Праект партала
Густ «Або ты працуеш, або жывеш у крэдыт. Я абраў першы варыянт». Дызайнер Яўген Бычкоўскі пра Баранавічы, плагіят і жыццё анлайн 23
07.06.2018 / 07:07

Яўген Бычкоўскі — адзін з самых папулярных беларускіх дызайнераў сумак, заплечнікаў і аксэсуараў. У яго тысячы падпісантаў у розных сацсетках, свае крамы і вялікая каманда падначаленых. Пры ўсім гэтым хлопцу з Баранавічаў толькі 24 гады.

Нядаўна ў Яўгена запусцілася і ўласная лінейка адзення. З гэтай нагоды мы наведалі яго ў родным горадзе і распыталі пра планы на будучыню.

Касцюмы з новай калекцыі адзення дызайнера.

Пасля таго, як Яўген развітаецца з намі, ён заедзе ў офіс, дзе ствараюцца новыя рэчы і генеруюцца ідэі. Здобрыць гэта дзясяткам сторыс у інстаграме, дадасць у стужку некалькі фота з юнымі прыхільніцамі, якія адзначылі яго на сумесных фота цягам дня, сустрэнецца з некалькімі патрэбнымі людзьмі. Для сяброў часу не будзе ізноў…

На вуліцы ў Баранавічах з Яўгенам з задавальненнем фатаграфуюцца.

«Калі ў цябе няма часу тусавацца з сябрамі, ты ў любым выпадку будзеш для іх мудаком. Але трэба разумець: або я працую, каб потым мець час на прыемнасці, або жыву ў крэдыт. Я выбраў першы варыянт». 

У свае 24 гады Яўген мае ўласны брэнд, кіруе сваёй кампаніяй.

«І ўсе мае цікавасці на дадзеным этапе падпарадкаваныя працы. Мне, на жаль, бракуе часу на адпачынак, не хапае часу чытаць нейкую мастацкую літаратуру. Гэта як купіць пыласос і пры гэтым чытаць Тургенева. Чытаць трэба інструкцыю да пыласоса! Ведаеце, як страшна было наймаць на працу першых людзей?».

А пачыналася ўсё з партфеля, зробленага са старых джынсаў, і ўгаворванняў сяброў, што Яўген пашые ім нейкую рэч, калі сябры дадуць 50 капеек на фурнітуру.

Першы свой партфель Яўген аддаў сябру, а ён, у сваю чаргу, перадарыў сваёй сяброўцы.

«А яна, відаць, не моцна на мяне ставіла, бо, наколькі я ведаю, проста выкінула тую рэч».

Магчыма, дзяўчына паспяшалася гэта зрабіць, бо ў магазіне Яўгена сёння за шклом стаіць першая сумка, якую калісьці прадаў малады дызайнер.

Уласны магазін у цэнтры Яўген адкрыў у лістападзе мінулага года.

«Мы доўга яго адкрывалі, прадумывалі інтэр’ер, я прыцягнуў сюды сваю старую машынку, сапраўдныя фота за працай. І сёння я магу сказаць, што шчаслівы, бо магу ўсім гэтым займацца».

Сумка ад дызайнера BYCKOVSKI каштуе 140-180 рублёў.

Пакуль мы знаходзімся ў магазіне, у краму заходзіць жанчына, якой было дастаткова 30 секунд, каб паглядзець на першы цэннік і з абурэннем выйсці на вуліцу: «Каму патрэбныя гэтыя сумкі за паўтара мільёна?».

«Я разумею гэтую жанчыну. Для яе гэта проста сумка. А я не прадаю проста сумкі. Я расказваю сваю гісторыю. Я ведаю шмат выпадкаў, калі людзі, дзякуючы маім рэчам, знаёміліся, сустракаліся. Продаж сумкі — гэта бартар. Людзі мне грошы — я ім чарговую дзівосную гісторыю, якая можа здарыцца толькі тады, калі чалавек набудзе рэч з надпісам BYCKOVSKI».

Пытаюся: «Адкуль у вас адразу была ўпэўненасць, што тое, што вы шыеце, будзе падабацца жанчынам?».

«Я проста гэта ведаю, і ўсё. Ёсць жа ў свеце рэчы, прыгажосць каторых не трэба тлумачыць. Дарэчы, вы заўважылі, што на сваёй старонцы ў інстаграме я не прадаю рэчы? І актыўнасць у сацсетках мая менавіта такая: «Гэты хлопец здымае прыкольнае відэа, і сам ён прыкольны». Людзі бачаць, што я вясёлы і робяць выснову, што сумкі ў мяне таксама класныя. Ну і каму я буду цікавы як дызайнер, калі не буду актыўным у сацыяльных сетках?».

Аднак адкрытасць у сеціве сыграла з Яўгенам злы жарт.

«Я рыхтаваў калабарацыю: брэнд «Бычкоўскі» і брэнд аднаго абутку. Расказваў пра гэта на сваёй старонцы. Здымалі відэа з фабрыкі, дзе шыўся гэты абутак. І адна фірма аддзення проста ўзяла гатовую ідэю і зрабіла сваё. А ў мяне на складзе да гэтага захоўваюцца прататыпы таго абутку. Ну што ж зробіш? Буду працаваць над нечым іншым. І зрабіў выснову, што не трэба ўсім дзяліцца ў сеціве».

Праўда, выснова не ўсім дзяліцца з падпісантамі ў інстаграме не распаўсюджваецца на асабістае жыццё Яўгена і яго жонкі Рыты. Кожны дзень падпісанты Яўгена (а іх больш за 14 000 чалавек) назіраюць, чым жыве маладая пара і іх котка.

Яўген з жонкай Рытай.

«Рыта — самая лепшая жонка на свеце. Яна разумніца. Рыта паслухмяная. А паслухмянасць не бывае без 100% даверу. Яна давярае мне, я ёй».

Калі пара ажанілася, маладыя былі знаёмыя паміж сабой менш за месяц.

«Калі я зразумеў, што кахаю Рыту, то сказаў, што ў мяне няма часу займацца глупствамі кшталту спатканняў, уздыхаў і гэтак далей. «Рыта, кажу я ёй, трэба хутчэй ажаніцца, таму што ў мяне куча іншых спраў. І калі ў цябе такое ж пачуццё, давай закрываць пытанне».

Здавалася б, да чаго яшчэ імкнуцца: прыгажуня-жонка, паспяховы бізнэс, папулярнасць…

«Калі цябе ведаюць у Баранавічах, гэта не папулярнасць. Што далей? Імкнуцца быць лепшым за сябе. Таму я пахудзеў на 60 кілаграмаў і працягваю гэты працэс».

Дызайнер «да» і «пасля».

Пяць «нязручных» пытанняў дызайнеру Бычкоўскаму

«Ніна»: Ці праўда, што вы рэчы са скуразамяняльнікаў прадаеце пад выглядам скураных?

— Вы што! Гэта было б не проста неэтычным, а нават злачынным дзеяннем! Калі чалавек замаўляе ў мяне рэч са скуры, мы шыем скураную. Калі просіць з замяняльніка, то і атрымоўвае адпаведную рэч. Ніякіх хітрыкаў. Усё адкрыта.

«Ніна»: Злыя языкі сцвярджаюць, што вы кралі ідэі для сваіх прац у іншых дызайнераў?

— Гэтыя злыя языкі так гаварылі ў 2013 годзе. З таго часу прайшло ўжо пяць гадоў. Усе мае працы ў інтэрнэце. Адкрывайце, параўноўваеце, звярайце дату выхада маёй сумкі і сумкі іншага дызайнера. Усё проста. А калі мы чымсьці і падобныя з некім, то тым, што замаўляем матэрыялы ў адным і тым жа месцы.

«Ніна»: Ці праўда, што вы ў сацыяльных сетках выдаляеце дрэнныя водгукі пра вашы вырабы?

— Так. Таму што акрамя аднаго-двух чалавек, якім сапраўды нешта не спадабалася, такія водгукі пішуць «добразычліўцы». А такія правакацыі псуюць рэпутацыю.

«Ніна»: Ці праўда, што ў вас накручаныя падпісчыкі у сацыяльных сетках?

— Што??? Ды як вы такое маглі запытацца?! У мяне 100 тысяч падпісчыкаў у «Інстаграме» і 150 тысяч ва «Укантакце». І ўсе яны сапраўдныя! Калі б вы хацелі мяне падлавіць на нечым, трэба было правесці ўласнае расследванне і запытацца ў мяне пра яго вынікі. Наадварот, я выдаляю «ботаў». Бо продажы робяцца з якаснай аўдыторыі. Накручаныя падпісчыкі, лухта якая…

«Ніна»: Колькасць праданых вамі рэчаў лічацца сотнямі, тысячамі ці дзясяткамі тысяч?

— Я не буду адказваць на гэта пытанне. Я аднойчы раскрыў лічбу, і мне гэта вылезла бокам. Шукайце людзей, якія носяць брэнд Бычкоўскі. Лічыце. Не, ну накручаныя падпісчыкі! Вы спыталіся, а мне цяпер паўдні перажывай, што ёсць людзі, якія сапраўды так думаюць.

Наталля Тур, фота аўтаркі і з архіваў героя

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні