Праект газеты
Тонус Як я шмат год жыву з алергіяй, чаму дактары выявілі яе толькі праз 5 год пакутаў і ці жарт гэта — алергія на чалавека 18
04.04.2018 / 10:27

У сітуацыі, калі алергікаў з кожным годам становіцца ўсё больш, я вырашыла падзяліцца ўласным досведам «саюза» з гэтай хваробай: гісторыяй, як мне шмат год не маглі паставіць правільны дыягназ, і рэчамі, якія сёння дапамагаюць весці больш-менш камфортнае жыццё.

Мой досвед

Першыя праблемы (як тады думалася, з носам) у мяне пачаліся яшчэ ў студэнцтве. Памятаю, як жыла з пастаянным насмаркам, які пакідаў мяне толькі пасля выкарыстоўвання сасудазвужальных кропель. Іх дактары прызначалі, думаючы, што ў мяне то прастуда, то гаймарыт, рыніт, то нейкія іншыя хваробы.

Але калі спачатку з гэтым вечным насмаркам яшчэ хаця б неяк можна было суіснаваць, то праз некалькі год ён пачаў уплываць на якасць жыцця: папяровыя насоўкі сталі маім пастаянным спадарожнікам, я бесперапынна чхала, смаркалася, вочы слязіліся, і часта гэта замінала мне нармальна вучыцца і працаваць. Трэба было нешта рабіць.

Ілюстрацыйнае фота.

Праз нейкі час я ўжо шчыльна падсела на сасудазвужальныя кроплі. Карысталася імі бесперапынна, цягам некалькіх гадоў, бо гэта было адзіным ратаваннем — тым, што дазваляла мне заснуць і забыцца пра закладзены нос.

Агульнавядома, што такімі кроплямі нельга злоўжываць, бо яны станчаюць слізістую. Але ў сітуацыі, калі пасля чарговага «лекавання» да мяне зноў вярталася ўсё гэта пекла, я не ведала, чым яшчэ сабе дапамагчы. Кроплі ж заўсёды былі пад рукой ці ў адкрытым доступе ў любой аптэцы. Прытым і каштуюць яны танна.

Праз нейкі час перасталі дапамагаць і кроплі. Якую б дозу я ў сябе ні залівала. Чарговы лор дапамог саскочыць з іх, прапісаўшы на месяц альтэрнатыўны прэпарат. Праўда, лягчэй мне ад гэтага не стала.

Памятаю, прачынаешся раніцай і першае, чым пачынаеш займацца — гэты чхаць і смаркацца, чхаць і смаркацца, аж да абеду. Увечары прыступы нярэдка паўтараліся. Я адчувала пастаянную стомленасць, пачала часцей хварэць. Пра настрой ужо маўчу.

Самае цікавае, што ў пэўны момант мне далі накіраванне да алерголага (калі ўжо ў дактароў не засталося іншых ідэй, як дапамагчы). У адной з дзяржаўных клінік Мінска мне ўпершыню зрабілі скураны тэст (калі нехта не ў курсе, то гэта калі медсястра спачатку робіць на вашай руцэ невялікія драпіны, а пасля капае на іх з маленькіх бутэлечак розныя алергены — бытавы пыл, поўсць жывёлы ці бярозу). Праз хвілін 15—20 доктар кантралюе, на які з гэтых алергенаў пайшла рэакцыя: калі ў вас ёсць алергія, скура звычайна чырванее і напухае, як пасля прышчэпкі.

Вось так праходзяць алергапробы. Фота stblizko.ru.

Тады мой арганізм адмоўна зрэагаваў толькі на пылок бярозы. Але дрэвы цвітуць раз на год, праблемы з носам жа я мела ва ўсе сезоны. Канкрэтны адказ на пытанне, што са мной не так і як гэта лячыць, зноў недзе хаваўся.

Забіўшы на бясплатныя паліклінікі, я пайшла ў платныя. Там мяне ўсяляк правяралі. Самую поўную інфу дала камп’ютарная тамаграфія прыдаткавых пазух носа, згодна з якой там былі знойдзеныя паліпы. Іх трэба было выдаліць і такім чынам паспрабаваць аблегчыць мае пакуты.

Аперацыя, натуральна, была платнай, пад агульным наркозам. Апушчу падрабязнасці і наступствы: тэмпература, два тыдні хаджэння з тампонамі ў ноздрах, смаркання крывёю, пастаяннае адчуванне яе ў роце і гэтак далей. Але калі нос зажыў, жыць сапраўды стала камфортней. Праўда, эфект доўжыўся пару месяцаў. Пасля гэтага ранейшыя праблемы вярнуліся зноў. Доктарка адправіла мяне на паўторную камп’ютарнаю тамаграфію — сказала, што нос унутры выглядае, як мадэль (то бок, цудоўна і здорава), і развяла рукамі.

Спачатку па яе рэкамендацыях я проста бесперапынна прамывала нос. Пасля лор усё ж падумала, што было б нядрэнна яшчэ раз адправіць мяне на алергапробы. Іншых варыянтаў развіцця падзей у яе ўжо не заставалася.

У Рэспубліканскім клінічным медцэнтры, што ў Ждановічах, і ў РНПЦ оталарынгалогіі, час ад часу, набіраюць групы з алергікаў на клінічныя выпрабаванні. Зноў прайшоўшы скураныя тэсты, я высветліла, што ўсё ж маю алергію. І зусім не на сезоннае цвіценне дрэў, а на хатні пыл і кляшчоў, якія часта заводзяцца ў матрацах, падушках, дыванах, мэблі і нават адзенні.

Цяпер, нарэшце, рабілася ясна, у чым карані ўсіх маіх сімптомаў.

Пазней я ўжо высветліла, чаму першыя алергапробы не далі ясных вынікаў. Менавіта ў той момант мая імунная сістэма яшчэ не паспела выпрацаваць дастатковую колькасць антыцел, якую б маглі выявіць аналізы крыві і тэсты. Таму часам падобныя тэсты лепш рабіць некалькі разоў.

Дарэчы, як пазней мне расказала адна спецыялістка, нашы дактары часта банальна забываюцца трымаць у галаве, што ёсць такое захворванне, як алергія. Акрамя стандартнай ВРВІ, тэрапеўты рэдка бачаць нешта яшчэ.

У выніку пацыенты доўга лечацца ад прастуды, пакуль самі, асабліва калі гэта нейкая сезонная алергія, не заўважаюць, што дрэннае самаадчуванне ў іх пачынаецца менавіта пры кантакце з пэўнымі рэчамі, істотамі ці ежай. Але на такі «дэтэктыў» і яго разблытванне можна згубіць некалькі год.

Пасля таго, як стала зразумела, чым жа канкрэтна я хварэю, мяне ўключылі ў адну з груп па тэставанні лекаў, што ў гэты момант праходзяць перарэгістрацыю ў Міністэрстве аховы здароўя. Чым гэта выгадна? Тым, што калі ты пасуеш па ўсіх медыцынскіх паказчыках, то маеш магчымасць бясплатна атрымаць пэўныя прэпараты і праверыць, працуюць яны ці не.

Мне дастаўся бельгійскі прэпарат (у другой групы паддоследных быў турэцкі). Я здала аналізы крыві, мазок з носу, запоўніла карткі, дзе трэба было ацаніць ступені дыскамфорту, які мне штодзённа прыносіць хвароба. І пачала двухтыднёвае лячэнне. Ужо пасля першага ж дня прыёму мікстуры стала лягчэй. Але, акрамя медыкаментознага лячэння, мне прыйшлося і крыху памяняць свой падыход да прыбірання дома.

На які ж лад жыцця павінен перастроіцца кожны «бытавы» алергік? Прыводжу галоўныя парады, якімі карыстаюся сама:

  • Падчас уборкі, калі вы робіце гэта самі, рэкамендавана выкарыстоўваць рэспіратар.
  • Пажадана праводзіць уборку штодзень: вільготную і з пыласосам. Лепш, калі ён будзе з НЕРА-фільтрам, менавіта такі фільтр затрымлівае максімальную колькасць нават самых дробных часцінак з паветра. Звычайны апарат часта толькі «ганяе» пыл, але не засмоктвае яе якасна.

Як варыянт: мыйны пыласос Karcher SE 6.100. 

  • Па магчымасці прыміце з пакоя, дзе спіце, усе пылазборнікі кшталту кніжак, дываноў, фіранак з тоўстых тканін.
  • Падтрымлівайце ў кватэры вільготнасць не большую за 40%: у такіх умовах змяншаецца інтэнсіўнасць размнажэння кляшчоў і грыбкоў. У гэтым лёгка можа дапамагчы ўсталяваны кандыцыянер.

  • На кухні падтрымліваць вільготнасць у межах нормы дапамагаюць выцяжкі: іх абавязкова трэба ўключаць падчас гатавання.

Выцяжка Bosch DWB064W51T з нержавейкі.

  • Апрацоўвайце мэблю і пасцельныя рэчы акарыцыднымі сродкамі: яны знішчаюць кляшчоў. Спрэем можна апрацоўваць і фіранкі. У якасці дадатковага гаджэта, які дапамагае падтрымліваць іх у чысціні, можна выкарыстоўваць ручны параачышчальнік. Ён якасна дастае бруд з цяжкадаступных месцаў.

Параачышчальнік Polaris PSC 1101C дазваляе чысціць фіранкі, падлогу, дываны і гэтак далей.

  • Пасцельныя рэчы пажадана сціраць кожны тыдзень. Падушкі і коўдры — штомесяц (калі вы да гэтага часу спіце на падушках, набітых пер’ем, адразу ж замяніце іх на сінтэтычныя ці ватныя). Старыя матрацы выкідвайце раз на 10 гадоў. Пры мыцці важна ўсталяваць на пральнай машыне рэжым «60 градусаў»: гэта мінімум, пры якім гінуць кляшчы.

  • Не засцілайце ложак адразу, як толькі прачнуліся: хай пасцеля падсохне і астыне. У маразы смела вывешвайце яе на цэлы дзень на балкон: пры мінусавой тэмпературы кляшчы таксама паміраюць.
  • Захоўвайце адзенне ў шчыльна зачыненых шафах. Шарсцяную і футравую вопратку хавайце ў чахлы на маланцы.
  • Трымайце ў пакоі, дзе спіце, менш вазонаў.

Для тых, хто хоча яшчэ лепш разбірацца ў тэме і ведаць, што рабіць з любой алергіяй, не толькі з рэакцыямі на пыл, разам з алерголагам з 20-гадовым стажам, загадчыцай кансультацыйна-паліклінічнага аддзялення «Ладэ» Таццянай Літвінавай мы падрыхтавалі невялікую памятку. Адказваем на самыя распаўсюджаныя пытанні пра гэта захворванне.

Доктарка-алерголаг медыцынскага цэнтра «Ладэ» Таццяна Літвінава. Фота Кацярыны Карпіцкай.

Што такое алергія?

Гэта празмерна бурная рэакцыя імунітэту на што-небудзь. На звычайныя рэчы, якія нас атачаюць: прадукты, пылок раслін, укусы насякомых.

Алергічныя рэакцыі пры гэтым могуць праяўляцца па-рознаму. Напрыклад, у выглядзе кан’юнктывіту, рыніту, бранхіту (у 80% выпадкаў). Сустракаюцца і скураныя рэакцыі кшталту крапіўніцы, дэрматыту. Часта алергікі хварэюць на бранхіяльную астму. Куды радзей, але сустракаецца сіндром Стывенса-Джонсана, які прыводзіць да цяжкага паражэння скуры і слізістай.

Алергічныя захворванні перадаюцца ў спадчыну. Хаця дакладней будзе сказаць: чалавек успадкоўвае не само захворванне, а генетычную схільнасць. Рэалізуецца яна ці не, залежыць ад шматлікіх складнікаў. Калі адзін з бацькоў пакутуе на алергічнае захворванне, а другі — не, то імавернасць генетычнай схільнасці ў дзіцяці будзе каля 30%. Калі абое — каля 70%.

Існуе некалькі метадаў дыягностыкі, якія дазваляюць высветліць, на што ж у чалавека алергія: скураныя скарыфікацыйныя пробы і аналіз крыві. У першым выпадку алерголаг ці медсястра робяць на целе пацыента драпінкі, а пасля капаюць на гэтыя месцы алергены. Працэс займае не больш за паўгадзіны, і вынік вядомы адразу. Сярод асноўных алергенаў, на якія звычайна правяраюць чалавека, — бытавыя (пыл, клешч, пер’е падушкі), яны праяўляюцца ў 95% выпадкаў; эпідэрмальныя (на жывёл), раслінныя і харчовыя. Звычайны набор, якога дастаткова, каб паставіць дыягназ, складаецца з 20—25 зарэгістраваных алергенаў.

Канечне, калі ў чалавека алергія, напрыклад, на экзатычную шыншылу, то ў медыкаў не будзе стандартызаванага алергену, каб адразу гэта высветліць: растворы досыць дарагія і маюць свой тэрмін прыдатнасці. Пры мінімальнай імавернасці патрэбы трымаць іх амаль не мае сэнсу. Але ў нестандартных сітуацыях доктар можа зрабіць прык-тэст з натыўным алергенам: для гэтага ў спецыяльную вадкасць дадаецца поўсць шыншылы, і гэты «кактэйль» настойваецца некалькі сутак.

Аналіз крыві — больш інавацыйны метад, па якім можна вызначыць наяўнасць ці адсутнасць алергіі. Але ён і больш дарагі. Вынікі ж звычайна апрацоўваюцца цягам 5—6 працоўных дзён.

Чаму алергікаў становіцца ўсё больш?

Тое, што алергікаў становіцца больш, звязана з нашай экалогіяй, ладам жыцця, тым, што мы ямо. Фактараў шмат, сказаць, што вінаваты нейкі адзін — нельга.

Лічыцца, што алергія — гэта захворванне цывілізаваных краін. Адна з тэорый, чаму так адбываецца — у нашай звышстэрыльнасці. Імунная сістэма — вельмі хітрая штука. Яна ўтрымлівае пэўнае звяно, якое адказвае за алергічную рэакцыю. Яно ж адказвае і за рэакцыю на гельмінты (глісты). Лічыцца, што ў бедных краінах, у вёсках, кантакты з гліснымі інвазіямі больш распаўсюджаны, таму імунная сістэма займаецца імі. У горадзе ж — чысціня і парадак: мы вызвалілі імунную сістэму ад змагання з паразітамі, таму яна пераключаецца на іншае, у прыватнасці, на алергены.

Калі разглядаць Беларусь, то колькасць алергікаў таксама павялічваецца. Так, калі 20 год таму я вельмі рэдка сутыкалася з падобнымі праяўленнямі алергіі, як хранiчная крапіўніца ці рэакцыя на холад: добра, калі такія пацыенты звярталіся раз на год. Цяпер на прыём з падобнымі скаргамі прыходзяць штотыднёва.

Запусціць алергічны механізм здольныя стрэс ці вірусная інфекцыя. Гэта можа адбыцца нават са здаровым чалавекам, у якога не хварэлі сваякі. Часцей за ўсё гэта ёсць «прывілея» людзей маладых і сярэдніх гадоў. У старых імавернасць узнікнення алергічнай рэакцыі ўпершыню куды ніжэй: чым мы старэйшыя, тым спакайнейшая наша імунная сістэма.

Алергія — гэта прысуд на ўсё жыццё?

З’явіўшыся аднойчы, алергічная хвароба будзе з чалавекам усё жыццё, але можна знішчыць яе праяўленні.

Сёння існуе шмат прэпаратаў (спрэі для носа, кроплі для вачэй, таблеткі, інгалятары), якія дазваляюць чалавеку адчуваць сябе камфортна. У Беларусі маюцца ўсе неабходныя сродкі для алергікаў. Але нават самыя добрыя прэпараты дапамагаюць не ўсім.

У якасці самага радыкальнага метаду лячэння выкарыстоўваецца алерген-спецыфічная імунная тэрапія. Ін’екцыйным спосабам у арганізм чалавека ўводзіцца пэўны алерген: напрыклад, сумесь кляшчоў. Паступова яго дазіроўка павялічваецца. Такім чынам доктар спрабуе прывучыць да алергену імунную сістэму. Метад досыць эфектыўны — у 80% выпадкаў лячэнне прыводзіла да пазітыўных вынікаў. Але, на жаль, не хуткі: працэс можа расцягнуцца на 3—5 гадоў.

У любым выпадку хворы павінен імкнуцца стварыць вакол сябе гіпаалергенныя ўмовы. Калі вы ведаеце, што ў вас рэакцыя на пылок, радзей бывайце на лецішчы, за горадам. Калі бытавая алергія, абыдзіцеся без дываноў на падлозе, штотыднёва мыйце пасцелю, хаця б два разы на дзень рабіце вільготную прыборку і гэтак далей.

Увогуле ж, існуе тэорыя, што алергія — гэта пандэмія будучыні. Хварэць на яе, на жаль, будзе амаль кожны жыхар нашай планеты, толькі праяўляцца гэта будзе па-рознаму.

Ці бывае алергія на чалавека?

Ёсць такое паняцце, як алергія на волас чалавека. Існуе нават стандартызаваны алерген, які дапамагае гэта выявіць. Я з такім сутыкнулася адзін раз за практыку: у адной з пацыентак выявілася алергія «на мужа», асаблівы дыскамфорт яна адчувала падчас інтымных адносін з ім. Можа, смалы ў агонь тут падлівала псіхасаматыка, не ведаю. Але справа скончылася разводам.

Часцей за ўсё алергія на чалавечы волас пераследуе тых, хто з ім пастаянна працуе: цырульнікаў, спецыялістаў, якія ствараюць парыкі. Іх балячкамі займаюцца прафпатолагі.

Як даведацца, ці ёсць у мяне алергія на лекі?

На жаль, тэстаў, што дазволілі б высветліць, якія лекі чалавеку пасуюць, а якія арганізм не ўспрыме, няма. Даведацца, ці ёсць у вас алергія на нейкія пэўныя лекі, можна толькі практычным шляхам.

* * *

ТАА «Трыявiст», УНП 190806803

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

Каментары
Васисуалий Лоханкин / Адказаць 04.04.2018 / 09:48

Очень много написано... Это конечно проблема, но эта проблема.у 25% человечества. И не.могут медики обуздать Эту проблему .. Что делать? Поменьше принимать лекарств и травить себя. Будет только хуже.

10
Мікола / Адказаць 04.04.2018 / 09:57

Дык хто хварэў? Я не паняў з артыкула самога цікавага. Кацярына хварэла?

1
Ганна / Адказаць 04.04.2018 / 11:00

желаю скорейшего выздоровления!

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні