Праект партала
Рост Пяць кніг сучаснай беларускай паэзіі, якія вас захопяць5
18.11.2017 / 09:11

Як даўно вы бралі ў рукі паэтычны зборнік? Дык самы час узяць ці хаця б пазнаёміцца з асобнымі вершамі яркіх сучасных паэтаў. Тым больш восеньская атмасфера настройвае на правільны чытальны лад.

Але калі што, ведайце, што гэтых аўтараў прыемна яшчэ і слухаць.

Віталь Рыжкоў «Дзверы, замкнёныя на ключы»

«Мама!..
Прыйдзе час —
перастaнем мы:
перабесімся,
станем сталыя —
а пакуль,
калі ласка,
адстaнь ад мяне!..
Я яшчэ пажыву
хістаннямі…»

Пакуль Віталь пад псеўданімам Angst з гуртам «Belaroots» падымае беларускую рэп-культуру, нам толькі і застаецца, што бясконца перачытваць адзіны зборнік «Дзверы, замкнёныя на ключы», выдадзены ў 2010 годзе, і нізкі вершаў у розных часопісах. За зборнік, між іншым, ён стаў лаўрэатам прэміі «Дэбют». Той выпадак, калі адукацыя інжынера не перашкаджае віртуозна валодаць словамі (і розумамі чытачоў).

У зборніку змешчаныя вершы перыяду 2002—2010 гадоў і паэтычныя пераклады з англійскай, польскай, грузінскай і ўкраінскай моў. Але самы кайф — слухаць вершы ў выкананні аўтара. Цяпер вы ведаеце, на сустрэчу з якім паэтам трэба ў бліжэйшы час абавязкова трапіць.

Наста Кудасава «Маё невымаўля»

«Мне вечнасць абдымае плечы
і больш вымае — па радку…»

Сапраўднае адкрыццё ў сучаснай жаночай паэзіі. Наста выдала тры паэтычныя зборнікі, але менавіта «Маё невымаўля» стала лаўрэатам прэміі «Кніга года-2016» ад Беларускага ПЭН-цэнтра. Вершы Кудасавай дыхаюць метафорыкай і словатворчасцю Рыгора Барадуліна. Чаго вартая назва — «Маё невымаўля». Склалася ўражанне, што гэтыя лёгкія і адначасова моцныя вершы былі напісаныя адным подыхам. Чытаюцца яны як адзін вялікі твор.

Часам нават страшна ад шчырасці, з якой паэтка агаляе сваю душу ў зборніку. Гэта споведзь жанчыны, і ўся кніга атрымалася вельмі пранікнёнай. Але гэта не значыць, што яе не варта чытаць мужчынам.

Міхал Бараноўскі «Volumen.1»

«Я ведаю, я загіну
Ў баі за калінавы мост.
Калі б я быў,
Як Кастусь Каліноўскі,
Я памёр бы ў поўны рост».

Міхал Бараноўскі больш вядомы слухачам як заснавальнік гурту «Нельга забыць», дзе спявае песні на свае і на вершы Уладзіміра Караткевіча. У 2016 годзе яго паэтычная творчасць нарэшце аформілася ў дэбютны зборнік «Volumen.1», з якім аўтар стаў лаўрэатам прэміі «Дэбют».

У кніжцы ўсяго 56 старонак, але яна сэнсава і эмацыйна насычаная. Вершы нават нагадваюць пра Анатоля Сыса з яго міфалагічна-біблейскай вобразнасцю. Зборнік складаецца з трох частак. Першая — «Месца моцы», заснаваная на аднайменнай аўтарскай музычнай праграме. У другой частцы «Краг-Крых» змешчана самае новае з яго паэзіі. Апошняя «З. З. Ы.» складаецца ўсяго з аднаго «вяснова-філасофскага» верша.

Вольга Гапеева «Граматыка снегу»

«хоць сэнс жыцця кеглі ў падзенні
а кегля думае што ў стаянні
і не разумее чаму лёс да яе такі жорсткі
а справа не ў лёсе а ў ракурсе
сузірання»

Гэта пятая паэтычная кніга Вольгі, якая выйшла ў лютым гэтага году. Зборнік вельмі самадастатковы, у якім жанчыне не трэба быць слабай, але варта быць упэўненай у сабе, не трэба быць проста лялькай у прыгожай сукенцы, а трэба быць асобай.

Андрэй Хадановіч «Несымэтрычныя сны»

«абуць на тры пары шкарпэтак цяплейшыя боты,
на злосьць халоднай вайне й атмасфэрнаму фронту,
бо выбар цяпер адзіны — стаяць і чакаць свабоды —
ад лесьвіцы ў стылі ампір да самага ГАРЫЗОНТУ». (20 сакавіка 2006)

Хутчэй за ўсё, многія з вас чулі той самы верш пра беларускага мужчыну, які ляжыць у цэнтры Еўропы на канапе і акрамя дзесяці бульбяных страў ведае сто дзесяць адмазак не чысціць бульбы. Гэты верш са зборніка Андрэя Хадановіча «Несіметрычныя сны». Увогуле, асоба гэтага паэта даўно не патрабуе прадстаўлення, а той, хто хоць раз чуў, як ён чытае свае вершы, ужо больш ніколі не забудзе гэты голас і інтанацыі: кожны прачытаны зборнік Хадановіча будзе адначасова і аўдыёкнігай у вашай галаве. Паэзія жыццёвая, дасціпная і вельмі трапная.

Чытайце таксама:

Топ-5 кніг па-беларуску, ад якіх не змогуць адарвацца і школьнікі, і дарослыя

Топ-5 цёплых кніг па-беларуску, якія сагрэюць восенню

Наста Карнацкая, фота аўтара

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні