Праект партала
Гісторыі Паспяховая беларуская дызайнерка з Канады расказвае, як зарабляць мастацтвам24
27.09.2017 / 19:22

Дызайнерка Наргіза Усманава — напалову беларуска, напалову — узбечка. Як яна сама кажа, у ёй нейкім чынам ужываюцца дзве культуры, але пераважвае беларуская.

Нездарма ў яе творчых працах, нават пасля таго, як жанчына пераехала ў Канаду, з’яўляецца шмат нацыянальных матываў: Купалле, буслы, арнаменты… Разам з мужам Максімам Зінчуком яны стварылі дзясяткі арт-інсталяцый, працавалі з такімі кампаніямі, як «Варгеймінг», «Юкола», «Белсвісбанк», «Пежо», прынялі ўдзел у дзясятках выстаў па ўсім свеце…

Пра тое, як гэта — жыць на дзве краіны, пра магчымасці зарабляць на жыццё творчасцю і пра супрацоўніцтва з палітыкам Андрэем Саннікавым — у інтэрв’ю для «Ніны».

Творчасць Наргізы. Больш за ўсё яна любіць працаваць са святлом.

«Ніна»: Наргіза, як вы трапілі ў Беларусь?

Наргіза Усманава: Тут усё проста: мая маці — беларуска. Яе продкі паходзяць з вёскі Лазы, што ў Брэсцкай вобласці. А вось тата — з Узбекістана. Калі дакладней, то са старажытнага горада Хіва, якому больш за 2500 гадоў. Хіва славіцца сваімі майстрамі па будоўлі, а бацька якраз працаваў інжынерам. Пасля тэхнікума яго накіравалі служыць ў Брэст. Там ён дапамагаў адбудоўваць Брэсцкую крэпасць — так бацькі і пазнаёміліся.

Нарадзілася я ў Ташкенце, але ў 1980 годзе сям’я канчаткова перабралася ў Беларусь. Цікава, што потым і маці, і тата працавалі на прадпрыемствах, што выраблялі дываны — нейкія яны ў мяне «дыванавырабляльнікі», атрымліваецца.

«Ніна»: Якія рысы характару ў вас ад узбецкай крыві, а якія ад беларускай, як думаеце?

НУ: Напорыстасць у мяне дакладна узбецкая. У ўзбекаў, так бы мовіць, больш перцу, смеласці, энергіі. Вось мой тата не можа і хвіліны на адным месцы праседзець, усё робіць бягом — так і я ўсё жыццё рухаюся. А працавітасць і руплівасць у мяне беларускія. У гэтым галоўным прыкладам для мяне была бабуля Маня па лініі маці — толькі для яе я і вучыла беларускую мову ў школе, хаця настаўнікі не разумелі, навошта. А я адказвала: каб з бабай і дзедам на іх гаворцы размаўляць.

У выніку менавіта беларускую мову я абрала для іспытаў, калі паступала ў Акадэмію мастацтваў на бытавы прамысловы дызайн.

«Ніна»: Выбар вышэйшай установы быў асэнсаваны?

НУ: Так, ведаеце, мастацтва — гэта маё, у любых праяўленнях. Я да ўсяго дадаю прыстаўку «арт». Гэта, можна сказаць, прыстаўка да майго жыцця. У мастацтве можна шукаць і спрабаваць новае, браць самабытнае, старое і дадаваць сваё, бясконца тварыць — гэта сапраўдны кайф.

У акадэміі былі цудоўныя настаўнікі: так званая старая школа. Самае галоўнае, чаму нас навучылі — развівацца, не баяцца марыць і ствараць новае, ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх.

«Ніна»: Пасля сканчэння акадэміі вы цалкам пагрузіліся ў любімую справу, як я разумею?

НУ: Так, у Беларусі я даволі часу прысвяціла дызайну, рэкламе, графіцы… Працавала і ў часопісах, і з такімі кампаніямі, як «Тэлс», «Юкола», «БелСвісБанк», «Белтэлекам», «Беларуснафта», Гарадзейскі цукровы камбінат, «Караван», «БелКема» і шмат яшчэ з кім.

«Ніна»: Але нават з такім насычаным графікам і запатрабаванасцю чамусьці пераехалі ў Канаду…

НУ: Проста ў нейкі момант я захацела паспрабаваць папрацаваць за мяжой, у іншым асяродку, з новымі магчымасцямі, культурай і менталітэтам. У мяне прыродная цікаўнасць да ўсяго новага, мне падабаюцца перамены. Ніколі не думала, канечне, што апынуся настолькі далёка ад дома, але лёс склаўся так. Спачатку мы пераехалі ў Місісагу, а цяпер жывём у Оквіле, што за 40 кіламетраў ад Таронта. Перабіраліся усёй сям’ёй па запрашэнні кампаніі «GVA Lighting»: муж Максім і дзеці — Рада і Назар.

Усёй сям'ёй.

«Ніна»: Складана было цалкам змяняць жыццё?

НУ: Нават цяжка узгадваць тыя часы. Дзеці на працягу года, мабыць, пыталіся, калі мы вернемся назад. Яны і цяпер выказваюць жаданне зрабіць гэта, бо ў Беларусі засталіся сваякі, бабуля. І мы ж нічога не прадавалі: калі штогод прыязджаем дамоў, вяртаемся у тую ж родную кватэру — атрымліваецца нейкае дэжавю. Але гэта здорава, што ў мяне ёсць куды і да каго вяртацца. Я не бачу сябе ў Канадзе назаўжды, па духу мне ўвогуле бліжэй Еўропа. Думаю, гэта не апошняя кропка знаходжання ў маім жыцці.

«Ніна»: Ваш муж працуе дызайнерам і фатографам, а чым яшчэ, акрамя навучання, займаюцца дзеці?

НУ: Дзеці перанялі таленты бацькоў: вельмі любяць маляваць і крэатывіць. Акрамя гэтага, ходзяць ў тэатральную школу ў Таронта і шмат спяваюць: у іх пастаянна нейкія канцэрты і выступы, гастролі… Сын яшчэ наведвае таэквандо — ледзь паспяваем іх паўсюль вазіць.

Рада і Назар.

«Ніна»: Рэальна спакойна жыць у Канадзе, працуючы дызайнерам і фатографам?

НУ: Канечне, апошнім часам сітуацыя ў Канадзе ўскладнілася: праз вялікі прыток мігрантаў уладкавацца на працу ўсё цяжэй. Пры гэтым кошты на жытло і рэчы падымаюцца.

На сям’ю з чатырох чалавек у месяц мінімум трэба $5500-6500. Вельмі шмат грошаў сыходзіць менавіта на дзяцей. Як у любой капіталістычнай краіне, для іх тут усё страшэнна дорага: навучанне, гурткі…

Мы працуем на сябе ў розных праектах і краінах, падаём заяўкі ўсюды, дзе магчыма — сучасныя сродкі сувязі дапамагаюць адначасова прысутнічаць у розных месцах. Даход, канечне, не пастаянны, залежыць ад сезона. Складана, але мы стараемся рухацца наперад.

«Ніна»: Як мастак вы адчуваеце, што ў Канадзе ў вас з’явілася больш магчымасцяў?

НУ: Да мастацтва кіраўніцтва нашай краіны ніколі не ставілася належным чынам. Культура ідзе ў чыноўнікаў недзе апошнім пунктам у спісе патрэбаў, хаця павінна быць наадварот.

Культура, на мой погляд, аснова для развіцця дзяржавы, для выхавання здаровага, адукаванага грамадства.

У нас, на жаль, улада пакуль дбае толькі аб сабе. І гэтая сістэма многіх прымушае з'язджаць. Сумна бачыць, як шмат таленавітых-разумных-працавітых-добрых беларусаў працуюць у паўночнаамерыканскіх або еўрапейскіх кампаніях, развіваюць іншыя месцы, у той час як Беларусь іх губляе. Гэта віна краіны, якая не думае пра сваю будучыню, дзяцей і спадчыну.

Майму роднаму гораду Брэсту у 2019 споўніцца 1000 гадоў — гэта такая гісторыя, такі гістарычны досвед! Чаму ж мы забыліся пра гэта і жывём толькі нейкім савецкім мінулым?

«Ніна»: Адзін з вашых апошніх праектаў — гэта ілюстрацыі да кніжкі Андрэя Саннікава пра мышанятаў «Прыгоды Пікі і Ціпа ў падземным горадзе», раскажыце, як пачалося ваша супрацоўніцтва?

НУ: З Саннікавым мы пазнаёміліся ўжо ў Канадзе. Падчас чарговай сустрэчы ў Беларускім цэнтры ў Таронта ён прапанаваў мне стаць ілюстратарам яго кніжак — я пагадзілася адразу, нават не чытаючы, бо з дзяцінства марыла афармляць літаратуру. Тры кнігі казак для Данькі ён напісаў, седзячы ў 2011 годзе ў Наваполацкай калоніі.

Ілюстрацыі Наргізы для кніжкі Саннікава «Прыгоды Пікі і Ціпа ў падземным горадзе».

У казках мышаняты змагаюцца з тыранам і яго апрычнікамі, дапамагаючы падземнаму гораду здабыць свабоду. Я малявала ілюстрацыі, а муж займаўся дызайнам. За тры месяцы я зрабіла 50 ілюстрацый. Цяпер дзве часткі казак выдадзеныя, працуем над трэцяй.

«Ніна»: Вашы беларускія карані праяўляюцца і ў канадскіх праектах, раскажыце пра тыя, якімі вы найбольш ганарыцеся.

НУ: Гэта пакланенне традыцыйнаму ў мяне таксама з дзяцінства: мая бабуля і ткала, і вышывала — усё рабіла рукамі. У яе нават свае ткацкія станкі былі! Калі я ўпершыню стварала дэкор да святкавання Купалля ў Канадзе, то аб’яднала ў працы сваю любоў да светлавых арт-інсталяцый і беларускі каларыт.

Фоты інсталяцый са святкавання Купалля ў 2016 і 2017 гадах.

Адзінаццаціметровы Бусел, які лунае над валошкавым полем у самым цэнтры Таронта, ствараўся Наргізай і іншымі беларусамі для святкавання 150-годдзя Канады ў складзе Парада Нацый.

«Ніна»: Над якімі праектамі вы працуеце зараз, дзе і калі можна будзе пачуць пра вашу творчасць?

НУ: У маёй галаве шмат ідэй і планаў, але для вялікіх праектаў патрэбныя адпаведныя грошы і час. Спадзяюся, што знойдуцца сродкі і я змагу ўвасобіць у жыццё светлавую арт-інсталяцыю ў сакавіку ў Германіі, на фестывалі Luminale.

Я падала заяўку на рэалізацыю адразу двух праектаў, пакуль арганізатары выбралі адзін. Яны загадзя забраніравалі месца ля Музея прыроды ў Франкфурце-на-Майне для стварэння велізарнай Сонечнай сістэмы, дзе кожная планета будзе вырабляцца з выкарыстаннем розных лайцінгавых прадуктаў. Можна будзе шпацыраваць сярод гэтых планет і пабываць хоць на Марсе, напрыклад.

«Ніна»: Пра што вы марыце?

НУ: Як маці я хачу выгадаваць дзяцей, даць ім добрыя адукацыю і старт. А як творцы мне б хацелася паспець як мага больш: у тым ліку знайсці сябе канчаткова і пакінуць на гэтай зямлі яркі след. 

Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні