Проект газеты
Рост Чему учили энциклопедии для мальчиков и девочек 18 лет назад, а чему учат сегодня17
24.11.2017 / 16:42

Памятаеце гэтыя энцыклапедыі з каляровымі вокладкамі для «сапраўдных хлопчыкаў і дзяўчынак»? І вялікія кніжкі кшталту «Усё для дзяўчынак пра сяброўства і каханне». З той ці іншай серыі — падобныя выданні былі на паліцах амаль кожнай сям’і, і ў пэўны момант станавіліся настольным зборам правіл.

Такія энцыклапедыі прэзентавалі на дні народзінаў і давалі пачытаць «на час». Менавіта з іх многія прадстаўнікі пакалення 1990-х і нулявых даведваліся, хто такія сангвінікі і як менструацыя ўплывае на арганізм.

Канечне, сёння любы школьнік можа знайсці цікавую яму інфармацыю ў інтэрнэце, але кніжкі-інструкцыі для хлопчыкаў і дзяўчынак працягваюць выпускаць даволі буйнымі тыражамі.

Ці змянілася за 18 гадоў падача тэм і правілы жыцця для будучых лэдзі і джэнтэльменаў? Мы параўналі кніжкі, якія друкаваліся ў канцы 1990-х гадоў, з сучаснымі, і маем што сказаць.

Якімі павінны былі быць «сапраўдныя» дзяўчынкі і хлопчыкі ў 1999 годзе?

Дзявочыя энцыклапедыі тых часоў адкрываюцца часткай «Пачынаем гатаваць», якая ўключае ў сябе як прымітыўныя рэцэпты, так і суперскладаныя дэсерты і гарачыя стравы. На дзяўчынку таксама ўскладаюцца правілы сервіроўкі стала на розныя выпадкі жыцця з дзясяткам варыянтаў «як прыгожа скласці сурвэткі». Не навучышся гэтага рабіць — не зможаш быць добрай гаспадыняй у будучыні.

Кніжка для хлопчыкаў таксама змяшчае раздзел з гатаваннем ежы, але ён займае ў пяць разоў менш старонак. Першай жа, галоўнай часткай ёсць інструкцыя, як «Зрабіць фігуру». «Без добрай фігуры хлопчык не можа быць прыгожым», — сцвярджаюць аўтары энцыклапедыі і найперш раяць развіваць мышачную мускулатуру, бо тады «будзеш моцным і зможаш абараніць іншых».

Дзяўчынкам добрае, здаровае цела патрэбнае ўжо для іншага, каб «быць падобнымі да топ-мадэляў». Знешнасці ў кніжках прысвечаная большая частка старонак: практыкаванні, адзенне, касметычныя сродкі — усё гэта павінна дапамагчы наблізіцца да ідэалу, якім звычайна робяць тых жа мадэляў. Нават спецыяльныя рэцэпты салатаў ёсць — «для прыгажосці».

Прыбіраць кватэру і дом тады вучылі выключна дзяўчынак. У хлопчыкаў навука сканчвалася на прышыванні гузіка і чыстцы абутку.

Кожны хлопчык абавязаны быў цікавіцца рыбалкай, турызмам і паходамі ў грыбы, а яшчэ шахматамі. Дзяўчынкі ў гэты час мусілі займацца кветкамі, шыць, вязаць ды складаць арыгамі.

Але найцікавей сёння выглядае раздзел «Знаёмства з камп’ютарам». Сістэмны блок, дысплэй, клавіятура, прынтары і мадэмы — пра тое, як усім гэтым карыстацца, паведамлялі толькі хлопцам. У «дзявочай» версіі расказамі пра тэхніку і не пахла, затое прыводзілася шмат інфармацыі пра тое, які характар маюць Рыбы, а які — Блізняты, і як выкарыстоўваць маркер гараскопа ў выбудоўванні стасункаў.

Цікава, што ў энцыклапедыях для дзяўчынак папярэджваюць пра небяспеку азартных гульняў, а ў кніжках для хлопчыкаў, наадварот, нават вучаць некаторым нюансам гэтай індустрыі.

Вось некаторыя цытаты з кніжак 1990-х:

Пра гаспадарку

«Любая дзяўчынка павінна ўмець гатаваць салату, бутэрброды, супы, каб стаць цудоўнай гаспадыняй, калі вырасце».

«Кожная дзяўчынка павінна навучыцца азам шыцця, каб умець сшыць сабе модную спаднічку, прыгожы фартух і начную кашулю».

Пра знешнасць

«Жывот павінен быць плоскім, падцягнутым і пругкім, талія — тонкая. Ты ж хочаш быць такой жа прыгожай і стройнай, як вядомыя топ-мадэлькі? Давай паспрабуем зрабіць гэта разам».

«Вельмі важна, каб твае грудзі мелі прыгожую форму. Для гэтага трэба пачынаць клапаціцца пра іх з 13-14 гадоў. Кожную раніцу імкніся апалоскваць грудзі халоднай вадой — гэта зробіць скуру пругкай і прывабнай».

«Калі ў цябе цяжкая, нязграбная паходка, ніхто не назаве цябе элегантнай, нават калі ў цябе добрая фігура і ты модна апранутая».

«Калі ў цябе кірпаты нос, валасы трэба зачэсваць назад, гэта схавае твой недахоп».

«Перад тым, як выйсці на вуліцу, паглядзіся ў люстэрка — ці ўсё у парадку з тваім адзеннем, ці прыгожа ляжаць валасы. Па тваім знешнім выглядзе будуць рабіць высновы пра тваіх бацькоў».

«Галоўным крытэрыем мужчынскай прыгажосці з’яўляецца добрая фігура. Няма адзення, прыгажэйшага за бронзу мускулаў».

Пра сэкс

«Дзяўчынка расце і развіваецца да 18 гадоў, а юнак — да 20, таму непажадана пачынаць ранняе палавое жыццё. Яно дрэнна ўплывае на нервовую сістэму. Асабліва шкодныя для арганізма выпадковыя палавыя сувязі. Яны маральна збядняюць, спусташаюць чалавека.

Жыццёвае

«Будзь цярплівай, акуратнай, сціплай, ветлівай, карэктнай і стараннай!»

А пра што пішуць у сучасных кніжках?

Здавалася б, прайшло 18 гадоў, змянілася цэлае пакаленне, але калі вы думаеце, што першыя энцыклапедыі таксама эвалюцыянавалі, то памыляецеся.

Сучасныя энцыклапедыі для «супердзяўчынак» пачынаюцца з інструкцый «Як стаць абаяльнымі і прывабнымі», «Як заўсёды выглядаць на ўсе 100?», «Як пазбавіцца рабацінак на твары?», «Як схаваць занадта шырокія плечы?» і гэтак далей.

У 21 стагоддзі, мяркуючы па змесце, ідэальная прыгажосць выйшла на першы план. Ужо не так важна быць добрай гаспадыняй, смачна гатаваць і добра шыць: калі ты будзеш выглядаць на ўсе 100 — увесь свет і так будзе ля тваіх ног.

Усё гэта патрабуецца для таго, каб прыцягнуць увагу супрацьлеглага полу і спадабацца іншым. Калі табе пашанцавала і ты знайшла сваё каханне, то трымай яго ўсімі рукамі і нагамі: кніжкі навучаць «Як яго не згубіць». Няважна, што для гэтага трэба «больш маўчаць і старацца не выносіць яму мазгі», галоўнае — вынік.

Уводзіны «Вялікай энцыклапедыі для хлопчыкаў» адразу ж паказваюць асноўны пасыл: «Мужчына павінен быць адважным. Мужчына павінен быць моцным і спрытным. Ён павінен умець пастаяць за сябе і абараніць слабога».

Акрамя гэтага, канкурэнтаздольнаму хлопчыку не абысціся без пачуцця гумару. Трэніравацца прапануюць на анекдотах: адкрываць зборнік з жартамі і спрабаваць здагадацца, чым скончыцца кожная гісторыя. Калі ў самога смешна жартаваць усё ж не выходзіць, рэкамендуецца слухаць іншых і пасміхацца, нават калі незразумела, пра што ідзе гаворка: «Ніколі не кажы, што ты не зразумеў жарт, не імкніся ўдакладніць, што мелася на ўвазе. Увогуле, не будзь занудлівым».

Прышпільна, што з хлопчыкаў рыхтуюць добрых аратараў, а з дзяўчынак — добрых слухачак, пра што яскрава сведчаць парады па майстэрству публічных выступаў для першых і адсутнасць чагосьці падобнага для другіх.

Што паўтараецца з былых часоў, дык гэта расказы пра хобі «сапраўдных» мужчын: рыбалка і фокусы, без іх нікуды. Але прыемна, што ў энцыклапедыі для хлопчыкаў з’яўляюцца і модныя парады. Сучасныя аўтары прызнаюць, што гэтая тэма можа цікавіць не толькі дзяўчынак.

Што тычыцца ежы, то тут схема паўтарае стэрэатыпнае ўяўленне пра кулінарныя здольнасці: дзяўчынкам прапаноўваюць засвоіць азы скручвання сушы, а хлопчыкаў абмяжоўваюць рэцэптамі яечні, макароны і сасісак.

Дзіўна, што асновы самаабароны ў карцінках дэманструюць толькі хлопцам. Відаць, аўтары мяркуюць, што за кожнай дзяўчынкай будзе хадзіць вось такі падрыхтаваны хлопец і, калі што, адразу паставіць на месца злодзея.

У сучасных кніжках больш грунтоўна падыходзяць да тэмы сэксу: ужо ніхто не саромеецца падрабязна апісваць будову палавых органаў, фізіялогію палавога акта, падрыхтоўку да першых інтымных зносін і метады кантрацэпцыі. Раней гэтыя тэмы краналі толькі павярхоўна.

А цяпер зноў да найлепшых цытат.

Пра знешнасць

«Ты заўсёды павінна прыемна пахнуць. Пахнуць тонкім водарам, хадзіць з акуратным манікюрам».

«Хаваць свае недахопы (кароткую шыю, шырокія плечы і гэтак далей) — сапраўднае мастацтва. Авалодай ім — і ты зможаш выглядаць цудоўна».

«Станік пуш-ап візуальна павялічыць грудзі. З дапамогай спецыяльных станікаў грудзі набудуць апетытны выгляд ў любым дэкальтэ».

«Хвалявацца з-за кожнага прышчыка і па некалькі разоў укладваць валасы — гэта лёс жанчын. Мужчына ж павінен заставацца мужчынам, аднак прытрымлівацца элементарных нормаў гігіены ўсё ж варта».

Пра ежу

«Каб здабыць славу кулінарнай багіні, давядзецца пастарацца: сёння нікога не здзівіш стандартным «Аліўе», навучыся гатаваць сушы і ролы».

Пра адносіны

«Калі ты хочаш заваяваць яго сэрца, даць неабходны сігнал дапаможа туфелька, якая будзе пагойдвацца на назе».

«Фліртуючы падчас гутаркі, варта ўвесь час здзіўляцца і захапляцца тым, што кажа ці робіць суразмоўца, які табе падабаецца. Нічога страшнага не здарыцца, калі гэта будзе крыху ненатуральна».

«Дзяўчынкі так любяць балбатаць, што калі ты ператворышся ў добрага слухача, поспех у каханні на палову забяспечаны».

«Ты нават не ўяўляеш, колькі ўвагі дзяўчынкі надаюць знешнасці, таму яны адразу заўважаць, падстрыжаныя ці не твае пазногці і ці чыста вымытыя валасы, у неакуратных — няма шанцаў».

«Не трэба быць занадта пераборлівым у выбары партнёраў — так можна пражыць усё жыццё ў адзіноце».

Пра моц

«Кожны мужчына, што паважае сябе, павінен умець абараніць і сябе, і сваю дзяўчыну, і больш слабога сябра».

Пра сэкс

«Каб палепшыць сэксуальнае жыццё — ведай: сыры цвёрдых гатункаў узмацняюць жаданне».

А як вы лічыце, дапамагаюць такія кніжкі з парадамі сучасным маладзёнам ці, наадварот, вучаць іх камплексаваць з-за таго, што яны не адпавядаюць нейкім стандартам? Вы набылі б такую кніжку сваякам-падлеткам?

Мая Лінь, фота Волі Афіцэравай і Кацярыны Карпіцкай

Каментары
ох / Ответить 24.11.2017 / 16:16

Если население не растет, то не очень помогают. Издателям разве что.

0
кекс / Ответить 24.11.2017 / 16:44

какой-то сборник стереотипов, отправляющий девочек на кухню помнить свое место, а мальчиков делать из себя тех, кем они не являются. Ладно 18 лет назад, но видеть такие вещи теперь это конечно смешно, но очень грустно.

5
Kaзiк / Ответить 24.11.2017 / 17:39

Не сустрэў у матэрыяле аніводнага разу словаў “фэмінізм”, “сэксізм”, “аб’ектывацыя”, “гендарны канструкт”. Нешта ня так

11
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні