Праект газеты
Тонус Цела і эмоцыі: як сіндром пакрыўджанай жыццём прадавачкі можа кожнага прывесці да сур’ёзнай хваробы 10
13.04.2018 / 23:23

12 красавіка ў Мінску з лекцыяй «Развіццё эмацыйнага інтэлекту. Шлях ад стрэсу да гармоніі» выступіў псіхолаг і трэнер Дзяніс Севераў. Ахвотных навучыцца не «накручваць» сябе па дробязі набралася цэлая вялікая зала.

Дзяніс Севераў, псіхолаг.

Мы заканспектавалі асноўныя тэзісы і парады з лекцыі, каб вы крыху лепш разумелі сваё цела, мозг і эмоцыі, а таксама сувязь паміж імі.

Наколькі моцна эмоцыі ўплываюць на наша жыццё?

Калі коратка, то дастаткова. Так, напрыклад, вы зранку праспалі важную сустрэчу. Вы злуяце на сябе, запускаецца эмоцыя гневу, і, так ці інакш, у выніку яна афарбоўвае ўвесь ваш дзень. У сваю чаргу гэта прыводзіць да зніжэння працаздольнасці.

Наша вегетацыйная нервовая сістэма складаецца з двух аддзелаў, сімпатычнага і парасімпатычнага, якія супрацьлегла ўплываюць на працу органаў. Калі мы адчуваем напружанне, уключаецца сімпатыка. Калі расслабляемся, запускаецца парасімпатыка. Калі эмоцыі захлістваюць, наша цела знаходзіцца ў стане пастаяннай напругі. І вось на гэта мы выдаткоўваем вялікую колькасць уласных рэсурсаў. Асабліва калі працэс выйшаў з-пад кантролю: чалавек можа пачаць жыць у стане няспыннага напружання, нават не заўважыўшы гэтага.

Згадайце, што адбываецца з вашым целам, калі вы адчуваеце крыўду? Камяк у горле і боль у шыі, так? А калі гнеў, то зводзіць сківіцу, а ўнутры нешта закіпае? Назапашванне пэўнай эмоцыі рана ці позна можа запусціць фізічнае недамаганне. Так, напрыклад, накапленне гневу часта прыводзіць да такой хваробы, як бруксізм (калі чалавек перыядычна скрыгоча зубамі і сточвае іх).

Каб пацвердзіць уплыў эмоцый на наш фізічны стан, навукоўцы праводзілі наступнае даследаванне. Самку малпы, якая да гэтага нейкі час жыла з адным самцом, адсялялі ў суседнюю клетку да іншых малпаў мужчынскага роду. Першы самец заставаўся адзін і глядзеў на ўсё гэта. Па выніках даследавання, два такія кінутыя паддоследныя самцы сканалі, іншыя ж пачалі моцна хварэць на сэрца.

Ілюстрацыя з мультфільма пра эмоцыі «Галаваломка». 

Псіхасаматыка, ці Чаму нервовыя жывуць менш?

У псіхалогіі існуе спецыяльны тэрмін «псіхасаматыка», які мае на ўвазе, што пэўныя псіхалагічныя перажыванні прыводзяць да болю ў целе, нервовага ціку, млосцяў. Наступствамі такіх рэчаў бываюць і больш сур’ёзныя захворванні. Стрэсавы фактар ёсць у такіх хвароб, як рэўматоідны артрыт, язвавы каліт, бранхіяльная астма, эндакрынныя парушэнні, праблемы апорна-рухальнага апарата, парушэнні працы сардэчна-сасудзістай сістэмы і інш. Часцей за ўсё псіхасаматычныя праявы сустракаюцца ў выніку «нездаровай» адаптацыі чалавека да жыццёвых абставін, калі нервовая сістэма не ў стане «праглынуць» паток інфармацыі. Хаця, канечне, тлумачыць развіццё хвароб адным толькі стрэсам будзе няправільна.

Чалавеку моцна шкодзіць звычка стрымліваць эмоцыі, не паказваць, назапашваць унутры. Асабліва гэта тычыцца мужчын, якіх з дзяцінства пераконваюць у тым, што нельга ныць, плакаць. Гэта адна з прычын, чаму жанчыны ў нас жывуць даўжэй: ім соцыум дазваляе даваць эмоцыям выхад.

У аснове псіхасаматычных захворванняў ляжаць унутраныя канфлікты, якія не заўсёды лёгка ўсвядоміць. Так, напрыклад, чалавека з дзяцінства прывучылі апраўдваць чые-небудзь чаканні, і ён гэта робіць, замест таго каб ісці да ўласных мар і мэтаў. Атрымліваецца, што псіхасаматычныя расстройствы не перадаюцца ў спадчыну, але паводзіны бацькоў, іх сцэнар здольныя фарміраваць тып асобы з пэўным тэмпераментам і рэакцыямі на стрэс.

Калі эмоцыі ўплываюць на цела, то ці можна наадварот: целам уплываць на эмоцыі?

Так, існуе шэраг прыёмаў якія дапамагаюць расслабіцца. У асноўным, гэта дыхальныя тэхнікі і рэлаксацыя, пазітыўны ўнутраны маналог і самаўнушэнне. Само сабой, устаноўкі «ў мяне нічога не ўдасца», «я поўны нуль», «мне ўсе здраджваюць», «усе мужчыны — казлы» ні да чаго добрага не прыводзяць. Праз такія вось перакананні ў чалавека выпрацоўваецца пэўны алгарытм паводзін, і нават, калі жыццё будзе рухацца добра і роўна, ён сам абавязкова ўсё сапсуе. З такімі запраграмаванымі алгарытмамі, самі таго не асэнсоўваючы, мы трапляем у сітуацыі, якіх баімся.

Севераў прыводзіць банальны прыклад. У краме каля яго дома працуе прадавачка, якая ўсім сваім выглядам дэманструе, што аднойчы ў жыцці яе моцна пакрыўдзілі. І яна неасэнсавана пачынае працаваць павольна, напрыклад, правакуе, каб нехта зрабіў ёй заўвагу: «А можна хутчэй?». І яна зноў крыўдзіцца, і ў стане гэтай крыўды існуе. Тое ж самае, на думку псіхолага, адбываецца з вянцом бясшлюбнасці і другімі падобнымі «праклёнамі».

Эфектыўна з эмоцыямі працуюць тэхнікі з ёгі і медытацыі. Так, калі вас зноў мучыць нейкае негатыўнае перажыванне, Севераў раіць паспрабаваць вельмі простыя практыкаванні. Ён сам займаецца ёгай і сцвярджае, што яна дазваляе расслабіцца лепш за любы алкаголь.

  • Спыніцца, роўна стаць, глыбока ўдыхнуць, згадаць нешта добрае і ўсміхнуцца.
  • Сесці роўна на крэсла і пачаць варушыць нагамі: спачатку на 5—7 секунд моцна сціскаць пальцы, пасля зноў расслабляць іх. Пасля гэтага падняць пальцы на нагах уверх, зноў на 5—7 секунд. Пры гэтым паралельна з дзеяннямі важна думаць пра тую сітуацыю, якая прывяла да стрэсу (напрыклад, начальнік зноў патрабуе ад вас немагчымага і вінаваціць ва ўсіх бедах менавіта вас). Пасля таго як вы папрацавалі з нагамі, варта паступова напружваць усе астатнія часткі цела: знізу — да макоўкі (сцягно, жывот, грудную клетку, спіну, шыю, твар і гэтак далей). Як скончыце, паспрабуйце напружыць іх разам і адначасова.
  • У такой жа позе можна рабіць нешта кшталту медытацыі: заплюшчыць вочы і пастукваць рукамі па каленях, па чарзе: левая, правая. Слухаць гэты гук і канцэнтравацца на сітуацыі, якая вас раз'ятрыла (ці ятрыць ужо не першы раз).

У тонусе свой эмацыйны зарад таксама дазваляюць трымаць заняткі спортам, сэкс і звычайныя абдымкі з каханым чалавекам. Часам дастаткова пераключыць увагу з нейкай праблемы: прыняць ванну ці пачытаць кнігу, схадзіць у кіно. Але, канечне, проста зняць стрэс — не значыць пазбавіцца праблемы. Трэба шукаць першакрыніцу перажыванняў і прыдумляць план дзеянняў па яе знішчэнні.

Галоўнае, памятаць, што з эмоцыямі можна і трэба працаваць. Што лячыць першым, псіхалагічнае расстройства ці хваробу, якая прыйшла за ім? Псіхасаматыка стварае заганны круг: хвароба ўзмацняе адчуванне бездапаможнасці, а бездапаможнасць правакуе развіццё або абвастрэнне хваробы. Безумоўна, трэба звяртацца да тых дактароў, якія адказваюць за орган, які ў вас баліць.

А гэты лекар, у сваю чаргу, пасля можа перанакіраваць пацыента да псіхолага ці псіхатэрапеўта. Праўда, як сцвярджае псіхатэрапеўт Вячаслаў Салтан, беларусы дагэтуль псіхолагам не вераць. Так, калі мы гатовы некалькі гадоў, лячыць нейкую цялесную хваробу, выдаткоўваць на гэта грошы, то працаваць «з душой» так шмат часу могуць вырашыцца далёка не многія: прасцей махнуць на гэта рукой і «забіць». Для некаторых такое рашэнне можа стаць памылковым: усё ж навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі нікому не будзе лішнім.

Nina.nn.by

Каментары
советский профсоюз вернулся? / Адказаць 14.04.2018 / 07:12

Когда психологи начнут учить не накручивать других тех. кто работает с людьми. чтобы людей не накручивали? Нужно уметь с людьми работать. а не учить людей как им не накручиваться от того, от чего тошнит и уши вянут.

5
Юлій Каралёў / Адказаць 14.04.2018 / 08:02

Жулік. Як і астатнія трэнеры-псіхолагі.

8
Данила Баравик / Адказаць 14.04.2018 / 08:14

Кто нибудь, вообще, представляет, сколько у нас неврастеников и неврастеничек.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні