Праект партала
Накіпела Таму што 52 гады — актыўная жанчына з досведам у бізнэсе не можа знайсці працу праз свой узрост36
01.03.2018 / 15:24

«Пяць год кіравала ўласнай крамай масажнага абсталявання, ходзіць у трэнажорную залу і ніяк не можа знайсці працу. Многія працадаўцы нават не дачытваюць рэзюмэ маёй свекрыві, таму што ёй… 52 гады», — аб’яву з просьбай дапамагчы ў пошуку працы для сваячкі днямі змясціла ў сваіх сацсетках відэарэжысёрка і аператарка Юлія Вячэрская.

Дзіўна: пенсійны ўзрост для жанчын у Беларусі паднялі да 58 гадоў, а тут актыўны чалавек з добрым рэзюмэ не можа ўладкавацца і ў 52 гады!

Мы звязаліся з Ірынай Вячэрскай, якая хутка год як шукае сабе працу, каб высветліць акалічнасці гэтай гісторыі.

Ірына Вячэрская.

Ірына нарадзілася ў Барысаве. У Мінску жыве з 1992 года. Скончыла Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя Міхаіла Глінкі па класе домры [раней — вучылішча — Рэд.], але па спецыяльнасці не працавала. Кар’еру пачала з кур’ера ў арганізацыі, што дапамагала новым прадпрыемствам у рэгістрацыі. З 2005 года працавала ў кампаніі «Nuga Best», якая прадае масажныя ложкі. А пасля вырашыла адкрыць уласнае прадпрыемства ў сумежнай вобласці і гандляваць масажным абсталяваннем.

У 2010 годзе Ірына стала дырэктаркай і сузаснавальніцай сваёй першай крамы «Астравок здароўя». За шэсць наступных гадоў Ірына здолела адкрыць у Мінску яшчэ дзве ўласныя крамы. У бізнэсе жанчыне прыйшлося быць майстрам на ўсе рукі: яна займалася лагістыкай, дастаўкай, закупкамі, аперацыямі з банкам, перамовамі з арэндадаўцамі, прыманнем новых супрацоўнікаў, кантролем іх працы, нават часткова вяла бухгалтэрыю.

Але хутка яе справу напаткалі цяжкасці.

«У 2016 годзе па нас ударыў эканамічны крызіс. Прыйшлося спыніць дзейнасць. Яшчэ год я працавала загадчыкам крамы ў дылера, але праз нейкі час закрылася і яна. Ад мая мінулага года я знаходжуся ў пошуках новага месца», — расказвае Ірына.

Спачатку жанчына шукала працу не вельмі актыўна, але паступова падышла да пытання сур’ёзна: змясціла сваё рэзюмэ на спецыяльных пляцоўках, пастаянна адгукалася на розныя вакансіі, дзе магла быць карыснай.

«Я шмат год за стырном, спакойна магла б пацягнуць абавязкі спецыяліста па працы з кадрамі і кліентамі, адміністратара. Я нават адклікаюся на вакансіі кур’ера, але атрымліваю адмову за адмовай», — абураецца Ірына.

Яна бачыць, што адпавядае ўсім патрабаванням і не разумее, што з ёй не так. У нейкі момант да яе дайшло, што ўся справа ва ўзросце. Асабліва пасля нядаўняй размовы з кадравым аддзелам сеткі крам «Міла».

«Я адправіла ў «Мілу» рэзюмэ і амаль адразу туды патэлефанавала, каб упэўніцца, што яго будуць разглядаць. Першае ж пытанне, якое мне задалі па ўказаным нумары: «Колькі вам гадоў?». Я адказала, што 52. І мне далі ясна зразумець: «Не, узроставы цэнз для нашых супрацоўнікаў — 40 гадоў». Я пачала тлумачыць, што ўзрост — вельмі індывідуальная рэч. Напрыклад, я — чалавек ва ўсіх сэнсах актыўны. На што мне адказалі: «У нас ёсць 43-гадовая супрацоўніца, і ёй абавязкі даюцца няпроста. Тым не менш, паабяцалі, што параяцца з аддзелам кадраў, але ўжо праз дзесяць хвілін даслалі адмову», — Ірыну крыўдуюць такія сітуацыі, але яна не збіраецца апускаць рукі.

Жанчына сапраўды вельмі актыўная: пастаянна робіць нешта рукамі, вяжа (нават падумвае, што магла б перавесці гэта ў бізнэс), наведвае трэнажорную залу. Няўжо такі работнік з салідным досведам працы і праўда не можа знайсці сабе працу?

Дарэчы, у аддзеле па падборы персаналу «Мілы» нам патлумачылі, што сапраўды, калі стаіць выбар, яны аддаюць перавагу маладым супрацоўнікам: «Практыка паказвае, што маладыя, актыўныя дзяўчаты лепш даюць рады сваім абавязкам: усё ж трэба быць цэлы дзень на нагах, насіць скрынкі. Канкурэнцыя на працоўныя месцы вялікая, таму, калі ёсць выбар, загадчыца аддае перавагу больш маладым супрацоўніцам».

Дык што рабіць, калі табе адмаўляюць у працы? І ці насамрэч сітуацыя з дыскрымінацыяй па ўзросце ў Беларусі вострая? Мы распыталі Ірыну Альхоўку, спецыялістку па пытаннях гендарнай роўнасці.

Ірына Альхоўка.

«Пра нейкую дыскрымінацыю па ўзросце можна ўскосна рабіць высновы з некалькіх даследаванняў. Летась арганізацыя «Гендарныя перспектывы», якой я кірую, разам з парталам «Праца.тут.бай» праводзілі апытанку на гэтую тэму. Сярод 1519 чалавек, якія ўзялі ў ёй удзел, каля 62% жанчын на першае месца паставілі гендарную дыскрымінацыю, на другое (каля 40%) — узроставую. На першае месца працоўную дыскрымінацыю паставілі мужчыны: на тое, што ім адмаўлялі ў працы праз узрост, паскардзіліся 44% мужчын.

Таксама наша арганізацыя цягам трох месяцаў 2016 года аналізавала каля 5221 аб’яў з вакансіямі ў інтэрнэце. З іх 6% утрымлівалі дыскрымінацыйныя патрабаванні: яны тычыліся ўзросту, знешняга выгляду, полу, наяўнасці малых дзяцей, завочнага навучання і гэтак далей. Паводле Працоўнага кодэкса, да прафесійных якасцяў такія патрабаванні ніякага дачынення не маюць, таму іх нават нельга згадваць у аб’явах. Але кампаніі спакойна размяшчаюць падобныя вакансіі, асабліва шмат такіх парушэнняў у сацсетках. Відавочна, кіраўнікі не баяцца кантролю дзяржавы.

Што з гэтым рабіць — вялікае пытанне. Даказаць працоўную дыскрымінацыю ў беларускім судзе амаль немагчыма. Па-першае, уся адказнасць за доказ факту дыскрымінацыі ляжыць на чалавеку, які лічыць, што яго дыскрымінуюць. У Еўрасаюзе, напрыклад, усё наадварот: менавіта працадаўца павінен зрабіць усё, каб прадэманстараваць, што кандыдат на пасаду ніякім чынам не быў дыскрымінаваны.

Доказам у судзе могуць быць канкрэтныя факты: напрыклад, калі працадаўца пісьмова патлумачыў, што ён не бярэ вас на працу, таму што вы жанчына, напрыклад, і ў вас трое дзяцей, якія пастаянна будуць хварэць. А ім патрэбны работнік, які не будзе адцягвацца на хатнія справы. Працадаўца павінен абгрунтоўваць адмову не суб’ектыўна, а аб’ектыўна: чаму той ці іншы кандыдат не пасуе яму з прычыны атрыманай адукацыі, досведу, канкурэнтаздольнасці…

Калі незаконная адмова запісаная на дыктафон, на жаль, не факт, што яе прымуць да разгляду ў судзе — залежыць ад суддзі. Мы часта сутыкаліся з гэтым у справах, звязаных з сямейным гвалтам.

Я часта чую ад дырэктараў камерцыйных фірм: «Гэта мае грошы, таму я маю права распараджацца імі. Я хачу, каб адміністратарка кафэ была прыгожая, а не крываногая». І ад падобнай уседазволенасці нават страшна.

Тое, што працадаўцы не баяцца быць пакаранымі за сваю суб’ектыўнасць — званочак, што нам трэба, нарэшце, займець антыдыскрымінацыйны закон, які сёння прасоўвае Беларускі Хельсінкскі камітэт. Відавочна, што ў нас парушаюцца не толькі правы жанчын, якім часам выстаўляюць неадэкватныя патрабаванні: па ўзросце, па сямейным статусе і нават па знешнім выглядзе. З падобнай дыскрымінацыяй часта сутыкаюцца людзі з інваліднасцю.

Многія працадаўцы, відаць, не паспяваюць адсочваць, што ў краіне падвышаецца пенсійны ўзрост. Чым далей, тым даўжэй людзі будуць заставацца на рынку працы. Акрамя таго, многія даследаванні паказваюць, што на пэўных пасадах супрацоўнікі ва ўзросце куды больш эфектыўныя: яны цудоўныя ментары і коўчы, у іх ёсць багаты жыццёвы і прафесійны досвед. Яны могуць выконваць ролю тых, хто адукоўвае іншых. Яны больш лаяльныя, менш схільныя мяняць працоўныя месцы, у параўнанні з маладымі людзьмі, якія шукаюць сябе.

Кіраўнікі многіх нашых кампаній яшчэ жывуць у нейкай савецкай парадыгме: ім патрэбны ідэальны супрацоўнік, найлепш — малады мужчына. Але трэба ўлічваць, што старасць — гэта тое, што дакладна з усімі намі здарыцца», — пракаментавала «Ніне» Ірына.

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні