Праект партала
Рост Стужынская, Канапацкая, Кавалькова і Хоміч разважаюць, чаму ў беларускай палітыцы так мала актыўных жанчын і што з гэтым рабіць20
31.05.2018 / 09:50

Нягледзячы на тое, што ў беларускім парламенце прадстаўленая рэкордная для краін ЕАЭС колькасць жанчын — 33%, а высокія дзяржаўныя пасады займаюць, напрыклад, Наталля Качанава і Марыяна Шчоткіна, палітычная вага жанчын у Беларусі мінімальная.

Падзяліцца сваім меркаваннем наконт гэтай сітуацыі і расказаць пра ўласны палітычны шлях мы папрасілі чатырох жанчын ад апазіцыі.

Ніна Стужынская, старшыня Беларускай жаночай лігі:

У палітыку трапіла ў 1990-я гады, адразу далучылася да Сялянскай партыі. Скончыла гістарычны факультэт БДУ, аспірантуру і дактарантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук. Выкладала ў БДУ і Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. Сфера навуковых інтарэсаў — беларуская гістарыяграфія Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, гісторыя грамадзянскай вайны, антысавецкія сялянскія паўстанні і партызанская барацьба 1920—1930 гадоў. Стаяла ля вытокаў арганізацыі Беларуская жаночая ліга, якую імкнецца ператварыць у жаночую партыю.

— У свой час вядомы палітолаг Святлана Навумава (светлая памяць!) казала, што жанчына робіць палітычны выбар па дзвюх прычынах: прафесія штурхае ці ўслед за каханым мужчынам. Мой выпадак першы.

На мой погляд, кіраўніцтва любой нашай партыі адносіцца да жанчын як да добрых выканаўцаў, да абслугі. Расійскія жанчыны пазначаюць такую ролю «лыжкамыйкі». Сэнс гэтага выразу такі, што, з пункту гледжання кіраўніцтва, жанчыны толькі і ўмеюць, што каву падаваць, калі мужчыны прымаюць рашэнні. Жанчына павінна старацца на карысць лідара, але дзе яны сёння?

На плячах жанчын, як правіла, ляжыць турботная і небяспечная для іміджу арганізацыі ці партыі «сацыялка», якая не цікавая журналістам. У мой час гэта была праграма аздараўлення дзяцей у Нямеччыне, адукацыйныя праграмы і падрыхтоўка розных паездак, сходаў.

Як ні пафасна гучыць, адсутнасць гендарнай роўнасці, гендарнае цемрашальства партыйных кіраўнікоў, пагардлівае стаўленне да жанчыны, актыўнай ў палітыцы, прыводзіць да таго, што з кожным годам у партыях усё менш яркіх асобаў. Жанчына з амбіцыямі не будзе «працаваць» на бесперспектыўнага лідара, яна будзе рабіць сваю справу, самарэалізоўвацца ў межах магчымага. Менавіта таму шмат жанчын паціху сышлі ў НКА.

Але важна зразумець, што ў такой сферы, як палітыка, ніхто капелюша перад вамі не здыме і наперад не прапусціць. За месца пад сонцам трэба змагацца. Зразумець, што без актыўнага ўмяшання ў палітыку свае «хатнія», сямейныя справы дзяўчаты не вырашаць.

Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі:

Мінчанка. Скончыла тэхнікум бізнэсу і права, вучылася ў Акадэміі МУС. Паралельна з абавязкамі ў партыі працуе бухгалтаркай. Перш чым прыйсці ў БХД, Вольга працавала ва ўпраўленні сацыяльнай абароны ў адміністрацыі Партызанскага раёна, пасля ў аддзеле жыллёвай палітыкі адміністрацыі Савецкага раёна.

— Калі сяброўка, жонка праваслаўнага святара, упершыню прывяла мяне на сустрэчу ў БХД у 2011 годзе, мне вельмі спадабаліся ідэалы і каштоўнасці партыі. Далучаючыся да іх дзейнасці, я спачатку не ўсведамляла, што гэта палітыка. Мне проста хацелася дапамагаць у вырашэнні важных для грамадства пытанняў і атрымаць нейкую новую актыўнасць, якой у жыцці не хапала.

Тата хацеў хлопчыка, а нарадзілася я. І неяк так атрымалася, што ў дзяцінстве часцей гулялася ў машынкі, з трактарамі нейкімі, чым з лялькамі. Але ўсё адно, канечне, падыход да майго выхавання мала чым адрозніваўся ад таго, як выхоўваліся іншыя дзяўчынкі. «Ты павінна прыбірацца ў кватэры, ты павінна быць маці» — нас усіх гадуюць з такімі ўстаноўкамі.

Але Бог стварыў нас свабоднымі ў сваім выбары, чалавек вырашае сам, што яму рабіць: камусьці варыць боршч падабаецца, а камусьці — кіраваць партыяй ці краінай. Гэта выбар. І тут няважна, жанчына ты ці мужчына.

Праз старыя патрыярхальныя ўстаноўкі жанчынам складаней у палітыцы і грамадскім жыцці. Кожны раз ты павінна даказваць, што маеш рацыю, што сапраўды прафесіяналка. Трэба тры разы мець рацыю — і толькі на чацвёрты мяне паслухаюць, а на пяты зробяць так, як прапаноўвала. Далей ужо прасцей. Схема працуе толькі так: я маю моцны характар, таму мяне цяжка ў чым-небудзь дыскрымінаваць. Я адстойваю свае думкі і правы.

Існуе і іншы бок: у нашай краіне ў прынцыпе многія сыходзяць з палітыкі ці нават не рашаюцца сюды прыйсці праз адсутнасць перспектыў. Мне самой час ад часу даводзіцца шукаць матывацыю, каб заставацца ў гэтым полі далей.

Людзі нярэдка кажуць у твар: «Ой, што вы робіце тут, нічога ж не даб’яцеся». Ці проста крытыкуюць нейкія прапановы па зменах у заканадаўстве, не разабраўшыся. А калі ўжо з імі паразмаўляеш, на канкрэтных прыкладах патлумачыш, як перагляд артыкула 328 можа паўплываць на лёс беларусаў, нешта разумеюць.

Я жыву асобна і незалежна. Сама прыбіраю, прасую. Так, часам гатаваць не паспяваю праз справы, але ў цэлым у мяне выдатна атрымліваецца спалучаць і асабістае жыццё, і грамадскае.

Я хачу жыць у гэтай краіне, таму і працую, каб былі змены да лепшага. Хачу, каб маёй маці не прыходзілася надрывацца на працы, бо 200 рублёў пенсіі недастаткова для годнага існавання.

Хачу, каб мне і маёй сям’і было тут камфортна, каб нашы дзеці мелі тут перспектывы жыцця і развіцця. Маленькімі крокамі, калектыўна мы змяняем нейкія рэчы. З'явілася пераддабортнае кансультаванне ў паліклініках, прыбраныя білборды з рэкламай алкагольнай прадукцыі, прыватныя цэнтры могуць выдаваць лісткі непрацаздольнасці.

На жаль, пакуль у нашай краіне мала прыкладаў актыўных жанчын, за якімі можна было б пацягнуцца і іншым. Але паціху сітуацыя змяняецца, лідарак становіцца ўсё больш.

Бог нас усіх стварыў роўнымі ў пакліканнях і ў выкананні жыццёвых абавязкаў. Таму хочацца параіць дзяўчатам не баяцца рухацца да сваёй мары, якой бы смелай яна ні была, і ўвесь час развівацца (я вось ужо ў 12 год марыла стаць прэзідэнтам і мэтанакіравана да гэтага рухаюся). Былі ж у нас у гісторыі асобы кшталту Еўфрасінні Полацкай, якая не пабаялася пайсці насуперак традыцыям і грамадскаму меркаванню і дасягнула свайго. І самае галоўнае — паўплывала на развіццё краіны.

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

Юрыстка па адукацыі. З 1995 года — член АГП. Да таго, як трапіць у Палату прадстаўнiкоў, кіравала ўласнай юрыдычнай фірмай. Гадуе дваіх дзяцей. Адна з самых актыўных палітыкаў у сацсетках.

 — На тое, што я прыйшла ў палітыку, вельмі паўплывала тая атмасфера свабода думкі, якая панавала на юрыдычным факультэце, дзе я вучылася з 1993 года па 1998-ты. У АГП ж мяне ўпершыню прывялі сябры сям’і.

А потым я вельмі хутка сутыкнулася з тым, што ўсё насамрэч не так, як нас вучылі: у краіне няма ні вяршэнства права, ні рэальнага падзелу ўлады, ні адказнасці чыноўнікаў перад людзьмі. І праз гэта я яшчэ больш увязалася ў палітыку. Сёння маёй дадатковай матывацыяй ёсць дзеці, для якіх хочацца рабіць краіну з вяршэнствам законаў.

Пашанцавала, што ў шляху, які я абрала, мяне падтрымалі блізкія. Ніхто варыць боршч не адпраўляў. Бацька больш за ўсіх падтрымаў — ён для мяне ўвогуле заўсёды быў і застаецца тым чалавекам, з якога я брала прыклад.

Праўда, цяпер дзяцей засмучае тое, што ў маці стала на іх менш часу. З гэтай нагоды яны нярэдка робяць мне заўвагі. Але я стараюся знаходзіць разумны баланс паміж актыўнай грамадскай дзейнасцю і сям'ёй. Дазваляю сабе хадзіць з дзецьмі ў тэатр, кіно, проста па магазінах ці разам павольна паснедаць.

Давайце будзем шчырымі: вядомых, уплывовых жанчын у палітыцы ці эканоміцы ў нас сапраўды менш, чым мужчын. Я нават не магу згадаць каго-небудзь яркага са сваіх каляжанак у парламенце, на жаль. Ёсць у нас, канечне, Лідзія Ярмошына. Як бы мы да яе ні ставіліся — гэта таксама жанчына, якая займае высокі пост, яна навідавоку. І менавіта яна падпісвае мне лісты супраць зменаў у Выбарчы кодэкс. Хай яна праводзіць агульнадзяржаўную палітыку, але вагу мае.

У нас існуе дыскрымінацыя жанчын па пэўных прыкметах. Але ў той жа момант у Беларусі дыскрымінуюцца і мужчыны. Усё гэта сведчыць пра тое, што надышоў час прыняць закон пра роўныя правы і магчымасці.

Прыйшоў час казаць смела: калі жанчына хоча ісці ў палітыку, а мужчына будзе сядзець дома і займацца дзецьмі — гэта нармальна. Але пакуль што мы маем «культуру», якая ідзе з «вярхоў», дзе прэзідэнт можа сабе дазволіць казаць, што кіраваць краінай — гэта не жаночая справа.

Маёй сённяшняй упэўненасці вельмі дапамог той досвед, што даў бізнэс. Там я прызвычаілася, што на жанчын мужчыны-прадпрымальнікі могуць глядзець з вышыні. На такое я даўно не звяртаю ўвагу. Як і на іншыя рэчы, якімі мяне спрабуюць «укалоць» сёння. Мне ўсё адно. Галоўнае, я ведаю, што паступаю згодна са сваімі перакананнямі.

Я ведаю, чаго хачу, і пакуль гэта звязана менавіта з палітыкай, з будаваннем еўрапейскай, дэмакратычнай Беларусі. З бліжэйшых планаў і задач — амбіцыі на лідарства ў АГП, пра здзяйсненне якіх стане вядома 8 ліпеня.

Жанчынам, якія вераць у сябе і хочуць рэалізоўвацца ў эканамічнай ці палітычнай сферах, я проста хачу пажадаць поспехаў. Нягледзячы на ўсе выклікі, трэба заставацца моцнай. Пры гэтым нармальна, калі жанчына хоча праяўляць сябе як маці: знаходзіцца дома, гатаваць і даглядаць дзяцей. У нас павінна быць поўнае права рэалізоўваць сябе ў абранай галіне.

Марына Хоміч, кіраўніца Маладых хрысціянскіх дэмакратаў:

Скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці «выкладчык беларускай мовы і літаратуры, сусветнай мастацкай культуры». Актыўна ўключылася ў палітычны кантэкст пасля Плошчы-2010. У 2016 годзе была кандыдаткай у парламент.

— У мяне выдатныя сябры, якія разумеюць мяне, дапамагаюць ва ўсім. Гэта сапраўдны скарб і падтрымка, без якой у палітычнай сферы цяжка варушыцца.

Праўда, пры першым знаёмстве з новымі хлопцамі, я стараюся адразу не распавядаць пра сваю грамадскую дзейнасць, бо звычайна маладыя людзі пачынаюць пабойваюцца.

На мой погляд, мы маем так мала жанчын у палітыцы, бо ў Беларусі — звышпатрыярхальнае грамадства. І ў дзяржаўнай вертыкалі гэта вельмі яскрава адлюстравана. Жанчыны ў лукашэнкаўскай сістэме займаюць «традыцыйныя» ролі: сацыяльная сфера, медыцына, адукацыя… Цяжка ўяўляецца, каб у нас прызначылі міністарку ўнутраных спраў, напрыклад, ці лясной гаспадаркі. Пры тым што спецыялісты ў сваёй галіне выдатна б далі рады абавязкам.

За гады майго палітычнага жыцця зроблена шмат, штосьці паспяховае, штосьці не. Хацелася б адзначыць некалькі момантаў. У 2012 годзе мы праводзілі кампанію «Стоп-спайс». Тады на распаўсюд спайсу не звярталася ўвага, сумесі не падпадалі пад наркотык. Мы абвастрылі гэта пытанне, паднялі хвалю ў СМІ. МУС не скажа, вядома, што гэта дзякуючы кампаніі МХД, але ж сітуацыя пэўным чынам змянілася. Другі момант — Балонскі працэс. Паспяховым вынікам сваёй кампаніі мы лічым тое, што міжнародная супольнасць звярнула ўвагу на якасць нашай адукацыі, але працы тут яшчэ шмат.

Толькі калі твая палітычная стратэгія будуецца на каштоўнасцях і любові да людзей, яна можа мець плённы вынік. Ну і ў нашых рэаліях трэба вучыцца нічога не баяцца. А перш за ўсё — адказнасці, прыняцця рашэнняў. 

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні