Праект газеты
Рост Топ-5 захапляльных кніг для тых, хто любіць вандраваць. Хай сабе і на канапе5
02.12.2017 / 09:06

Гэты артыкул створаны для таго, каб даць вам магчымасць легальна валяцца на канапе. А калі нехта спытае, чаму вы ляжыце, можаце смела казаць, што вандруеце. У думках. З героямі кніг.

Людміла Рублеўская «Дагератып»

«У пекле балбатлівых прымушаюць лізаць распаленыя патэльні».

Кніга, з якой вандраваць можна не толькі ў прасторы, але і ў часе. Малады вучоны Гальяш збіраецца з'язджаць у Амерыку да сваёй нявесты, а кватэру, якая дасталася яму ў спадчыну ад дзеда, на некаторы час бясплатна пакідае сваёй знаёмай, дзяўчыне з дзіўным імем Сімка. Рыхтуючыся да пераезду і разбіраючы старыя дзедавы рэчы, яны знаходзяць стары дзённік. І перад імі паўстае таямнічая гісторыя XIX стагоддзя, непасрэдна звязаная са сваякамі Гальяша. Шмат у творы не толькі змрочнага і таямнічага, але і рамантычнага. Гісторыя, прыгоды, таямніцы, каханне — комба для правядзення добрага вечара з кнігай. Сёлета з гэтым раманам спадарыня Людміла атрымала другое месца Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

Раман Свечнікаў «Рома едзе. Кніга 1 і Кніга 2»

«Падарожжа вакол свету навучыла мяне важнаму навыку — не песціць ілюзій пра тое, што недзе будзе лепей, чым там, дзе ты цяпер. Няма на планеце месца, дзе ўсё ідэальна. Ні ў Нью-Ёрку, ні ў Бангкоку, ні ў Тэгусігальпе табе не будзе выдатна, калі ўнутры гарыць склад боепрыпасаў. Гармонія пачынаецца з цябе самога».

Рома Свечнікаў — звычайны беларускі пацан, які ў 2012 годзе ў 20 гадоў кінуў універ і паехаў у вандроўку вакол свету. Пасля з падарожных нататак і фотаздымкаў атрымаліся дзве кніжкі.

Першая кніга цалкам прасякнутая бунтарскім духам юнака, пачуццём свабоды, адчуваннем, што межаў у свеце ўвогуле не існуе. Маршрут пралёг праз Грузію, Арменію, Іран, Азербайджан, Расію, Манголію, Кітай, Лаос і Тайланд.

У другой частцы аповед вядзецца збольшага пра амерыканскі кантынент. Рома распавядзе вам тое, пра што вы, магчыма, нават не задумваліся. Напрыклад, якія еўрапейскія гарады нагадвае Буэнас-Айрэс, ці чаму Мексіка — зона ачышчэння ад матэрыялізму.

Кнігі абавязковыя для прачытання тым, хто сумуе, што жыццё праходзіць міма. Проста пакатайцеся цэлы дзень па горадзе без грошай у кішэні. Пажадана, па чужым горадзе іншай краіны. Магчыма, Рома стане вам крыху бліжэй.

Ксенія Шталенкова «Адваротны бок люстра»

Яшчэ адна кніга пра вандроўкі ў часе, якую аўтарка напісала ў 16 гадоў. Добры ўзор сучаснай падлеткавай прыгодніцкай літаратуры, напісаны такім жа падлеткам.

Раман-трылогія пра 15-гадовую дзяўчыну Басю, якая атрымлівае неверагодную магчымасць пераносіцца ў часе пры дапамозе люстэрак. Так яна трапляе то ў Вільню XVI стагоддзя, то на Першую сусветную вайну, дзе яе чакаюць незвычайныя прыгоды, поўныя таямніц і нават загадкавых забойстваў. Гісторыя была б няпоўнай без з’яўлення лініі кахання, таму 17-гадовы Міхал, які служыць у Мікалая Радзівіла Чорнага, у кнізе вельмі дарэчы. Жывыя героі, цікавы сюжэт, атмасферная эпоха — спадабаецца не толькі падлеткам.

Віктар Марціновіч «Возера радасці»

«Дабрацца да Возера Радасці вельмі проста — трэба сесці ў човен і плыць ад Возера Сненняў па дыяганалі, але галоўнае — не спяшацца і не збіцца з дарогі, іначай трапіш у Lacus Doloris — Возера Смутку, адкуль вельмі складана выплысці, бо ў смутку загразаюць вёслы, увесь час хочацца спаць і апускаюцца рукі».

Калі прачытаць анатацыю да гэтага раману, то не зразумееш амаль нічога з сюжэту. Але ж ён там ёсць: дзяўчына Яся, нелюбімая дачка аднаго ўплывовага і заможнага чалавека, трапляе па размеркаванні ў Малмыгі, што ў Вілейскім раёне. Сімвалічна, што месцам размеркавання быў абраны населены пункт, якога ўжо ў прынцыпе няма: у 1970-я гады вёска Малмыгі разам з некаторымі іншымі была затоплена падчас будаўніцтва вадасховішча. Так і многія людзі, якіх Яся сустракае ў творы, усё яшчэ ў галаве жывуць у той краіне, якой больш няма.

Кніга закране тых, хто прайшоў праз размеркаванне: ім будзе цікава, як складзецца лёс Ясі, ці будзе яна згодная са сваім жыццём у Малмыгах. А далей пачынаецца Ясіна падарожжа праз гарады, краіны, людзей, памылкі і сталенне. Вам і гераіні прыйдзецца праз многае прайсці, каб зразумець, ці можна трапіць да Возера Радасці і ці заўжды варта да яго ісці.

Андрэй Хадановіч «Цягнік Чыкага-Токіё»

«Сёньня я дабіраўся
З Чыкага ў Токіё на цягніку,
Бо калі самалёт ляціць 13 гадзінаў,
Гэта ўжо цягнік».

Здзейсніць падарожжа можна і ў вершах, што нам даказвае паэт-вандроўнік Андрэй Хадановіч, вядомы ўменнем заўважаць тыя дэталі, на якія мы звычайна не звяртаем увагі, і з гумарам пісаць пра розныя аспекты жыцця.

Зборнік дае магчымасць выправіцца ў падарожжа разам з паэтам. Ад Парыжу да Мінска, ад Чыкага да Токіё. Пастаяць на мосце Мірабо і пакатацца мінскім тралейбусам №38. Многія з гэтых вершаў пакладзеныя аўтарам на музыку і выконваюцца ім жа пад гітару. Якое ж падарожжа без спеваў? Кніга стане цягніком, які завязе вас далёка-далёка, дзе цёпла і светла, і нават паспрачаецца з Хэмінгуэем, бо:

«Парыж — гэта сьвята, якое заўсёды.
Але не заўсёды з табой».

Чытайце таксама:

Наста Карнацкая, фота аўтара

Каментары
Аляксандр / Адказаць 02.12.2017 / 10:40

А вось яшчэ адна кніга якая дапаможа чытачу павандраваць. Кніга прозы Зоі Доля “АКНО Ў ЗАМЕЖЖА” апавядае пра сучасных беларусаў, іх стасункі з замежнікамі, падарожжы ў Еўропу. Спосабы як падчапіць англічаніна і апрацоўваць яго каб жаніўся ведае дзяўчына Наташа з апавядання “Кватаранты”…. Інжынеру Алегу Пракапчуку пасля развода з жонкай і арабскаму аспіранту мінскай ВНУ Мурату з аповесці “Алег і Халіфэ” хочацца аднаго і таго ж, займець на кароткі час жанчыну для душы і цела. Пошукі каханкі Мурат маскіруе пад назвай “временный жена.”… Жыхар беларускай вёскі Гена ірвануў у Еўропу, з вёскі - адразу ў Еўропу, і што атрымалася з яго ваяжа ?... Раскажа апавяданне “Еўратур”… Таксама Вас чакае незабыўная сустрэча з героямі рамана “Вера” і апавядання “Пра іншых немцаў”!

0
Веравойша / Адказаць 02.12.2017 / 11:56

@ ў Малмыгі, што ў Вілейскім раёне. ..... была затоплена падчас будаўніцтва вадасховішча (Мінскага мора) @ Мабыць падчас будаўніцтва Вілейскага вадасховішча, а не Менскага мора

2
Аляксей. / Адказаць 02.12.2017 / 20:42

"Дагератып" настойліва раю! Шыкоўная кніга і прыйдзе час, калі яе ў школах праходзіць будуць. Не адмаўляйце сабе ў задавальненні - чытайце!

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні