Праект партала
Накіпела Беларускі пра тое, чаму армія не апраўдала іх спадзяванні20
24.10.2017 / 12:03

Пачатак кастрычніка запомніўся драматычнай падзеяй: у вайсковай частцы ў Печах ў пятлі знайшлі 21-гадовага салдата Аляксандра Коржыча. З кожным днём выкрываюцца ўсё новыя падрабязнасці трагедыі.

Пасля пра дзедаўшчыну ў беларускай арміі пачалі расказваць шмат былых вайскоўцаў: з’ява гэта не адзінкавая, а сістэмная. Жанчынам у нашай краіне не трэба служыць абавязкова, але некаторыя мэтанакіравана ідуць на гэты крок. Прапаноўваем пачытаць гісторыі дзвюх беларусак: іх погляд на сучаснае войска.

Ірына Кандрацьева: «Рамантычны вобраз войска разбурыўся на вачах»

Ірына Кандрацьева.

«У маёй падлеткавай галаве войска заўсёды была чымсьці важным, цікавым і незвычайным. Тым, што дае табе магчымасць стаць часткай сур’ёзных і важных рэчаў. Таму пасля 11 класаў я па ўласным жаданні паступіла ў каледж сувязі. Пасля па размеркаванні трапіла ў 56-ты асобны полк сувязі.

Натуральна, я прымала ўдзел у вучэннях, умею страляць, збіраць і разбіраць аўтамат, кідаць гранаты. За мной быў замацаваны «ЗІЛ», я абслугоўвала машыну, а таксама выконвала папяровую працу: вяла журналы, падрыхтоўвала для байцоў канспекты.

Жанчынам у арміі, на жаль, адводзіцца пэўная роля: усе гэтыя паперкі, якімі займацца не проста сумна, а нават бессэнсоўна.

Я ж уяўляла сабе гэта па-іншаму: адразу была вельмі актыўная, спадзявалася, што нас па-сапраўднаму навучаць нейкім практычным рэчам, каб, калі што, абараняць радзіму… Але гэтаму не вучылі ні нас, ні хлопцаў. Затое ставіліся да байцоў як не да людзей. Тыя выпадкі з дзедаўшчынай, суіцыды ў войску — гэты ж усё не на пустым месцы. І ўсе гэтыя рэчы псуюць імідж нашай арміі — зразумела, чаму маладыя людзі не хочуць ісці служыць: яны банальна не могуць быць упэўненыя ў сваёй бяспецы.

Нас, канечне, ніхто не чапаў. Але пастаянны флірт, недвухсэнсоўныя намёкі не толькі з боку байцоў, але і ад афіцэраў — усё гэта мы адчулі на сабе ў вельмі канцэнтраванай форме.

Мае былыя рамантычныя настроі цалкам прытупіліся, ідэальны вобраз войска разбурыўся на вачах. Таму я адпрацавала размеркаванне і сышла ў сферу лагістыкі. І з цяперашнімі ўяўленнямі пра армію я б ніколі туды не вярнулася, нягледзячы на стабільныя заробкі, якія падкупляюць многіх жанчын ды мужчын: гэта небяспечнае месца. Сістэма, якой ты павінен толькі падпарадкоўвацца, нават калі яна дурная, там няма чалавечага выбару».

Вольга Я.: «Маральныя каштоўнасці ў мяне на першым месцы, таму ў структуры я не затрымалася»

Вольга Я.

«Яшчэ ў дзяцінстве я заявіла маці, што, калі вырасту, пайду служыць, на што яна толькі пасміхалася, казала, што не жаночая гэта справа — хадзіць у нарады ды страляць з табельнай зброі. Але гены бацькі, відаць, перамаглі: ён у мяне быў ваенным.

Пяць гадоў я вучылася ў Вайсковай акадэміі, пасля трапіла ў 103-ю гвардзейскую паветрана-дэсантную дывізію, атрымала званне лейтэнанта, а праз пяць гадоў сышла са сферы. Пры тым што усё гэта доўга было маёй марай: я спецыяльна выдатна вучылася, стала чэмпіёнкай Узброеных Сіл па стральбе са штатнай зброі…

Наша армія — яна для лянівых: думаць не трэба, можна не развівацца і дэградаваць, але цябе ўсё роўна будуць павышаць у званні.

Ды што казаць пра інтэлектуальнае, калі нават фізічна складана развівацца: кожны дзень падобны на папярэдні. Менавіта таму ў нас у заняпадзе знаходзіцца кіруючы апарат, у першую чаргу. Уявіце такую сітуацыю ў бізнэсе. Гэта немагчыма: калі ты дрэнны праграміст ці менеджар — цябе хутка звольняць.

Нейкай дзедаўшчыны менавіта ў наш бок не было, але як раўнапраўных калег нас ніхто не ўспрымаў. Паслаць на тры літары — гэта норма. Заляцацца да дзяўчат — таксама. Намёкі на фізічную блізкасць мелі месца нават ад начальнікаў.

Я разумею, што на падобныя паводзіны ўплывае не столькі армія, колькі выхаванне, але так атрымліваецца, што ў войску знаходзіцца канцэнтраваная колькасць такіх вось нявыхаваных элементаў.

А як змяніць тое, як дэградуе наша армія? Я бачу толькі адзін выхад: «узарваць» сістэму і пабудаваць цалкам новую. Рыба, як кажуць, гніе з галавы.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні