Проект портала
Истории Студентка года: беларусскоязычная, ценит БРСМ и не желает становиться взрослой33
31.12.2017 / 15:19

Студэнткай 2017 года стала 19-гадовая Аляксандра Радковіч, што навучаецца на другім курсе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Вынікі БРСМаўскага конкурсу сталі вядомыя ў снежні. Незвычайна і прыемна, што пераможца аказалася беларускамоўнай.

Пры канцы года, калі скончыліся заняткі і Аляксандра паехала дамоў да бацькоў на святочныя канікулы, мы нарэшце змаглі з ёй пагутарыць.

«Ніна»: Распавядзіце пра дзяцінства, сям’ю. Хіба ж адтуль у вас беларускасць?

Аляксандра: Да сямі гадоў я жыла ў бабулі і дзядулі ў вёсцы Вялікая Кракотка на Слонімшчыне, хадзіла ў беларускамоўны садок і першы клас вясковай беларускамоўнай школы. Пасля гэтага мы пераехалі ў Слонім. Там пайшла ў школу з музычным ухілам, запісалася на фартэпіяна, вакал і танцы. Недзе ў пятым класе маю прыхільнасць да беларускай мовы заўважыла наша настаўніца па беларускай мове і літаратуры. Яна падтрымала мяне, і мы сталі займацца дадаткова. У пятым класе я ўдзельнічала ў чытаннях беларускіх вершаў, а ў шостым перамагла з навуковай працай па беларускай літаратуры.

З бацькамі Наталляй Іванаўнай і Сяргеем Дзмітрыевічам ды сястрой Палінай.

Бабуля мая ў свой час спявала ў слонімскім гурце «Грымата». Дзякуючы ёй яшчэ ў дзіцячым садку я паехала выступаць у Слонім, спявала прыпеўкі. Тады ўсе і зразумелі, што я магу, і з першага класа пачаліся ўжо сур’ёзныя выступы ў Слоніме на розных гарадскіх святах. Бывала, што і разам з бабуляй спявала, пад гармонік і так. Дзядуля ў мяне, дарэчы, таксама і спяваў, і танцаваў.

У мяне ёсць малодшая сястра Паліна, яна танцуе. У нас з ёй розніца дзевяць гадоў. Паліна вучыцца ў рускамоўнай школе, але беларуская мова ёй падабаецца, яе ўжо нават запрасілі рыхтавацца да алімпіяды. Але, паколькі яна ўжо рыхтуецца да алімпіяд па гісторыі Беларусі і нямецкай, то сказала, што будзе забягаць, калі будзе ўдавацца. Дарэчы, у яе мову вядзе тая ж настаўніца, што вяла і ў мяне.

З Палінай.

Матуля, калі я была маленькая, увесь свой час прысвячала мне і ўклала упэўненасць, пазітыўны настрой на ўсё. Дзякуючы ёй я пайшла ў музычную школу.

«Ніна»: Тое, што вы да сямі гадоў жылі ў вёсцы, паўплывала?

Аляксандра: Канечне, нават сёння мне людзі гавораць, што я шчыры і просты ў зносінах чалавек. Напэўна, вось гэта адтуль. Такая прастата, душэўнасць, адкрытасць.

«Ніна»: Па-беларуску размаўлялі ў сям’і?

Аляксандра: Ведаеце, як размаўляюць на вёсцы? Напэўна, з гэтай мовы ў мяне ўсё і пачалося. Глеба ў яе беларуская, але пэўныя выразы чыста вясковыя.

«Ніна»: Ці задумваліся, чаму многія гавораць па-руску?

Аляксандра: Калі я пераехала ў горад, то адчула гэта. Я не была здзіўленая, бо ў мяне было такое ўяўленне, што ў горадзе людзі павінны размаўляць па-руску. Канечне, спачатку было складана перайсці на рускую мову. У мяне і сёння праскокваюць беларускамоўныя выразы, калі я па-руску размаўляю. У гарадской школе я размаўляла па-беларуску на ўроках мовы і літаратуры, але так старалася падстроіцца пад усіх і з сябрамі гаварыла па-руску.

«Ніна»: Цяпер пераважна па-беларуску размаўляеце?

Аляксандра: Не заўсёды. Я магу як па-беларуску, так і па-руску размаўляць. Мне вельмі проста перайсці з беларускай на рускую і наадварот. Я філолаг, для мяне гэта натуральна.

«Ніна»: Былі выдатніцай у школе?

Аляксандра: Не, былі і васьмёркі. Але на выпуск са школы сярэдні бал у мяне быў 9,4.

У школе здавалася, што мне трэба, мне трэба гэтыя адзнакі. Асабліва ў 10—11 класах, каб я змагла паступіць туды, куды хачу.

«Ніна»: Чаму абралі Гродзенскі ўніверсітэт?

Аляксандра: Па-першае, мне вельмі зручна, да Слоніма не так далёка.

Па-другое, спачатку я збіралася паступаць на юрыдычны факультэт, але пасля перадумала. Недзе ў дзясятым класе я ўпэўнена стала на тую пазіцыю, што ўсё ж беларуская філалогія.

«Ніна»: Чаму вам так падабаецца філалогія? Праз літаратуру?

Аляксандра: Больш нават не праз кнігі, а праз тое, што я люблю размаўляць, разважаць. Калі нам трэба пісаць сачыненні, роздумы, то я з задавальненнем сядаю і пішу, прапускаю праз сябе ўсе думкі. Напэўна, больш вось гэта. Правілы я не вельмі люблю, шчыра скажу.

«Ніна»: Якія любімыя творы, аўтары?

Аляксандра: Мне вельмі падабаюцца творы Караткевіча. А ўвогуле, я больш люблю чытаць паэзію, чым прозу. Люблю Танка, бо ён такі філосаф. Калі мы вывучалі яго творчасць у межах навуковай працы ў школе, ён мне вельмі спадабаўся. Божа мой, шосты клас, што я там яшчэ разумела? Але ж нешта зачапіла! Яшчэ Пімен Панчанка падабаецца. А з рускіх — можа быць, Бродскі.

«Ніна»: Ці падабаецца ў Гродне?

Аляксандра: Ведаеце, калі параўноўваць з Мінскам, то Гродна мне бліжэйшае. Гэта спакайнейшы, больш разважлівы горад. Мінск — ён занадта хуткі. Я калі цягам месяца чатыры разы ездзіла ў сталіцу, зразумела, як я ўсё ж такі люблю Гродна.

«Ніна»: Ці адчувалі падтрымку студэнцкай супольнасці, калі рыхтаваліся да конкурсу?

Аляксандра: Насамрэч, я хацела пайсці ў наступным годзе, бо не была ўпэўнена ў сваіх сілах. Думала, яшчэ падцягнуся, вырасту, можа, будуць нейкія новыя дасягненні. Але вось так выйшла, што ўжо сёлета выставілі маю кандыдатуру, і я пагадзілася.

На ўніверсітэцкім конкурсе падрыхтоўка ішла сваімі сіламі, там я адчувала падтрымку факультэта і бацькоў. На абласным этапе падтрымліваў увесь універсітэт: і студэнты, і выкладчыкі. Хтосьці дапамагаў з аратарствам, хтосьці — з песнямі, хтосьці — з танцамі, хтосьці — з нумарамі. А ўжо на рэспубліцы адчувалася падтрымка ўсяго Гродна. І тым больш універсітэта і бацькоў. 

«Ніна»: Як бацькі ўспрынялі навіну, што вы перамаглі?

Аляксандра: Гэта проста не перадаць словамі. Калі ты стаіш на сцэне і бачыш бацькоў, іх вочы… Яны пасля падыходзяць, а я крычу: «Мама! Мама!» У іх гонар за мяне, такая бацькоўская павага.

«Ніна»: Якая ў вас была матывацыя ўступаць у БРСМ?

Аляксандра: Уступіла яшчэ ў школе. Я тады не зусім разумела, што гэта за арганізацыя. Ужо калі паступіла ва ўніверсітэт, стала лепш асэнсоўваць. Для мяне сёння БРСМ — гэта валанцёрства. Напрыклад, мы наведваем дзіцячыя дамы і на кожнае свята дорым дзеткам неабходныя рэчы, паднімаем ім настрой, праводзім з імі час, каб яны разумелі, што шмат чаго вартыя, што пра іх памятаюць.

«Ніна»: Як думаеце, што трэба зрабіць, каб беларусы масава загаварылі па-беларуску?

Аляксандра: Мне здаецца, што вось так адразу мы не пяройдзем на беларускую мову. Гэта вельмі складаны працэс, ён будзе ісці паслядоўна, крок за крокам.

Трэба адкрываць больш нейкіх кружкоў, секцый. Мне здаецца, на ўсё трэба творчы падыход. То бок не проста «нам трэба размаўляць па-беларуску», а падыходзіць да гэтага творча. Ладзіць больш беларускамоўных імпрэз, папулярызаваць мову.

Хацелася б, каб было больш беларускамоўных школ. Хацелася б, каб было больш беларускасці ў беларусах, каб беларуская мова ўсё ж такі выйшла на першы план.

«Ніна»: Што варта палепшыць у беларускай адукацыі?

Аляксандра: Я ўжо казала, што за тое, каб падыходзіць да ўсяго больш творча, і да адукацыі ў тым ліку. Каб не толькі задавалі пісаць і чытаць, а па-рознаму падавалі інфармацыю. А ў цэлым усё нядрэнна з адукацыяй. Ва Універсітэце Янкі Купалы, дзе я вучуся, мне ўвогуле ўсё падабаецца.

«Ніна»: Студэнцтва для вас — найлепшы час?

Аляксандра: Спачатку я думала, што школьныя гады былі найлепшымі: я паўсюль удзельнічала, прывыкла да гэтага рытму. Але цяпер для мяне найлепшы час — студэнцтва.

Яшчэ як толькі паступіла, мне маці казала, што галоўнае напачатку — не сядзець склаўшы рукі, паказаць, што я нешта магу. І з першага курса я ўдзельнічаю дзе толькі можна.

«Ніна»: Адчуваеце, што пачалося дарослае жыццё?

Аляксандра: Ведаеце, нават калі не хочаш гэтага адчуваць, пачынаеш пакрыху звыкацца. Радзей дахаты прыязджаеш, ужо толькі па тэлефоне можаш спытаць нейкай парады ў бацькоў. Ад гэтага крыху сумна. Я не хачу так адразу пераходзіць у дарослае жыццё, пакуль яшчэ не хочацца, я да гэтага яшчэ непадрыхтаваная.

«Ніна»: Як жывецца ў інтэрнаце?

Аляксандра: Файна! На першым курсе я жыла ў інтэрнаце блочнага тыпу, а сёлета — у інтэрнаце калідорнага тыпу. Мне больш падабаецца цяпер, так адчуваеш жыццё ўсяго інтэрната. Нядаўна ў нас праходзіў конкурс на найлепш упрыгожаны пакой. Мы ўзялі другое месца. Размалявалі вокны зубной пастай, павыразалі сняжынак, намалявалі сабаку. На дзверы, шафы кучу ўсяго паналеплівалі.

«Ніна»: Гатуеце самі?

Аляксандра: А куды нам дзявацца? Канечне, бацькі перадаюць «ссабойкі», каб мы пасля толькі разагравалі ежу, але і самі гатуем. Мабыць, самае крутое, што мы робім — гэта макарона з мясам, нешта падобнае на пасту. Толькі што на гэта ж час трэба. А калі туды-сюды бегаеш, то не паспяваеш. З гэтай падрыхтоўкай да конкурсу часцяком забывала паесці.

«Ніна»: Што збіраецеся рабіць далей, пасля ўніверсітэта?

Аляксандра: Я не вельмі хачу ісці проста настаўніцай у школу. У мяне спецыяльнасць — літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць, і я спадзяюся, што ў далейшым рэалізую сябе ў ролі вядоўцы на радыё ці тэлебачанні. Я з дзяцінства пра гэта марыла, было б цудоўна, калі б атрымалася.

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні