗША ад пераследу царскіх жандараў. Стужка распавядае пра жыццё габрэйскай сям'і і спробы эмігрантаў атабарыцца ў Новым свеце.

Адрозненне ад рамана — у перамяшчэнні акцэнту на думкі і пачуцці жонкі, якая найбольш востра адчувае дваістасць свайго становішча. Нечакана для неабачлівых бізнэсоўцаў фільм стаў паспяховым у амерыканскім пракаце, але гэта толькі справядліва, бо ў ім няма ніводнай фальшывай ноты, і кожны чалавек калі-нікалі адчувае сябе не на сваім месцы.

Піяніна / The Piano

Джэйн Кэмпіян, 1993 год

Цяпер Джэйн Кэмпіян працуе над адным з найлепшых серыялаў і верыць у тэлебачанне, але ў 90-я зняла тры вялікія кінастужкі. Гэтая гісторыя пра Аду Макграт, якую разам з дачкой прадаюць у шлюб у Новую Зеландыю, адна з іх.

Змушаная эмігрантка размаўляе з дапамогай музыкі (далікатная, але экспрэсіўная праца Майкла Наймана), не можа паразумецца з мужам і неўзабаве ўвязваецца ў небяспечныя стасункі. Бадай што самы эратычны фільм у гэтым спісе.

Малако смутку / La teta asustada

Клаўдзія Льёса, 2009 год

Усё пачынаецца з бабулі, што спявае ўнучцы апошнюю песню, у якой яна распавядае дачцэ Фаўсце, як яе згвалцілі, а яе мужа забілі. Фаўста нарадзілася пасля гэтых масавых згвалтаванняў, часу сутычак паміж перуанскімі радыкаламі і ўрадавымі войскамі. І каб пазбегнуць падобнага лёсу, прыладжвае ва ўласную вагіну бульбіну. Гэты жудасны пачатак не робіцца лёгкай камедыяй, але магічны рэалізм Льёсы дае ёй магчымасць праўдзіва распавесці пра гістарычныя і асабістыя траўмы, памяць і сувязь чалавека і прыроды.

Каменне ў маіх кішэнях / Rocks In My Pockets

Сігне Баўманэ, 2014 год

Калісьці латвійская бабуля рэжысёркі была найлепшай вучaніцай у сваёй школцы, але як хацела ўтапіцца, дык не дадумалася набраць камення ў кішэні. Сігне разумнейшая і разлічыла, што калі збярэцца засіліцца, дык набудзе памперсы для дарослых, бо ўсім вядома, што здараецца пасля смерці ў такой сітуацыі.

Але распавядаць яна будзе не столькі пра сваю абачлівасць, колькі пра гісторыю сям'і, дзе знайшлося месца некалькім абвяшчэнням незалежнасці, немцам і савецкім партызанам, менапаўзе ды іншым няшчасцям. Гэта анімацыйная дакументальная стужка хоць і менш вядомая за папулярны «Персепаліс», але ні ў чым яму не саступае.

Вечарына / The Party

Салі Потэр, 2017 год

Трагікамедыя нораваў, дзе «сябры» збіраюцца, каб адзначыць узыходжанне палітычнай зоркі, будучай міністаркі, і асабістае з палітычным аказваюцца звязаныя вельмі літаральна, а какаін і пісталет наўрад ці лепшыя сродкі для разрадкі агульнай напружанасці што ў элітным лонданскім доме, што дзе-кольвечы яшчэ. Нават тыя, хто верыць у мірнае суіснаванне і кампрамісы, гэтым вечарам прыкладуць усе намаганні, каб зрабіць жыццё іншых невыносным. Найбольш вядомая экранізацыяй «Арланда» Потэр, дарэчы, крыху адышла ад фемінісцкага актывізму часоў сваёй маладосці, але не страціла таленту да стварэння дасціпных гісторый.

Дзіва-жанчына / Wonder Woman

Пэці Джэнкінс, 2017 год

Адзін з самых паспяховых супергеройскіх фільмаў апошняга часу і добры ўзор таго, што замена мужчыны на жанчыну ў традыцыйна маскулінным сюжэце рэдка атрымліваецца чыста касметычнай. Так, калі Супермэн ці Бэтмэн ёсць рамантычнымі героямі, якія змагаюцца са злом насуперак усяму свету, то гераіня Гадот больш уважлівая да іншых і не мае нічога супраць супольнай працы (розніца яшчэ лепш бачная ў яе каляжанкі Супергёрл). Нарэшце, гэта папросту талковы дынамічны экшн, няхай сабе і сапсаваны крыху празмерным меладраматызмам фінальнай часткі. Гэтая амазонка ўжо вярталася пасля свайго першага сольнага выхаду і абяцала вярнуцца яшчэ.

Максім Карпіцкі

Каментары
Cherry / Адказаць 08.06.2018 / 22:54

Интересная подборка.Из нее только пару фильмов смотрела.Спасибо за наводку,да еще со ссылками.

4
Марыля / Адказаць 08.06.2018 / 23:32

усе зацікавілі, акрамя апошняга. дзякуй!

5
Туш / Адказаць 09.06.2018 / 00:07

Піаніна супер фільм, але апошні Цуда-Жанчына - вельмі няўдалы, я лічу. Ён няўдалы менавіта сваім празмерным Фемі, бо жанчына тут уяўляецца гіпертрафанай істотай, якая рвет і мечет, ня здольнай на каханне, якой каханне не патрэбнае, і ўвогуле яна з выспы амазонак жанчын. Дзіўны атрымаўся бы сюжэт, калі б Супермэн быў з планеты мужчын без жанчын. На мой погляд, калі ўжо паказваць моцную жанчыну ў поп культуры, то гэта павінна быць Царыца з нядаўняга экшэна 300 Спартанцаў. Вось гэта сапраўды баба - агонь, прычым вобраз з рэальнасці, бо такіх жанчын шмат нават побач з намі.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні