Праект партала
Рост Купчына, Золатава, Севярынец… — восем беларусак, якія рухаюць краіну наперад40
08.03.2018 / 16:12

Мы шчыра захапляемся ўсімі беларускімі жанчынамі, якія ствараюць, змагаюцца, робяць немагчымае, працуюць аддана, здзяйсняюць свае мары і ідуць да сваіх мэтаў. І 8 сакавіка хочам адзначыць хаця б частку гэтай вялікай «арміі». Можа быць, хтосьці з іх натхніць на штосьці і вас.

Мы адмыслова не сталі ўключаць у спіс асоб з шэрагу Святланы Алексіевіч ці Дар’і Домрачавай, бо ўсе іх і так ведаюць і шануюць.

Перад вамі восем жанчын, пра справы і дасягненні якіх мы лічым важным нагадаць. Выбар «Нашай Ніны».

Палітыка і дзяржслужба: Алена Купчына, пасол Беларусі ў Аўстрыі

Без сумневаў — найбольш уплывовы беларускі дыпламат-жанчына на міжнароднай арэне. Сёння Купчына ачольвае амбасаду ў Аўстрыі і Харватыі, а таксама прадстаўляе краіну ў АБСЕ.

Пра Купчыну кажуць, што яна абсалютна на сваім месцы — дыпламат найвышэйшага ўзроўню. Летась яна была адным з галоўных прэтэндэнтаў на пазіцыю генеральнага сакратара АБСЕ, але не склалася. Пазней Купчыну абралі старшынёй 17-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ААН па прамысловым развіцці (ЮНІДА). Трэба зазначыць, гэта першы выпадак, калі беларускі дыпламат стаў старшынёй органу ААН.

Цікава, што ў дыпламаты Алена Купчына асабліва не збіралася. Яна скончыла юрфак БДУ, потым — аспірантуру, абараніла кандыдацкую. Адвучыўшыся, пайшла ў Акадэмію навук.

Навука вабіла яе інтэлектуальнай свабодай, распавядала дыпламат у інтэрв’ю часопісу «Бізнэс Лэдзі». Калі прапанавалі схадзіць на сумоўе ў МЗС, дзе тады актыўна шукалі юрыстаў з веданнем англійскай, Купчына доўга вагалася і раздумвала, але ўрэшце пагадзілася. Ёй тады было 25, яе ўзялі другім сакратаром у дамоўна-прававы аддзел. Кар’еру Купчына зрабіла вельмі хутка: праз некалькі год яна была ўжо начальнікам аддзела, потым — намеснікам начальніка ўпраўлення, а пасля, у 1995-м, яе накіравалі ў Швейцарыю.

У пэўны момант яна вырашыла, што трэба спыніцца і пажыць для сябе. Звольнілася, выйшла замуж, нарадзіла сына. Але калі хлопчыку было пяць месяцаў, усё ж вярнулася ў дыпламатыю і па сёння працягвае ўздымацца па кар’ернай лесвіцы.

Раней дыпламатка распавядала, што калі ў яе ёсць вольны час, яна аддае яго на сям’ю, на размовы з сынам, на чытанне і музыку — оперы, балет, аперэты.

Што тычыцца беларускай культуры і мовы, то, як зазначала Купчына, «калі не мы, то хто будзе іх прасоўваць?» У гэтым яна таксама бачыла сваю асаблівую місію.

СМІ: Марына Золатава, галоўная рэдактарка Tut.by

Tut.by з’явіўся ў 2000-м, а праз чатыры гады ў каманду прыйшла Марына Золатава. Калісьці яна была адзінай рэдактаркай партала.

Сёння Марына Золатава — галоўная рэдактарка, пад кіраўніцтвам якой 50 чалавек ствараюць інфармацыйную карціну дня. Гэта толькі каманда рэдакцыі, агулам на Tut.by каля 350 супрацоўнікаў.

У гісторыі партала было шмат розных праектаў, але навіны — самы паспяховы, і гэтага дамаглася Золатава. Яна збудавала рэсурс, які задае ўзровень і дае стандарты ўсёй беларускай журналістыцы. У нашым традыцыйным рэйтынгу наведвальнасці навінных сайтаў Беларусі Tut.by стаіць на першым месцы з вялікім адрывам. Больш за 100 мільёнаў старонак адкрываюць чытачы цягам месяца — гэта велізарная лічба.

Золатава скончыла філфак БДУ, аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Яна замужам, гадуе дачку і сына.

У 2015-м Марына прабегла свой першы ў жыцці паўмарафон — 21 кіламетр. Пасля забегу ў размове з журналістамі яна падкрэсліла, што спорт для яе больш, чым проста фізнагрузка.

«Ёсць людзі, якія пагарджаюць фізічнымі нагрузкамі ці, наадварот, думаюць стэрэатыпамі кшталту «моц ёсць, розуму не трэба». Але гэта ўзаемазвязаныя рэчы. Калі ты ставіш перад сабой фізічныя выклікі: прабегчы марафон, скочыць з парашутам, пераплысці Басфор — псіхалогія змяняецца ў тым ліку. Чалавек прывыкае ставіць перад сабой выклікі, пераадольваць перашкоды, дасягаць новых мэтаў, а не проста выконваць фізічныя нагрузкі. Гэта дае шмат энергіі, зараджае», — разважала Золатава.

Бізнэс: Святлана Сіпарава, сузаснавальніца Mark Formelle

Фота marketing.by.

Кампанія Mark Formelle — адзін з беларускіх бізнэсаў, які апошнім часам часцей за іншых выстрэльвае інфармацыйнымі нагодамі. Як пазітыўнымі (запускае лінейку адзення з партрэтамі Радзівілаў), так і не вельмі (Барбару Радзівіл на світшотах блытаюць з іншай, Аўстрыйскай, а феміністкі ганяць сэксісцкую рэкламу бялізны). Але ва ўсіх сітуацыях, як са знакам плюс, так і са знакам мінус, Mark Formelle паводзіць сябе з гумарам і годна. Можна прыгадаць, напрыклад, жэст падтрымкі «Радзіславе», якая дапамагае ахвярам сямейнага гвалту.

Тое, што шкарпэткі MF з яркімі прынтамі даўно палюбіліся беларусам, — увогуле не сакрэт.

З 2009 года кампанія адкрыла больш за 100 крам па ўсёй Беларусі. Рэчы Mark Formelle можна набыць у Расіі, Украіне, Казахстане, Літве і Балгарыі. Гэта сямейны бізнэс, але за жаночыя і дзіцячыя калекцыі, маркетынгавую стратэгію заўсёды адказвала менавіта Святлана.

Цікава, што бацька Святланы, таксама прадпрымальнік, заўсёды лічыў, што бізнэс — гэта выключна мужчынскі занятак, а жанчынам трэба знаходзіцца «ля печкі», быць з сям’ёй і дзецьмі. Але дачка даказала яму адваротнае: яна паспяхова кіруе бізнэсам і паралельна гадуе дзвюх дачок.

Культура: Анжаліка Крашэўская, дырэктарка фестываляў «Тэарт» і «Лістапад»

Фота gromykotheatre.org.

Менеджмэнт у культуры — адна са сфер, якая ў нас крыху кульгае. Але прыклад Анжалікі Крашэўскай паказвае, што можна паспяхова рабіць маштабныя мастацкія праекты, прычым не разава, а пастаянна.

Эканамістка па адукацыі (скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт), Анжаліка вельмі ўдала прымяняе гэты досвед у сферы культуры. З'яўляючыся дырэктаркай Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», яна паставіла на паток адны з самых значных культурных фестываляў Беларусі — МКФ «Лiстапад» і тэатральны фестываль «Тэарт». З 2015 года каманда цэнтра ажыццяўляе праект TheatreHD — паказы ў кінатэатрах запісаў найлепшых тэатральных пастановак на знакамітых сусветных пляцоўках. І гэта толькі частка дзейнасці Анжалікі і яе калег.

Дарэчы, у інтэрв’ю яна амаль ніколі не кажа пра сябе — выключна пра тое, што робіць. 

Навука: Эмілія Каламіец, член-карэспандэнт НАН, доктар біялагічных навук

Фота sb.by.

Мікрабіёлаг і біятэхнолаг Эмілія Каламіец — аўтарка каля 500 навуковых прац і шматлікіх патэнтаў на вынаходніцтвы. Назвы многіх з іх мала што скажуць тым, хто слаба разбіраецца ў мікрабіялогіі. Але калі казаць коратка і проста, то менавіта дзякуючы Эміліі мы маем тэхналагічную лінію па вытворчасці ферментаў для імпартазамяшчальных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца для дыягностыкі і супрацьпухлінных субстанцый. Пад яе кіраўніцтвам у лабараторыях Інстытута мікрабіялогіі былі распрацаваны замяняльнікі антыбіётыкаў і груднога малака, а таксама інавацыйныя біядабаўкі для паліва. Яна таксама ўкараніла тэхналогію стварэння прэпаратаў для дэзынфекцыі і імунастымуляцыі.

Летась Эмілію Каламіец прызналі «Вучоным года НАН Беларусі — 2017».

Навуцы жанчына аддала больш 40 год свайго жыцця. Але да таго, як пачаць будаваць кар'еру навукоўцы, яна скончыла Беларускі палітэхнічны інстытут і думала, што будзе працаваць на вытворчасці. Жыццё вырашыла іначай, яе прафесійныя здольнасці і інтэлект спатрэбіліся ў іншай вобласці. Праўда, дзеці і ўнучка ў навуку ісці наадрэз адмовіліся. Яны бачылі, што часам маці і бабуля зарабляла ўсяго 20 даляраў, хоць сядзела за працай усе вольныя вечары, нават калі выязджала на лецішча. Але грошы для Эміліі — другаснае. Яна ўсю сябе аддае навуцы, любіць сваю справу фанатычна і бязмежна. І працягвае працаваць, нягледзячы на тое, што даўно магла адпачываць на пенсіі.

Правы: Ірына Альхоўка, кіраўніца «Гендарных перспектыў», сябра Нацыянальнай рады па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў

У Беларусі існуе нямала розных грамадскіх арганізацый, дзейнасць якіх часам для многіх выклікае шмат пытанняў. Але прыклад «Гендарных перспектыў» пад кіраўніцтвам Ірыны — з пазітыўных. Разам з партнёрамі яна прасоўвае ў Беларусі антыдыскрымінацыйны закон, працуе з тэмамі супрацьстаяння гвалту ў сям’і, даследуе сітуацыі гендарнай несправядлівасці ў грамадстве. І што не менш важна — актыўна супрацоўнічае са СМІ, тлумачыць неабходнасць і важнасць пэўных пытанняў, распавядае пра перамогі ў сферы правоў жанчын.

Пры гэтым Ірына разбурае стэрэатып, звязаны з феміністкамі: яна шчаслівая ў шлюбе, гадуе сына. Чаму фемінізм выгадны і мужчынам, Ірына не раз тлумачыла ў сваіх калонках і інтэрв’ю. Вось адна з цытат: «Дыскусіі пра фемінізм цяпер фактычна ператвараюцца ў размовы пра трэцюю сусветную вайну паміж мужчынам і жанчынай. На мой погляд, гэта неразуменне таго, што фемінізм выгадны як жанчынам, так і мужчынам. Падзялі са мной хатнія абавязкі, а я падзялю з табой зараблянне грошай. Гэта крыху прымітыўная, але ад гэтага не менш верная формула».

Адукацыя: Ганна Севярынец, настаўніца, пісьменніца

Калі б усе настаўнікі былі Ганнамі Севярынец, то Беларусь была б зусім іншай, лепшай.

Калі Ганна распавядае пра сваіх вучняў, разважае над іх пытаннямі, прыгадвае сцэны з жыцця класа — ва ўсім гэтым адчуваецца такая вялікая любоў да сваёй справы, што шчыра зайздросціш тым школьнікам, у якіх яна вядзе заняткі.

Выкладчыца рускай мовы і літаратуры Смалявіцкай раённай гімназіі, яна робіць для беларускай мовы і літаратуры больш, чым многія настаўнікі беларускай мовы. Летась Ганна Севярынец напісала адкрыты ліст Мінадукацыі, дзе выразна акрэсліла шмат існуючых праблем у школьнай праграме па беларускай літаратуры, якія чыноўнікі ігнаруюць ці проста не бачаць. Шчырае памкненне простага школьнага настаўніка палепшыць сістэму выклікае вялікую павагу.

Ганна Севярынец скончыла філалагічны факультэт БДУ. Яна не толькі выкладае мову і літаратуру, але і даследуе беларускую літаратуру, напісала некалькі кніг: дакументальную біяграфію «Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго», «Дзень Святога Патрыка». Адшукала архіў Алеся Дудара і ўклала самае поўнае выбранае паэта.

IT: Вера Рашэціна, сузаснавальніца «КактусСофт»

Фота The Village.

У IT-сферы жаночыя імёны гучаць не асабліва часта. Дзесяць год таму Вера Рашэціна, папрацаваўшы крыху ў кампаніі, што займалася праграмным забеспячэннем, з мужам і бацькам стварыла «КактусСофт». У першыя гады сям’я ўклала ў бізнэс каля $130 тысяч. Было няпроста, але хутка справы пайшлі ўгору і ўсе ўкладанні вярнуліся.

З часам стартап вырас у міжнародную кампанію з галоўным офісам у Бельгіі, але рухавіком, цэнтрам распрацоўкі ў Беларусі. У «КактусСофт» звярталіся і Microsoft, і «Яндэкс», і Mail.Ru Group — сур’ёзныя замоўцы.

У нядаўнім інтэрв’ю Tut.by Рашэціна распавяла, што ўпершыню за 11 год вярнулася ў найм — «КактусСофт» купіла бельгійская кампанія «Літуссофт». Муж Веры Андрэй сышоў з кампаніі і ўзяўся за вытворчасць мэблі, а Рашэціна перайшла на пазіцыю CEO. Кажа, што так прасцей і выгадней, бо і заробак мае, і траншы за продаж кампаніі атрымлівае. Дамова не забараняе ёй займацца ўласнымі праектамі, але на гэта застаецца няшмат часу.

Перспектывы Вера бачыць у праектах, завязаных на тэхналогіі блокчэйну. Але канстатуе, што Беларусь да іх пакуль што не саспела, таму прымае з прахалодай. Рашэціна ж упэўненая, што за гэтым будучыня.

Nina.nn.by

Каментары
Аляксандр comrade / Адказаць 08.03.2018 / 16:32

Ну что касается женщин-бизнесменов из этой заметки, то они шли прицепом за мужьями, поэтому заслуги в этом их нет никакой. Управлять уже созданным несложно, сложно создать с нуля!

23
не стыдно? / Адказаць 08.03.2018 / 16:36

24 года диктатуры с затыканием ртов и издевательствами над белорусскими гражданами- собственниками. а кто-то куда-то что-то рухает вдоль диктатуры вот уж 24 года. чем гордится?

10
Юзік / Адказаць 08.03.2018 / 16:38

Сціпласці некаторым "рухавікам" (ці, каб не заклявалі феміністкі, -- рухавічкам) не пазычаць.

12
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні