Праект партала
Гісторыі Тэлевядучая Кацярына Раецкая распавяла, як перамагла комплексы ад потных далоняў і выбітага зуба10
05.05.2018 / 11:41

У межах флэшмоба #язанадта (#яслишком), які цяпер ладзіць Альфабанк, беларусы розных прафесій пачалі дзяліцца шчырымі гісторыямі перамог над сабой (ці абставінамі), якія зрабілі іх лепш.

«У сацыяльных сетках мы ўсе стараемся пазіцыянаваць сябе супергероямі. У якіх усё атрымалася само сабой. Але ў Беларусі шмат людзей, якія ў розных абставінах пераадольвалі свае «я занадта малы, стары, бедны і гэтак далей» і такім чынам дасягалі чагосьці. Мы не заўсёды ведаем пра гэтыя перамогі, хай яны маленькія ці вялікія. Каб падтрымаць тых, хто цяпер змагаецца з устаноўкамі #язанадта, з пасылам быць моцным мы і запусцілі гэты флэшмоб, а 8 мая прэзентуем фільм пра 6 мужных беларусаў, якія перамаглі комплексы і стэрэатыпы», — распавяла прэс-сакратарка Альфабанка Аляксандра Пушкіна.

Адной з першых шчырай гісторыяй падзялілася тэлевядучая, піяршчыца і спявачка Кацярына Раецкая. «Распавядаю са спадзяваннем, што яна дапаможа камусьці, хто жыве з падобнай праблемай».

Кацярына Раецкая. Фота з асабістай старонкі ва Укантакце.

— Да гадоў 16-ці ў мяне былі вялікія праблемы з блізкай камунікацыяй і толькі ў 18-ць я пазбавілася ад прычыны майго дыскамфорту і забітасці.

Я пазбягала любых тактыльных зносін, і прычынай таму былі… мокрыя далоні. Думаю, многім знаёмае гэта непрыемнае пачуццё, калі рука ў хвіліны хвалявання пакрываецца потам. Я жыла так шмат гадоў, і адбывалася гэта не толькі ў напружаныя моманты, а перманентна. Заўсёды!

Немагчыма было гуляць з мячом, пісаць дыктоўкі (сшытак рабіўся мокрым за хвіліну), складана было займацца на брусах, канаце, з ракеткай, трымаць мікрафон на сцэне — усё слізгацела. Пра абдымкі, поціск рукі і шпацыры «за ручкі» гаворкі не ішло наогул.

Такая вось асаблівасць арганізма не дазваляла мне быць адкрытай да зносін, сумесных гульняў і камандных заняткаў спортам. Каму патрэбны гулец, які трымае рукі ў кішэнях?! Дзікая дзяўчынка. Мая безудзельнасць у школьным выпускным вальсе і іншых парных актыўнасцях цяпер таксама лёгка тлумачыцца. ⠀

Самае сумнае ў гэтай гісторыі, што я досыць позна даведалася (з дапамогай інтэрнэту!), як гэта можна выправіць, паралельна вывучыўшы тоны інфармацыі пра ўсялякія ботаксы і мазі з алюмініем, праверыўшы на сабе аптэчныя эмульсіі…

На другі дзень майго паўналецця (час, калі я змагла распараджацца сваім здароўем) адправілася ў шпіталь і са слязамі пераканала галоўнага хірурга, што мне неабходна аперацыя — сімпатэктамія.

Перажыўшы двухбаковую таракальную аперацыю, пазбавіўшыся некалькіх нервовых ствалоў, надбаўшы па два шрамы на грудной клетцы, перажыўшы аднаўленне, на працягу якога я месяц не магла без болю спаць на спіне, атрымаўшы кампенсуючы эфект у некаторых іншых месцах на целе, я шчаслівая! Кожны новы дзень я шчаслівая, таму што магу рабіць нешта сваімі рукамі, кранаць, ціскаць, абдымаць, у рэшце рэшт, перабіраць пясочак на беразе…

Праўда, у 14-15 год да праблемы потных далоняў далучыўся адбіты зуб. Я была вельмі смелай дзяўчынкай, гэтакай пацанкай, якая любіла залезці на плот, дрэва або драбину. І аднойчы з такой драбіны, на ўзроўні 2-га паверха, паляцела проста тварам на асфальт.

Плоскі нос, разбітыя вусны і адбіты пярэдні зуб — у выніку я мела ўпрыгожванне для твару і неабходнасць есці з трубачкі некалькі месяцаў. Вядома, з часам нешта загаілася, шрамы зацягнуліся, на вуснах застаўся след «у стылі Азазэль», а вось зубы не адраслі (не валасы ж).

Пасля таго выпадку я вельмі доўгі час, ажно да свайго 25-годдзя, хадзіла па стаматолагах і слухала адно і тое ж: «Чакайце, пакуль не можам нічога зрабіць». З’явілася звычка размаўляць выключна са сціснутымі зубамі і ніколі не ўсміхацца так, каб іх было бачна.

Апусцім колькасць лекараў, якія мне адмаўлялі ў дапамозе, бо тэхналогіі і метады, на іх думку, ненадзейныя. Мне пашанцавала, што летась я, нарэшце, сустрэла доктарку, якая сказала мне падчас агляду: «У мяне тая ж самая праблема, я сабе адрамантавала зубы. Давайце і вам зробім. Адваліцца — паправім зноў».

Усё ўдалося!

А ў вас ёсць гісторыі, як нейкія абставіны не давалі вам дасягнуць пэўнай мэты, але вы іх перамаглі? Дзяліцеся ў каментах!

КК

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні