Праект партала
Густ «Яркае адзенне — гэта адказ на закрытасць грамадства». Беларускія лаліты — хто яны і чым жывуць?38
02.02.2018 / 09:58

Яны носяць пышныя сукенкі, трохвуголкі, хаваюць плечы пад балеро, а пад туфелькі падбіраюць вытанчаныя карункавыя шкарпэткі і панчохі. Іх можна сустрэць у кавярнях, тэатрах, ва ўніверсітэтах і проста ў горадзе. Паненкі, якія нібыта з іншага стагоддзя, адразу прыцягваюць увагу мінакоў. Хто яны? Дзяўчаты называюць сябе беларускімі лалітамі і прадстаўляюць міжнародны субкультурны рух Gothic&Lolita fashion.

Вы чытаеце гэты матэрыял дзякуючы атэлье па пашыве і рамонце адзення Girto.

Стыль «лаліта» з'явіўся ў 1980-я ў Японіі. Ён увабраў у сябе рысы моладзевай вулічнай моды, дзіцячай віктарыянскай, а таксама эпохі ракако. Яркі знешні выгляд маладых японцаў і японак быў своеасаблівым пратэстам супраць закрытасці і кансерватыўнасці грамадства.

Асаблівую папулярнасць стыль набыў пасля таго, як у 2004 годзе знялі фільм «Дзяўчаты-камікадзэ» (там яго ўвасабляла галоўная гераіня). Пасля выхаду стужкі ў масавы пракат лаліты пачалі з’яўляцца па ўсім свеце. Хутка яны з’явіліся і ў Беларусі, аб’яднаўшыся на фестывалі ўсходнеазіяцкай культуры ў 2009 годзе.

Сёння ў супольнасць беларускіх лаліт уваходзіць каля 25 чалавек з розных гарадоў: Мінска, Барысава, Гародні, Гомеля, Брэста. Для гэтых дзяўчат, многія з якіх сталі сяброўкамі, захапленне модай перарасло ў штосьці куды большае.

Мы трапілі на адну з традыцыйных сустрэч беларускіх лаліт і распыталі некаторых гераінь, што дае ім гэта захапленне, колькі грошай яны выдаткоўваюць на свае вобразы і як на іх звычайна рэагуюць мінакі.

Марына Давыдава, супрацоўніца Мытнага камітэта:

«У Беларусі я прыйшла да гэтага стылю адной з першых. У 2009 годзе ўбачыла на фестывалi «Хіган» падобныя вобразы, і яны мне прыйшліся па душы. Я стала шмат чытаць пра лаліт і сама ўцягнулася ў рух. Сёння каардыную дэфіле ў гэтым стылі на фестывалях «Хiган» i «Вэбкон».

У асноўным мы набываем рэчы ў японскіх і кітайскіх інтэрнэт-крамах, шмат робім самі. Сумачка, напрыклад, — маіх рук справа. Трохвуголку шылі сябры з Масквы: я спецыяльна дасылала ім стужку ад сукенкі, каб дакладна падабраць колер. За калготкамі я ганялася вельмі доўга, але, нарэшце, набыла. Быць лалітай — гэта быць калекцыянеркай. У інтэрнэце добра развіты другасны рынак, таму пры жаданні ёсць магчымасць набыць унікальныя рэчы па добрым кошце (у сярэднім толькі адна якасная сукенка можа каштаваць 200 даляраў)».

Вера Чарняўская, будучая менеджарка-эканамістка:

«Гэтую сукенку мне на Новы год прэзентаваў муж. Мы з ім і пазнаёміліся на фестывалі японскай культуры: ён тады цікавіўся касплэем. Гольфы — японскага брэнда, туфлі — кітайскія, калье і ўпрыгожванне на галаву я рабіла сама.

У стылі гадоў сем. Калі толькі пачынала, бацькі не разумелі, навошта мне гэта ўсё. Цяпер жа нават могуць дапамагчы з набыццём некаторых рэчаў. Я спакойна магу выйсці так пагуляць, схадзіць у кіно — гэта проста адзенне, у якім я адчуваю сябе камфортна і прыгожа».

Аляксандра Гушча, тэхнічная пісьменніца ў «Епам»:

«Я працую з дома, таму маё звыклае адзенне — гэта піжама ці ласіны. Але ў межах стылю я магу выдзеліць час на сябе, стварыць закончаны вобраз і пайсці так гуляць, на пошту ці ў краму. Пры гэтым буду адчуваць сябе цудоўна, бо гэта мой дзень.

Многія, і я ў тым ліку, звязваюць гэты стыль з пэўнай жыццёвай пазіцыяй: у 1980-1990-я гады жанчыны сталі абіраць яго, каб паказаць, што яны супраць патрыярхальнага ладу. Мужчыны меркавалі, што жанчыны заўсёды будуць паслухмянымі. Што з-пад апекі бацькі будуць адразу пераходзіць пад апеку мужа. Але жанчыны выступілі супраць: лепш буду гуляць па горадзе з карункавым парасонам, чым займацца абавязкамі, якія мне навязалі. Гэта цудоўнае імкненне жанчын вырашаць за сябе.

Звычайна феміністычна настроеныя жанчыны асацыююцца з маскулінным вобразам: кароткая стрыжка, за стырном машыны, паліць… Але стыль лаліты паказвае, што можна быць моцнай, незалежнай, жыць для сябе, але пры гэтым выглядаць гіпержаноцка.

Сёння ў маёй калекцыі больш за 30 сукенак. Я нядаўна далучылася да дзяўчат і пакуль крыху фанатычна рэагую на прыгожыя рэчы. Але жыццё, як кажуць, занадта кароткае, каб насіць сумнае адзенне.

Здараецца, што нас спрабуюць сфатаграфаваць цішком, гучна абмяркоўваюць. Гэта не вельмі прыемная частка жыцця з яркай знешнасцю, але прыходзіцца мірыцца».

Чытайце таксама:

Саша: жыццё пасля пажару. ФОТАГІСТОРЫЯ Сяргея Гудзіліна пра неймавернае жаданне жыць

Ірына Міхалап, біёлаг:

«У нашым грамадстве чамусьці прынята, што прыгожа трэба выглядаць толькі на нейкія святы: дзень нараджэння, Новы год ці карпаратыў. Хочацца, каб прыгожага ў нашым жыцці было больш, таму я ў такім вобразе наведваю і галерэі, і тэатр, і розныя імпрэзы.

У супольнасці знаходзяцца класныя людзі, таму лаліты — гэта не толькі пра знешнасць. Калі ж расказваць пра мой вобраз, то сукенка, напрыклад, з сайта Taobao: я проста закахалася ў прынт з алянятамі. Большую частку заколак і манжэты рабіла сама».

Каця Астрашаб, рамесніца:

«Лалітныя вобразы для мяне — параднае адзенне. Усё ж рэчы каштуюць нямала, шкада іх хутка сапсаваць.

На мне класічны вобраз, але ў межах Gothic Lolita існуюць і іншыя стылі: класічны, гатычны, салодкі, олдскул і одзі (ад слова «прынц», хлапчуковы стыль, у якім могуць апранацца і дзяўчаты). Я люблю эксперыментаваць, таму да гэтай сукенкі з сэканд-хэнду дадала нетыповую дэталь — партупею».

Рына Бакунава, трэнерка па плаванні:

«Я вельмі даўно пускала слінкі па атмасферы лалітных вобразаў, але ніяк не магла знайсці беларускіх лаліт, каб да іх далучыцца. Але недзе паўгода таму мы знайшліся і пазнаёміліся.

У гэтым вобразе я спрабавала ўвасобіць лаліту-прынцэсу: сарафан, аксэсуары, шкарпэткі і карону рабіла сама, туфлі ўпрыгожыла бісерам. Я хаджу так нават ва ўніверсітэт. Некаторыя лічаць, што я нарадзілася не ў свой час, але мяне натхняе такая эстэтыка».

Настасся Гракава, студэнтка-дызайнерка:

«Сукенку я набыла на акцыі ўсяго за 25 даляраў — і гэта сапраўднае шчасце. Ведаеце, я атрымліваю задавальненне, калі надзяваю яе: гляджу ў люстэрка і падабаюся сабе. Усё ж штодзённы набор са швэдра і джынсаў вельмі хутка надакучвае.

Калі я займалася касплэем і насіла каляровыя лінзы ды фарбавала вусны ў чорны, то бацькам і бабулі гэта не падабалася. Затое ў цяперашнім вобразе яны лічаць мяне вельмі прывабнай».

Такое самае адзенне, і ўвогуле любое іншае з вашых мар вы можаце замовіць у атэлье Girto:

УНП ‎192432477

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні