Праект газеты
Гісторыі Мінчанка Кацярына-Шумахер з 15 гадоў прафесійна займаецца гонкамі: «Перавяртацца таксама трэба ўмець»10
22.05.2018 / 16:29

Мінчанцы Кацярыне Турок — 18 гадоў. Апошнім часам яны захапілася аўтаспортам.

Кацярына Турок. Трэніруецца дзяўчына на стадыёне школы «Золак».

У адказ на пытанне, ці можа яна ў сваёй машыне замяніць, напрыклад, кола, смяецца: «Я матор магу перабраць!»

Кацярына ўпэўненая: калі займацца любой справай, трэба гэта рабіць з разуменнем, з адказнасцю.

«Кожны гоншчык павінен ведаць, што адбываецца з яго машынай. Калі раптам нешта падчас заезду загрукала, трэба ацэньваць, ці зможаш ты скончыць гонку, або лепей спыніцца».

Аўтаспорт прыйшоў у жыццё 15-гадовай Каці выпадкова. Аднойчы бацька павёў дачку на картынг. Дачцэ дальнабойшчыка так спадабалася за рулём, што яна запатрабавала ў бацькоў: «Хачу ездзіць!»

«Першую сваю гонку памятаю добра. Сын майго трэнера не змог паўдзельнічаць у гонцы. Даў мне сваю машыну. Сказаў: «Вось тры педалі, вось стырно, вось каробка. Разбярэшся па ходу».

Гонку тую я, вядома, не закончыла. Кола трапіла ў яму. Але адрэналіну хапіла надоўга». Сёння Каця ездзіць на ВАЗ 2108.

Кацярына з бацькам. Ён дапамагае і падтрымлівае дзяўчыну ва ўсім.

«Гэтая машына лічыцца таннай і пры гэтым з моцным кузавам. Мы з татам набылі старое аўто, выкінулі адтуль грамадзянскія дэталі. Уставілі дэталі гоначныя».

Машына каштавала $5000, эпікіпіроўка — шлем, камбінезон, абутак — яшчэ $1000.

Кацярына — адзіная дзяўчына ў камандзе аўтагоншчыкаў.

«Спачатку мяне не ўспрымалі як суперніцу. Ну ходзіць нейкая дзяўчынка, хай ходзіць. Але пабачылі, як я сябе паводжу на трасе, што выйграю заезды, павага з’явілася. Прыемна, калі нават старэйшыя за цябе хлопцы з табой лічацца, размаўляюць, як з роўнай».

Тут машыны рыхтуюць да гонак.

Аўтагонкі — спорт небяспечны

«У салоне стаіць акумулятар, таму мы ездзім адны, без штурманаў. Да таго ж, на трэніроўках нас вучаць у машыне пераварочвацца. Са мной гэта здаралася двойчы».

Кацярына расказвае, што гоншчык вельмі шчыльна замацоўваецца ў крэсле, таму больш за ўсё страшна атрымаць траўму шыі.

«Ды і тое цяпер есць хамуты, якія фіксуюць шыю. І яна не боўтаецца».

Насуперак таму, што спорт траўматычны, бацькі Каці цалкам на яе баку.

«Бацька Аляксандр дапамагае як механік. Маці і брат таксама падтрымліваюць. Хаця брат да гэтага кпіць з мяне, пасля таго, як на грамадзянскай машыне я заглохла на скрыжаванні».

Чаго не даруе аўтаспорт, дык гэта капрызаў, псіхаў, крыўд

«Падчас гонкі трэба трымаць сябе ў руках. Заставацца вытрыманай. Пасля гонкі — вызваляйся ад эмоцый, як хочаш.

Праўда, для мяне аўтаспорт — гэта толькі пазітыўныя эмоцыі. Ніколі не злуюся ні на сябе, калі нешта не атрымліваецца, ні на машыну, ні на сапернікаў».

Кацярына вучыцца на трэцім курсе Магілёўскага тэатральнага каледжа. Яна — будучая актрыса драматычнага тэатра і кіно.

«Мне цікава брацца за любыя ролі. Спрабаваць сябе ў розных амплуа. Мой трэнер — каскадзёр, і я думала пра тое, каб таксама ў кіно быць каскадзёркай. Але ў ідэале было б самой быць у кадры і выконваць трукі».

Сваякі Кацю называюць Шумахерам. А сама Каця на гонкі «Формулы-1» глядзіць з прафесійнага пункту гледжання.

«Мне цікава, як пілоты выбудоўваюць траекторыю, як выстаўляюць машыну. І яшчэ перад самым пачаткам гонкі, калі буйным планам паказваюць твары гоншчыкаў, вельмі цікава бачыць, пра што яны думаюць, угадваць па іх эмоцыях і настроі, ці выйграюць яны сённяшні заезд. Паверце, гэта відаць заўсёды».

Так атрымалася, што Каця ездзіць за стырном з 15 гадоў, а правы кіроўцы атрымала толькі цяпер.

«У гонках яны не патрэбныя. І ўменне кіраваць гоначнай машынай мне хутчэй перашкаджала, калі я здавала на правы. У ДАІ здала з пятага разу: рэзкая язда добрая на гонках, а ў горадзе трэба рухацца плаўна, быць флегматыкам».

Машыну вяртаюць у гараж.

Што дапамагае Каці падчас трэніровак і гонак? Гурт «Акіян Эльзы».

«Іх песні заўсёды граюць у машыне. Яны паслухаць і для таго, каб слухаць адзін на адзін, і тады, калі мы з татам едзем у яго рэйс, гутарым пра ўсё на свеце ўсю ноч».

Каця верыць, што самыя яе галоўныя старты і перамогі наперадзе.

«Чаму? А проста не баюся памыляцца».

Наталля Тур, фота Сяргея Гудзіліна

Каментары
Žvir / Адказаць 22.05.2018 / 16:38

Мінчанка Кацярына-Шумахер з 15 гадоў прафесійна займаецца гонкамі. Але экзамен у ДАІ здала з пятага разу<----------Heta sviedčyc` nie na jaje karysc`...

9
Ліцьвін / Адказаць 22.05.2018 / 17:13

Матка боская, на чым яна езьдзіць, на такім карыце страшна матор заводзіць. Каб здаць экзамен трэба выканаць цэлы шэраг правілаў, не парушаць ПДР, а ня толькі круціць стырно, газаваць, а выходзіць з заносу там ня трэба)

3
Несцераў / Адказаць 22.05.2018 / 18:16

Класная дзеўка, зайздрошчу. У аўта/мотакросе ўсе самыя пазітыўныя людзі, якіх я сустракаў. Відаць таму, што песімісты проста нейк аўтаматычна адсейваюцца.

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні