Праект газеты
Тонус Як абудзіць скуру пасля халадоў — аглядаем усе магчымыя і немагчымыя сродкі 
02.03.2018 / 15:46

Прагноз надвор’я ўсё яшчэ не радуе нас цеплынёй, але ж вясна ўжо ў паветры. Мы падрыхтавалі агляд сродкаў, якія дапамогуць пасля зімы за кароткі час вярнуць твару свежасць і «натуральную» [вы ж чыталі выказванне Дзіяны Балыка «Калі я чую пра натуральную прыгажосць, я смяюся ўголас і падаю ў банку з крэмам»?] прыгажосць.

1. Замяніце сродак для ўмывання на больш мяккі

Узімку скура пакутуе ад ветру, марозу і перападаў тэмпературы — у памяшканнях паветра цёплае, але сухое. Першае, што варта зрабіць — знайсці больш мяккі сродак для мыцця. Ідэальна выкарыстоўваць гідрафільны алей — гэта алеістая вадкасць, якая растварае макіяж і іншы бруд, а пры кантакце з вадой ператвараецца ў лёгкае малачко. Такі алей не сушыць скуру і мякка ачышчае. Найлягчэй знайсці яго ў карэйскіх брэндаў, таксама ёсць у крамах Yves Rocher. Беларускія гідрафільныя алеі хтосьці хваліць, а хтосьці лае. Хутчэй за ўсё, пасля карэйскіх сродкаў карыстацца імі не захочацца, тым больш што ў іх часта працякаюць флаконы.

Альтэрнатыва гідрафільным алеям — міцэлярная вада або ўвільгатняльнае малачко. Малачко лепш наносіць на твар масажнымі рухамі, а толькі потым здымаць ватным дыскам — лічыцца, што так яно працуе лепш.

2. Выкарыстоўвайце пілінг-скаткі

Пілінг-скатка — таксама карэйская вынаходка. Гэта гель, які наносіцца на скуру масажнымі рухамі. Праз нейкі час ён пачынае збірацца ў мяккія шарыкі, якія ўбіраюць у сябе ўвесь бруд і адмерлыя клеткі. Ідэальны сродак, каб прыбраць лушчэнне са скуры. Пасля ўвесь наступны догляд будзе больш эфектыўны.

Самыя папулярныя пілінгі-скаткі — карэйскія Mizon, але беларускія Markell і «Беліта» таксама добрыя.

Выкарыстоўваць іх трэба пасля ўмывання на сухую скуру.

3. Прайдзіце курс тканкавых масак

Пра тканкавыя маскі ведаюць ужо, напэўна, усе. Для аднаўлення твару пасля маразоў найлепш браць увільгатняльныя або пажыўныя маскі. Але лепш не купляць іх за рубель у гіпермаркетах — цана мае значэнне.

Добрыя маскі можна знайсці ў карэйскіх брэндаў Missha, The Saem, Steblanc. Іх кошт вагаецца ад 4 да 7 рублёў. У Steblanc цудоўная маска са слімаковым муцынам (увільгатняе, сілкуе, рэгенеруе скуру). Але за гэтымі маскамі прыйдзецца ісці ў адмысловыя крамы, якія гандлююць карэйскай касметыкай.

З мас-маркету пакуль найлепшай застаецца «Аква-бомба» ад Garnier, набыць яе можна ў любой краме «Міла». У беларускіх вытворцаў добрыя маскі ў Belkosmex і «Лабараторыі сэлфі», але прыходзіцца прызнаць відавочнае — з карэйцамі ў плане карыснасці канкураваць не выпадае.

Купіце некалькі масак (можна розных) і выкарыстоўвайце іх кожны дзень або праз дзень. Пасля 3—5 масак вы ўбачыце, што скура стала больш свежай і мяккай.

4. Паспрабуйце альгінатныя маскі

Альгінатныя маскі ўтрымліваюць рэчыва, атрыманае з бурых водарасцяў. Гэта парашок, які трэба разводзіць з вадой. Ён становіцца цягучай масай, а пасля застывае на твары. Кожны раз такая маска гатуецца па новай.

Калі вы абіраеце яе, то лепш абзавесціся мернай лыжкай (хоць можна выкарыстоўваць і тую, што засталася, напрыклад, ад медпрэпаратаў) і спецыяльным шпаталем — яны моцна спросцяць вам жыццё.

Альгінаты глыбока ўвільгатняюць і рэгенеруюць — лічыцца, што мацней за іх толькі ін'екцыі. Аднак вельмі важна, што пад маскай. Спецыялісты раяць наносіць перад маскай крэм або сываратку, тады іх кампаненты пранікнуць глыбей у скуру. Раней такія маскі рабілі толькі ў салонах прыгажосці, але сёння яны даступныя любому ахвотнаму.

Альгінатных масак на нашым рынку не шмат, некаторыя з іх прадаюцца вялікімі пакетамі, некаторыя — толькі на адно ці выкарыстанняў. Самы выгадны варыянт — купіць 240 грам маскі ад карэйскага вытворцы Anskin — усё астатняе будзе даражэй.

Ёсць альгінатныя маскі і ў іншых вытворцаў, напрыклад, расійскага Teana i беларускага «Беліта».

Альгінатныя маскі раяць прымяняць курсамі [10—14 дзён запар], бо ў іх ёсць назапашвальны эфект.

5. Падбярыце добры крэм

Калі вы падабралі добры эфектыўны догляд для скуры, гэта яшчэ нічога не значыць. Мароз і калючы вецер могуць звесці ўсе вашы высілкі на нуль. Увільгатненне і сілкаванне патрабуюць замацавання.

Пашукайце шчыльны ці пажыўны танальны крэм, які будзе абараняць скуру. Калі вам не падабаюцца шчыльныя танальныя тэкстуры, карыстайцеся пажыўнымі крэмамі, часта на іх ёсць надпіс «rich» або «riche».

У якасці абарончага сродку можна выкарыстоўваць і базу пад макіяж. У халоднае надвор'е «пірог» са сродкаў зробіць добрую справу.

Ліна Несцяровіч, ілюстрацыі аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні