Праект газеты
Рост Святлана Зэрэ — пра стэрэатыпы, звязаныя з прафякасцямі дзяўчат 27
17.04.2018 / 10:03

У мінулым — кіраўніца партала lady.tut.by, сёння — стваральніца Вышэйшай жаночай школы і клуба «Лэдзі Бос» Святлана Зэрэ, як яна сама пра сябе піша, вучыць жанчын быць паспяховымі, як у прафесійным, так і ў сямейным плане.

Святлана Зэрэ. Фота Таццяны Ціхаміравай.

Сярод адгалінаванняў яе дзейнасці ёсць трэнінг «Жаночы калектыў», у межах якога яна працуе з нездаровым мікракліматам у асяроддзі калег-дзяўчат, а таксама са стэрэатыпамі, звязанымі з успрыманнем каманды з жанчын як рассадніка плётак і істэрык.

Мы распыталі Святлану, адкуль, на яе погляд, з'явіліся такія стэрэатыпы. Ці адрозніваюцца мужчынскія калектывы ад жаночых на самой справе, і хто адказны за тое, калі калегі з сяброў ператвараюцца ў ворагаў.

«Ніна»: Апісваючы трэнінг «Жаночы калектыў», вы кажаце, што асацыяцыі з тым, што гэта — выключна «плёткі і эмацыйнасць» стэрэатыпныя? Як думаеце, адкуль яны ўзяліся?

Святлана Зэрэ: Як піша Вішэн Лак’яні ў сваёй кнізе «Код эстраардынарнасці», аднойчы людзі прыдумалі правілы, якія ім дапамагалі жыць і забяспечвалі сістэме ўстойлівасць, але час гэтых правілаў прайшоў, яны ператварыліся ў дуравілы, якія перашкаджаюць нам жыць. Паверце, абсалютна няважна ведаць, адкуль узяўся гэты стэрэатып. Куды важней разумець, як з ім працаваць і як трансфармаваць у тое, што будзе нас надалей падтрымліваць. Таму што «так будзе нам па веры нашай».

Хто верыць, што жаночы калектыў — тэрарыум, той яго абавязкова атрымае. Я ніколі не верыла ў гэтую лухту і, кіруючы жаночымі калектывамі, яшчэ ні разу не памылілася. Абажаю працаваць з жанчынамі! Але гэта не выключае таго, што ў кожнай бочцы ёсць лыжка дзёгцю.

«Ніна»: Чаму нават самі жанчыны нярэдка кажуць, што «не хацелі б працаваць у жаночым калектыве»?

СЗ: Вось менавіта па гэтай прычыне! Ведаеце, гэта, як у анекдоце:

Адзін чалавек вельмі любіў смажаныя сасіскі. Ажаніўшыся, ён папрасіў жонку часцей іх гатаваць. Неўзабаве ён заўважыў, што перад тым, як смажыць сасіскі, яна адразае ў іх кончыкі. Здзівіўшыся, ён запытаўся ў яе:

— Дарагая, а навошта ты адразаеш кончыкі у сасісак? Чаму не смажыш іх цалкам?

— Я не ведаю, — адказала маладая жонка. — Мая мама заўсёды так рабіла, таму і я так раблю.

Зацікаўленыя, яны адправіліся да яе мамы.

— Скажы, мама, — спытала дачка. — Чаму ты заўсёды адразаеш кончыкі ў сасісак перад тым, як іх падсмажыць?

— Я не ведаю, — адказала мама. — Так рабіла мая мама, я вучылася гатаваць у яе і раблю так, як яна. У нас такая традыцыя.

І яны ўтрох накіраваліся да бабулі. Бабуля сядзела на крэсле-каталцы, укутаная ў плед, і спала. Прыйшлося разбудзіць.

— Бабуля, чаму ты заўсёды адразала кончыкі у сасісак?

— Не ведаю, — адказала бабуля. — Мая мама заўсёды так рабіла. Пакуль не позна, трэба даведацца ў яе.

Прабабуля ляжала і рыхтавалася адысці ў іншы свет.

— Скажы, чаму мы адразаем кончыкі ў сасісак перад тым, як іх смажыць?

Прабабуля страпянулася і агледзела сваякоў, што яе акружылі.

— А вы што, да гэтага часу гатуеце на той маленькай патэльні???

Усялякія дуравілы перадаюцца нам з пакалення ў пакаленне. І мы імі карыстаемся, бо аснова нашай асобы — гэта перакананні і каштоўнасці, якія дапамагаюць сфармаваць рамку рэальнасці, у якой мы жывём, у якой разумеем, што «добра», а што «дрэнна» менавіта ў гэтай культурнай прасторы. Гісторыя пра жаночы калектыў з гэтай серыі.

«Ніна»: Ці можна ўвогуле падзяляць калектывы на «мужчынскія» і «жаночыя»?

СЗ: У мужчынскім працуюць мужчыны, у жаночым — жанчыны. У мужчынскім больш логікі, у жаночым — чуллівасці і творчасці, на мой погляд. Але! Як правіла, мы бачым змешаныя калектывы. І я ўпэўненая: яны больш эфектыўныя, чым монагендарныя.

Фота Таццяны Ціхаміравай.

«Ніна»: Калі ў калектыве ўсё ж узнікае нездаровая атмасфера, хто ў гэтым вінаваты? Начальнік? Няправільная стратэгія эйчараў?

СЗ: Рыба гніе з галавы. Бо таго ж кадравіка наймае начальнік. Падобнае прыцягвае падобнае.

Здараецца, што ў адным велізарным калектыве шмат аддзелаў. У 90% з іх усё супер, а ў якім-небудзь адным — вельмі дрэнна. Я з такім сутыкалася. Дык там нават эйчар баіцца што-небудзь рабіць, таму што кіраўнік аддзела — суперпрафесіянал, але як лідар калектыву — вельмі спрэчная асоба.

На гэту тэму некалькі год таму на «Forum One» у Вільні быў разгорнуты выступ. Прыводзіліся вынікі амерыканскіх даследаванняў, у якіх чорным па белым было напісана, што надзвычайнага прафесіянала, які стварае неспрыяльную абстаноўку для астатняга калектыву, трэба прыбіраць. І лепш узяць на тую ж пасаду больш сціплага чалавека, але з ярка выяўленым сацыяльным інтэлектам. Урэшцэ карысці будзе больш.

Але ў нас баяцца губляць супрацоўнікаў, мяркуючы, што некаторыя з іх — незаменныя. Няма незаменных! Хто б якога высокага меркавання не быў пра сябе. І лепш пазбавіцца ад падобнай ілюзіі раней.

«Ніна»: З якімі праблемамі вы працавалі ў сваёй практыцы выратавальніцы жаночых калектываў? Раскажыце пра самыя складаныя выпадкі.

СЗ: Я не працую выратавальніцай. Таму што гэта непазбежна ўводзіць цябе ў трохкутнік Карпмана, дзе ёсць ахвяры і злачынец. З тымі, хто знаходзіцца ў пазіцыі ахвяры, навучанне практычна бескарысна. Калі ў чалавека ва ўсім вінаватыя ўсе навакол, яму ніхто не дапаможа. Таму што ў яго няма разумення, што ён можа нешта змяніць, ён прывык жыць у ролі ахвяры. Яго там шкадуюць, яму так утульна і звыкла. Барані бог, на шляху з'явіцца той, хто вырашыць выратаваць з гэтага раю. На дзіва, так жыве вельмі шмат людзей на зямлі. Таму ў жаночыя калектывы я прыходжу з праграмай для тых, хто ўсвядоміў, што ад іх шмат залежыць.

«Ніна»: Няўжо чалавек звонку сапраўды можа дапамагчы разабрацца з праблемамі калектыву? Місія гучыць нерэальна.

СЗ: Толькі для тых, у каго ёсць убудаваныя правілы, якія закрываюць кут агляду.

На самой справе, задача — не разабрацца з праблемамі калектыву. Задача ў тым, каб кожны яго член здабыў цэласнасць, стаў паўнавартаснай адзінкай каманды. А то мы ўсе з вамі ходзім траўміраваныя (нехта ў дзяцінстве, хтосьці пазней), у пазіцыях ахвяры і лічым, што ўсе вакол дрэнныя, зямля — жудаснае месца, дзе ад мяне нічога не залежыць.

Вы не ўяўляеце, якое задавальненне я атрымліваю ад паведамленняў дзяўчатак, якія прайшлі мае доўгія праграмы. Яны выходзяць замуж, зацяжарваюць, хоць да гэтага не атрымлівалася, мяняюць жыццё і самарэалізацыю, выбудоўваюць адносіны з блізкімі.

Асабліва кранула мяне гісторыя дзяўчыны, якая ў свае 43 гады ні разу не была на моры! Яна лічыла, што не заслугоўвае гэтага. І калі яна даслала мне паведамленні з марскога берага, са слязамі на вачах і адчуваннем радасці, я плакала разам з ёй.

«Ніна»: Як вы ставіцеся да сітуацый, калі працадаўцы абіраюць супрацоўнікаў, у залежнасці ад іх полу?

СЗ: Скажу шчыра, мне здаецца, тут больш надуманага, чым рэальнага. Або гэта спроба некаторых жанчын, у якіх праблемы з прафесійнымі навыкамі, спіхнуць недастатковыя скілы на гендарную няроўнасць.

З 19 гадоў я працую, пастаянна вучуся і адчуваю сябе на галаву вышэй за сваіх калег. Мае інвестыцыі ў адукацыю бясконцыя. І вядома, у мяне ніколі не стаяла пытанне, што мне могуць адмовіць у працы толькі таму, што я жанчына. У 24 гады я прыйшла на партал TUT.BY і сказала «я пабудую вам аддзел продажаў і заадно яшчэ кантэнт-праект». Наўрад ці маім працадаўцам была справа да таго, што я жанчына. Ім было важна, што я ўмею і як я буду выконваць абяцанае.

Ну, а калі хтосьці сапраўды сутыкаецца з гендарнай няроўнасцю пры ўладкаванні на працу. Радуйцеся! Вы ўбачылі, што ваш начальнік — ідыёт яшчэ да таго, як сталі з ім працаваць.

 

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

Каментары
Алена ЗэПэ / Адказаць 17.04.2018 / 10:23

Прафесіяналаў трэба прыбіраць, а браць дурняў, якім можна лакшыны навесіць на вушы. Затое эканомія на зэпэ, плюсік эчайру.

3
Ядзя / Адказаць 17.04.2018 / 10:40

Адна з сучасных гурынь, якія жывуць у сваім свеце ружовых адзінарогаў і ніяк не перасякаюцца з беларускай рэальнасцю. У іхным свеце не працуюць за 300 рублёў, у іхным свеце адзінокія мамы проста спяваюць ад шчасця, а дзеці неяк самі здабываюць сабе харч, бо галоўнае ж інвестыцыі ў адукацыю, ну. Галоўнае, гурыньцы заплаціць. А яна ўжо пастараецца навешаць локшыны, і абавязкова з мілай усмешкай і пяшчотным мяўканнем. Зерэ працуе толькі з багатымі і паспяховымі. Ім не трэба дапамога, ім трэба проста бавіць час у сваім коле. Зерэ не ведае нармальнага жыцця, дзе жанчыны працуюць у калгасах, нянечкамі ў садках, пасудамыйкамі. Яна не ведае, што такое згатаваць вячэру, бо для яе паклапаціцца пра вячэру - гэта замовіць яе ў рэстарацыі. Паспяховая жанчына? У сваім свеце так. Але ці падзякуе ёй за шчаслівае дзяцінства дачка, якую перадаюць ад нянькі да нянькі?

4
Патрыёт / Адказаць 17.04.2018 / 10:53

Рэд. Выдалена.

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні