Праект газеты
Рост Топ-5 геніяльных кніг пра каханне: шчырае, бязмежнае, балючае, адзінае, незабыўнае15
14.02.2018 / 12:24

У Дзень святога Валянціна не будзем згадваць меркантыльных прадаўцоў кветак, валянцінак і мяккіх цацак, а звернемся да творчасці, натхнёнай каханнем. Дзелімся ўзорамі цудоўных рамантычных гісторый, як празаічных, так і паэтычных.

Генадзь Бураўкін «Чытаю тайнапіс вачэй»

«Я не думаў пра вершы
Толькі што ты паробіш з душой,
Калі ў ёй,
Як вясновыя кветкі,
Прабіліся вершы?
I я з цэлым бярэмам
Да цябе
Без дазволу
Прыйшоў,
Свае тайны,
I страхі,
I надзеі ўсе
Словам даверыўшы»

Пачнём топ з паэзіі — з яе дапамогай так зручна прызнавацца ў каханні! Зборнік «Чытаю тайнапіс вачэй» складаецца са 110 вершаў, прысвечаных гэтаму светламу пачуццю. У ім сабраныя вершы, напісаныя Бураўкіным у розныя гады: і ў рамантычнай маладосці, і ў разважлівай старасці. Таму вершы такія розныя: у адных паэт, зусім яшчэ юнак, упэўнена сцвярджае, што «непрыгожых жанчын не бывае, проста шмат невідушчых мужчын». А ў іншых ужо чуе на свой адрас зварот «дзед», але прызнаецца, што прамаўляць словы кахання хочацца ў любым узросце. У любоўнай лірыцы Бураўкін сапраўдны рыцар, які высока цэніць дам і метафарычна здымае перад імі капялюш у кожным вершы.

Хочаце здзівіць сваіх каханых у гэты дзень? Падпішыце святочную паштоўку вершам Бураўкіна. Сапраўдную папяровую паштоўку, а не паведамленне ў месенджары. Або напішыце свой верш, натхніўшыся паэзіяй са зборніка «Чытаю тайнапіс вачэй».

Габрыель Гарсія Маркес «Каханне падчас халеры»

«Мудрасць прыходзіць да нас, калі яна ўжо ні на што не патрэбная».

Давайце ўявім, што ў вас ёсць шанец кардынальна змяніць нешта ў сваім жыцці. Але толькі праз «пяцьдзясят тры гады, сем месяцаў і адзінаццаць дзён». Жыццё не прыйдзецца перажываць наноў, але ў вас будзе другі шанец зрабіць правільны выбар. Цяпер вы ўжо дарослыя (нават старыя), сур'ёзныя, разважлівыя, маеце пэўны досвед. І нішто не перашкодзіць вам быць разам. Муж Фэрміны Дасы, доктар Хувэналь Урбіна, памірае, і цяпер яна можа быць з тым, каго кахала шмат гадоў таму (і, магчыма, на працягу ўсяго жыцця), з Флярэнтына Арысам. Толькі цяпер ім абодвум ужо за 70.

Старамодная гісторыя кахання, напоўненая сцэнамі эратычных прыгод і любошчаў, але разам з тым светлая, якая дае надзею, што шчасце і праз 50 гадоў магчымае.

Маркес зачароўвае. Маркес па-беларуску зачароўвае яшчэ больш, бо магічны рэалізм — менавіта той мастацкі метад, які на нашай мове гучыць неверагодна арганічна і меладычна. 

У пачатку рамана прысвячэнне «Мерсэдэс, вядома ж». Маркес сустрэў сваю будучую жонку Мерсэдэс, калі ёй было ўсяго 13 гадоў. Праз 14 гадоў ён вярнуўся і забраў яе з сабой. З таго часу і да яго смерці ў 2014 годзе яны не расставаліся. Доказ таго, што варта чытаць гісторыі пра каханне ад Маркеса.

Кузьма Чорны «Вераснёвыя ночы»

«На момант нешта кальнула сэрца. Пасля ўспомніла, як вельмі шмат сваталася да яе, вельмі шмат уздыхалі па ёй, але ніхто не падабаўся, а без кахання замуж ісці не хацела. Так і прайшла першая дзявочая маладосць. І другая на сконе… цяпер жа яна ўсім падабаецца, але ўсе на шмат маладзейшыя за яе хлопцы: старэйшыя ж усе пажаніліся. Старалася яна перамагчы ўсе вялікія трывогі свае і заспакоіць неспакойнае сэрца».

Прыгожая 30-гадовая Агата марыць пра сям’ю, мужа, дзяцей і хоча зрабіць правільны выбар, бо ўзрост вымагае. Яна вагаецца паміж непрыемным ёй сябрам брата Зыгмусем Чахрэвічам і Асташонкам, да якога мае шчырыя пачуцці. Агату Чорны апісвае як вельмі прывабную жанчыну са зграбнымі рухамі і ладнай фігурай. Але без асабістага шчасця ёй цяжка жыць. Ды і гаспадарку весці лягчэй, калі ёсць мужчына ў доме. Вось і вагаецца Агата між пачуццямі і халодным разлікам, каханым Асташонкам ці надзейным Чахрэвічам.

Чорны — майстар псіхалагізму, якому не трэба наўпрост паказваць пачуцці персанажаў, ён раскрывае іх праз рухі, дзеянні, апісанні наваколля. Уся прырода перажывае разам з Агатай, а чытачоў Чорны прымушае суперажываць гэтай прыемнай жанчыне і зычыць ёй знайсці сваё шчасце.

Янка Купала «Паўлінка»

«Паўлінка (неспакойна). А той, можа, хай бы лепей і не прыйшоў! Так усё неяк усярэдзіне трасецца… І нашто гэта я яму абяцала? Лепей было б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзіць ад акна да акна і паглядае). Падшахнула ж мяне нядобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела). А можа, не прыйдзе?.. (Сумна). А калі не прыйдзе, то, значыцца, ён ужо мяне не любіць болей. Не, няхай прыйдзе лепей, а там — што будзе, то будзе».

Невялікая па аб’ёму п’еса ўжо больш за 100 гадоў не губляе папулярнасць і актуальнасць, а Купалаўскі тэатр кожны сезон пачынае з пастаноўкі гэтай камедыі. Сюжэт даволі просты: Паўлінка і Якім закаханыя, але яе бацькі супраць Якіма, называюць яго свінапасам. Яны распрацавалі цэлы план, каб выдаць дачку за заможнага, як ім здаецца, Адольфа Быкоўскага, які шмат рысуецца, а на справе — пшык. Ну а закаханай у іншага дзяўчыне нічога не застаецца, акрамя як збегчы з каханым.

Цікава чытаць пра жыццё сялян, не ўсё ж ім у беларускай літаратуры гараваць, бедаваць ды наракаць на сваю цяжкую долю. Часам трэба і выпіць, і патанчыць, і павесяліцца. Ну а колькі ў творы сакавітых прыказак, прымавак, прыгаворак! Толькі дзеля іх варта прачытаць «Паўлінку». Ну і радавацца, што прайшлі ў нашай краіне тыя часы, калі бацькі самастойна жаніха для дачкі падбіралі.

Уладзімір Караткевіч «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»)

«Апусцi свае тонкiя пальцы.
Кожны сам выбiрае свой час.
Узрадуй апошнiм мяне падарункам,
Грудзi мае прабi i знявеч,
Сэрца маё абпалi пацалункам,
Miserecordia
Літасці меч».

Адзін пралог рамана ўжо варты таго, каб патрапіць у гэты топ. Кніга настолькі эмацыйна насычаная, што можна і плакаць ад хваляванняў за лёс герояў. Праўнук жонкі паўстанца, паэт Андрэй Грынкевіч, і праўнучка афіцэра, выкладчыца Ірына Горава. Яны сустрэнуцца ў Маскве, не ведаючы, што звязвала іх продкаў. Абодва ўжо страцілі першае каханне (ён — у аварыі, яна — на вайне), таму не спяшаюцца адкрываць сваё сэрца іншым. Але сапраўдныя пачуцці заўжды знойдуць дарогу. Чытаць усім, хто не любіць хэпі-энды.

Наста Карнацкая, фота аўтаркі

Каментары
МатрУна / Адказаць 14.02.2018 / 12:37

чытала Маркеса и Караткевича . Сапрауды , и у першага и у другога пра каханне сказана па -асобаму , не так , як у иншых .

0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць 14.02.2018 / 12:54

А дзе "Дафніс і Хлоя", дзе "Рамэо і Джульета"?

7
ofa / Адказаць 14.02.2018 / 15:34

Усё прачытала. Вельмі раю "Вераснёвыя ночы", хто не чытаў

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні