Праект газеты
Гісторыі Гутарка з дыспетчаркай, якая дапамагла выратаваць мінчука з балота7
16.12.2017 / 15:56

Памятаеце, мы друкавалі шчырую падзяку МНС ад выратаванага ў снежні мінчука, што захрас у балоце, калі захацеў зрэзаць дарогу з Лошыцы ў Серабранку? Выцягнулі мужчыну старшы лейтэнант Аляксей Клімашэвіч і старшы прапаршчык Мікіта Дзяргай, якія служаць у пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №3 Заводскага аддзела Мінска. А вось падтрымлівала і абнадзейвала няшчаснага Іна Варанько, дыспетчарка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС.

«Я хачу выказаць самыя вялізныя і гучныя словы ПАДЗЯКІ тым людзям, якія ноччу выратавалі мне жыццё і дзякуючы якім я раніцай зноў расплюшчыў вочы і працягваю жыць. ДЗЯКУЙ той дзяўчыне ў службе выратавання, якая падтрымлівала па тэлефоне і абнадзейвала, што мяне абавязкова знойдуць і выратуюць.

Я ішоў з Лошыцы ў Серабранку і захацеў зрэзаць праз мост, але заблукаў і трапіў у балота. Мяне засмактала, і выкараскацца сам я ўжо не мог. Я змерз, і ў мяне адняло ногі. Самая шчырая і бясконцая ПАДЗЯКА тым двум хлопцам з МНС, якія нейкім цудам здолелі мяне знайсці і дастаць з гэтага віру… Яны падаравалі мне жыццё. Аляксей і Мікіта (прозвішчаў не ведаю). Дзякуй усяму МНС за тое, што вы ёсць, і за тое, што ў вас працуюць прафесіяналы, якія заўсёды дапамогуць у бядзе», — напісаў мужчына.

А цяпер — знаёмім вас з гэтай мужнай жанчынай, якая штодзень ратуе жыцці.

Іна Варанько, дыспетчарка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС.

«Шчыра сказаць, я спачатку не зразумела: Мінск — і балота. Я і не ведала, што ў нас у Мінску ёсць такія забалочаныя месцы, — прыгадвае дыспетчарка Іна Варанько. — Вельмі перажывала і за гэтага чалавека, і за нашых хлопцаў, якія яго шукалі. Тэлефануюць, кажуць, што правальваюцца, там жа і карчы, і купіны. Вельмі складана, і холад які быў.

Туды ж нельга было ніякія тэхнічныя сродкі даць, бо балота. Выратавальнікі прасілі доўга з гэтым чалавекам не размаўляць, каб тэлефон не сеў, каб яго можна было адшукаць. Трэба было супакоіць, упэўніць: «Мы вас выратуем, абавязкова выратуем»».

Іна тлумачыць, што ў яе задачы ўваходзіць хутка зарыентавацца ў сітуацыі, калі чалавек тэлефануе на 101, вызначыць, колькі якой тэхнікі неабходна і выслаць яе. Гэтае рашэнне звычайна яна прымае сама.

«Галоўнае, каб чалавек зразумеў, што я яго чую. Калі ён ведае, што я разумею яго сітуацыю, тады ён супакойваецца», — кажа Іна.

З выбарам прафесіі ў яе ўсё было зразумела. Маці 27 гадоў адпрацавала малодшым інспектарам, родны брат працуе ў МНС выратавальнікам. З будучым мужам Іна пазнаёмілася ў пажарнай часці. Праўда, ён даўно сышоў з МНС, цяпер працуе кіроўцам.

«Калі я толькі прыйшла ў МНС, у нашай краіне былі цяжкія часы, 1999 год, усім трэба было шмат працаваць. Прыйшла і спадабалася, засталася, — прыгадвае дыспетчарка. — Ну і гэта ўсё ж такі прэстыжна».

Іна кажа, што, каб працаваць у МНС, патрэбна мець пэўны набор якасцяў. Але сюды прыходзяць і мужчыны, і жанчыны.

«Мы, жанчыны, канечне, больш эмацыйныя. Бліжэй успрымаем некаторыя рэчы, інакш рэагуем на пэўныя сітуацыі, не так холадна, як мужчыны. Часам кладзеш трубку, а потым пачынаеш разважаць: ці маеш рацыю, ці не маеш. Пакуль што, здаецца, амаль заўсёды маю, і гэта цешыць, — дзеліцца Іна. — Калі нашы хлопцы выязджаюць на нейкія сітуацыі, канечне, перажываеш, таму што ўсякае можа быць. Калі пажар, то пакуль няма ліквідацыі, сядзіш як на нажах. Як толькі ёсць ліквідацыя — усё, можна выдыхнуць».

Намеснік аператыўнага дзяжурнага Анатоль Гімпель, інжынер тэлекамунікацыйных сістэм Андрэй Мартынаў, намеснік аператыўнага дзяжурнага Аляксей Бараноўскі.

Наперадзе — Ганна Ісакава (злева) і Іна Варанько. За імі — Аксана Ждановіч (злева) і Настасся Савіцкая.

На пытанне, ці не страшна працаваць, Іна паціскае плячыма.

«Гэтаксама можна запытацца: «А ці не страшна дзяцей нараджаць?» Любая жанчына гатовая на подзвігі дзеля сваіх блізкіх. А тут ты дапамагаеш людзям, таму што гэта твая праца, — адказвае яна. — Дапамагаем усім, дапамога бывае розная. Часам трэба дапамагчы адчыніць дзверы для «хуткай», каб медыкі трапілі ў кватэру і дапамаглі людзям. Але ўвогуле сітуацыі бываюць абсалютна розныя, неардынарныя.

Адна жанчына тэлефанавала тры дні запар і казала, што ў яе ў ванне жывуць змеі. Нашы супрацоўнікі прыязджалі, разбіралі ўсё, глядзелі, нічога не знайшлі. Ніяк не маглі зразумець, у чым справа. Але потым высветлілася, што змеі жылі ў каналізацыі і выпаўзалі праз адтуліну ў ванне, іх было тры. Пры мне, напрыклад, прыходзіў воўк да людзей у Мінску. Калісьці вельмі даўно ў заапарку тыгр збягаў з клеткі».

Іна кажа, што ў МНС імкнуцца дапамагчы ўсім па магчымасці, нават калі гэта і не іх прамыя абавязкі, калі тое не ўваходзіць у спіс аварыйна-выратавальных работ.

«Ды і часта не маем спецыяльнага абсталявання для гэтага, — працягвае яна. — Чыста па-людску, калі хлопцы вяртаюцца з больш сур’ёзнага выкліку, часам нават у свой асабісты час пасля працы заязджаюць… Проста трэба разумець, што тэхніка не наша асабістая, і высылаць яе і ратавальнікаў у тых сітуацыях, якія не ўваходзяць у нашы прамыя абавязкі, мы папросту не маем права, калі няма прамой пагрозы жыццю чалавека. Але тым не менш імкнёмся «варушыць» іншыя службы, камунальнікаў, «Фаўну горада», аварыйныя брыгады, каб яны хутчэй рэагавалі».

Стрэсам, кажа, спачатку было не даць рады, а цяпер такі рытм стаў звычкай. Працуюць на 101 суткі праз двое.

«Гэта як устаць раніцай. Спачатку цяжка, у 6 гадзін, а потым… — праводзіць паралель Іна. — Арганізм прывыкшы, я ж тут працую да трох гадзін ночы. І іду на працу ўжо настроіўшыся».

У Іны двое сыноў. Старэйшаму Уладзіміру — 13 гадоў, малодшаму Канстанціну — 11. Пойдуць ці не пойдуць яны ў МНС, Іна не загадвае. Мяркуе, што хлопцы павінны самі вырашыць, чым яны хочуць займацца. Дзеці ўжо прывыклі да графіку мамы. Іна кажа, што вельмі дапамагае муж.

«Я ж сыходжу на суткі, і дзеці застаюцца як бы без мамы ў гэты час. Тады муж для іх і як тата, і як мама. Я ўдзячная яму, што ён глядзіць дзяцей, ён малайчына. Розныя мужчыны ёсць, не кожны любіць глядзець дзяцей, — заўважае яна. — Дзеці ўжо прывыклі, іх толькі адно моцна расстройвае — калі я працую на Новы год. Яны мне кажуць: «Мама, калі мы будзем разам на Новы год? Калі ў нас будзе вялікае свята?» Канечне, іх засмучвае, калі я ў гэтыя дні працую. Апошнія два гады мы працавалі 31 снежня, а сёлета будзем працаваць 1 студзеня. Таму таксама вялікага Новага года не будзе, бо маме трэба будзе легчы спаць, каб прыйсці на працу ў 8 раніцы».

Іна кажа, што прафесія на выхаванні дзяцей усё ж адбіваецца.

«Заўсёды ім кажу выключаць святло, не чапаць нейкіх прадметаў. Ты больш аберагаеш дзяцей і больш за іх турбуешся, бо рознае бывае, — тлумачыць яна. — Дзеці мне кажуць: «Мам, ну мы ж дарослыя, ну колькі можна?» А я кажу: «Не, для мяне вы заўсёды будзеце дзецьмі». А калі хочуць паабдымацца, гавораць: «Мам, ну мы ж твае дзеці. Маленькія?» І я кажу ім: «Канечне, маленькія!».

Іна лічыць, што дзецям нельга даваць расслабляцца, яны павінны ведаць, што іх кантралююць, таму хатнія заданні рэгулярна правяраюцца. А ў вольны час у хлопцаў не планшэты, а гандбол.

Настасся Роўда

Каментары
Веравойша / Адказаць 16.12.2017 / 16:14

Прыгажуня і малайчына

0
Людміла / Адказаць 16.12.2017 / 16:27

Добра, што хоць цяпер людзі могуць атрымаць адэкватную дапамогу. А некалі на пачатку 2000-х гадоў мы, сям'я 3 чалавекі ехалі на таксоўцы дахаты ў Малінаўку. Справа была позняй восенню. І на вуліцы Гарэцкага, дзе цяпер Гіпа стаіць, у нізіне прама на дарозе сабралася вада, можа з паўметра глыбінёй. І наш таксіст заехаўшы ў ваду, заглох. Вада тут-жа стала напаўняць салон аўто. Што рабіць? Званю ў МЧС, жанчына адказвае, праз гадзіну-дзве прыедзем. Дык жаж змокнем у ледзяной вадзе, дзіця малое 3 -гадовае ў машыне, ужо сядзім з нагамі на сядзеннях. Чакайце, у адказ. Званіла разоў з 5. І пагражала, і ўсяк... Спытала прозвішча цёткі, не кажа. Чакайце. Урэшце дачакаліся, нас першымі выцягнулі, за намі другія машыны, што паселі ў вадзе. І тады з нас узялі немалыя грошы за выратаванне. Аддалі, што было рабіць...

0
Васіль Астрэйка / Адказаць 16.12.2017 / 17:09

Прыемна, што беларусы - прафесіяналы. Што мы - добра функцыянуючае грамадства.

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні