Праект газеты
Гісторыі Беларуска-фізік, якая пераехала на Захад: «Мой мужчына мары — рускі, а ў беларусаў не хапае шырыні душы»143
20.02.2018 / 19:18

Яна працавала ў NASA, займалася даследаваннем атмасферных аэразоляў, ведае некалькі моваў, шмат падарожнічае. Яе IQ — большы за 150, і яна ўсур’ёз лічыць сябе лепшай за іншых. Прозвішча Кароль абавязвае насіць карону і не саромецца гэтага. Хм? А чаму б і не, калі гэта праўда?

Мінчанка Яна Кароль па-першае — прыгожая жанчына і блогер, а па-другое — кандыдат фізіка-матэматычных навук і доктар філасофіі.

І наша мэта не расказаць пра дасягненні Яны Кароль у фізіцы, матэматыцы, аэрадынаміцы ці яшчэ нечым, а паказаць яе звычайнай жанчынай, у якой у жыцці ўсё ўпарадкавана і якая плача, толькі калі слухае оперу «Тоска».

А можа ўсё ж Яня — незвычайная жанчына?

Папрацаваўшы ў Акадэміі навук Беларусі, Яна вырашыла, што хоча працаваць у NASA.

Мэта. Рэзюме. Адказ з NASA. Працоўная віза. Сабраныя чамаданы. І — вітаю, Каліфорнія!

У Яніным жыцці ўсё так. З дзяцінства.

«Я самастойная з вельмі ранняга дзяцінства. Ніхто не верыць, але была справа, калі я адмовілася хадзіць у дзіцячы садок (мне было 3 гады!) І бацькі тыдзень пакідалі мяне дома адну. Мама прыходзіла з працы ў абед, карміла мяне, клала на дзённы сон і сыходзіла. Я заставалася адна і знаходзіла, чым сябе заняць. А праз тыдзень пагадзілася зноў ісці ў садок. Гэтага я не памятаю, расказвалі бацькі, затое памятаю, як у старэйшай групе хадзіла ў садок сама без суправаджэння бацькоў. Ніхто не верыў гэтаму ў садку, і я крыўдзілася. Бацькі маглі мяне пакінуць адну начаваць ужо гадоў у 10, а ў 15 я ўжо з'ехала ад іх у Мінск вучыцца ў ліцэй БДУ», — узгадвае дзяўчына.

Яня скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. І, здавалася б, чаму вытанчанай дзяўчынцы не стаць музыкам? Але яе вабіла матэматыка і фізіка.

«У школе я была самая моцная вучаніца па ўсіх прадметах, але, як водзіцца, пры выбары профілю класа я абрала матэматычны, бо туды ішлі самыя разумныя. Заўсёды любіла менавіта матэматыку, але ўсё змянілася, калі прыйшла новая настаўніца фізікі. Калі б не яна, я б цяпер была айцішніцай… Але мне пашанцавала!

Няма нічога цікавей, чым даведвацца, як уладкаваны свет, — захоплена расказвае Яна. — Шчыра не разумею людзей, якім не цікава чытаць ці слухаць пра вялікі выбух, адронны калайдар, пра тое, як працуе атамны рэактар. Усе ездзяць на машынах, але мала хто ведае, як уладкаваны рухавік унутранага згарання! У ліцэі, дарэчы, пайшла на матэматыку проста таму, што там быў вышэйшы конкурс, а значыць, вучыцца там было круцей.

У NASA таксама працаваць было крута і прэстыжна, але…

«Я кінула іх пасля першага года з двух, на якія была разлічаная мая стыпендыя. Пераязджаю ў Францыю займацца ўсё тым жа. Самая крутая ў свеце — Лабараторыя оптыкі атмасферы ў Лільскім універсітэце, дзе я абараняла дысертацыю і куды еду зараз, спадзяюся, назусім», — распавядае Кароль.

Цяпер у планах Яні — Францыя. Аднак жанчына прызнаецца, што марыць жыць у Гранадзе:

«Іспанія — краіна маёй мары. Мне там настолькі камфортна, што я адчуваю сябе, як дома. Гранада са сваёй спякотай, фламенка, арабскай культурай, ежай, аліўкавым алеем і неймаверна прыгожымі людзьмі мяне проста цягне, як магніт».

Пры гэтым іншы магніт цягне Яню ў Антарктыду. 

Яна прызнаецца, што і з Беларусі з’ехала таму, што стала не хапаць грошай на падарожжы. А між тым, спіс краін, дзе Яна сустракала світанні, — уражвае: Аўстрыя, Бельгія, Венгрыя, Нямеччына, Грузія, Іспанія, Егіпет, Канарскія выспы, Італія, Кітай, Літва, Латвія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Румынія, Сербія, Францыя, Чэхія, Чарнагорыя, Швейцарыя. Ну і, канечне ж, ЗША.

«Але Беларусь мне таксама падабаецца. Асабліва наш маленькі вясковы домік у Віцебскай вобласці. Але толькі летам. Зімой ад выгляду снегу я пакутую фізічна», — прызнаецца Яня.

Пра свае прыгоды дзяўчына расказвае не толькі нам, але і сямі тысячам сваіх падпісантаў у інстаграме. Пры гэтым Яна дастаткова актыўна вядзе і свой Жывы журнал:

«Свет павінен ведаць пра мяне, ага! — смяецца дзяўчына. — Спачатку я проста хацела пісаць абы пісаць. Потым стала цікава сачыць за ўражаннем, якое я раблю на іншых людзей. Я не такая, якой мяне бачаць у сацсетках, я нашмат лепшая. У сацсетках я проста самазакаханая шалапутная асоба, і мне весела ад таго, як людзі на мяне рэагуюць. Я б не стала чытаць пра такую, як я, але чамусьці мая асоба цікавая іншым. Для мяне гэта загадка. Цяпер я хачу стаць сабой у інтэрнэце, але гэта складана, таму я менш пішу».

Яшчэ некалькі фактаў пра доктара філасофіі і кандыдата фізіка-матэматычных навук Яню Кароль.

Яна любіць сабак. Любімая кніга — «Калыска для коткі» Курта Ванегута, фільм — «Завадны апельсін» Кубрыка. Яна — амбідэкстар, аднолькава добра піша левай і правай рукой. Умее вязаць. Друкуе з хуткасцю 350—400 знакаў у хвіліну. Навучылася чытаць у чатыры гады. Баіцца вышыні, навальніцы і халоднай зброі. Можа сесці ў позу лотаса і ахапіць ногі рукамі праз спіну. У дзясятым класе грала на гітары ў пераходах і нядрэнна гэтым зарабляла. Цяпер заўсёды дае грошы вулічным музыкам. І ў паўсядзённай гаворцы выкарыстоўвае мацерныя словы.

«Ды не асабліва я лаюся матам. Калі трэба пасварыцца на англійскай, слова на літару «F» я магу скланяць па-рознаму. І па-французску досыць шмат лаянак ведаю. Іншая справа, што мацюкі часцей патрэбныя ў рускамоўным асяроддзі. Такое жыццё», — прызнаецца Яна.

Дзяўчына паспявае не толькі шмат пісаць і падарожнічаць, чытаць і вязаць, а яшчэ знаходзіць час на сябе, каб усе зварочвалі галовы, калі яна праходзіць міма:

«Я проста не марную час на гаджэты і тэлебачанне. На рабоце ніколі не працавала зверх працоўнага дня. Наадварот, старалася аптымізаваць працу, таму і навучылася яшчэ на трэцім курсе сляпому дзесяціпальцаваму набору тэксту. Так што пішу я хутка, ды і цямлю хутка, чаго ўжо там».

На пытанне, ці ёсць універсальная парада ўсім, хто скардзіцца на жыццё, Яна раіць пачытаць Марка Аўрэлія:

«Мая мама заўсёды такім людзям, якія вечна скардзяцца на жыццё, адказвае: «А вы працаваць не спрабавалі?». Здаецца, Стыў Джобс сказаў, што працаваць трэба не 20 гадзін у суткі, а галавой. Банальна, але забываць гэта не варта. Нішто мяне так не бесіць у працы, як усведамленне, што я нешта зрабіла дарма ці няправільна, і трэба перарабляць. А вольны час я прысвячаю чытанню кніг або сустрэчам з блізкімі».

Блізкіх людзей, прызнаецца Яна, у яе няшмат. «Я не люблю распыляцца на дробязі, у тым ліку на слабыя сацыяльныя сувязі. Мне дастаткова мамы і некалькіх сябровак», — тлумачыць дзяўчына.

Каханы чалавек у Яны таксама ёсць.

«Я ўвесь час сустракалася пераважна з фізікамі. Бо для мяне важна, каб інтарэсы нашы супадалі. Калі адказваць на пытанне, дзе ж найлепшыя мужчыны, адкажу так: у нашых галовах. Мы ў жыцці шукаем таго, хто максімальна адпавядае таму вобразу, што самі сабе намалявалі», — тлумачыць яна.

Калі ж казаць пра нацыянальнасць, то ні гарачыя іспанцы, ні свае беларусы Яну не захапляюць:

«Мне прыемней за ўсё мець справу з рускімі мужчынамі, менавіта з рускімі, а не беларусамі. У нашых не хапае шырыні душы і пачуцця гумару, што ў лішку ў рускіх. Мой мужчына, як і я, напалову рускі, напалову беларус, але, у адрозненне ад мяне, вырас у Расіі, што, без сумневу, пайшло яму на карысць. Ужо больш за 20 гадоў ён жыве на Захадзе. Карацей, мужчына мары — рускі, але выхаваны Захадам».

А яшчэ Яню рэгулярна ўключаюць у топ самых чытаных беларускіх блогераў. Як на гэта рэагуе Яна з прозвішчам Кароль? «Хм, ну ладна, чаго ўжо там, чытайце. Мне не шкада».

Наталля Тур

Каментары
Scooter / Адказаць 20.02.2018 / 19:36

Яна, чаму з НАСА сыйшла?

6
Язэп / Адказаць 20.02.2018 / 19:50

Усё канешне добра... Але колькі агідных слоў было напісана гэтай асобай ў бок усяго беларускага. Колькі льсцівых у бок агл і свайго кіраўніцтва. Як яна кляміла тых хто пакінуў АН па розных прычынах, калі сама сядзла на адміністатыўнай пасадзе за доўгія ногі і светлыя валасы. А сама збегла пры першай магчымасці ў ЗША.... Псіхалагічна Яна, відаць, не вельмі шчаслівая. Занадта шмат паказухі ....

10
Аляксандр / Адказаць 20.02.2018 / 19:54

Дайте телефон этой красотки) я тоже люблю андроидный каллайдер))))

55
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні