Праект партала
Стасункі Ці нармальна глядзець порна, калі ты ў адносінах? Адказваюць беларусы1
11.05.2018 / 12:19

Здавалася б, з порна ўсё зразумела, але, нягледзячы на яго даступнасць у плане прагляду, з нагоды гэтай тэмы пастаянна ўзнікаюць спрэчкі і гарачыя абмеркаванні. У маім жыццёвым досведзе ёсць гісторыя сяброўкі, якая запатрабавала ў мужа развод, калі ўбачыла, што той глядзіць ролікі з іншымі жанчынамі. Гэта вельмі зачапіла яе самаацэнку.

Феміністычна настроеныя колы пратэстуюць супраць засілля порнакантэнту, дзе мужчыны дамінуюць і такім чынам прыніжаюць жанчын. А статыстыка сайта Pornhub, якая паказвае, што ў Беларусі адзін з саміх высокіх працэнтаў праглядаў порна жанчынамі, у многіх чамусьці выклікае здзіўленне.

Мы спыталі ў некалькіх беларусаў і беларусак рознага ўзросту, ці «б’е» прагляд відэа з сэксам іншых людзей па манагамных адносінах (па просьбе герояў — прозвішчы не называюцца).

Мікіта і Юля

Порна — гэта частка сучаснага жыцця. Парнаграфія і эротыка ў розных формах прысутнічалі ў ім заўсёды. Тут проста важная мера. Як у праглядзе, так і ў вытворчасці.

Калі бачыш порна да першага сэксуальнага досведу, з аднаго боку, пазбаўляешся эмоцый першаадкрывальніцтва. З іншага — больш-менш разумееш, як усё ўладкавана. Асабліва калі з бацькамі размова пра сэкс адсутнічала: порнаролікі пэўным чынам запаўняюць гэты прабел.

Адносіны — гэта выдатна. Але яны не гарантуюць доступ да цела па першым жаданні. Адбіваюцца адсутнасць часу, сіл, настрою, дрэннае самаадчуванне, паездкі і гэтак далей. Нават калі ты ў адносінах, часам ты бываеш адзін. І калі ёсць лішняя сэксуальная энергія, няма нічога дрэннага ў тым, каб яе выпусціць. Гэта можна зрабіць рознымі шляхамі. Парнаграфія — адзін з інструментаў.

Прагляд порна — дакладна не здрада. Гэта свайго роду фантазіі. Ёсць шмат рэчаў, якія ты хацеў бы паспрабаваць, але па розных прычынах стрымліваешся. І ніхто не забараняе табе пра іх фантазіраваць. Порна ж усяго толькі дапамагае ў гэтым.

Ты знаходзішся з партнёрам у адносінах не дзеля сэксу. Гэта важная частка, але не галоўная. І калі нейкія бакі сэксу партнёр не прымае, гэта не падстава развітвацца. Замест таго, каб шукаць іншага чалавека, якому цікавая такая ж фантазія, і тым самым разбурыць усё, што было пабудавана (а адносіны будуюцца, гэта вялікая праца), можна проста пафантазіраваць. З порна ці без.

Мікіта: Праўда, у мяне існуе прэтэнзія да эротыкі, якая стала дапушчальная ў рэкламе, кіно, часопісах і гэтак далей. У вялікіх аб'ёмах. Калі я быў падлеткам, рэдкі эратычны матэрыял трапляўся на вочы. Здаецца, было больш таямніц і задавальнення ад асабістага знаёмства з імі. Але гэта, напэўна, старэчае, з серыі «раней было лепш». Мне проста здаецца, чым больш парнаграфіі ў жыцці, тым менш радасці ў інтымныя моманты.

Наколькі я магу меркаваць, сучаснае порна вельмі разнастайнае. Выбірай, што табе па душы. Але складваецца ўражанне, што мужчыны прыносяць гэтай індустрыі больш грошай, таму мы маем большую колькасць ролікаў, якія падабаюцца менавіта ім.

Паліна і Сяргей

Паліна: Сваё стаўленне да порна я б магла акрэсліць словам «нейтральна». Я гляджу яго час ад часу. Упершыню гэта здырылася ў падлеткавым узросце (усе ж глядзелі, чым я горш?). Праўда, тады гэта мяне прымусіла пачырванець і хуценька выключыць тэлевізар. Пазней я звярнулася да фільмаў для дарослых, калі ў мяне пачыналіся сур'ёзныя адносіны з бойфрэндам. Мэтай тых праглядаў стала навучанне і пошукі карыснай інфармацыі, якую можна прымяніць на практыцы.

Варта прызнаць, што порна дапамагло прасцей ставіцца да сэксу. Што няма сэнсу саромецца пагадзіцца на нешта, ці, наадварот, абмеркаваць забароны.

Няма нічога ганебнага ў праглядзе порна. Калі гэта, вядома, не перарастае ў залежнасць. У адносінах ты ці не, але порна часам дапамагае адцягнуцца, чамусьці навучыцца, атрымаць задавальненне без асаблівых выдаткаў.

Але я не размаўляю на гэтую тэму з мужам, хоць перакананая, што ў яго жыцці порна таксама займае нейкае месца. Я не маю нічога супраць, проста гэта досыць асабістая тэма.

Фільмаў для дарослых цяпер велізарны выбар. На жаль, і нелегальнае порна з'яўляецца вялікай праблемай, з якой неабходна працягваць барацьбу.

На мой погляд, порнафільмы часта скажаюць рэальнасць, што можа стварыць ілжывае ўяўленне ў моладзі аб ролях мужчын і жанчын у грамадстве — гэта сумна. Але з іншага боку, існуе мноства фільмаў, якія здымалі вельмі якасна, прыгожа, ад іх атрымліваеш сапраўднае эстэтычнае задавальненне.

Сяргей: — Я глядзеў порна, як і ўсе ў падлеткавым узросце. Цяпер, будучы ў адносінах шмат год, маючы дачку, амаль не (я не лічу, што гэта прыносіць карысць, хутчэй — наадварот). Але я не думаю, што гэта сорамна рабіць у пары, калі ты не хаваеш гэта і не ўзводзіш працэс у нейкі культ. Калі ты адзін, тым больш няма ніякіх межаў: рабі, што хочаш, толькі, натуральна, не ў грамадскіх месцах.

Як здраду гэта можна ўспрыняць, напэўна, толькі калі цябе спалілі за праглядам порна разоў 100, прасілі гэтага не рабіць, а ты працягваеш, нават паабяцаўшы партнёру, што ні-ні.

Мэтанакіравана разам з жонкай мы порна ніколі не глядзелі. Бывала, пстрыкаем каналы на тэлевізары і раптам там нейкае такое відэа. Мы пераглядваліся, ўсміхаліся і пераключалі далей.

Калі ж я заспеў бы жонку за праглядам порна, то проста паспрабаваў бы паставіцца да гэтага з гумарам.

Таццяна:

— Як у чалавека рэлігійнага стаўленне да порна ў мяне больш негатыўнае, чым станоўчае. Бачу ў гэтым толькі бізнэс і мэту зарабіць грошы.

Раней у мяне была цікаўнасць да такіх відэа, яшчэ па маладосці, але з часам стала непрыемна на ўсё гэта глядзець: пошла, аднолькава, без пачуццяў, як па шаблону.

Маё меркаванне: калі б у порнафільмах сэксам займаліся закаханыя людзі, пары, сем'і і і рабілі гэта не па сцэнарыях, прыгожа і ў нейкай ступені прафесійна, гэта б яшчэ можна было глядзець.

Ганна і Паша

Паша: — Я не заўзяты фанат порна, але ў сваім сучасным выглядзе яно вельмі эвалюцыянавала. Цяпер гэта, напэўна, адна з перадавых галін, дзе ўкараняюць новыя тэхналогіі і прыёмы для здымкі. Гэта частка кінаіндустрыі — я порна ўспрымаю менавіта так.

Для мяне гэта проста від мастацтва, зусім аддаленае ад сэксу, як не дзіўна.

Для мяне і дзяўчыны — гэта абсалютна не тэма-табу. Мы можам глядзець відэа разам ці паасобку. Ніякай здрады тут няма. Але я не выключаю, што ў іншых парах разуменне «нормы» можа быць не такім.

Ганна: — Я глядзела порна раней і цяпер таксама. Для мяне гэта катэгорыя відэа, якая мае права быць. Але, канечне, трэба караць за ролікі з удзелам дзяцей і жывёлаў. І за кантэнт, які выкладаецца без згоды чалавека, які прысутнічае на відэа.

Порна можа раскрыць патаемныя жаданні. Але вучыцца сэксуальнаму майстэрству лепш з партнёрам, бо толькі так можна знайсці зручныя позы і паспрабаваць нешта зусім новае.

Сорамна не глядзець порна, сорамна — хавацца ад каханага чалавека і не выказваць яму свае жаданні. Але, канечне, гэта вельмі прыватная тэма, якая тычыцца толькі дваіх. Партнёры павінны загадзя дамовіцца, што прымальна для кожнага, і шукаць кампрамісы.

Памятаю, неяк разам з партнёрам мы паглядзелі рэтра-порна. Пасмяяліся і выключылі праз некалькі хвілін.

Чамусьці ў такіх відэа мы часцей бачым твары жанчын, мужчын цалкам — радзей. Думаю, так складваецца таму, што лічыцца, нібыта мужчыны больш глядзяць порна, і індустрыя на іх арыентуецца. Але добра, што існуюць розныя катэгорыі. Ніхто не прымушае глядзець на жорсткія рэчы і мужчынскае дамінаванне. Ёсць жа здаровае відэа, дзе ўсё вельмі акуратна, з пацалункамі і раўнапраўем партнёраў.

Мікалай:

— Каталіцкая Царква адназначна сцвярджае, што любое дачыненне з парнаграфіяй ёсць цяжкім грахом. Таму відавочна, што глядзець парнаграфію нельга (ані таму, хто жанаты, ані таму, хто не жанаты). Бо жанаты не павінен глядзець з пажадлівасцю на іншых жанчын, акрамя сваёй жонкі, а нежанаты павінен клапаціцца пра сваю цнатлівасць. А прагляд парнаграфіі гэтаму, мякка кажучы, не спрыяе.

Ці можна чамусьці навучыцца з парнаграфічных фільмаў? Можа, і можна. Аднак чалавек, створаны на вобраз і падабенства Божае, не павінен выкарыстоўвацца ў якасці «навучальнага матэрыяла». Гэта немаральна і негуманна, гэта прыніжэнне чалавечай асобы. Пачытаўшы біяграфіі порназорак, можна зразумець, што гэта пераважна вельмі няшчасныя людзі. Калі б я збіраўся жаніцца, то пастараўся б даведацца пра сэкс не з фільмаў, а з літаратуры. Дзякуй Богу, ёсць цяпер аўтары, якія на гэтую тэму пішуць — напрыклад, Ксаверый Кнотц, Кевін Леман.

Мая Лінь, ілюстрацыі Henn Kim

Каментары
Лера / Адказаць 17.12.2022 / 12:11

Нормально даже очень

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні