Праект партала
Накіпела Міс свету на вазку Аляксандру Чычыкаву не пусцілі ў бар на Зыбіцкай16
25.02.2018 / 22:40

Дзяўчына паскардзілася на гэта ў сябе ў фэйсбуку. Суботнім вечарам, 24 лютага, яна з сябрамі збіралася адпачыць у бары «Туманы» на Зыбіцкай, аднак не выйшла. Ахоўнікі яе завярнулі — праз нецвярозых сяброў. 

Фота са старонкі Аляксандры ў фэйсбуку.

««Дзеля вашай жа бяспекі, мы не можам вас пусціць», — сказала ахова.

Вось такой фразай мяне сустрэла ўстанова «Туманы» на вуліцы Зыбіцкай.

(!! Звяртаю ўвагу!! Каб патрапіць ва ўстанову, трэба пераскочыць вееельмі шмат прыступак, паколькі месціцца яна ў падвальным памяшканні, таму ўвесь гэты дыялог адбываўся на вуліцы, каля ўваходу).

Прыйшоў менеджар.

Я: — А чаму мяне не пускаюць?

Менеджар: — Там небяспечна для вас. Вы прыйшлі адна ці з суправаджэннем?

Я: — З суправаджэннем?? Я прыйшла з сябрамі.

Менеджар: — А, ну тады вам можна зайсці. Але майце на ўвазе, там шмат п'яных людзей. І вашы сябры бяруць і нясуць за вас адказнасць, вы гэта разумееце?

Вельмі доўгі дыялог пра адказнасць, суправаджэнне і многае іншае.

Па выніку мы амаль патрапілі ў «Туманы»)))

Адзін мой сябар узяў мяне на рукі, іншы сябар — вазок.

Першую частку прыступак мы прайшлі, азіраемся, а ні вазка, ні сябра няма. Вяртаемся зноў наверх.

Вось што адбылося.

Сябар, пакуль адной рукой падымаў вазок, а другой — адчыняў дзверы (ахова нават не адкрыла іх, не прапанавала дапамогу, а проста глядзела), паслізнуўся і ўпаў разам з вазком.

Менеджар, ахова: — Ваш сябар нецвярозы, таму мы вас не можам пусціць. У грамадскім месцы нельга знаходзіцца ў нецвярозым выглядзе. І зразумейце: толькі праз вашых сяброў вы не патрапілі да нас ва ўстанову.

Быў вельмі доўгі дыялог з менеджарам і аховай пра нецвярозасць, бяспеку. Па выніку нас не пусцілі, мы развярнуліся і пайшлі.

Ва ўсёй гэтай сітуацыі мяне ўразіла вось гэта: «Дзеля вашай жа бяспекі, суправаджэнне, вашы сябры нясуць за вас адказнасць».

Наша краіна прыняла Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю, прыняла дакумент аб «17 мэтах устойлівага развіцця». Гэта грандыёзныя падзеі, аднак я сутыкаюся з тым, што мяне не пускаюць ва ўстановы дзеля маёй жа бяспекі.

Я хачу адпачываць, наведваць розныя месцы, але, блін, гэта небяспечна!»

Мы звярнуліся ў бар «Туманы» па каментар, аднак у нядзелю працуе іншая адміністратарка, таму тлумачэнне нам паабяцалі даць у панядзелак і ўжо ад дырэктара ўстановы.

* * *

У кастрычніку 2017 года Саша Чычыкава перамагла ў конкурсе «Міс свету на вазку», дзе акрамя яе былі яшчэ 23 канкурсанткі.

Траўму Саша атрымала, калі вучылася на першым курсе: хутка яна стане дыпламаваным псіхолагам. Дзяўчына таксама грае ў пастаноўках Свабоднага тэатра, а працуе ў гіпермаркеце паслуг 124.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні