Праект газеты
Самаразвіццё «Так, я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні» — эмацыйны дзённік9
08.11.2017 / 15:11

Журналістка Марына Весялуха пачала публікаваць на партале «Здаровыя людзі» дзённік з досведам свайго знаходжання ў псіхіятрычнай клініцы. Сама Марына называе яго «псіхушачным» дзённікам, дзе яна шчыра апісвае назіранні за суседкамі па палаце і ходам хваробы.

З дазволу аўтаркі перадрукоўваем першую частку дзённіка, дзе вы можаце пазнаёміцца з героямі палат № 6 і 7. Пра тое, якім чынам Марына апынулася ў бальніцы, даведаецеся з другой часткі.

Але варта адразу агучыць галоўную і, на наш погляд, важную выснову, якую журналістка вынесла з усёй гэтай гісторыі: «Гэта сапраўды страшна. Але калі вы адчуваеце, што з вамі нешта не так — прасіце дапамогі. Калі вам кажуць «нешта ты не такая» — прасіце дапамогі. Як паказвае вопыт, блізкія людзі падтрымаюць».

Марына Весялуха.

З этычных меркаванняў імёны герояў змененыя

 26.10. — 01.11.2017

Медсёстры і санітаркі называюць усіх хворых «дзевачкамі». Гэта выглядае вельмі дзіўна, калі ведаць, што дзевачка тут — гэта і 17-гадовая дзяўчына, і падлетак, і жанчына на 9-м месяцы цяжарнасці, і ўскудлачаная бабуля з адсутным поглядам, і Магдалена (з ёй пазнаёмімся пазней).

— Дзевачкі, ідзём па таблеткі!

— Дзевачкі, пачакайце, порцый хопіць усім, не спяшайцеся!

— Дзевачкі! Ну што гэта за дурдом!

Але ж мы сапраўды ў дурдоме!

Дзень першы

— Нічога не адбываецца! Калі нешта будзе? Пазваніце тату!

Ліля рэзка падхопліваецца, выбягае з палаты, а потым не можа знайсці ў яе ўваход. Валя роўненька расстаўляе тапачкі суседак па палаце, клапатліва накрывае ўсіх, хто спіць, коўдрамі.

Маша, дзяўчынка-інвалід, якой на выгляд 5-6 гадоў (а насамрэч, потым даведваюся, 30), як толькі мама некуды адыходзіць, паўзе праз ложкі, лезе ў маю торбу, дакранаецца да маёй нагі і… аблізвае пальцы. Свае. Я ў жаху прыціскаюся да спінкі ложка. Як засну, яна ж і па мне можа папаўзці!..

Гэта палата №7, адно з самых страшных месцаў лякарні. Тут хворыя, якіх ні на хвіліну нельга пакідаць без нагляду. Страшней толькі палата №6, дзе знаходзіцца больш за дзесяць хворых, а новенькіх, калі не хапае ложкаў, размяшчаюць на кушэтках. Дзверы — празрыстыя, сцены — з вялікімі шклянымі вокнамі. На вокнах, што выходзяць на двор, — рашоткі. За табой увесь час назіраюць і без суправаджэння нават у прыбіральню нельга выйсці.

Так, я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.

У жаху заходжу ў прыбіральню. У кабінках няма дзвярэй. У калідоры — хворыя. У выцвілых халатах незразумелага колеру. З ускудлачанымі ці даўно не мытымі валасамі і пустымі вачамі. Яны паўсюль. Шаркаюць, смяюцца, нешта шэпчуць.

Увесь час ходзяць туды-сюды па калідоры. Потым я зразумею, што гэта адзінае месца для шпацыра, бо на вуліцу ў гэту пару года не выпускаюць. Зусім.

***

На шчасце, з палаты назірання мяне хутка пераводзяць у 9-ю. Цяпер на суседніх ложках — шызафрэнічка Люба, якая чуе галасы і ляжыць тут ужо месяц; падлетак Оля, якая не можа запомніць нават самую простую інфармацыю кшталту імёнаў суседак і нумар палаты. Жанчына, якая адмаўляецца есці, увесь час плача і паўтарае: «Што я нарабіла, што я нарабіла!»

 ***

Заходзіла Магдалена, мясцовая бабка-клоўн, якая ляжыць у псіхушцы з мая, прапаноўвала ўсім паваражыць на картах — цыгане навучылі, яшчэ калі была маладая.

А перад адбоем яна зноў зайшла да нас і папрасіла Любу зняць з яе сукенку: самой рукі баляць. Пад сукенкай нават бялізны не было. Так і пайшла ў сваю палату па калідоры.

***

Тут няма мабільных тэлефонаў, стацыянарны — адзін на ўсіх — сродак сувязі са светам. Але патэлефанаваць могуць толькі табе ў спецыяльна прызначаны для гэтага час. Гадзіннік — таксама адзін на ўсіх. Каб даведацца час, трэба прыйсці на пост медсястры.

 ***

У мяне ў руцэ — катэтар пасля кропельніцы. Я дзён сем не ела, таму цяпер «харчуюся» толькі так. Рука баліць, сагнуць яе немагчыма. Нават не ўяўляю, як пераапрануцца ў піжаму. Ды і засынаць страшна…

Nina.nn.by

Каментары
naziralnik / Адказаць 08.11.2017 / 16:20

Як бы людзi не крыудзiлi нельга здавацца. Бярыце сабе у рукi i дзёру адтуль

3
firanka / Адказаць 08.11.2017 / 17:11

naziralnik, дзе крылы узяць?

3
Андэй Люты / Адказаць 08.11.2017 / 17:18

Про эту "жэсть" нужно фильм или сериал снимать ... А если о насушном говорить, то охрана государством психического здоровья людей - это ещё одна сфера в Беларуси где по-настоящему необходима реформа.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні