Праект партала
Тонус Гэта нават лепш, чым басейн і пасядзелкі з сябрамі. Масаж твару: расказваем2
07.12.2017 / 17:15

Разам з доктарам-фізіятэрапеўтам і фітатэрапеўтам, касметыкам Таццянай Ганчар прабягаем па асноўных відах масажу твару, вызначаем, каму і для чаго яны патрэбныя і што значыць трапіць у добрыя рукі ў самым прамым сэнсе.

У ідэале, касметычны масаж твару трэба рабіць кожнай жанчыне, якая хоча як мага даўжэй заставацца прыгожай і маладой, упэўненая Таццяна. Ёсць розныя меркаванні, але, на яе думку, пачынаць можна ўжо ад 25 гадоў, калі актывізуецца натуральны працэс старэння скуры і гігіенічнага догляду і масак становіцца недастаткова.

Якія масажы твару бываюць

Самы папулярны — касметычны масаж з крэмам. Ёсць эластычны масаж, ён ідзе больш як лячэбны і заключаецца ў шэрагу націсканняў. Яго прымяняюць пры глыбокіх маршчынах, а таксама для скуры са зніжанай здольнасцю супраціўляцца механічным уздзеянням.

Масаж па Жаке рэкамендуюць прымяняць для праблемнай скуры з запаленнямі і гнайнікамі. Ён робіцца толькі па тальку, без выкарыстання крэмаў. У яго аснову закладзеныя рухі-пашчыпванні па пэўных схемах.

У лімфадрэнажным масажы ўсё зводзіцца да добрага ведання лімфатычных сасудаў і лімфавузлоў. Працэдура дазваляе хутка прывесці сябе ў норму, прыбраць ацёкі, пастознасць.

Апошнім часам набывае папулярнасць хірамасаж. У касметалагічных цэнтрах яго падаюць як альтэрнатыву пластычнай хірургіі. Распрацаваў яго іспанскі доктар-дэрматолаг пры канцы мінулага стагоддзя. Ён вывучыў усе магчымыя ўсходнія методыкі масажу, падключыў штосьці сваё, і атрымалася гэтакая рэвалюцыйная сістэма. Гэты масаж доўжыцца даволі доўга, нават да гадзіны. І ўздзеянне адбываецца не толькі на твар, але і на шыю, вобласць дэкальтэ, плечавую зону. Сам па сабе масаж вельмі прыемны, пасля яго ўзнікае пачуццё глыбокага супакаення. То бок працэдуру можна разглядаць як добры натуральны антыдэпрэсант. 

Дарэчы, звычайна масаж доўжыцца да 15 хвілін. На маю думку, гадзіна масажу — гэта ўжо перабор. Па-першае, гэта робіць працэдуру больш дарагой. Па-другое, не ў кожнай жанчыны ёсць так шмат часу. З пункту гледжання касметолага, маска пасля масажу твару, то бок на падрыхтаваную скуру, робіць працэдуру нашмат больш эфектыўнай. Асабліва добрая маска. Калі ж масаж доўжыцца гадзіну, то куды яшчэ і маску рабіць?

Што масаж дае жанчыне

Падчас масажу жанчына атрымлівае глыбокае задавальненне. У наш час, калі мора стрэсаў, калі ты ўвесь час некуды бяжыш, калі ёсць сям’я, праца, то насамрэч папросту не застаецца часу на сябе.

Калі браць даступныя рэлакс-працэдуры, тую ж лазню, басейн, шпацыр, пасядзелкі з сябрамі, тое, што дапамагае зняць стрэс сучаснай жанчыне, я б паставіла масаж твару на першае месца па эфектыўнасці. Пасля яго ты адчуваеш сябе цалкам перазагружана. І ўжо пасля першай, пасля другой працэдуры ты атрымліваеш добры твар. Скура падцягваецца, разгладжваецца, прыбіраецца ацёчнасць. Ты бачыш эфект адразу.

Але, канечне, масаж праводзяць сістэмна. Каб быў адчувальны эфект, патрэбна ад шасці да дзесяці працэдур вясной і восенню. Рэкамендуюць падтрымліваць дасягнуты стан працэдурай калі не раз на тыдзень, то раз на два тыдні ці хаця б раз на месяц.

Што нельга зрабіць самому

Натуральна, масажныя лініі любая жанчына можа вывучыць самастойна, бо гэта галоўнае правіла масажу — уздзейнічаць выключна па масажных лініях. Кожная жанчына можа рабіць элементарныя пагладжванні і пахлопванні па гэтых лініях, пакуль раніцай ці ўвечары наносіць на твар крэм.

Але ж самы важны элемент масажу, размінанне, што закладзенае ў аснову, якое дае гэты эфект падцягвання, сам сабе не зробіш. Бо для гэтага трэба знаходзіцца ў расслабленым стане, а адначасова быць расслабленым і працаваць над сабой папросту немагчыма.

Зноў жа, у класічным масажы твару існуе больш за 50 рухаў, якія правільна і эфектыўна выканаць можа толькі спецыяліст, што добра ведае анатомію, фізіялогію і мае практыку. А практыка прыходзіць толькі пасля шматлікіх паўтарэнняў. Тым больш, масаж твару — гэта самая складаная масажная тэхніка. Дапусцім, спіна — гэта вялікая адносна роўная частка тулава. Твар жа параўнальна невялікі, і на ім знаходзіцца мноства анатамічных выступаў: нос, вусны, бровы, вочы. І трэба, каб падчас масажу рукі працавалі гарманічна, адзін рух перацякаў у іншы. Калі задзяваеш нос або вейкі, у чалавека, якому робяць масаж, адразу ўзнікае пэўны дыскамфорт, таму што парушаецца яго блажэнны стан.

Яшчэ важна, каб спецыяліст, які праводзіць масаж, акцэнтаваў увагу, ці ёсць на штосьці алергія.

Каму лепш абысціся без масажу

Сярод супрацьпаказанняў: гнайніковыя захворванні, вострыя інфекцыйныя захворванні, герпетычныя высыпанні, празмернае аваласенне. А таксама такія цяжкія станы як сардэчная недастатковасць, лёгачная недастатковасць і іншыя.

Робім масаж самастойна

Вось невялічкі комплекс практыкаванняў, якія няцяжка зрабіць самастойна.

Трэба зазначыць, што масажу твару мусіць папярэднічаць добрае ачышчэнне. Твар будзе добра падрыхтаваны, калі зрабіць цёплы кампрэс. Яшчэ лепш, калі кампрэс будзе з лекавымі травамі, якія падыходзяць вашаму тыпу скуры.

1. Сядзьце перад люстэркам, спіну трымайце роўна і расслабце плечы. Зрабіце ўдых. На выдыху, павярнуўшы галаву ўправа, зірніце праз правае плячо. Праз тры секунды павольна вярніцеся ў зыходны стан. Зрабіце тое самае, павярнуўшы галаву ўлева.

2. Разагрэйце ў далонях увільгатняльныя крэм і асцярожна нанясіце яго на твар. Пакладзіце далоні на твар як на фота і на выдыху рабіце лёгкія масажныя рухі ад цэнтра да вушэй.

3. Націсніце на лоб падушачкамі пальцаў як паказана на фота, рабіце імі рытмічныя кругавыя рухі і рухайцеся да вушэй. Працягвайце, пакуль не разагрэецца ўвесь лоб.

4. Рытмічнымі стымулюючымі кругавымі рухамі памасіруйце скулы. Крыху націскайце на іх падушачкамі пальцаў і рухайцеся ад носа да вушэй. Паўтарыце тры разы.

5. Прыкладзіце вялікія пальцы рук знешнім бокам пад скулы ля носу і на выдыху націсніце пальцамі ўверх. Так, быццам спрабуеце прыпадняць скулы. Працягвайце націскаць, пакуль не далічыце да пяці, а пасля на ўдыху павольна аслабце націск. Паўтарыце тое самае з сярэдняй часткай скул, а затым з іх знешнім бокам.

6. Націсніце пальцамі абедзвюх рук на мышцы падбародку, зрабіце лёгкія рытмічныя кругавыя рухі па ўсёй лініі сківіцы да самых вушэй. Сцісніце зубы і, адчуўшы пальцамі вялікую мышцу, расслабце сківіцу і памасіруйце яе. Паўтарыце тры разы.

7. Вялікія пальцы пастаўце пад падбародкам, іншыя адвядзіце ў бакі. Зрабіце ўдых. На выдыху націсніце вялікімі пальцамі на ніжнюю сківіцу, палічыце да трох, а пасля павольна аслабце націск. Прайдзіцеся такім чынам па ўсёй ніжняй сківіцы, павялічвайце і змяншайце націск. Завяршыце пагладжваннем усяго твару.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні