Праект партала
Гісторыі Кандытар-бізнэсовец з Жодзіна пачаў весці адкрыты гей-блог: «Хачу паказаць, што мы — звычайныя»375
10.04.2018 / 13:25

Жодзінцу Антону Шэлегу — 26 год. Многія ведаюць яго як аднаго са стваральнікаў кавярні-майстэрні «Да» і аўтара звышмастацкіх тортаў і пончыкаў пад заказ. Праўда, утульную кавярню на Кунцаўшчыне, на жаль, месяц таму прыйшлося закрыць: месца было не самым прахадным. Акрамя таго, уладальнікі разрываліся паміж працай там і выпечкай дэсертаў на замову.

Сёння Антон працягвае развівацца ў кандытарскім майстэрстве. А яшчэ нядаўна ён пачаў весці першы ў Беларусі персанальны і адкрыты гей-блог, дзе шчыра дзеліцца падрабязнасцямі камінг-аўта, цёплымі момантамі іх адносін з салістам Дзяржаўнага камернага хора РБ Дзянісам, з якім яны стварылi сям’ю шэсць гадоў таму, і іншымі цікавосткамі.

Антон Шэлег.

Мы сустрэліся з Антонам, каб распытаць, навошта яму было рабіць адкрытую заяву пра сябе «на ўвесь свет», пра беларускую талерантнасць і іх салодкі бізнэс.

«Ніна»: З якой мэтай ты завёў блог, які пазіцыянуеш «як першы адкрыты гей-блог» у Беларусі? Няўжо не страшна было пачынаць дзяліцца інтымнымі падрабязнасцямі з жыцця на публіку?

Антон Шэлег: Мне па жыцці заўсёды цікава было правяраць: а што будзе далей? Пры гэтым я мала думаю пра наступствы.

Я расказаў пра сябе адкрыта — і мне адразу стала прасцей жыць. Вось мы ідзём, напрыклад, з хлопцам удвух па вуліцы, канечне, мы не трымаемся за рукі, але ўсё адно падчас нашых шпацыраў было нейкае пачуцце трывогі. А цяпер яно знікла. Мабыць, таму што я нікога не падманваю. А ўжо як іншыя будуць жыць з гэтай праўдай — асабіста іх сацыяльная драма.

У блогу я бачу адукацыйную місію. Паказаць, што геі, насамрэч, гэта звычайныя людзі, а не тыя, хто любіць выключна фарбавацца, апранацца ў ружовае і гуляць пад вясёлкавым сцягам.

Нехта бачыць у маіх пастах прапаганду, але мне важна вывесці людзей на дыялог, так што хай абмяркоўваюць (праўда, тых, хто пераходзіць на абразы, я адразу адпраўляю ў бан).

Акрамя таго, мне важна было расставіць усе кропкі над «і» ў плане нашага кандытарскага бізнэсу. Ёсць жа асобы, якім можа быць непрыемна, што іх вясельны торт рабіўся рукамі геяў. Сваёй адкрытасцю я адразу адсякаю кліентаў, якім гэта можа быць непрыемна. Бо, калі мы толькі пачыналі, было шмат пытанняў і перашэптванняў кшталту: «Ого, мужчыны-кандытары. А як гэта? Яны што, браты ці сябры? Яны жывуць разам?».

Антон (справа) са сваім хлопцам Дзянісам.

«Ніна»: У Жодзіне, думаю, было яшчэ больш перашэптванняў?

АШ: Так, у параўнанні з невялікім горадам у Мінску прасцей згубіцца ў натоўпе. У мяне ж не было такога, што я рос і паступова асэнсоўваў, што са мной нешта «не так». Гэта заўсёды было са мной, я такім нарадзіўся. Я ніяк не афішыраваў гэта, быў звычайным вучнем, не фрыкам, часткай «шэрай» масы, але людзі навокал на інтуітыўным узроўні разумелі, што я не такі, як яны.

У школе мяне бесперапынна дапякалі смяшкамі, жартамі, спробамі злавіць і даць у нос ці зубы. Неяк на школьным футболе нават штурхнулі, і я разбіў галаву.

Праз такія вось рэчы ва мне пасяліўся нейкі страх: я ніколі не прыходзіў на заняткі загадзя, каб не сутыкнуцца з кім-небудзь у калідоры, на перапынках імкнуўся сядзець у класе, а ў прыбіральню хадзіў толькі на занятках. Канечне, гэта можна назваць баязлівасцю, але такім чынам я перастрахоўваўся.

У 14 гадоў я прызнаўся у сваёй арыентацыі маці.

Усё ж пачаўся падлеткавы перыяд, першыя спробы завесці адносіны з хлопцамі праз МТС-знаёмствы на тэлефоне. Мне не хацелася знішчаць нашу з ёй цёплую сувязь праз хлусню. Маці адрэагавала спакойна, сказала, што пра ўсё ведала, проста чакала гэтай размовы. Думаю, так ціха яна ўспрыняла ўсё і таму, што ў яе адсутнічае эгаізм: мы жылі сціпла, нейкі час прыйшлося туліцца ўшасцярых у двухпакаёўцы, таму яна шмат працавала на звычайнай птушкафабрыцы і думала, як вырашаць жыллёвае пытанне. На нейкае высвятленне адносін са мной у яе папросту не было часу. З бацькам жа яны развялася, калі мне было 3 гады.

Маці Антона.

Я старанна вучыўся і марыў, што паступлю ў Мінск, каб з’ехаць з Жодзіна.

Наведваў музычную школу па класе трубы і ўжо ў 8-м класе граў у трох аркестрах: школьным, прадпрыемства «БелАЗ» і ў Смалявічах. Пасля заняткаў зноў займаўся ўрокамі і музыкай.

У выніку я паступіў у музычнае вучылішча імя Міхаіла Глінкі. Пасля — ва Універсітэт культуры.

Але ў апошнім месцы я затрымаўся ўсяго на паўгода: праграма народнага аддзялення не апраўдала маіх спадзяванняў. Тым больш інтэрнат мне не далі, і трэба было працаваць на кватэру. Таму я кінуў навучанне і пайшоў рабіць у казіно.

«Ніна»: А якім чынам ты стаў часткай кандытарскай сферы?

АШ: Спантанна. Я, канечне, заўсёды любіў гатаваць, але тортамі заняўся ўжо пасля таго, як пазнаёміўся з Дзянісам. Сваю першую адукацыю ён атрымаў у Гомельскім дзяржаўным каледжы рачнога флоту па спецыяльнасці «повар-кок» i «пекар».

Памятаю, мы святкавалі дзень народзінаў сяброўкі, яна заказала нейкі торт у прыватнікаў. Дзяніс яго пакаштаваў і ўпэўнена заявіў, што можна зрабіць лепш.

І мы сапраўды пачалі спрабаваць рабіць лепш. Чамусьці мяне навучыў Дзяніс, пазней я запісаўся на кандытарскія курсы. У нас атрымлівалася ўсё якасней, таму я кінуў працу ў казіно і цалкам заняўся тым, што прыносіла нам абодвум задавальненне.

«Ніна»: А як ты, дарэчы, пазнаёміўся са сваім хлопцам?

АШ: Я напісаў яму на сайце знаёмстваў. Прытым што на яго старонцы нават чужы фотаздымак стаяў. Але мяне зачапіла менавіта апісанне. Там не было згадак пра вагу цела, рост, нечага банальнага пра любоў да кіно, а быў вельмі глыбокі тэкст. Я ўжо не памятаю дакладны змест, але тады я адразу падумаў, што мне б было цікава з такім чалавекам проста сустрэцца і паразмаўляць. І напісаў яму.

Мы схадзілі ў кіно, хутка пачалі сустракацца, і вось ужо разам як шосты год.

Нас змацавала асабістая трагедыя Дзяніса: калі мы пазнаёміліся, яго маці хварэла на рак, апошняя стадыя. Дзянісу трэба было з’язджаць у камандзіроўку ў Кітай, таму я даглядаў яе, прыносіў есці. Калі яна памерла, мы вырашылі жыць разам.

«Ніна»: Слухай, ты з падлеткавага ўзросту знаёміўся з патэнцыйнымі партнёрамі праз інтэрнэт, а не было страшна, што на іншым камп’ютары ці тэлефоне табе адказвае нейкі жорсткі гамафоб, які хоча сустрэцца з табой толькі дзеля таго, каб павучыць жыццю?

АШ: Я не такі чалавек, які можа пагадзіцца на спатканне ў адно імгненне. Перш-наперш мне важна пагаварыць, зразумець, што гэта за персанаж. Таму я, відаць, і не фанат клубаў і тэматычных вечарын.

Толькі адзін раз мяне спрабавалі шантажаваць. Я доўга вёў перапіску з хлопцам, часам — вельмі шчырую. Неўзабаве ён даслаў мне скрыншоты з патрабаваннем перавесці яму каля 150 даляраў, інакш мае фотаздымкі разляцяцца па ўсім сеціве. Я спачатку стрэсаваў, а пасля вырашыў — ну, няхай разыходзяцца, якая мне розніца.

«Ніна»: Карацей, ты за спакойны, мерны лад жыцця?

АШ: Так, я агароджваю сябе ад «паказухі» і пэўнай амаральнасці.

Часцяком я нават адчуваю сябе гамафобам. Патлумачу, у якіх сітуацыях. Калі арыентацыя з-за нейкіх унутраных комплексаў, няўпэўненасці ў сабе ператвараецца ў пошлую прапаганду. З гей-парадамі, з ухілам у сада-маза, з манернасцю і задзірлівымі паводзінамі.

Мне гэта не падабаецца не таму, што я нейкая там «манашка». Проста я лічу, што ў такіх рэчах няма сэнсу, яны толькі распальваюць нянавісць.

«Ніна»: Ты згадваў пра частку стэрэатыпаў, звязаных з успрыманнем геяў, а якія з іх больш за ўсё цябе раздражняюць?

АШ: Адзін з міфаў: калі чалавек-гомасэксуал, то ён абавязкова вядзе амаральны лад жыцця і з’яўляецца рассаднікам хвароб, не здольны кахаць і мець працяглыя партнёрскія адносіны. Насамрэч, наша жыццё з Дзянісам ніяк не адрозніваецца ад укладу традыцыйных пар.

Так, Дзяніс кожную раніцу перад сваёй працай (ён — саліст Дзяржаўнага камернага хора РБ) робіць мне ваду са свежавыціснутым лiмонным сокам і імберцам, а таксама запраўляе кава-машыну, каб, калі я прачнуся, мне засталося толькі націснуць «Уключыць». Кожную нядзелю мы ходзім у царкву і спяваем у хоры. У нас супольны бізнэс і брэнд.

Вось такую смакату хлопцы ствараюць разам.

Акрамя таго, многія лічаць геяў манернымі, заўсёды нафарбаванымі, у ружовым адзенні. І абавязкова творчымі і таленавітымі. Гэта ўсё смешна.

«Ніна»: А вы нейкім чынам размяркоўваеце абавязкі ў сям’і?

АШ: У нас няма строгага падзелу. Я крыху лянівы, калі справа тычыцца ўборкі, а Дзяніс нават тут — перфекцыяніст, таму ў яго такія рэчы атрымліваюцца ўзорна.

У нас у плане адносін поўнае раўнапраўе. Няма такога, што адзін дамінуе. Мы абодва пастаянна змагаемся за лідарства.

«Ніна»: Ты згадаў пра царкву. На мінулым тыдні праваслаўныя святкавалі Вялікдзень, на час якога прыйшоўся і квір-фестываль «Dotyk». Праваслаўныя актывісты на гэта супадзенне адрэагавалі вельмі радыкальна, аб’явіўшы, што гей-вечарыны падчас рэлігійнага свята — гэта «грэх». Ды і самі геі з лесбіянкамі — «зло з Захаду». Як вы, як вернікі, рэагуеце на такія выказванні?

АШ: На мой погляд, падобныя рэакцыі сведчаць ужо не проста пра рэлігійнасць людзей, а пра нейкі фанатызм. Твае грахі — гэта твае грахі, якімі б яны ні былі. Бог усiм суддзя. Ніхто не мае права адлучаць цябе ад царквы за погляды.

Але кожны трактуе Біблію так, як яму зручна і як яму падабаецца. І мяне ўражвае негатыў такіх праваслаўных актывістаў: вы ж павінны любіць блізкага, як сябе самога, што ж вы самі парушаеце ўвесь сэнс запаведзяў?

«Ніна»: Якія планы ў вас на бізнэс далей?

АШ: Набліжаецца лета — вясельны сезон, так што будзем актыўна выпякаць торты. Нядаўна я вярнуўся з дадатковых кандытарскіх курсаў, у маі такія наведае і Дзяніс. Пакуль што мы гатуем усё дома, але марым пра ўласную студыю і цэх у «Гарызонце».

Бізнэс — гэта наркотык. Калі ты аднойчы пачаў ім займацца, то ўжо не зможаш спыніцца, таму не выключаю, што праз нейкі час мы здолеем адкрыць і новую кавярню. Ну і, само сабой, я буду працягваць развіваць свой блог. 

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў герояў

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні