Праект газеты
Рост Шэсць кніг жанчын-пісьменніц, якія варта прачытаць кожнаму беларусу39
03.02.2018 / 12:46

Слова літаратура мае жаночы род, але мы прывыклі, што найперш яе ствараюць мужчыны. Сёння будзем развейваць гэты міф. Расказваем пра шэсць жанчын, якія шмат зрабілі для нашай літаратуры. Няхай гэты спіс натхняе маладых літаратарак. І не забывайцеся, што першую Нобелеўскую прэмію Беларусі прынесла менавіта жанчына.

Саламея Пільштынова «Авантуры майго жыцця» (пераклад з польскай мовы Міколы Хаўстовіча)

«У маладым веку выдалі мяне мае бацькі (Яўхім Русецкі) замуж з Літвы, ваяводства наваградскага, за лекара Якуба Гальпіра, з якім я гэтага ж года паехала ў Стамбул, і адразу прынятыя мы былі ў прыстойных людзей, бо ён быў надзвычай добры лекар медыцыны, і Пан Бог нас блаславіў, і да нас павярнулася Фартуна».

Саламея Пільштынова (у дзявоцтве Русецкая) вядомая нам як першая ў Рэчы Паспалітай жанчына-лекарка (сама сябе называла «доктар медыцыны і акулістыкі»).

У тыя часы дзяўчына мусіла быць хатняй кветачкай, расці на радасць бацькам, а потым удала выйсці замуж, стаць добрай жонкай, гаспадыняй і маці. Аднак, насуперак усім грамадскім забабонам, Саламея даказала, што жанчына — гэта зусім не слабы пол.

Лекарскую навуку яна спасцігала ў Стамбуле, назіраючы за першым мужам, доктарам Якубам Гальпірам, за якога яе аддалі замуж у 14 гадоў. Без спецыяльнай адукацыі яна ўсё ж атрымала дазвол на лекарскую дзейнасць і мела перавагу перад мужчынамі ў тым, што магла лячыць пацыентаў абодвух палоў.

Жыццё гэтай незвычайнай і актыўнай жанчыны апісана ў яе мемуарах «Авантуры майго жыцця». Твор складаецца з апісанняў падзей і месцаў, назіральніцай ці ўдзельніцай якіх была сама Саламея, з асаблівасцей побыту ў розных краінах, а таксама з метадаў лячэння разнастайных хвароб.

Здаецца, калі б Саламея жыла ў нашы часы, то адназначна вяла б блог ці інстаграм. Бо ўжо ў 18 стагоддзі ў гэтай жанчыны было такое насычанае прыгодамі і падарожжамі жыццё, што пазайздросцяць многія сучасныя дзяўчаты. Ну а феміністкі дакладна б залічылі Саламею ў свае шэрагі.

Францішка Уршуля Радзівіл «Распуснікі ў пастцы» (пераклад з польскай мовы Наталлі Русецкай)

Яшчэ адной вельмі актыўнай і таленавітай жанчынай Рэчы Паспалітай была Францішка Уршуля Радзівіл. У 20 гадоў яна стала жонкай князя Міхала Казіміра Радзівіла і пераехала ў Нясвіж. Менавіта з гэтым горадам і звязаная яе далейшая культурная дзейнасць. У Нясвіжы Францішка Уршуля стварыла прыдворны тэатр і адзін з першых літаратурных салонаў, занялася ўпарадкаваннем бібліятэкі і дзейнасцю друкарні. Акрамя гэтага княгіня займалася ўласнай творчасцю (на польскай мове): пісала загадкі, вершы, п’есы, трактаты. У яе творах сцвярджалася роўнасць палоў, а адной з галоўных тэм было каханне.

У аснове п’есы «Распуснікі ў пастцы» ляжыць сюжэт з казак зборніка «Тысяча і адна ноч». Галоўная гераіня Аруя дапамагае мужу-купцу спагнаць даўгі. Вынаходлівая і кемлівая жанчына спакушае губернатара, лекара і суддзю, запрасіўшы іх да сябе ў дом. Мужчыны прыходзяць па чарзе ў чаканні любоўнага спаткання, але Аруя хавае іх у куфрах, каб занесці ў суд. Дынамічны і актуальны нават у наш час сюжэт, ярка апісаныя персанажы, жывая мова — гэтага дастаткова, каб зацікавіцца творчасцю Францішкі Уршулі.

Ларыса Геніюш «Споведзь»

«Так, яны выпускаюць толькі, калі заб’юць у людзей сумленьне, а заграніцу — дык толькі запэўненых сваіх стукачоў, усё зьнекуль ведаю, але ведаю гэта напэўна. Перахітрыць ворага й ня быць у яго крывавых руках прыладзьдзем да яго спраў».

Расстрэл бацькі, высылка маці і сясцёр у Казахстан, дзе іх чакала смерць, арышт, катаванні, лагеры, жыццё пад наглядам КДБ і забарона творчасці. Лёс адной з самых моцных жанчын у гісторыі Беларусі можна апісаць адным сказам.

Але колькі ў гэтым сказе болю і духоўнай моцы. Жыццё не было літасцівым да паэткі Ларысы Геніюш, але ўсе перажытыя пакуты не зламалі яе. Калі глядзець на яе фота, то цяжка здагадацца, якія жахі бачыла гэтая прывабная ўсмешлівая жанчына.

Кніга «Споведзь» — гэта шчыры крык душы працягласцю ў жыццё. Гэта лёс адной жанчыны, звязаны з гісторыяй цэлай эпохі. Міхась Чарняўскі, які рыхтаваў успаміны да друку, адзначаў, што Геніюш дала яму надрукаваны на машынцы тэкст без назвы і амаль без правак. Значыць, яна пісала, не азіраючыся на цэнзуру і чужыя меркаванні, пісала шчыра і стрымлівала сябе ад спакусы нешта выправіць, закрэсліць, змякчыць.

Як той казаў, у Беларусі ў 20 стагоддзі быў адзін мужчына — і той Ларыса Геніюш.

Эліза Ажэшка «Хам» (пераклад з польскай мовы Ядвігі Бяганскай)

«Каханне і цярпенне, гэтыя пачуцці жывуць і ў асяроддзі простых людзей чалавечага грамадства, але гэтыя людзі не выказваюць іх у голас і не ўмеюць выказацца, таму ў вышэйшых колах грамадства лічаць, што гэтых пачуцяў у іх няма».

Яшчэ адна яркая прадстаўніца нашай літаратуры, якая пісала свае творы па-польску. Творчая спадчына Элізы Ажэшкі налічвае больш за 50 празаічных тамоў, а сама пісьменніца двойчы была намінаваная на Нобелеўскую прэмію. Аднак у першы раз прэмію атрымаў Генрык Сянкевіч, а праз пяць гадоў узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф. У наш час Ажэшку назвалі б грамадскай актывісткай, гэта прасочваецца ў яе творах, бо ўсе яны звязаныя з канкрэтнымі асаблівасцямі беларускага і польскага жыцця другой паловы 19 стагоддзя. Ажэшка заўсёды закранала вострыя праблемы сучаснасці і ўмела добра перадаць дух эпохі ў сваіх кнігах.

Падзеі ў аповесці «Хам» адбываюцца ў беларускай вёсцы на беразе Нёмана. Рыбак і ўдавец Павел пражывае звычайнае жыццё, пакуль не знаёміцца з Франкай, якая пераварочвае звыклыя будні вяскоўца. Назва аповесці адсылае да фанабэрыстых шляхцюкоў, для якіх просты народ быў «хамамі», людзьмі найніжэйшага ўзроўню. Выдатная псіхалагічна-побытавая драма пра вернасць і здраду, насычаная вострасацыяльнымі праблемамі. Асаблівы каларыт кнізе дадаюць апісанні нораваў і побыту беларускай вёскі. Гэта вам не танныя дамскія раманчыкі ў мяккіх вокладках, а сапраўдныя чалавечыя эмоцыі.

Наталля Арсеннева «Магутны Божа»

«Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,

вялікіх сонцаў і сэрц малых!

Над Беларусяй, ціхай і ветлай,

рассып праменьні свае хвалы».

Моцныя нашыя беларускія жанчыны, якія толькі цяжкасці не ўзвальвае на іх жыццё. Усё трываюць, усё зносяць, застаюцца непахіснымі. Наталлю Арсенневу, як і Ларысу Геніюш, таксама чакалі арышты і высылкі, смерць сына Яраслава, які загінуў у 1943 годзе ад выбуху бомбы ў мінскім тэатры. Лёс закінуў паэтку на іншы кантынент, але адлегласці не здолелі разарваць яе крэўную повязь з беларускай зямлёй. Нават у Амерыцы Наталля Арсеннева здолела працаваць на карысць беларускай культуры і актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці беларускай эміграцыі, хоць спачатку ёй давялося пакаваць агуркі на фабрыцы кансерваў.

Першы зборнік вершаў Арсенневай «Пад сінім небам» выйшаў яшчэ ў 1927 годзе ў Вільні, а ў 1943 годзе яна напісала верш «Малітва», які праз чатыры гады, дзякуючы музыцы Міколы Равенскага, стаў адной з самых значных песень у гісторыі Беларусі — «Магутны Божа». Былі прапановы зрабіць гэтую песню беларускім гімнам, і яна сапраўды засталася духоўным гімнам нацыі, без якога не абыходзіцца ніводная нацыянальна-культурная падзея.

Святлана Алексіевіч «Чарнобыльская малітва»

«Але мы заўсёды жылі ў палоне жаху, мы ўмеем жыць у жаху, гэта — наша асяроддзе быцця. Тут нашаму народу няма роўні…»

Гэты спіс быў бы няпоўны без гераіні нашага часу — Святланы Алексіевіч. Жанчыны, якая тэкстамі сваіх кніг, галасамі герояў упісала Беларусь у гісторыю сусветнай літаратуры. У 2015 годзе яна стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры «за шматгалосую творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час». Цікава, што ў дзяржаўных выдавецтвах Беларусі кнігі Алексіевіч не друкаваліся ад 1993 года.

Святлана годна працягвае справу свайго настаўніка Алеся Адамовіча ў дакументаванні свету і падзей, якія ў ім адбываюцца. У яе кнігах уздымаюцца важныя і вострыя тэмы: Чарнобыль, вайна ў Афганістане, жанчыны і дзеці на вайне, самазабойцы…

Кнігу «Чарнобыльская малітва» складаюць размовы са сведкамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (пажарнымі, ліквідатарамі, лекарамі, звычайнымі грамадзянамі). Усе героі кнігі — вельмі розныя людзі, аб’яднаныя агульнай трагедыяй. Алексіевіч не выступае крытыкам і не навязвае сваю ацэнку сітуацыі, яна проста дзеліцца чалавечымі гісторыямі і лёсамі, каб захаваць памяць пра іх, а таксама выбіць нас з зоны камфорту, каб не паўтаралі памылак папярэднікаў.

Наста Карнацкая, фота аўтаркі

Каментары
долой возомнивших себя царями. которые всем интересны. / Адказаць 03.02.2018 / 14:27

Может полезно почитать кому-то о чем-то. где говорят о чем полезном написано? Как можно что-то советовать читать всем белорусам, если кому-то это совершенно не нужно, потому что ничего нового. интересного и полезного для себя не извлечет?

38
Апёк / Адказаць 03.02.2018 / 14:29

Чарнобыльская малітва ёсць і па-беларуску. Мы тут свой, не надта якасны, але ролік рабілі, па ўрыўках з гэтай кнігі. Паглядзіце, калі тут можна спасылку пакінуць. https://youtu.be/iswocrWjZis

8
белорус / Адказаць 03.02.2018 / 16:02

Апёк , Может спасылку тем чиновникам рассылать. которые АЭС в Беларуси строить надумали? В книге высказывания граждан. а не какие-то придумки или слова Алексивевич. Может почитают. понимая, что это не художественное произведение, и поймут почему белорусы против строительства АЭС в Беларуси. а не будут продавливать силой то, что еще неизвестно где падало?

6
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні