Праект партала
Гісторыі Маці васьмярых дзяцей правяла ў дэкрэце 16 гадоў запар — а цяпер стала кіроўцай міжгародняга аўтобуса30
07.02.2018 / 15:12

Крохкая Вера Хоўрат толькі на першы погляд можа падацца безабароннай. На справе гэтая жанчына лёгка дае рады аўтобусу на дарозе і гадуе васьмярых дзяцей. «Я нахрапістая», — кажа яна сама пра сябе. Мы праехаліся з Верай па яе асноўным маршруце Жодзіна — Мінск — Жодзіна і чарговы раз упэўніліся ў тым, што стэрэатып пра жанчын як небяспеку на дарозе хутчэй мёртвы, чым жывы.

Такую зямлячку жодзінцам падарыла Мурманская вобласць: у Кандалакшы яна пражыла да двух гадоў, а пасля ўся сям’я ў пошуках больш мяккага клімату пераехала ў Беларусь, у вёску Сасновая (гэта каля Кургана Славы — Рэд.).

Прафесійны шлях пачынала ў медыцыне. Скончыла профільны каледж, а пасля шэсць гадоў працавала малодшай медсястрой у аперацыйнай вайсковага шпіталя. Але нечакана выявілася алергія на многія лекі, таму Веры з белым халатам давялося развітацца.

На той момант яны з мужам, з якім пазнаёміліся ў Сасновай, ужо планавалі дзіця, і ў 2001 годзе Вера нарадзіла першынца.

«Хацелі двух дзяцей, а сёння, пасля 20 гадоў з мужам разам, маем восем (6 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі). Я цяжарыла, і кожны раз мы вырашалі пакідаць дзіця — не забіваць жа!» — расказвае Вера, якая нечакана для самой сябе сышла ў дэкрэт на 16 гадоў і выйшла з яго толькі паўгода таму.

«У рэшце рэшт, — дадае шматдзетная маці, — якая розніца: варыць вялікі рондаль супу ці маленькі».

У Веры было 11 гадоў стажу за стырном, але яна ўсё баялася, што не возьмуць на працу, бо ў яе шмат дзяцей.

Двое з дзяцей Хоўратаў маюць прыроджаную гідрацэфалію (вялікую колькасць спіннамазгавой вадкасці ў мозгу). Для іх сям’і такое выпрабаванне не стала праблемай: бацькі шмат займаліся з малымі, і сёння яны вучацца ў звычайнай школе.

Старэйшыя дзеці даўно дапамагаюць з хатняй гаспадаркай. Калі трэба, то і суп звараць, і свінню даглядзяць. Трэці год Хоўраты жывуць ва ўласным вялікім доме, таму клопатаў хапае. Нядаўна гаспадары дабудавалі лазню, цяпер хочуць арганізаваць на ўчастку футбольнае поле, паставіць каркасны басейн. А яшчэ ж ёсць сабакі і каты!

«Зямельны ўчастак нам дастаўся няпроста, давялося пазмагацца. Частку дома будавалі па льготным крэдыце, але астатняе — усё за свае грошы. Калі вы думаеце, што ордэн шматдзетнай маці сам сабой прыносіць розныя бонусы і льготы, то памыляецеся. За ўсё трэба змагацца і даказваць, што ты маеш на гэта права. Проста нарадзіць — мала», — расказвае Вера.

Падыход Веры да жыцця заключаецца ў няспыннай настойлівасці. Яна лічыць, што бессэнсоўна чакаць падарункаў з нябёсаў — усё трэба здабываць сваімі рукамі і нагамі. І вучыць рабіць тое ж іншых.

Ордэн маці сапраўды дапамог Веры, калі яна захацела выйсці на працу. Малодшаму яшчэ не было трох гадоў, і яго не хацелі браць ў дзіцячы садок, але ў выніку яе статус і настойлівасць спрацавалі на карысць.

«Як была ў дэкрэце, усё думала, чым жа буду займацца далей, у будучыні. Здала на правы, каб сумна не было. Маю 11 гадоў стажу за стырном. Але што мяне возьмуць з гэтым досведам у аўтапарк, не верыла да апошняга. Чаму? Ну які начальнік хоча прымаць на працу маці, у якой столькі дзяцей? Ахвотнікаў у нас мала. Таму я была ў шоку, калі мяне паклікалі на сумоўе. Дырэктар аўтапарку амаль адразу мяне наняў, без пытанняў», — згадвае Вера.

У службовым памяшканні аўтавакзала ў Жодзіна.

Сёння жанчына падымаецца на працу з усмешкай і задавальненнем. І не важна, што гэта даводзіцца рабіць у чатыры раніцы.

Вера заступае на ранішнюю змену.

Для многіх пасажыраў Вера стала любімым кіроўцам.

«Не кожны можа ўзяць на сябе адказнасць за цэлы салон людзей. Некаторым страшна перавозіць нават некалькі пасажыраў у маленькім аўтамабілі. А я не баюся, хоць час ад часу і падразаюць іншыя кіроўцы. Мне ў задавальненне, калі аўтобус поўны, не люблю вазіць трох чалавек у салоне», — дзеліцца жанчына.

Што сапраўды непакоіць Веру як кіроўцу — дык гэта занадта смелыя пешаходы: «Я была б удзячная ўсім людзям, калі б яны часцей глядзелі па баках, як пераходзяць дарогу. Ці калі б сябе неяк абазначалі ноччу, хаця б ліхтарыкам. Не трэба думаць, што аўтобус здолее рэзка затармазіць на хуткасці».

Пра адпачынак жанчына пакуль нават і не думае. Максімум, які яна можа сабе дазволіць, — гэта выбрацца з мужам на рыбу, ад гэтага хобі яна ў захапленні. «Пакуль дзеці малыя, трэба працаваць. Ды мы і самі па сабе жыўчыкі — не можам без працы, таму адпачываць будзем на пенсіі», — шчыра прызнаецца гераіня.

Працоўная машына жанчыны — «пазік», на якім яна возіць людзей у Мінск, Бараўляны і часам па горадзе. На «мазах» папрацаваць Вера хацела б, але пакуль не даводзілася — іх у аўтапарку няшмат.

У дарозе Вера заўсёды слухае «Рускае радыё».

Пасля ранішняй мыйкі ў зімовае надвор'е падмерзла замочная шчыліна. Вера аператыўна выпраўляе сітуацыю вадой з чайніка на запраўцы.

Заўтра Вера зноў прыедзе са сваёй вёскі на станцыю. Пакуль на вуліцы яшчэ цёмна, забярэ дарожны ліст, уключыць у салоне добрыя песні на радыё фонам і будзе вазіць людзей туды-назад па сваім маршруце. Аўтобус рухаецца — рухаецца жыццё.

Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

Каментары
Саня / Адказаць 07.02.2018 / 11:27

Идеальная женщина. Молодчинка! Берите с таких пример, беларуски! И побольше бы таких людей в СМИ!

28
xxx / Адказаць 07.02.2018 / 11:29

Эксплуатация транспортного средства запрещена если на ветровом стекле со стороны водителя имеются трещины в зоне стеклоочистителей.

3
test user / Адказаць 07.02.2018 / 12:10

Вера большой молодец и со здоровьем и энергичностью повезло. Не каждому дано родить 8 детей, остаться в хорошей форме, везде успевать и переучиться на другую профессию.

5
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні