Праект партала
Гісторыі «Я стаю на каленях перад азвярэлымі аднагодкамі». Жорсткія ўспаміны з гімназіі17
13.10.2017 / 13:47

Гэтая пранізлівая гісторыя Насты Хоміч-Базар — вострая рэакцыя на артыкул The Village пра здзекі ў школе. «Што ж гэта робіцца? Няўжо самыя выдатныя веды па прадметах вартыя таго, каб перажыць такое?» — звяртаецца яна.

Наста Хоміч-Базар — стваральніца беларускамоўнай школкі з нефармальнай адукацыяй «Школка на падворку», пра якую мы шмат і падрабязна пісалі.

«У мяне таксама ёсць такая гісторыя. Цяпер разумею, што больш за ўсё мяне падбіла абыякавасць настаўнікаў і работнікаў школы. Дагэтуль мне было сорамна гаварыць. Але, мабыць, нарэшце прыйшло разуменне, што маёй віны ў гэтым няма, таму хачу прагаварыць гэта ўслых.

Я вучылася ў гімназіі. Я вельмі ўдзячна гімназіі і настаўнікам, там было вельмі цікава, там развівалі індывідуальнасць, там паважалі дзяцей.

Але гэта не дапамагло мне ў адной канкрэтнай сітуацыі.

Важна сказаць, што гімназія займала палову будынка школы. У другой палове месцілася звычайная агульнаадукацыйная школа. І, на жаль, былі настаўнікі, якія казалі вучням агульнаадукацыйнай школы, што гімназісты разумнейшыя, што яны лепшыя і гэтак далей. Гэта, безумоўна, правакавала сваркі паміж намі.

Пры гэтым спартовыя зацікаўленасці ў вучнях школы падтрымлівалі, і гэтым яны бралі сваю перавагу.

Быў восьмы клас. Спаборніцтвы па баскетболе. Гулялі якраз гімназісты і вучні агульнаадукацыйнай школы. У нейкі момант я, мабыць, загарадзіла агляд дзяўчатам з агульнаадукацыйнай паралелі, якія ўжо апынуліся на месцах суддзяў. І адна з іх сказала: «Базар, адвалі». Я павярнулася і адказала: «Чаму Базар? У мяне імя ёсць, і ты яго ведаеш».

Гэтага было дастаткова. Гэта было для іх выклікам. Гэта іх прынізіла: гімназістка не паслухалася на «іх» тэрыторыі і не прамаўчала. Хаця нічога такога я не сказала.

На наступны дзень мне перадалі, што ў суботу са мной будуць разборкі. Субота, мала настаўнікаў у школе.

Я не паверыла: ну што можна зрабіць у школе-гімназіі?!

У суботу на перапынку ў крыло гімназіі прыйшло шмат дзяцей з агульнаадукацыйнай часткі школы, папярэдзілі, што пасля заняткаў мяне будуць біць.

Мне стала страшна, але я ўсё роўна верыла, што гэтага не будзе. Што пойдуць мае аднакласнікі, вучні з паралелі, што гэта пабачаць настаўнікі.

А не. На выхадзе мяне чакала каля 30 дзяцей. Мяне «абнялі» і павялі на выхад. Са мной, калі што, пайшло пяць аднакласніц («-ніц»! Дзяўчат! Хлопчыкі не палічылі патрэбным).

І вось на выхадзе ідзе настаўнік па фізкультуры, ён мяне асабіста не ведае, але ён ведае гэтых дзяўчат. І кажа: «Што, Махначка (мянушка дзяўчыны), ты зноў за сваё?» У адказ атрымлівае: «Гэта мая стрыечная сястра, мы ідзём гуляць».

*****, *****, *****! Ён выдатна ведаў, што адбываецца, ён ведаў, куды яны мяне вядуць. Але ён усміхнуўся і пайшоў далей.

Апошняй надзеяй была вахцёрша, якая адвярнулася, калі я паглядзела ў яе бок.

Мяне абяцалі пабіць і патрабавалі прасіць прабачэння. Маіх дыпламатычных здольнасцяў хапіла на тое, каб старгавацца толькі на напрасіць прабачэння. Без біцця. Яны пагадзіліся, але прымусілі стаць на калені.

8 клас, 14 год. Я стаю на каленях перад статкам азвярэлых аднагодак і прашу прабачэння за тое, што я не рабіла (па версіі дзяўчыны, я яе паслала на х**).

Заслона.

Потым было шмат слёз, потым быў сорам перад усімі.

Так, мяне, канечне, падтрымалі бацькі. Канечне, потым былі паказальныя разборкі ў завуча. Потым я насіла з сабой у школу газавы балончык.

Паралельна з гэтым я выступала на кожным канцэрце школы, праводзіла мерапрыемствы. Да мяне добра ставіліся. Я даведалася шмат цікавага, вельмі любіла настаўнікаў, якія насамрэч былі незвычайныя. Я грала ў спектаклях, арганізоўвала канцэрты, зноў выступала на сцэне.

Я вырасла, я моцная, але гэты эпізод ніяк не падзейнічаў на маю моц. І лепш бы гэтага эпізоду не было ў маім жыцці.

Я пагарджаю гэтай сістэмай. Сістэмай, у якой і добрыя настаўнікі, і добрыя бацькі трапляюць у малацілаўку бюракратыі. У прастору, дзе няма ні магчымасці, ні жадання пабачыць, што адбываецца пад носам. У сістэму, дзе настаўнікі выжываюць на прыніжальных заробках, а за колькасцю паперак не бачаць ні сваіх дзяцей, ні вучняў. Дзе дзеці атрымліваюць фармальныя веды для птушачкі.

Артыкул шарахнуў мяне па галаве — гэта паўсюль! Паўсюль у школах ёсць булінг [агрэсіўны пераслед аднаго з сябраў калектыву]. Гэта адбываецца і цяпер, у нас пад носам, з нашымі дзецьмі.

Школа — добра, веды — добра, але час нешта мяняць. Тое, што мы прывыклі жыць так, як жывём, не значыць, што гэта добра.

Вельмі важны П.С.

Я пішу гэта без крыку пра дапамогу. Я пражыла гэта, прыняла. Калі ласка, устрымайцеся ў каментарах ад жадання мяне ратаваць ці шкадаваць.

Таксама прашу ўстрымацца ад расповедаў, як вам было класна ў школе. Рада за вас, але тут не пра гэта. Мне таксама ў школе было класна.

Я напісала гэта для таго, каб паказаць, што гэта латарэя. Што маленечкая вёска ў вобласці, што гімназія ў абласным цэнтры — любое дзіця, абсалютна любое, можа апынуцца на маім месцы. І ў такую рулетку, прынамсі са сваімі дзецьмі, я гуляць адмаўляюся».

У якасці ілюстрацыі да артыкула выкарасны кадр з фільма «Вучылка», ngzt.ru.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні